Першамайскі раён (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Першамайскі раён
Mn perv.jpg
Герб
Гімн: «Першамайскі раён — сьветлай мары крыніца»
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус унутрыгарадзкі раён
Уваходзіць у Менск
Улучае
Дата ўтварэньня 25 чэрвеня 1969 (49 гадоў таму)
Кіраўнік адміністрацыі Ігар Кудрэвіч
Насельніцтва (2009) 213 985
Плошча 26,4 км²
Першамайскі раён у абрысах Менску
Першамайскі раён на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Першамайскі раён — адміністрацыйны раён Менску на паўночным усходзе гораду. Плошча раёну складае 26,4 км². Насельніцтва раёну складае 213,985 тысячы чалавек (перапіс 2009 году). На 2016 г. месьціўся між Лагойскім трактам, вуліцамі Якуба Коласа і Сурганава, праспэктам Незалежнасьці, вул. Петруся Броўкі, Платонава, Чырвоназорнай, Берасьцянскай, Казлова і Даўгабродзкай, завулкам Казлова, Сьляпянскай воднай сыстэмай, вул. Філімонава і Францішка Скарыны, участкамі чыгункі на Воршу і аўтадарогі Калодзішчы — Заслаўе, вул. Гінтаўта і Менскай кальцавой аўтадарогай (МКАД; да Лагойскага тракта). Межаваў з Савецкім раёнам Менску на паўночным захадзе, з Партызанскім раёнам сталіцы — на поўдні і зь Менскім раёнам (Калодзішчанскі сельсавет) — на ўсходзе. Асноўныя магістралі: прасп. Незалежнасьці, вуліцы Якуба Коласа, Кастуся Каліноўскага і Валгаградзкая. Адміністрацыя раёну месьціцца па завулку Кузьмы Чорнага, д. 5. На 2016 г. у раёне налічвалася 88 вуліцаў і 6 мікрараёнаў: Азярышча, Валгаградзкая, Вялікі Лес, Зялёны Луг (часткова), Уручча і Ўсход.

На тэрыторыі раёну разьмешчаны комплекс будынкаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, кінастудыя Беларусьфільм, Белдзяржтэлерадыёкампанія. Адведзены ўчастак пад забудову Парку высокіх тэхналёгіяў.

Гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. у межах раёну месьцілася каля 400 прадпрыемстваў. Зь іх 11 найбольшымі былі: ААТ «Беларускае оптыка-мэханічнае аб'яднаньне»(be) («БелОМА»), ААТ «Агат - сыстэмы кіраваньня» (холдынг «Геаінфармацыйныя сыстэмы кіраваньня»), ААТ «Агат — электрамэханічны завод» (былы Менскі электрамэханічны завод, заснаваны 1 сьнежня 1952 г. як завод № 864), ААТ «Белэнэргарамналадка», ААТ «Пеленг», УП «Мінгаз», ААТ «Менскі завод „Тэрмапласт“», ЗАТ «Менскі завод безалькагольных напояў», ААТ «Менскі маргарынавы завод», УП «Менсккамунцепласетка» і ТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы». За 2015 г. удзельная вага прыватных прадпрыемстваў склала больш за 58% у аб’ёме прамысловай вытворчасьці раёну. Дзель рэспубліканскіх прадпрыемстваў перавысіла 32%, камунальных — 9,5%. На 2016 г. да прыватнай галіны належалі 7072 юрыдычныя асобы і 7670 індывідуальных прадпрымальнікаў. Дзейнічала 267 прадпрыемстваў з замежнымі укладаньнямі (сумесных і замежных). На прадпрыемствах раёну працавалі больш за 36 тыс. (54%) з 67 тыс. жыхароў зь ліку моладзі ва ўзросьце ад 16 да 31 году.

У 2015 г. паводле аб’ёму вытворчасьці 8 найбольшымі прадпрыемствамі былі: ТАА «Досьледнае канструктарскае бюро тэхналёгіі будаўнічай вытворчасьці» («ДКБ ТБВ», заснаванае 29 ліпеня 2002 г.; прасп. Незалежнасьці, д. 115; рас. «ОКБ ТСП»), УП «Менсккамунцепласетка», Менскі мэханічны завод ААТ «БелОМА», ЗАТ «Менскі завод безалькагольных напояў», ААТ «Белэнэргарамналадка», ААТ «Менскі маргарынавы завод», ТАА «Мэтал Профіль» і ААТ «Агат - электрамэханічны завод». На 2016 г. да ліку 12 найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў належалі: Менскі мэханічны завод (вул. Макаёнка, д. 23) ААТ «БелОМА», ААТ «Белэнэргарамналадка» (вул. Акадэмічная, д. 18), ААТ «Менскі гадзіньнікавы завод» (прасп. Незалежнасьці, д. 95), ААТ «Менскі завод "Тэрмапласт"» (вул. Кнорына, д. 50), ААТ «Агат — электрамэханічны завод» (вул. Валгаградзкая, д. 6), ААТ «Менскі маргарынавы завод» (вул. Казлова, д. 27), ЗАТ «Менскі завод безалькагольных напояў» (вул. Макаёнка, д. 19), УП «Навукова-практычны цэнтар мэханізацыі сельскай гаспадаркі» (вул. Кнорына, д. 1) Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, філіял «Сэрвісны цэнтар» (вул. Батанічная, д. 16) УП «Белмэдтэхніка», УП «Прыборабуданічы завод „Аптрон“» (вул. Фр. Скарыны, д. 52), ААТ «Будтэхпрагрэс» (вул. Фр. Скарыны, д. 21) і ЗАТ «Галяграфічная індустрыя» (зав. Калініна, д. 12). Працавалі 3 прадпрыемствы энэргетыкі: УП «Менсккамунцепласетка» (вул. Валгаградзкая, д. 12), УП «Мінгаз» (вул. Батанічная, д. 11) і філіял «Менскія кабэльныя сеткі» УП «Менскэнэрга»[1].

З 22 сьнежня 2005 г. на ўліку ў Першамайскім раёне стаіць Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў (ПВТ; вул. Купрэвіча, д. 1, корп. 1), у рамках якога на 2016 г. дзейнічалі 152 прадпрыемствы з больш як 24 тыс. супрацоўнікаў. Па выніках 2015 г. сярод 5 буйнейшых рэзыдэнтаў ПВТ паводле экспарту паслугаў былі 2 прадпрыемствы Першамайскага раёну: ТАА «Эпам Сыстэмз» (1-е месца) і ТАА «Эксадэл» (5-е месца; вул. Купрэвіча, д. 3; засн. 26 лютага 2006 г.). На 2016 г. будаўніцтва ў раёне ажыцьцяўлялі 8 прадпрыемстваў: ААТ «122-я ўправа начальніка работаў мэханізацыі» («122 УНРМ»), ААТ «Белэлектрамантаж», УП «Белэнэргасеткапраект», ААТ «Будкомплекс», ААТ «Будтрэст № 1», ААТ «Будтрэст № 35», ЗАТ «Менская спэцыялізаваная ўправа № 217» і ЗАТ «Трэст „Прамбуд“». За 2015 г. узьвялі 206,1 тыс. м² агульнай плошчы жытла, што было найбольшым паказьнікам сярод усіх раёнаў сталіцы. У галіне сувязі на 2016 г. працавалі ТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы» (пр. Незалежнасьці, д. 95) і філіял «Міжгародняя сувязь» (вул. Севастопальская, д. 121) УП «Белтэлекам»[2]. Таксама ў раёне месьціліся філіял № 529 «Белсувязь» (пр. Незалежнасьці, д. 56) ААТ «ААБ „Беларусбанк“» і галаўныя сядзібы 4 банкаў: ЗАТ «Абсалютбанк» (пр. Незалежнасьці, д. 95), ЗА «Акцыянэрны банк рэканвэрсіі і разьвіцьця» («РРБ-Банк»; вул. Чырвоназорная, д. 18), ААТ «Беларускі народны банк» («БНБ-Банк»; пр. Незалежнасьці, д. 87а) і ААТ «Франсабанк» (пр. Незалежнасьці, д. 95а). У межах раёну знаходзіліся Белтэлерадыёкампанія (вул. Макаёнка, д. 9), УП «Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм"» (пр. Незалежнасьці, д. 98) і 3 прадусарскія цэнтры: УП «ВігорІнвэст», УП «Лінія гуку» (Уладзімер Шаблінскі; вул. Калініна, д. 22) і УП «ЭленРут»[3].

На 2016 г. у межах раёну месьцілася Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (пр. Незалежнасьці, д. 66) з большасьцю падпарадкаваных установаў:

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2018 г. гандлёвая сетка раёну ўлучала 825 крамаў (зь іх 73 фірмовыя), 403 страўні на 20 878 месцаў, 710 установаў побытавага абслугоўваньня, 3 рынкі («Растэм», «Уручча-3», «Усход-Верас») і 6 гандлёвых цэнтраў: «Аляксандраў Пасаж» (пр. Незалежнасьці, д. 117а), «Гіпа» (вул. Гарадзецкая ва Ўруччы), «Дана Мол» (вул. Пятра Мсьціслаўца, д. 11), «Дзьмітрыеў кірмаш» (вул. Ложынская, д. 22), «Карона» (пр. Незалежнасьці, д. 154), «Усход» (вул. Каліноўскага, д. 66а) і «Шчасьце» (пр. Незалежнасьці, д. 155, корп. 1). У 2015 г. каля 64% раздробнага таваразвароту раёну занялі найбольшыя імпартэры Менску: ТАА «Электрасэрвіс і Ка», ТАА «Зіко» і ТАА «Кравт». У выніку зьнешнегандлёвае сальда раёну было адмоўным на $425,4 млн (у 2014 г. на $1024 млн). Найбольшы раздробны таваразварот у раёне забясьпечылі 10 прадпрыемстваў: ТДА «Віталюр», гандлёвы цэнтар «Карона-Ўручча» ТАА «Тытунь-Інвэст», ТАА «Парфум трэйд», ТАА «Электрасэрвіс і Ка», ТАА «Атлянт-М Усход», ААТ «Зорына», ЗАТ «Унівэрсам „Першамайскі“», ТАА «Мабільныя ТэлеСыстэмы», УП «Гандлёвы дом „Усходні“» і ТАА «Зіко». Дзясятку найбуйнейшых гуртовых гандляроў склалі: УП «Брытыш-Амэрыкан Табака»(en) (анг. British American Tobacco — Брытанска-амэрыканскі тытунь), ТДА «НП-Сэрвіс», ТАА «Цібетрэй», ТАА «ДКБ ТБВ» (рас. «ОКБ ТСП»), ДП «Белзамежгандаль», ТДА «Фармін», ТАА «ТД Інструмэнткамплект», ТАА «Дабрада», ТАА «Атлянт-М Усход» і ТАА «Элкатэлекам»[5].

Перавозкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станцыя мэтро «Акадэмія навук» (2008 г.)

На 2016 г. у раёне месьціліся 3 прадпрыемствы ў галіне перавозак: УП «Менсксанаўтатранс» (вул. Петруся Броўкі, д. 25), філіял «Трамвайны парк» (вул. Батанічная, д. 4) ДП «Менсктранс» і ААТ «Менскгандальаўтатранс» (вул. П.Броўкі, д. 30)[6]. Таксама дзейнічалі аўтобусныя і тралейбусныя маршруты, маршрутныя таксі і Маскоўская лінія Менскага мэтрапалітэну ад станцыі «Акадэмія навук» да канцавой станцыі «Ўручча».

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. у раёне налічвалася 47 дзіцячых садоў, якія наведваліся больш за 8 тыс. дзяцей. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь валодала 44 зь іх: установы дашкольнай адукацыі № 36, 37, 66, 134, 145, 160, 162, 174, 189, 190, 203, 210, 215, 220, 226, 253, 273, 286, 291, 296, 308, 313, 339, 342, 347, 361, 383, 395, 466, 468, 472, 486, 495, 497, 498, 508, 517, 520, 522, 545, 548, 550, 552, 553. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі мела 2 дзіцячыя сады: № 62 (вул. Акадэмічная, д. 9) і 539 (вул. Гарадзецкая, д. 8). ААТ «Гарызонт»(be) належаў дзіцячы сад № 103 (вул. Каліноўскага, д. 47). У межах раёну знаходзілася 32 школы, якія наведвалі больш за 15 тыс. навучэнцаў. Працавалі: 21 сярэдняя школа — № 13, 20, 45, 61, 63, 70, 73, 84, 94, 114, 115, 121, 137, 163, 177, 190, 191, 196, 197, 202 і 203; 5 гімназіяў — № 2 (вул. Нікіфарава, д. 37), 9 (вул. Сядых, д. 10), 11 (вул. Каліноўскага, д. 36), 18 (вул. Калініна, д. 6) і 38 (вул. Шугаева, д. 15/1); дзіцячы дом № 2 (вул. Каліноўскага, д. 65), Менская гарадзкая кадэцкая вучэльня № 2(ru) (Лагойскі тракт, д. 136), Менскі дзяржаўны прафэсійны ліцэй № 6 прыборабудаваньня, навучальна-пэдагагічны комплекс «Дзіцячы сад - пачатковая школа № 31» (вул. Фр. Скарыны, д. 45а), пачатковая школа № 198 (пр. Незалежнасьці, д. 176) і спэцыяльная агульнаадукацыйная школа (САШ) № 14 для дзяцей з парушэньнем слыху (вул. Севастопальская, д. 54). Дадатковую адукацыю прапаноўвалі 7 установаў: Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар (дзіцячы прытулак; вул. Цікоцкага, д. 59), Цэнтар карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі (ЦКРНР; вул. Кнорына, д. 14а), Цэнтар дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Арт» (вул. Астрашыцкая, д. 9) і Фізкультурна-спартовы цэнтар дзяцей і моладзі (ФСЦДМ; вул. Нікіфарава, д. 19)[7]; 3 дзіцячыя музычныя школы з больш як 1 тыс. навучэнцаў — № 9 (вул. Кядышкі), 13 (вул. Уруцкая, д. 8) і 15 (вул. Мяржынскага, д. 13). Прафэсійную адукацыю ажыцьцяўлялі 2 дзяржаўныя каледжы: політэхнічны каледж і каледж гандлю.

На 2016 г. у раёне знаходзілася 6 вышэйшых навучальных установаў: Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў (пр. Незалежнасьці, д. 81), Беларуская мэдычная акадэмія пасьлядыплёмнай адукацыі (вул. П. Броўкі, д. 3, корп. 3), Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь (пр. Незалежнасьці, д. 220), Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт (пр. Незалежнасьці, д. 99), Інстытут сучасных ведаў (вул. Філімонава, д. 69) і Прыватны інстытут кіраваньня і прадпрымальніцтва (вул. Славінскага, д. 1, корп. 3). На 2016 г. у вышэйшых, сярэдніх спэцыяльных і прафэсійных навучальных установах раёну навучаліся больш за 25 тыс. (37%) з амаль 67 тыс. маладых людзей ва ўзросьце ад 16 да 31 году. У дадатак у межах раёну месьціліся асноўныя спартовыя школы сталіцы, якія рыхтавалі нацыянальныя дружыны да міжнародных першынстваў: 3 вучэльні алімпійскага рэзэрва — гарадзкая (вул. Сядых, д. 42), абласная (вул. Герояў 120-й дывізіі, д. 11) і рэспубліканская (вул. Філімонава, д. 55/1); спэцыяльная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрва (СДЮШАР) у барацьбе (вул. Карбышава, д. 46/1); 2 Рэспубліканскія цэнтры Алімпійскай падрыхтоўкі — у гандболе (вул. Філімонава, д. 55/2) і лёгкай атлетыцы (вул. Каліноўскага, д. 111); Гарадзкі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў водных відах спорту (вул. Герояў 120-й дывізіі, д. 3), Гарадзкі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі ў барацьбе імя Аляксандра Мядзьведзя (вул. Каліноўскага, д. 55Б) і Спартовы камітэт Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь (пр. Незалежнасьці, д. 196)[8].

Адпачынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. у межах Першамайскага раёну месьціліся: Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, д. 5), Дзяржаўны музэй ваеннай гісторыі Рэспублікі Беларусь(be) (вул. Герояў 120-й дывізіі, д. 15), кінатэатар «Дом кіно» (вул. Талбухіна, д. 18), Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасьці, д. 116) і 5 гарадзкіх бібліятэк: № 15 імя Алаізы Цёткі (вул. Талбухіна, д. 14а), № 18 і тры дзіцячыя — № 2, 3 і 10. У 2015 г. гарадзкія бібліятэкі налічвалі больш за 295 тыс. кніг і мелі больш за 46 тыс. наведнікаў. У 18-й бібліятэцы працавала мастацкая галерэя «Вільня», якая выстаўляла карціны маладых мастакоў. Парк Чалюскінцаў (78 гектараў) штотыдзень наведвалі больш за 14,5 тыс. чалавек[3]. Поруч з паркам знаходзілася Менская дзіцячая чыгунка імя К. С. Заслонава. Таксама існавалі Севастопальскі парк, Парк камянёў (6 га) ва Ўруччы і лесапарк Зялёны Луг. 2 кастрычніка 2008 г. каля вул. Каліноўскага закончылі ўзьвядзеньне Царквы ўсіх сьвятых вышынёй 74 мэтры, якая магла зьмясьціць да 1200 чалавек.

У межах раёну існавала больш за 100 музычных гуртоў, зь іх 18 са званьнямі «ўзорны» і «народны»: Харавая капэла(be) імя Рыгора Шырмы, Народны аркестар(be) імя Язэпа Жыновіча; ансамблі «Бяседа», «Камерата», «Капрычыа», «Клясык-Авангард», «Сымфаніета», «Сьвята» і «Сябры»; гурт «Купалінка» і дзіцячы хор «Голас дзяцінства».

Уваход у Парк Чалюскінцаў (2012 г.)

На 2016 г. у раёне выкарыстоўваліся 462 аздараўленчыя збудаваньні, у тым ліку УП «Спартова-аздараўленчы комплекс „Алімпійскі“» (вул. Сурганава, д. 2а). Налічвалася 20 трэнажорных залаў, 9 плавальных басэйнаў, 7 тэнісных кортаў, 6 гульнявых залаў, 4 більярдныя клюбы, па 3 — залы барацьбы, залы боксу і футбольныя полі; па 2 — манэжы, стадыёны і стрэльбішчы. Падарожжы для адпачынку ладзіліся 22 адпаведнымі прадпрыемствамі раёну, у тым ліку ТДА «Пан шляху» (вул. Калініна, д. 7)[8].

Ахова здароўя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. у раёне налічвалася 9 паліклінік: 4 гарадзкіх для дарослых — 8-я (вул. Нікіфарава, д. 3), 24-я спэцмэдаглядаў (вул. Філімонава, д. 53), 27-я (вул. Каліноўскага, д. 55а) і 28-я (вул. Гінтаўта, д. 28); 19-я цэнтральная раённая для дарослых з уралягічным цэнтрам (пр. Незалежнасьці, д. 119); 2 гарадзкія дзіцячыя — 11-я (вул. Нікіфарава, д. 5) і 19-я (пр. Незалежнасьці, д. 119); 19-я гарадзкая стаматалягічная (вул. Кядышкі, д. 28) і паліклініка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (вул. П.Броўкі, д. 15а). На ўліку ў паліклініках стаяла 205,68 тыс. чалавек, зь іх 169,08 тыс. дарослых і 36,6 тыс. дзяцей. Таксама дзейнічалі мэдыка-санітарная частка Менскага мэханічнага заводу ААТ «БелОМА» і Рэспубліканскі цэнтар мэдычнай рэабілітацыі і бальнеалячэньня (вул. Макаёнка, д. 17), на плошчы якога знаходзіліся 3 скважыны хлярыдна-натравай мінэральнай вады. Стацыянарнае лекаваньне аказвалі 1-я гарадзкая клінічная лякарня (пр. Незалежнасьці, д. 64) на 680 ложкаў з 4-й жаночай кансультацыяй на 180 наведваньняў за зьмену і Менскі гарадзкі клінічны анкалягічны дыспансэр на 540 ложкаў і 500 наведваньняў за зьмену[9]. Таксама ў межах раёну знаходзіліся мясцовы Цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (вул. Чарнышэўскага, д. 5), Санітарна-эпідэміялягічная служба гораду Менску (вул. Петруся Броўкі, д. 13) і Дом міласэрнасьці з аднайменным рэабілітацыйным цэнтрам.

Органы ўлады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. на тэрыторыі раёну знаходзіліся 6 органаў мясцовай улады: Аддзел надзвычайных сытуацыяў, Вайсковы камісарыят (зав. Калінінградзкі, д. 7а), Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах (вул. Сярых, д. 12), Пракуратура (праезд Чайкоўскага, д. 6), Суд (вул. Талбухіна, д. 9), Управа ўнутраных справаў (зав. Інструмэнтальны, д. 5), Экспэртна-крыміналістычны аддзел (вул. Бялінскага, д. 10).

75 участковых інспэктараў міліцыі працавалі праз 16 грамадзкіх пунктаў аховы парадку (ГПАП): № 74, 76—84, 86—91[10]. Пры 7 жыльлёва-эксплюатацыйных управах (ЖЭУ) дзейнічала 17 камітэтаў тэрытарыяльнага грамадзкага самакіраваньня.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забудова мікрараёну Ўручча (2014 г.)

25 чэрвеня 1969 г. прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў Пастанову аб стварэньні Партызанскага раёну Менску з часткі земляў Заводзкага, Ленінскага і Савецкага раёнаў гораду. На месцы вёскі Зеляноўка пабудавалі вуліцы Цікоцкага і Карбышава. На месцы радавых паселішчаў Вялікая і Малая Сьлепня, якія здаўна належалі Ваньковічам, узьвялі гандлёвы цэнтар «Верас» (вул. Каліноўскага, д. 45) у мікрараёне Зялёны Луг. Адначасна ў 1969—1975 гг. узводзіўся мікрараён «Усход». У 1977 г. Савет народных дэпутатаў Менскай вобласьці зацьвердзіў Пастанову аб перадачы пасёлку Ўручча са складу Зеленалускага сельсавету ў склад Менску, што 10 студзеня 1978 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР ухваліў Указам № 1691[11]. У выніку плошча зялёных насаджэньняў раёну вырасла да 840,7 га, што зрабіла раён першым у Менску паводле плошчы зялёных насаджэньняў.

2 траўня 2012 году ў мікрараёне Ўручча адбыўся пратэст жыхароў у сувязі з ушчыльненьнем забудовы на вуліцах Русіянава і Шугаева. Супрацоўнікі спэцпрызну выкарчавалі мясцовы сквэр рыдлёўкамі і сякерамі, бо яго ў 2009 годзе вызначылі ў якасьці месца пабудовы 12-павярховых дамоў для супрацоўнікаў палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Шчыльнасьць жылога фонду мікрараёну мела вырасьці з 6838 м²/га да 7134 м²/га. Пагатоў забудова Ўручча зьяўлялася высокашчыльнай (6001—7600 м²/га)[12]. Цягам 2010—2017 гадоў у раёне Нацыянальнай бібліятэкі пабудавалі жылы комплекс «Маяк Менску» з блізу 1 млн м² жытла. Пры ім таксама ўзьвялі гандлёвы цэнтар «Дана Мол» агульнай плошчай каля 200 000 м² (20 га), на якой разьмясьцілі 150 крамаў, 7-зальны кінатэатар, гульнявыя пляцоўкі і харчовы двор[13].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Прадпрыемствы энэргетыкі(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Прадпрыемствы сувязі(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  3. ^ а б Установы культуры(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  4. ^ Арганізацыі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  5. ^ Гандаль(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  6. ^ Транспартныя прадпрыемствы(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  7. ^ Установы адукацыі(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  8. ^ а б Спорт і турызм(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  9. ^ Ахова здароўя(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  10. ^ Інфармацыя пра Рады грамадзкіх пунктаў аховы парадку(рас.) // Адміністрацыя Першамайскага раёну Менску, 2018 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.
  11. ^ Іван Палякоў. Указ Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР ад 10 студзеня 1978 г. № 1691-IX «Аб уключэньні ў гарадзкую рысу горада Менска некаторых населеных пунктаў Менскага раёну»(рас.) // Прававы партал «Кулічкі», 17 кастрычніка 2004 г. Праверана 19 ліпеня 2018 г.
  12. ^ Сьвятлана Бусько. Вокны зь відам на гмах // Зьвязда : газэта. — 19 чэрвеня 2012. — № 116 (27231). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Аляксей Аляксандраў. Кабякоў: Будаўнічыя праекты «Дана Холдынг» зьяўляюцца яркім увасабленьнем брацкіх адносін Беларусі і Сэрбіі // БелаПАН, 27 студзеня 2017 г. Праверана 18 ліпеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Першамайскі раён (Менск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў