Перайсьці да зьместу

Францішак Савіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак Савіч
лац. Francišak Savič
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Адам Ге́льгет
Нарадзіўся 1815(1815)
Вяляцічы, Пінскі павет, Менская губэрня (цяпер — Пінскі раён Берасьцейскай вобласьці)
Памёр 1845(1845)
Янушпаль, Жытомірскі павет, Валынская губэрня (цяпер — г. Іванопаль Жытомірскай вобласьці
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, паэт
Мова польская мова, беларуская мова і украінская мова

Францішак Андрэевіч Савіч (1815[1], в. Вяляцічы, Пінскі павет, Менская губэрня — 1845, мястэчка Янушпаль[2][3], Валынская губэрня) — палескі публіцыст, удзельнік вызваленчага руху. Адзін з пачынальнікаў рэвалюцыйнага дэмакратызму на Беларусі, папярэднік Кастуся Каліноўскага[4].

Нарадзіўся ў вёсцы Вяляцічы каля Пінска ў сям’і ўніяцкага сьвятара. Рана страціў бацьку. Вучыўся пасьпяхова, у апошнія гады адначасова з вучобай працаваў хатнім настаўнікам. 9 чэрвеня 1833 атрымаў за № 91 пахвальнае пасьведчаньне аб сканчэньні Пінскага павятовага вучылішча. Сёлета ж паступіў у Віленскую мэдыка-хірургічную акадэмію на казённы кошт. На станаўленьне грамадзянскіх поглядаў Ф. Савіча моцны ўплыў аказаў наглядчык Пінскай павятовай вучэльні Францішак Махніцкі[5].

Дэмакратычнае таварыства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У акадэміі збліжаецца з украінцам Янам Загорскім. Паступова вакол іх гуртуецца кола аднадумцаў і ў 1836 сумесна зь сябрамі Ф. Савіч арганізоўвае таемнае студэнцкае «Дэмакратычнае таварыства» (першапачатковая назва — «Крыж і Эвангельле»[3]), якое аб’ядноўвала некалькі сот чалавек. Сябры таварыства лічылі сябе прадаўжальнікамі справы філяматаў і філярэтаў[6].

Ф. Савіч быў абраны за сакратара і скарбніка. Неўзабаве напісаў для таварыства статут пад назвай «Прынцыпы дэмакратызму» і адозву-праклямацыю «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам». Задачамі таварыства Статут абвяшчаў барацьбу зь беззаконьнем, аказаньне дапамогі абяздоленым, узьдзеяньне на моладзь з мэтаю выхаваньня сумленных і справядлівых грамадзянаў[3]. Ф. Савіч адзначаў:

« Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека!.. Сьцеражыцеся, браты, пастак. Уводзяць нас у марнатраўства, называючы яго старадаўняй польскай вялікадушнасьцю, насаджаюць п'янства і бязьдзейнасьць пад імем гасьціннасьці... Хочуць нас падкупіць золатам, кладучы на вагі яго дабрачыннасьці, свабоду, асабістую годнасьць, хто ж можа з спакойным сэрцам браць шчадроты жыцьця за такую дарагую плату... Прыстасоўваючы нас да рабства, дазваляюць і загадваюць нам быць дэспатамі[7] »

Пра ідэі вызваленьня роднага краю сьведчыць і тэкст Савічавае ўлёткі «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам, або Якое наша становішча і што ў цяперашні час трэба рабіць людзям дабрадумным»:

« Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцьця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ката! Але няхай і сьмерць яго будзе працягам барацьбы за свабоду! I з вышыні шыбеніцы, як з высокага трона, павінен заклікаць: паўстаньце, народы! Паўстаньце ў імя растаптаных правоў чалавека![3] »

У гэтым часе Ф. Савіч клапоціцца аб колькасным пашырэньні таварыства: перапісвае шматлікія праклямацыі, разважаньні і супрэчкі замежных аўтараў, чытае і прапагандуе вызваленчыя ідэі на таменых сходах. Сябра Ф. Савіча па акадэміі Мацьвей Лавіцкі адзначаў, што «ў гэты час ён ужо быў другім Занам»[8]. Паступова «Дэмакратычнае таварыства» набывае выразную палітычную накіраванасьць. Свае аддзяленьні арганізацыя мела ў розных гарадох, у тым ліку і ў Пінску. Таварыства стала шматлікай і ўмела закансьпіраванай рэвалюцыйнай арганізацыяй: прыём новых прыхільнікаў адбываўся выключна па рэкамэндацыі, радавыя ўдзельнікі тайнага таварыства ня ведала ўсіх чальцоў, для перапіскі карысталіся «сымпатычным» чарнілам, прыняты былі ўмоўныя псэўданімы і назвы: Савіч — Адам, Загорскі — Яцэк, арганізацыйнае ядро таварыства — Клевань, Вільня — матка, Ашмяны — піўная, Менская губэрнястадола, Віленская губэрня — халупа і інш[9].

Улетку 1837 Ф. Савіч пазнаёміўся з польскім барацьбітом і ўдзельнікам паўстаньня 1830—1831 гадоў Шыманам Канарскім. Сустрэча кансьпіратараў адбылася ў маёнтку Лысава (цяпер Маневіцкі раён Валынскай вобласьці)[4]. Неўзабавае віленскае «Дэмакратычнае таварыства» ўступіла ў «Садружнасьць польскага народа» ў якасьці ягонага радыкальнага крыла пад назваю «Маладая Польшча».

Увесну 1838 Ф. Савіч спрабаваў арганізаваць уласную друкарню. Каб знайсьці чалавека, на імя якога можна было выпісаць з Жэнэвы друкарскую машыну, у траўні 1838 у Вільню прыехаў і Шыман Канарскі, аднак тут на яго сьлед натрапіла паліцыя. З дапамогай Ф. Савіча, Ш. Канарскі тайком выехаў зь Вільні, але 27 траўня 1838 быў затрыманы паліцыяй па дарозе на Ашмяны, на паштовай станцыі Крыжоўка[10].

1 чэрвеня 1838 быў арыштаваны і Ф. Савіч за ўдзел у незаконнай арганізацыі. У зьняволеньні напісаў на польскай мове «Споведзь». Дасьледнікі лічаць, што ў ёй адчуваецца моцны ўплыў «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства» Адама Міцкевіча[11]. Сьледзтва цягнулася больша восем месяцаў. Утрымліваўся ў Віленскім базыльянскім кляштары. Сучасьнікі сьведчаць, што за ўвесь час сьледзтва Ф. Савіч атрымаў 12 тысячаў бізуноў, часта сядзеў у карцары[10]. Допыты вёў старышня сьледчай камісіі князь Трубяцкі, улюбёнымі словамі якога былі: «Врешь, поросёнок!». Ф. Савіч падрабязна апісаў катаваньні ў часе зьняволеньня:

« Трубяцкі ў часе допыту рабіўся шалёным і разьюшаным, тузаў за валасы, біў па твары кулаком, валіў на зямлю, біў і таптаў нагамі, пакуль вязень не абліваўся крывёю. »

У лютым 1839 сьледзтва было скончана. 14 лютага 1839 высланы на Каўказ у салдаты без выслугі.

Разам зь іншымі арыштантамі пешшу адпраўлены ў Стаўрапаль праз Чарнігаў, дзе захварэў. Там вывучаў горскія мовы, зблізіўся з палонным горцам Алі, якія даў яму рэкамэндацыйныя лісты ў Тыфліс. Па выздараўленьні канваяваны ў Апшэронскі пяхотны полк у Кізьляры, затым у Дэрбент і нарэшце ў Тыфліс. Тут беспасьпяхова спрабаваў уцячы. У траўні 1840 знаходзіўся ў крэпасьці Жыранчы на Касьпійскім моры, дзе выконваў таксама і абавязкі лекара. Затым ізноў вярнуўся ў Кізьляр. Тут адзін з армянскіх купцоў параіў яму ўцячы за мяжу праз таганрог і даў адрас брата. 22 красавіка 1841 інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе р. Церак адпаведную запіску і вопратку)[2]. Спачатку дабраўся да Таганрога, але затым накіраваўся на Ўкраіну, каб адтуль трапіць у Румынію. У Балтах (Адэская губэрня) захварэў і быў арыштаваны памежнай вартай. Два гады пад чужым імем прасядзеў у турме Тыраспаля. У 1843 адпраўлены санітарам у Чарнігаўскі батальён унутранай варты. З дапамогай фэльчара, якому аказаў паслугі сваімі мэдычнымі ведамі, увесну 1844 зноў уцёк, дабраўся да Кіева, адтуль накіраваў у Бярдычаў, аднак па дарозе вывіхнуў нагу і вымушаны быў пад імем доктара Гельгега затрымацца ў мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне. Адкрыў у мястэчку лекарскую практыку і праславіўся як надзвычай умелы лекар. У 1845 заслужыў поўны давер мясцовых уладаў і атрымаў замежны пашпарт. Аднак у часе пошасьці халеры, выконваючы мэдычныя абавязкі, захварэў. Перад сьмерцю пасьпеў напісаць успаміны, якія разам са «Споведзьдзю» перадаў паэту А.Грозе. Гэтыя творы пазьней апублікаваў Э. Геленіюш (Іваноўскі).

Пахаваны ў Астрожку на Чарнігаўшчыне.

Сябра Ф. Савіча Мацьвей Лавіцкі ўспамінаў асаблівыя рысы характару свайго паплечніка:

« Па складзе думак быў ён вядомы з добрага боку, пры гэтым валодаў шчасьлівым дарам ня толькі падабацца, але і здабываць павагу кожнага, і таму знаёмыя міжволі адкрываліся перад ім... Быў ён таксама актыўным, стараўся схіліць да свайго складу думак і пераканаць у сваіх поглядах[12]. »

Творчая спадчына Ф. Савіча невялікая: гэта яго працы, напісаныя для «Дэмакратычнага таварыства»: «Прынцыпы дэмакратызму», «Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам», «Споведзь», мэмуары і верш «Там блізко Пиньска, на шыроком полю…»[13]. Мэмуары ахопліваюць дзяцінства і юнацтва, віленскі пэрыяд і службу на Каўказе.

Найбольшая літаратурная актыўнасьць Ф. Савіча прыпадае на час вучобы ў Вільні. Сам паэт прызнаваўся, што ў час навучаньня ў акадэміі крыху займаўся літаратурай, пісаў прозу і вершы, нават меркаваў, што было сярод напісанага нешта і таленавітае[11].

Польскія гісторыкі (Б. Ліманоўскі, А. Гілер і іншыя) сьведчаць, што беларускія вершы Ф. Савіча распаўсюджваліся рукапісамі па Беларусі і Ўкраіне[14], многія зь іх сталі папулярнымі на Піншчыне, дзе яны бытавалі сярод сялянства, перадаваліся вусна і сьпяваліся як народныя[15]. Э. Паўловіч успамінае, што ён верш Савіча «Там блізко Піньска...» чытаў сваім сябрам, і гэты твор зрабіў на іх моцнае ўражаньне:

« Калі скончыў той поўным мужнай сілы і прастаты верш, адным пачуцьцём прыяцелі паднялі тост у гонар Савіча: «За дружбу і сяброўства!»[16] »


Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Францішка Савіча названая адна з вуліцаў Пінска[17]. Польская пісьменьніца Вераніка Трапачынская-Огаркова ўпамінае імя Францішка Савіча ў сваім рамане «Лясныя долы»[15].

  1. ^ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 281. — 414 с.
  2. ^ а б Савіч Францішак Андрэевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  3. ^ а б в г Вацлаў Паспаліты (21 чэрвеня 2008) У палоне свайго жыцця. MyPinsk.com. Праверана 7 сьнежня 2011 г.
  4. ^ а б Кісялёў, Г. В. Савіч Францішак // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 5. Пестрак — Сяўрук / Б 43 Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Мальдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 217—220. — 480 с. ISBN 5-85700-168-4
  5. ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 60. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  6. ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 61. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  7. ^ Лойка А. А. Францішак Савіч // Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд У 2 ч. Ч. 1. — Мн.: Выш. шк., 1977. — С. 84.
  8. ^ Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн.: 1960. — С. 160.
  9. ^ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 283. — 414 с.
  10. ^ а б Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 286. — 414 с.
  11. ^ а б Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 62. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  12. ^ Александровіч, С. Францішак Савіч // Старонкі братняй дружбы. — Мн.: 1960. — С. 159.
  13. ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 63. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4
  14. ^ Алесандровіч, С. Францішак Савіч // Слова багацце: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 414 с.
  15. ^ а б Трапачынская-Огаркова, В. Беларускі паэт — друг польскага рэволюцыянера // ЛіМ. — Мн.: 1956. — № 31 сакавіка. — С. 4.
  16. ^ E. Pawłowicz Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. — Lwow: 1882. — С. 96.
  17. ^ Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 69. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]