Дыскрымінацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Дыскрымінацыя (нераўнапраўе; лац. discriminatio — адрозьніваньне) — абмежаваньне грамадзянскіх і іншых правоў і свабодаў праз прыналежнасьць да пэўнай народнасьці, расы, плоці, веравызнаньня і азначаныя грамадзянскія погляды.

У мінулым ажыцьцяўлялася найчасьцей урадамі. Адначасна існавалі зацікаўленыя згуртаваньні, якія дамагаліся яе скасаваньня. У 20 стагодзьдзі міждзяржаўная супраца ў абароне асноўных правоў чалавека і грамадзяніна прывяла скасаваньня адкрыта дыскрымінацыйнага заканадаўства на дзяржаўным узроўні. 10 сьнежня 1948 г. Галоўны сход Аб'яднаных народаў зацьвердзіў Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека, паводле 7-га артыкула якой: «Усе людзі маюць права на роўную ахову ад якой бы там ні было дыскрымінацыі». Найбольш пашыранымі відамі дыскрымінацыі застаюцца: 1) пазбаўленьне выбарчых правоў; 2) звальненьне з працы; 3) адмова перасяленцу ў грамадзянстве; 4) адмова бежанцу ў візе на ўезд; 5) забарона на выезд з краіны. У міжнародных дачыненьнях азначае парушэньне роўнасьці сувэрэнітэту дзяржаваў у якасьці дзейнікаў міжнароднага права праз выкарыстаньне гаспадарчых і ўрадавых захадаў, якія пярэчаць агульнапрызнаным прынцыпам міжнародных дачыненьняў. Праявай служыць стварэньне дзяржавамі закрытых установаў дзеля абароны сваіх рынкаў ад тавараў зь іншых дзяржаваў і свабоднага перамяшчэньня працоўнай сілы. Пераадоленьне дыскрымінацыі ва ўсіх галінах грамадзкага і міжнароднага жыцьця застаецца надзённым для чалавецтва[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Віктар Боўш. Дыскрымінацыя // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 293. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0106-0