Перайсьці да зьместу

Марыя Магдалена Радзівіл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Магдалена Радзівіл»)
Марыя Магдалена Завіша
Марыя Магдалена Радзівіл
Марыя Магдалена Радзівіл

Герб «Лебедзь»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 8 ліпеня 1861
Варшава, Царства Польскае
Памерла 6 студзеня 1945
Фрыбур, Швайцарыя
Пахаваная
Род Завішы
Бацькі Ян Казімер Завіша
Марыя з Квілецкіх
Муж Людвік Юзэф Красінскі
Вацлаў Мікалай Радзівіл
Дзеці Марыя Людвіка Красінская
Дзейнасьць арыстакратка, мэцэнатка

Марыя Магдалена Радзівіл (у дзявоцтве Завіша; 8 ліпеня 1861, Варшава — 6 студзеня 1945, Фрыбур) — дзяячка беларускага культурнага руху, мэцэнатка. Кавалер ордэна «Вялікі крыж Гедзіміна(lt)».

Прадстаўніца шляхецкага роду Завішаў гербу «Лебедзь», дачка Яна Казімера, археоляга і этнографа, і Марыі з Квілецкіх. Дзяцінства прайшло ў родавых маёнтках Жарноўцы і Кухцічы ў Ігуменскім павеце. Выхоўвалася ў духу беларускай культуры, сымпатызавала хрысьціянскім дэмакратам. Для размоваў у сяброўскім коле абірала альбо беларускую, альбо францускую мову.

У 1881 годзе выйшла замуж за графа Людвіка Красінскага, у шлюбе зь якім мела дачку Марыю Людвіку. Па сьмерці бацькі (1884 год) атрымала ў спадчыну ягоныя маёнткі на Беларусі і ў Вялікай Польшчы. У 1895 годзе па сьмерці мужа выехала ў Заходнюю Эўропу. Другі раз выйшла замуж за князя Вацлава Мікалая Радзівіла (Лёндан, 1906 год).

У 1912 годзе на старонках газэты «Minske Russkae Slovo» («Мінскае рускае слова») абвясьціла:

« Лічу сябе беларускай, паходжаньня літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу[1]. »

Прычым адным з аргумэнтаў, якія пацьвярджалі яе думку, прыводзіла тое, што «…муж мой ніколі не ажаніўся б з полькай»[1].

Партрэт сясьцёр Альжбеты і Алены Радзівіл, якіх раней памылкова ідэнтыфікавалі як Марыю Магдалену з дачкой Людвікай[2]

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газэту «Беларус», таварыствы цьвярозасьці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускія школы ў сваіх ўладаньнях у Кухцічах, Узьдзе, Каменцы.

Асаблівую ўвагу надавала праблеме падрыхтоўкі нацыянальна-сьвядомай беларускай інтэлігенцыі. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі В. Іваноўскі, І. і А. Луцкевічы, Р. Скірмунт, А. Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Надавала матэрыяльную падтрымку ў выданьні першых кнігаў М. Багдановіча, К. Буйло і інш.; у знак удзячнасьці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч зьмясьцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў М. Багдановіча «Вянок».

Шырока ангажавалася ў беларускае рэлігійнае жыцьцё. Прыхільніца ідэі адраджэньня ў Беларусі вуніяцкай царквы[3].

Па 1917 годзе ў эміграцыі ў Польшчы, Летуве, Нямеччыне, з 1932 году ў Швайцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, летувіскім і габрэйскім культурным рухам[4].

Апошнія трынаццаць гадоў свайго жыцьця правяла ў кляштары сясьцёр-дамініканак у месьце Фрыбур.

  1. ^ а б Багадзяж М. Я — беларуска… (Марыя Магдалена Радзівіл) // Беларуская мінуўшчына. № 1, 1996.
  2. ^ Мальдис А. Тайна портрета княгини-«холопоманки»(недаступная спасылка) // Советская Белоруссия. № 242 (23884), 20.12.2011 г.}}
  3. ^ Радзівіл Марыя Магдалена // Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. — Менск-Мюнхэн: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
  4. ^ Багадзяж М. Радзівіл Магдалена Іванаўна // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 57.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марыя Магдалена Радзівілсховішча мультымэдыйных матэрыялаў