Алесь Гарун

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Гарун
Алякса́ндар Уладзі́меравіч Прушы́нскі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Алесь Гарун (А.Г.); І. Жывіца (І.Ж.); А. Новадворскі (А.Н., А.Н-і); Сальвэсь; А. Сумны.
Нарадзіўся 27 лютага (11 сакавіка) 1887
ф. Новы Двор, Менскі павет, Расейская імпэрыя
Памёр 28 ліпеня 1920(1920-07-28)[1] (33 гады)
Кракаў, Польская Рэспубліка
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, публіцыст, пісьменьнік, паэт, перакладнік, палітык, вайсковец
Гады творчасьці 19071920
Жанр паэзія
Мова беларуская мова
Дэбют верш «Маці-Беларусі» («Наша Ніва», 1907)
Творы на сайце Knihi.com

Алесь Гарун (сапр. імя Алякса́ндар Уладзі́меравіч Прушы́нскі; 11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1887 — 28 ліпеня 1920) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 году ў фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менску) у сям’і чорнарабочага. Скончыў гарадзкую прыходзкую вучэльню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесьніцкай вучэльні. З 1902 году працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску.

У 1904 годзе ўступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасьць. У 1907 годзе быў арыштаваны. 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прыгаварыла Алеся Гаруна да чатырох гадоў астрогу, як непаўналетняга. Аднак пракурор апратэставаў пастанову судовай палаты, і ў ліпені 1908 г. Алесь Гарун быў асуджаны на катаргу. 6 лістапада катарга была заменена на дзевяцігадовую высылку ў Сібір. Высылку паэт адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губэрні, дзе займаўся сталярнай і цясьлярнай працай. У 1914 годзе працаваў на Лене вадалівам. З 1915 году — на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савету Ленінскай золатапрамысловай акругі.

У Менск Гарун вярнуўся ў верасьні 1917 году. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі, рэдагаваў газэту «Беларускі шлях». У 1919 годзе, пасьля заняцьця Менску палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У жніўні 1919 году ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады БНР.

У ліпені 1920 году, пасьля паразы палякаў на Бярэзіне, БВК зьехала зь Менску ў Ваўкавыск. Тамака Алесь Гарун разам зь сябрамі БВК зьеў вішняў, якія прадавалі мясцовыя сяляне, пасьля выпіў некалькі кубкаў зімнае вады. Увечары яму стала блага. Дохтар вызначыў крываўку і параіў перадаць хворага на бліжэйшы санітарны цягнік. Францішак Кушаль і Антон Аўсянік завезьлі на фурманцы Гаруна на станцыю. Санітарны цягнік вывез яго ў Кракаў.

Увосень 1920 БВК, якое знаходзілася ў Лодзі атрымала польскі ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя, у якім паведамлялася, што Аляксандар Прушынскі памёр ад дызэнтэрыі і падавалася дакладнае месца яго пахаваньня. Памёр 28 ліпеня 1920 г. Пахаваны ў Кракаве на вайсковых Ракавіцкіх могілках[2]. БВК выправіла ў Кракаў Паўліну Мядзёлку, якая атрымала ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ўсю інфармацыю і бачыла месцазанаходжаньне магілу Гаруна, якая была пазначана простым драўляным крыжыкам з таблічкай.

Пасьмяротнае замоўчваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Алеся Гаруна прадугледжвалася «спальваць»[3]. У 1947 годзе быў сярод іншых беларускіх літаратараў абвешчаны «здраднікам беларускаму народу», да 1980-х гадоў яго творы не выдаваліся. У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў Алег Латышонак. 24 верасьня 1988 на месцы пахаваньня Гаруна быў усталяваны надмагільны помнік.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алесь Гарун — «Матчын дар», перавыданьне 1988

Пісаць пачаў зь дзяцінства. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 годзе (газэта «Наша Ніва»). Шмат вершаў ды апавяданьняў публікаваліся ў газэтах «Наша Ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах, атрымлівалі станоўчыя водгукі з боку крытыкаў (у прыватнасьці, М. Багдановіча й Я. Купалы). Галоўная тэма творчасьці Гаруна — Радзіма, барацьба за свабоду і шчасьце, але таксама ён стварыў шмат выдатных узораў пэйзажнае лірыкі. У паэзіі Гаруна прыметны адначасовы ўплыў сымбалізму ды народных традыцыяў.

Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (меўся быць выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе, але праз вайну выйшаў толькі ў 1918, перавыданьне 1929, факсымільнае выданьне ў 1988), таксама зборнік «Жывыя казкі» (1920), куды ўвайшлі тры п’есы для дзіцячага тэатру: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921 годзе), «Шчасьлівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Ня ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданьнем выйшла паэма «Мае каляды» (пад псэўданімам «А. Сумны», 1920). Выступаў у друку як публіцыст.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліца Алеся Гаруна ў Менску

У Менску адна з вуліцаў носіць імя Алеся Гаруна (Фрунзэнскі раён).

Mагіла,
Кракаў Ракавіцкія могілкі


Песьні на вершы А. Гаруна напісалі барды Андрэй Мельнікаў («Чалавечая кроў», «Край няволі»), Міхаіл Рубін («Ноч»).

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ales Harun // https://www.vle.lt/straipsnis/ales-harun/
  2. ^ Францішак Кушаль. Сорак два гады таму (1960) // Конадні (Нью-Ёрк) №7, 1963
  3. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]