Перайсьці да зьместу

Менская ратуша

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Краіна Беларусь
Места Менск
Каардынаты 53°54′12.78″ пн. ш. 27°33′21.52″ у. д. / 53.90355° пн. ш. 27.5559778° у. д. / 53.90355; 27.5559778Каардынаты: 53°54′12.78″ пн. ш. 27°33′21.52″ у. д. / 53.90355° пн. ш. 27.5559778° у. д. / 53.90355; 27.5559778
Архітэктурны стыль клясыцыстычная архітэктура[d]
Аўтар праекту Фёдар Аляксандравіч Крамер[d], Міхаіл Іосіфавіч Чахоўскі[d] і Казімер Хршчановіч
Першае згадваньне 1582
Дата заснаваньня XVI ст., 2000-я
Дата скасаваньня 1857
Статус Ахоўная зона
Менская ратуша на мапе Беларусі
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша
Менская ратуша на Вікісховішчы

Менская ратуша — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Менску, адзін з сымбаляў места. Знаходзіцца на гістарычным Высокім Рынку[a]. У 1851 року маскоўскі гаспадар Мікалай І пастанавіў зруйнаваць будынак, што ўчынілі ў 1857 року. У 2004 року завяршылася адбудова ратушы на месцы зьнішчанага расейскімі ўладамі помніка. Твор архітэктуры клясыцызму.

Да скасаваньня ўладамі Расейскай імпэрыі Магдэбурскага права для Менску (14 траўня 1795 року) у ратушы праходзілі паседжаньні органа мескага самакіраваньня — магістрату або рады, у будынку захоўваліся эталёны адзінак вагі і аб'ёму. На ратушнай вежы знаходзіўся першы мескі гадзіньнік[1].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рэканструкцыя выгляду, XVII ст.

Пра патрэбу збудаваць ратушу ўпершыню паведамляецца ў прывілеі на Магдэбурскае права, нададзеным Менску вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 року. Месца знаходжаньня будынка, у якім у гэты час праходзілі паседжаньні магістрату, дакладна не вядомае. У наступных прывілеях 1552 і 1569 рокаў зноў упамінаецца пра патрэбу пабудовы ратушы.

Упершыню існы будынак называецца ў дакумэнце 1582 року, калі падданага маёнтку Гарадцу пасадзілі ў вязьніцу, што месьцілася ў ратушы. Аднак у 1591 року места атрымала шэраг палёгкаў на «...ратуш, которы они тепер збудовати хочуть...»

Ратуша на малюнку XVIII ст.

У канцы XVI ст. сустракаюцца зьвесткі пра ратушу як будынак, што месьціўся на Высокім Рынку. У 1640 року пажар моцна пашкодзіў будынак, значную шкоду ратушы ўчынілі маскоўскія акупанты.

Адноўленая ў паваенны час, ратуша, відаць, мела даволі выразнае архітэктурнае аблічча. Чэскі падарожнік Бэргард Танэр, які ў 1678 року наведаў Менск, пісаў: «Галоўнае ўпрыгожаньне пляцу ратуша, што стаіць у цэнтры, аточаная мноствам крамаў». У 1744 року будынак перабудавалі ў стылі барока[1] пад кіраўніцтвам і намаганьнямі менскага войта Станіслава Буржынскага. Існуюць зьвесткі, што ў канцы XVIII ст. пры ратушы дзейнічала партыкулярная аптэка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Абмеры, 1800 р.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Менск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, ратушу перабудавалі ў стылі клясыцызму (архітэктар Тэадор Крамэр). Рысунак галоўнага фасаду будынка прыводзіўся ў «Атлясе Менскай губэрні». У будынку ратушы знаходзіліся магістрат, суд, гаўпвахта, гарадавы, паліцыя і архіў.

Наступную рэканструкцыю ратушы (архітэктар М. Чахоўскі) правялі ў 1819 року, калі да яе паўднёва-ўсходняга фасаду прыбудавалі арыгінальную агароджу, упрыгожаную ляпным дэкорам і маляўнічымі кампазыцыямі. У 1830-я рокі ў будынку месьцілася музычная школа. У 1847 року залю, што знаходзілася на другім паверсе ратушы, рэканструявалі пад мескі тэатар (архітэктар К. Хршчановіч, афармленьне інтэр’ераў мастака Я. Кураткевіча).

Іншая вэрсія абмераў, 1800 р.

У 1851 року маскоўскі гаспадар Мікалай І з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага пастанавіў зруйнаваць будынак менскай ратушы, што ўчынілі ў 1857 року. Разам з ратушай зьнішчылі сквэр і парубілі векавыя пірамідальныя таполі[2]. Сквэр аднавілі толькі ў канцы XIX ст.[3] Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з тае прычыны, што «... яна сваім існаваньнем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбурскае права...»[4].

У 2002 року пачалася адбудова ратушы і ўжо 4 лістапада 2004 року адбылося ўрачыстае адкрыцьцё адноўленага сымбалю Менску. Хоць паводле археалягічных зьвестак будынак заўсёды накрывала дахоўка, адбудаваную ратушу насуперак у тым ліку наяўным іканаграфічным матэрыялам (акварэлі Юзэфа Пешкі) накрылі зялёнай бляхай.

На малюнку невядомага мастака (направа), да пажару 1835 р.

Мела выгляд тыповай для ратушаў Вялікага Княства Літоўскага XVII—XVIII стагодзьдзяў канструкцыі 2-павярховага выцягнутага дома зь вежай, якая выступала ў цэнтры за лінію галоўнага фасаду. Аналягічныя тыпы ратушаў былі ў Магілёве і Віцебску. Менская ратушная вежа прастакутная, 3-ярусная. У пачатку XVIII ст. страха, трэба меркаваць, была больш стромкай[5].

Па перабудове архітэктарам Тэадорам Крамэрам у канцы XVІІI ст. ратуша набыла рысы клясыцызму. Гэта 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, накрыты пакатым вальмавым дахам. Цэнтральная частка сымэтрычнага паводле кампазыцыі галоўнага фасаду вылучаецца рызалітам з 3-маршавымі сходамі, і акцэнтуецца чацьверыковай вежай, завершанай шаломападобным купалам з шпілем і флюгерам. Рызаліт і тарцы афармляюцца 4-калённымі портыкамі іянічнага ордэра. На ўзроўні другога паверху ў прасторы портыка знаходзіцца балькон[6].

У 1998 року праводзіліся грунтоўныя археалягічныя дасьледаваньні пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Валянтына Собаля. Высьветлілася, што будынак ратушы пачалі будаваць у канцы XVI ст. на парожнім месцы, дзе раней адсутнічала забудова. Сьцены будынка ўзводзілі ў тэхніцы мяшанай муроўкі (вялікапамерная цэгла-пальчатка разам з каменьнем). Падлога ў дольных памяшканьнях была з прастакутнай керамічнай пліткі. Сьцены ўнутраных памяшканьняў былі атынкаванымі. У цэнтры будынка знайшлі рэшткі коміну, які ўпрыгожвала кафля з расьлінным арнамэнтам. Вокны былі зашклёныя круглымі шыбамі зь зялёнага шкла, якое ўстаўлялася ў мэталёвыя пераплёты. Увесь час свайго існаваньня будынак накрывала дахоўка[7].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — плошча Свабоды, 2
  1. ^ а б Дзянісаў У. Менская ратуша // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 289.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 220.
  3. ^ Дзянісаў У. Рэканструкцыя і знос гарадскога сімвала // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 454.
  4. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 91.
  5. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 91—92.
  6. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 2. — Менск, 1997. С. 335.
  7. ^ Дзянісаў У. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Ратуша // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 214.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  711Е000001