Францішак Скарына

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Францішак Скарына
Францискъ Скорина
Skaryna 1517.jpg
Францішак Скарына, 1517
Род дзейнасьці выдавец, перакладчык, гравёр
Дата нараджэньня каля 1482
Месца нараджэньня Полацак, ВКЛ
Дата сьмерці 1551
Месца сьмерці Прага, Чэхія
Бацька Лука
Жонка Маргарыта
Дзеці Сімяон

Франці́шак Скары́на (к. 1482, Полацак — к. 1551, Прага) — беларускі[1][2][3][4][5] і ўсходнеславянскі першадрукар, філёзаф-гуманіст, пісьменьнік, грамадзкі дзяяч, прадпрымальнік і навуковец-лекар. Перакладчык і выдавец на беларускую рэдакцыю царкоўнаславянскай мовы кнігаў Бібліі[6][7]. Скарына нарадзіўся ў сям’і заможнага купца ў Полацку, буйным гандлёвым і вытворчым цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Францыск меў старэйшага брата, якога клікалі Іван, які як і бацька, таксама, быў купцом.

Францыск Скарына лічыцца адным з найвыбітнейшых гістарычных дзеячаў Беларусі за ўсю ейную гісторыю. У ягоны гонар названыя вышэйшыя ўзнагароды краіны, як то мэдаль і ордэн. Яго імя носяць Гомельскі ўнівэрсытэт, цэнтральная бібліятэка, пэдагагічнае вучэльня, гімназія № 1 у Полацку, гімназія № 1 у Менску, недзяржаўнае грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы» і іншыя арганізацыі і аб’екты. У гонар Ф. Скарыны ў розных краінах усталяваныя помнікі, зроблены скульптурныя і жывапісныя выявы[8].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў другой палове 1480-х гадоў у Полацку ў сям’і купца Лукі Скарыны. Верагодна, першапачатковую адукацыю Францыск Скарына атрымаў у Полацку. Тут або ў сталіцы Вялікага княства Вільні вывучаў і далейшыя школьныя навукі, авалодаў лацінскай мовай. У зімовы сэмэстар 1504 году ён паступіў на навучаньне ў Кракаўскую акадэмію на факультэт вольных мастацтваў або філязофіі. Акадэмія славілася як адзін з асноўных цэнтраў эўрапейскай астраноміі і астралёгіі, матэматыкі, прававых і гуманітарных навук. Працы прафэсараў акадэміі сыстэматычна публікаваліся ў кракаўскай друкарні Я. Галера. Няма сумненьня, што ў Кракаве Францыск Скарына ўсьвядоміў навучальныя і асьветніцкія магчымасьці друкаванай кнігі. Праз два гады, то бок мінімальны час для студэнтаў філязофскага факультэта, у 1506 годзе ён вытрымаў экзамэн на ступень бакаляўра вольных мастацтваў.

Невядома, дзе Скарына знаходзіўся ў 1507—1512 гады. Існуюць меркаваньні, што ён скончыў унівэрсытэт і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філязофіі, але больш лягічна дапусьціць, што ён атрымаў доктарскі дыплём у Кракаве. Запіс у акце Падуанскага ўнівэрсытэта 9 лістапада 1512 году сьведчыць пра тое, што ён быў сакратаром караля «Дацыі», верагодна Даніі. Знаходжаньне Францыска Скарыны ў Капэнгагене супала з ажыўленьнем адносінаў Даніі з Польшчай і ВКЛ, бо рэзка ўскладніліся ейныя стасункі са Швэцыяй. У 1509 годзе дзеля падпісаньня дамовы аб сяброўстве Данію наведала пасольства караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I. Дацкі кароль, магчыма, улічваў, што Францыск Скарына, акрамя веданьня лацінскай мовы, валодаў рускай мовай, якой на той час называлі беларускую мову, — дзяржаўнай мовай ВКЛ. Менш абгрунтаванай падаецца вэрсія, быццам «Дацыяй» ёсьць валаскія землі, дзе на той час зараджалася кірылічнае кнігадрукаваньне.

На пачатку 1510-х гадоў Францыск атрымаў званьне ліцэнцыята мэдыцыны ды ступень доктара вольных мастацтваў. А не пазьней за восень 1512 году Скарына прыбыў у Італію, у Падую, каб набыць ступень доктара мэдыцыны. Падуанскі ўнівэрсытэт у сувязі з ваеннымі падзеямі ў 1509—1516 гады быў практычна зачынены. Можна меркаваць, што грунтоўную мэдыцынскую адукацыю Скарына атрымаў у Кракаве, дзе дзейнічалі 2 катэдры мэдыцыны, якія, аднак, не давалі доктарскія дыплёмы, або ў самой Падуі ці ў Балёнскім унівэрсытэце. 5 лістапада 1512 году Савет дактароў мэдыцынскай калегіі Падуанскага ўнівэрсытэту дапусьціў Скарыну без аплаты да іспытаў на ступень доктара мэдыцыны, якія Скарына пасьпяхова вытрымаў 6 і 9 лістапада.

Пасьля падуанскага трыюмфу зьвесткі пра Скарыну зноўку губляюцца на пяць гадоў. Магчыма, працаваў ён лекарам і настаўнікам, бо «доктарам мастацтваў» у тыя часы называлі і настаўніка гуманітарных навук — філялёгіі, паэтыкі, красамоўства і іншых. Не выключаецца, што шчыраваў ён на ніве асьветніцтва на радзіме. На карысьць гэтай згадкі сьведчыць выдатнае веданьне ім жывой гаворкі сваіх бацькоў — старабеларускай літаратурнай і штодзённай гутарковай мовы. Відаць, у гэты час ён пачаў перакладаць Біблію. Пэрыяд 1513—1516 гадоў ў жыцьці Скарыны не асьветлены дакумэнтальнымі зьвесткамі, але менавіта ў гэты час ён вырашыў пачаць кнігадрукаваньне. Безумоўна, яго ў гэтых намерах падтрымлівалі землякі зь Вільні, Полацку, беларускія купцы, чальцы віленскага магістрата. Не выклікае сумнёваў, што ў 1510-х гадох Францыск наведаў ВКЛ — Вільню, Полацак, іншыя гарады і заручыўся падтрымкай суайчыньнікаў.

Каля 1517 году пры падтрымцы віленскіх мэцэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава асьветнік заснаваў у Празе першую ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў друкарню, у якой 6 жніўня 1517 году выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр». Усяго на працягу 1517—1519 гадоў Скарына пераклаў і выдаў 20 кніг Бібліі. Да кожнай кнігі ён пісаў прадмову, у якой распавядаў пра гісторыю стварэньня кнігі, разважаў аб яе зьмесьце. На пачатку 1520 году ён пераязджае ў Вільню й там засноўвае першую на тэрыторыі Беларусі друкарню ў доме Якуба Бабіча. У ёй каля 1522 году Скарына выдаў «Малую падарожную кніжыцу», а ў сакавіку 1525 — «Апостал».

У другой палове 1520-х гадоў Скарына ажаніўся з удавою чальца Віленскага магістрата Юрыя Адверніка — Маргарытай. У ліпені 1529 году ў Познані памёр брат Францішка Скарыны Іван, які прыехаў туды гандляваць скурамі; Скарына едзе ў Познань і дамагаецца вяртаньня сродкаў, укладзеных яго жонкай у справу брата. У 1530 годзе Скарына пэўны час служыць у Кёнігсбэргу ў гэрцага Альбрэхта Старэйшага, пазьней вяртаецца ў Вільню. 5 лютага 1532 году крэдыторы Івана Скарыны патрабавалі арышту Францішка за даўгі нябожчыка, але 24 траўня пляменьнік Скарыны Раман просіць у караля Жыгімонта I загаду аб вызваленьні Францішка. 21 лістапада таго ж году кароль спэцыяльнай граматай вызваляе Скарыну з-пад улады суда, ваяводаў, кашталянаў і старастаў. Спалучэньне розных абставінаў і адсутнасьць выразнай сацыяльнай падтрымкі вымусілі Францыска Скарыну пакінуць ВКЛ і ад’ехаць у Прагу.

У канцы 1530-х гадоў, а магчыма і ў 1540-я гады ён працаваў садоўнікам каралеўскага парку на Градчанах. Ён прыняў пасаду садоўніка чэскага караля Фэрдынанда I Габсбурга. Паводле данясеньняў службоўцаў Багемскай канторы, Скарына працаваў там без асаблівай ахвоты, але добрасумленна. Яго называлі тут «італьянскім садоўнікам», мабыць, паводле ягонага падуанскага дыплёму доктара мэдыцыны. Беларускі асьветнік працаваў батанікам у Празе да 1539 году.

Чэскі храніст Вацлаў Гаек(cs) паведамляў пра пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 году, у якім сярод іншых асобаў у доме адміністратара праскай эпархіі Яна з Пухава згарэлі «кухарка Магдалена, а таксама хлопчык Францішак, сын колішняга доктара Руса». Дасьледчыкі, як то А. Флароўскі ды іншыя, тлумачылі гэты летапісны фрагмэнт у тым сэнсе, што Скарына памёр каля 1540—1541 гадоў, а ягоны малы сын загінуў у гэтым пажары. Аднак няма падставы слова «колішні» тлумачыць у сэнсе «нябожчык». Чэскі «доктар» мог азначаць у адпаведнасьці зь ягоным лацінскім значэньнем «настаўнік». Тады выходзіць, што Скарына служыў настаўнікам у «казацеля» (прапаведніка) ксяндза Яна, які мог кіраваць адной з каталіцкіх школаў. У такім выпадку асьветніка спасьцігла яшчэ адное няшчасьце.

Найбольш верагодна, што сам ён памёр у канцы 1551 году ці ў студзені 1552 году. Захавалася «давераная грамата» караля Фэрдынанда I, выдадзеная 29 студзеня 1552 году:

« «Мы, Фэрдынанд і г. д., абвяшчаем гэтай граматай, што колішні доктар Францішак Рус Скарына з Полацку, які некалі тут жыў, наш садоўнік — у гэтым каралеўстве чэскім быў чужаземцам — сышоў на вечны спакой і пакінуў пасьля сябе сына Сімяона Руса і пэўную маёмасьць, паперы, даўгі і іншае, яму належнае. І прасіў нас вышэйзгаданы Сімяон [выдаць] грамату і агульны ўказ на выпадак таго, што калі б ён знайшоў што-небудзь з маёмасьці вышэйзгаданага свайго бацькі, то каб яму была выдадзена і аказана дапамога». »

Кароль задаволіў гэтую просьбу і загадаў усім службовым асобам Чэскага каралеўства дапамагаць Сімяону Скарыну ў такой справе. Сярод спадчыны асьветніка названы кнігі ды іншыя паперы[9]. У тым жа годзе абвясьцілі пра свае прэтэнзіі на маёмасьць Францішка Скарыны Марцін Онкавіч і лаўнік віленскага магістрату купец Тоўсьцік.

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У Празе выйшлі (па парадку выданьня): «Псалтыр», «Кніга Ёва», «Прытчы Саламона», «Кніга Ісуса Сірахава», «Эклезіяст», «Песьня песьняў», «Кніга прамудрасьці», «Кнігі царстваў», «Кніга Ісуса Навіна», «Юдыф», «Кніга Судзьдзяў», «Быцьцё», «Зыход», «Левіт», «Лічбы», «Другі закон», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі», «Кніга прарока Данііла».
  • У Вільні: «Малая падарожная кніжыца», «Апостал».[10][11]
  • У Гародні: «Магарыта» [11]

Мова[7], на якой Скарына друкаваў свае кнігі, заснаваная на царкоўнаславянскай, аднак зь вялікай колькасьцю ўласнабеларускіх словаў, і такім чынам больш зразумелая тагачаснаму насельніцтву Вялікага Княства Літоўскага. Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзьвюх крыніц: царкоўнаславянскага тэксту ды чэскай Бібліі 1506 году. Менавіта з-за асаблівасьцяў чэскага перакладу, якія перайшлі й у скарынаўскія кнігі, апошнія былі адвергнутыя Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя Францішка Скарыны носіць Таварыства беларускай мовы.

У Беларусі шэраг вуліцаў названыя ў гонар славутага першадрукара.

  • У 1974 годзе ў Полацку адкрылі помнік Ф. Скарыну[12].
  • 26 траўня 2009 году Полацкі гарадзкі савет дэпутатаў няпярэдадні імпрэзы з 1147-годзьдзя гораду вырашыў пераназваць праспэкт Карла Маркса ў гонар Францішка Скарыны[13].
  • Помнік у Менску ля Нацыянальнай бібліятэкі.
  • Помнік у Менску ў сквэры Янкі Купалы.
  • Помнік у Менску ў дворыку БДУ.
  • Помнік у Лідзе.
  • Помнік у Празе.
  • Памятны валун (прывезены зь Беларусі) каля помніку Скарыне ў Празе.
  • Помнік у Вільні.
  • Помнік у Калінінградзе.
  • Мэмарыяльная дошка ў Менску па вул. Карла Маркса на мурах былой амбасады Італіі.
  • Мэмарыяльная дошка ў Падуі на мурах Падуанскага ўнівэрсытэту.
  • Мэмарыяльная дошка ў Вільні.
  • Мэмарыяльная дошка каля Праскай ратушы.
  • Віцебская абласная прэмія для друкаваных СМІ[14]

Фільмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Некаторы час лічылася, што другім імем Францішка Скарыны было імя Георгі. Упершыню пра гэта сталі казаць у другой палове XIX стагодзьдзя, пасьля таго як у 1858 годзе былі апублікаваныя копіі двух граматаў караля і вялікага князя Жыгімонта I на лацінскай мове. У адной зь іх перад імем першадрукара стаяў лацінскі прыметнік egregium у значэньні «выдатны, знакаміты», у другі жа значэньні слова egregium было пададзена як georgii. Гэтая адзіная форма паслужыла нагодаю некаторым дасьледнікам лічыць, што сапраўднае імя Скарыны было Георгі. І толькі ў 1995 годзе беларускі гісторык і кнігазнавец Георгі Галенчанка знайшоў арыгінальны тэкст прывілея Жыгімонта, у якім вядомы фрагмэнт «з Георгіем» быў выкладзены наступным чынам: «… egregium Francisci Scorina de Poloczko artium et medicine doctoris». Памылка перапісчыка выклікала спрэчкі вакол імя першадрукара, якія цягнуліся больш за 100 гадоў[15][16][17][18]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Большой Энциклопедический словарь
  2. ^ Большая советская энциклопедия
  3. ^ Энциклопедический словарь
  4. ^ Новейший философский словарь
  5. ^ Britannica
  6. ^ Паноў С. В. Францыск Скарына — усходнеславянскі і беларускі гуманіст і асветнік //Матэрыялы па гісторыі Беларусі. 8-е выданне, перапрацаванае. — Мн.: Аверсэв, 2005. С. 89.
  7. ^ а б Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мн.: Наука і тэхніка, 1990. ISBN 5-343-00447-4 °C. 210
  8. ^ Скарына Францыск // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік / Уклад. Дубянецкі Э. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
  9. ^ Паноў С. В. Матэрыялы…
  10. ^ Галенчанка Г. Я., Непарожная Т. В., Радзевіч Т. К., Кніга Беларусі. Зводны каталог.. — Мінск: «Беларуская Савецкая Энціклапедыя імя Петруся Броўкі», 1986. — С. 37-55, 61, 70, 71, 74-79, 84, 90, 94, 96, 98, 100, 101, 105, 110, 114. — 616 с. — 3500 ас..
  11. ^ а б Кніга Беларусі. 1517—1917 : зводны каталог / Нацыянальная бібліятэка Беларусі; складальнікі каталога : Галенчанка Г. Я. (д.г.н.), Непарожная Т. В. , Радзевіч Т. К. ; складальнікі электроннага выдання : Г. У. Кірэева, А. А. Суша, К. В. Языковіч. — Мінск: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2006. — 1 электронны аптычны дыск (CD-ROM).
  12. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1974 // «Радыё Свабода», 21 ліпеня 2009
  13. ^ Праспэкт Маркса атрымае імя Францыска Скарыны // Радыё Свабода, 26 траўня 2009
  14. ^ Віцебскім журналістам дзяржаўных СМІ дадуць прэміі Скарыны і Віцязя // Радыё Свабода, 21 сакавіка 2013
  15. ^ Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі / Г. Галенчанка // 480 год беларускага кнігадрукавання : матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / гал. рэд. А. Мальдзіс і інш. — Мн. : Беларуская навука, 1998. — С. 9-20.
  16. ^ Н. Ю. Бярозкіна, кандыдат гістарычных навук (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Я.Коласа АН Беларусі). «Са слаўнага Полацку родам». Да 480 годдзя выдання першай беларускай кнігі францыскам Скарынам.
  17. ^ Адам Мальдзіс. З рэдактарскага блакнота // Кантакты і дыялогі, № 9 2000
  18. ^ Генадзь Сагановіч. Вітаўт Тумаш як гісторык

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: «Беларуская Савецкая Энціклапедыя імя Петруся Броўкі», 1988. — 608 с. — 9000 ас. — ISBN 5-857000-003-3.
  • Баразна Л. Ц. Гравюры Францыска Скарыны. — 2-е. — Мінск: Беларусь, 1990. — 3800 ас. — ISBN 5-338-00483-6.
  • Францыск Скарына. Зборнік дакументаў і матэрыялаў / Дарашкевіч В. І., Неміроўскі Я. Л.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1988. — 352 с. — (Францыск Скарына). — 2650 ас. — ISBN 5-343-00393-1.
  • Спадчына Скарыны. Зборнік матэрыялаў першых Скарынаўскіх чытаньняў. 1986. / Чамярыцкі В. А., Конан У. М., Галенчанка Г. Я.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1989. — 320 с. — (Францыск Скарына). — 2950 ас. — ISBN 5-343-00134-3.
  • Францыск Скарына. Творы. Прадмовы, сказаньні, пасьляслоўі, акафісты, пасхалія. / Чамярыцкі В. А., Коршунаў А. Ф.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — 208 с. — (Францыск Скарына). — 4250 ас. — ISBN 5-343-00151-3.
  • Францыск Скарына. Жыцьцё і дзейнасьць. Паказальнік літаратуры. = / Мальдзіс А. І., Неміроўскі Я. Л., Осіпчык Л. А.. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — 272 с. — (Францыск Скарына). — 1000 ас. — ISBN 5-343-00438-5.
  • Скарына Францыск // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
  • Francišak Skaryna // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
  • Помнікі Францішку Скарыну
  • Агіевіч У. У. Сімволіка гравюры Скарыны. Мн., 1999;
  • Скарына Францыск // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. давед. / Рэдкал.: У. М. Жук. — Мн.: БелЭн, 2001. — 496 с;
  • Паноў С. В. Матэрыялы па гісторыі Беларусі: 46 тэм для вывучэння. Заданні для самакантролю. Лагічныя схемы. Тэрміналагічны слоўнік. Храналагічныя схемы. Тэрміналагічны слоўнік. Храналагічная табліца. Карты / С. В. Паноў; пад навук. рэд. М. С. Сташкевіча, Г. Я. Галенчанкі. — 6-е выд. — Мн.: Аверсэв, 2005. — 415 с.: іл. — (Экзамены). ББК 63.3(4Бел) П 16) ISBN 985-478-881-4;

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Францішак Скарынасховішча мультымэдыйных матэрыялаў