Перайсьці да зьместу

Гісторыя беларускай мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гісто́рыя белару́скай мо́вы — працэс непарыўнага разьвіцьця беларускай мовы са старажытнай праіндаэўрапейскай протамовы.

Беларуская мова ёсьць старажытнапісьменнай, гісторыя беларускага пісьменства налічвае ня менш за 10 стагодзьдзяў. Мова беларускага народу склалася ў XIV—XVI стагодзьдзях, калі землі сучаснай Беларусі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага[1].

У позьнім XVII — пачатку XIX стагодзьдзя ў Рэчы Паспалітай жывая старабеларуская гаворка захоўвалася толькі на беларускіх землях і ў простага народу, да пары — у драбнейшай шляхты. Сацыяльная вяршыня грамадзтва, выхаваная ў польскай культуры, лічыла беларускую мову наогул непрыдатнай дзеля выкарыстаньня ў літаратуры[2]. Іменна ў гэты пэрыяд беларусы зьведалі асабліва моцны ўціск палянізацыі. Пасьля паўстаньняў 1830 і асабліва 1863 гадоў палянізацыя, якую праводзілі тагачасныя мясцовая буйная шляхта і каталіцкае духавенства, зьмянілася русіфікацыяй, якую праводзіў царскі ўрад.

Узоры жывой старабеларускай гаворкі траплялі ў літаратуру пераважна ў творах «школьнай драмы», зь якіх толькі адзін[3] быў пры сваім зьяўленьні надрукаваны (сатыра «Вітаньне на першы выезд з Каралеўца…», 1642), рэшта засталася ў рукапісах. Гэтыя творы, а дакладней, іхнія фрагмэнты, і ёсьць практычна адзінымі ўзорамі жывой беларускай мовы таго часу. Мова іх падобная на народную канца XIX — пач. XX стагодзьдзяў, нямала палянізмаў. Запісаныя яны пераважна лацініцай, невялікая іх частка, што са Смаленскай зямлі — кірыліцай[2]. Апроч таго, некаторыя фанэтычныя асаблівасьці старабеларускай мовы захаваліся ў помніках пісьменства беларускіх татараў канца XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў[2], напрыклад, у кітабах.

Сучасны этап разьвіцьця беларускай мовы ўмоўна адлічваецца ад пачатку XIX стагодзьдзя, калі былі зробленыя спробы стварэньня літаратурнай мовы на аснове народных гаворак.

Старажытнаславянскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што пісьменнасьць прыйшла на беларускія землі разам з хрысьціянствам у канцы X стагодзьдзя. Да помнікаў царкоўнаславянскай мовы эпохі Кіеўскай Русі адносяцца перапісаныя са старабаўгарскіх арыгіналаў Эвангельлі і Псалтыры, а таксама арыгінальныя творы тыпу «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Сказаньне пра Барыса і Глеба», «Слова аб законе і боскай ласцы» мітрапаліта Іларыёна" й інш. Старажытнаруская літаратурная мова на народнай аснове адлюстраваная ў такіх творах, як «Аповесьць мінулых гадоў», «Павучаньне Ўладзімера Манамаха», «Слова пра паход Ігаравы», «Руская праўда» і інш.

Першая старонка «Слова на ўзьнясеньне Гасподняе» Кірылы Тураўскага паводле сьпісу XIII ст.

Адзначаныя віды пісьменства існавалі і на заходнерускіх землях, дзе неўзабаве ўзьнікла беларуская народнасьць. Тут таксама перапісвалІся на царкоўнаславянскай мове Эвангельлі і псалтыры. 3 арыгінальных рэлігійных твораў асабліва вылучаюцца словы, казаньні і павучаньні выдатнага прамоўцы і публіцыста ХІІ ст. Кірылы Тураўскага. Да таго ж часу адносіцца і дзейнасьць пісьменьніка Аўрамія Смаленскага, які складаў асобныя зборнікі паводле твораў старажытных царкоўных прапаведнікаў. 3 агіяграфічнай літаратуры таго часу цяпер вядомы «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай», створанае, відаць, у Полацку неўзабаве пасьля ейнае сьмерці, і «Жыціе Аўраамія Смаленскага», напісанае ягоным вучнем Яфрэмам у Смаленску на пачатку XIII стагодзьдзя. На заходнерускіх землях побач з царкоўнаславянскай працягвала ўжывацца і старажытнаруская літаратурная мова. У XII—XIII стагодзьдзях існавала мясцовае полацкае летапісаньне.

Старабеларускі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Умоўна пачатак зараджэньня асобнай беларускай мовы адносяць да канца XIII — пачатку XIV стагодзьдзя. Менавіта ў гэты час у граматах, дзелавой і асабістай перапісцы пачынаюць спарадычна адлюстроўвацца моўныя зьявы, адметная лексыка і фанэтыка, якія пазьней сталі характэрнымі для беларускай мовы.

Ужо ў XIII стагодзьдзі ў пісьмовых помніках на беларускіх землях пачынаюць спарадычна трапляцца асаблівасьці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы[4]. На працягу XIV—XVI стагодзьдзяў пачала складвацца беларуская народнасьць з уласьцівай ёй моваю, асноўныя асаблівасьці якой захоўваюцца ў ёй да нашага часу.

Аднак старажытныя кніжнікі ў пісьменстве строга прытрымліваліся традыцыйных старажытнарускіх граматычных і лексычных нормаў, таму новыя моўныя рысы ў пісьмовых помніках першым часам адлюстроўваліся толькі зрэдку ў выглядзе паасобных апісак. Адным з найстаражытнейшых пісьмовых помнікаў, які адлюстроўвае ўласна беларускія моўныя рысы, зьяўляецца Дагаворная грамата смаленскага князя Мсьціслава Давыдавіча з Рыгаю і Гоцкім берагам (1229 рок). У грамаце, сярод іншага, адлюстраванае чаргаваньне гукаў [в] і [ў] у прыназоўніку «въ»: «оу низъ» замест «въ низъ», «оу Ризѣ» замест «въ Ризѣ»[5].

У XIV стагодзьдзі, за Альгердам, старабеларуская мова стала афіцыйнай мовай справаводзтва ў Вялікім Княстве Літоўскім[6]. Прыкладна зь сярэдзіны XV стагодзьдзя пісьменства на тэрыторыі Беларусі насычаецца спэцыфічна беларускімі асаблівасьцямі ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсьць ужо ўсе падставы гаварыць пра старабеларускую літаратурную мову, якая сваімі артаграфічнымі, граматычнымі і лексычнымі рысамі прыкметна адрозьнівалася ад старажытнарускай літаратурнай мовы, але цалкам не перарвала сувязей зь ёй. У беларускім пісьменстве старажытнага пэрыяду старабеларуская пісьмовая мова мела назву «руский языкъ».

Першы аркуш Псалтыра, выдадзенага Францішкам Скарынам у Празе, 1517

Старабеларуская мова ВКЛ адлюстроўвала многія моўныя зьявы, характэрныя для гутарковай беларускай мовы, хоць да канца XV стагодзьдзя яшчэ не адыходзіла далёка ад традыцыйных канонаў, якія былі складзены дагэтуль, і была прадстаўленая пераважна юрыдычнымі дакумэнтамі[7]. Блізкае месца да яе займалі мясцовыя творы на царкоўнаславянскай мове[8]. Так, беларускія лінгвісты прыйшлі да высновы, што мова друкаваных перакладаў Бібліі Францыска Скарыны, зробленых ім у 1517—19 гадах, — гэта беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, дзе маецца пэўны ўплыў гутарковай беларускай, чэскай і польскай моваў[9]. У той жа час гэтая мова, безумоўна, была зразумелай славянскамоўнаму насельніцтву ВКЛ, а друкаваныя кнігі Францішка Скарыны былі адрасаваныя менавіта да яго. Яшчэ больш рысаў гутарковай мовы беларусаў, на слоўнікавы запас якой плённа паўплывалі таксама лаціна, нямецкая, польская ды іншыя мовы, старабеларуская мова набыла зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя (асабліва ў лексіцы, фразэалёгіі і марфалёгіі, часткова — у фанэтыцы і сынтаксісе) у ходзе Рэфармацыі ў ВКЛ і шырокага размаху друкарскай справы (Васіль Цяпінскі, Сымон Будны і інш.)[10]. Пісьмовая руская мова ВКЛ у XIV—XVII стагодзьдзях вылучалася шыратой грамадзкіх функцый (мела статус дзяржаўнай мовы, на ёй былі напісаны Статуты ВКЛ), разьвітасьцю стыляў (дамінаваў афіцыйна-дзелавы стыль[11], які найболей атрымаў рысаў гутарковай беларускай мовы, у адрозьненьне ад царкоўнага стылю, і якім найболей карысталася сьвецкая шляхта[11]), значнай колькасьцю друкаваных выданьняў, а літаратура на ёй — разьвітасьцю відаў і жанраў (у тым ліку напісаньне дзяржаўных летапісаў і хронік)[12][13].

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588

Да нашага часу дайшло каля 600 кніг Літоўскай мэтрыкі — дзелавога архіву канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, дакумэнты якога напісаныя на старыжытнабеларускай літаратурнай мове. Зводы законаў Вялікага Княства Літоўскага (Судзебнік Казімера Ягелончыка 1468, Статут ВКЛ у рэдакцыях 1529, 1566 і 1588) таксама напісаныя на старабеларускай мове і ўтрымліваюць вялікую колькасьць адметнай беларускай лексыкі.

Зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя ў афіцыйным справаводзтве, культурным і публічным жыцьці гарадоў і найвышэйшага саслоўя ВКЛ пачала дамінаваць літаратурная польская мова. У 1696 годзе быў аб’яўлены закон, паводле якога дзяржаўнаю моваю на беларускіх землях стала польская мова[6]. Старабеларуская мова пасьлядоўна выцясьняецца з ужытку ў справаводзтве і культуры на карысьць польскай мовы. У выніку літаратурна-пісьмовая мова занепадае, разьвіваюцца толькі жывыя народныя гаворкі.

У пачатку XIX стагодзьдзя пачалося станаўленьне сучаснай беларускай мовы на аснове беларускіх народных дыялектаў і ва ўмовах адсутнасьці сталай практыкі пісьма. Агульная арыентацыя на народнае жывое вымаўленьне і ігнараваньне здабытку старабеларускай літаратурнай традыцыі (этымалягічна-традыцыйнай) абумовілі разьвіцьцё мовы без аніякага кодэксу правілаў граматыкі і правапісу, і запатрабавалі выпрацоўваньня зусім новых граматыка-артаэпічных і артаграфічных нормаў. Не спрыяла хуткаму артаграфічнаму ўнармаваньню і выкарыстаньне пісьменьнікамі, фальклярыстамі і іншымі двух альфабэтаў, лацінскага і кірылаўскага.

Ступень распаўсюджаньня беларускай мовы ў канцы XVIII — 1-й пал. XIX стагодзьдзя характарызавалася завяршэньнем палянізацыі шляхты былога ВКЛ, сярод якой пад пачатак XIX ст. яшчэ бытавала беларуская мова, і канчатковым заняпадам беларускай мовы ў местах.

На распаўсюджаньне і выкарыстаньне беларускай мовы паўплываў і працяглы палітычны канфлікт паміж расейскімі ўладамі ды польскім і палянізаваным дваранствам, у якім абодва бакі спрабавалі атрымаць сымпатыі беларускага сялянства, зьвяртаючыся да таго з агітацыйнай літаратурай, выдаванай па-беларуску.

Гл. таксама: палянізацыя, русіфікацыя, заходнерусізм

Спробы распрацоўкі граматыкі для беларускай мовы рабіліся яшчэ ў канцы XVIII ст., пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Мяркуецца, што першая такая граматыка — «Граматыка літоўская», рукапіс якой пакуль ня знойдзены, была распрацаваная Станіславам Богушам-Сестранцэвічам, магілёўскім архіэпіскапам[14]. Наступная спроба складаньня граматыкі беларускай мовы (на аснове кірыліцы) была зробленая Паўлам Шпілеўскім (1846), але рукапіс ня быў дапушчаны да друку Расейскай Акадэміяй навук.

У 1835 у Вільні была выдадзеная чытанка для дзяцей «Кароткі збор хрысьціянскае навукі. Для сялян рымска-каталіцкай веры, якія гавораць польска-рускай мовай» (выдадзеная польскай лацінкай па-беларуску, тытульная назва па-польску), у 1862 у Варшаве — «Лемантар для добрых дзетак-каталікоў».

У 1839 імпэратар Мікалай I забараніў ужываць «народную гаворку» ў каталіцкіх храмах; як вынік, тую цалкам замяніла польская[15].

У верасьні 1859 расейскія ўлады забаранілі друк па-беларуску лацінскім альфабэтам («польскім шрыфтам»)[16].

У рамках агульнага павароту расейскай палітыкі (Гл. таксама: русіфікацыя) друк па-беларуску быў забаронены цалкам (1867). З 1869 было дазволена друкаваць кірыліцай беларускія этнаграфічныя зборнікі.

Згодна з этнаграфічнымі дасьледаваннямі на Меншчыне ў 1886 годзе мяшчане называлі беларускую мову літоўскай[17].

У 1897, пасьля зносінаў расейскага ўраду з рымскай курыяй пісьмом кардынала Рампалы ад 8.5.1897[18] № 37522 на імя архіяпіскапа Магілёўскага ад імя Папы Льва XIII было павядомлена, што ў тых месцах, дзе беларуская гаворка ўжываецца народам («ubi dialectus alborussica a populo adhibetur»), дазволена сьвятарам ужываць гэтую мову ў рэлігійным навучаньні народу. Але духавенства ня выкарыстала дазволу[19], аднак некаторыя пазьнейшыя каталіцкія выданьні па-беларуску (выданьні Пачобкі (1915), «Элементаж для добрых дзетак католікоў» (1906) і інш.) былі спробамі ажыцьцяўленьня гэтай волі рымскага прастолу[20].

Пачатак XX стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Падручнік граматыкі аўтарства Браніслава Тарашкевіча

Агульная нераспрацаванасьць мовы ў пачатку XX ст. прывяла да недахопу словаў і выразаў для абазначэньня невядомых беларусам-сялянам прадметаў і паняцьцяў, асабліва адцягненых. Такія неіснуючыя выразы ў пачатку XX ст. большасьцю тагачасных беларускіх літаратараў і дзеячоў актыўна браліся з польскай мовы. Пазьней Тэрміналягічная камісія (1921) пасьлядоўна перадавала лацінскія і грэцкія тэрміны зь мяккім [л] замест цьвёрдага, уводзіла склады [ды], [ты], [дэ], [тэ] і падобныя. На думку Карскага, гэта былі палянізмы, а карані такой практыкі ён бачыў у прынцыпова антырасейскай арыентацыі тагачаснага беларускага руху[21].

У процілегласьць такой практыцы Карскі ставіў практыку старабеларускага пісьменства, дзе існавалі асваеньні пазычаньняў накшталт «лацинский» (а не «лятынский» — latinus), «логика» (а не «лёгика» — λογικα), і дзе зьявілася граматыка Сматрыцкага, дзе толькі ў словах, узятых з «ляскай» мовы («лѧски езык» — польская мова), мяккасьць [л] абазначалася спалучэньнем літар «їо» (напрыклад, «лїосъ»)[21].

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэўная ўнармаванасьць беларускага правапісу была дасягнутая толькі пасьля 1918, калі ў сьвет выйшла школьная граматыка Тарашкевіча. Яна была перавыдадзеная Я. Лёсікам у БССР у нязьмененым выглядзе ў 1922 і 1923, і прынятая ў школьнай сыстэме БССР з 1923. Яна была часткова зьменена Я. Лёсікам у 1925, таксама ў форме школьнай граматыкі.

Граматыка Тарашкевіча амаль з пачатку ейнага практычнага выкарыстаньня крытыкавалася за шэраг недахопаў і прабелаў, найперш Я. Лёсікам (з 1920), які ў 1925 року разам з братам А. Лёсікам прапанаваў праект рэформы правапісу і азбукі.

Абмеркаваньню праекту братоў Лёсікаў была прысьвечаная правапісна-азбучная сэкцыя Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926). На аснове яе пастановаў над праектам рэформы правапісу ў 1927—1929 працавала Артаграфічная камісія пад кіраўніцтвам С. Некрашэвіча. Камісія пасьпела падрыхтаваць і агучыць праект зьмяненьняў беларускага правапісу (1930), але неўзабаве беларускае мовазнаўства, як і наогул беларуская навука, трапіла пад прыцэл чарговай хвалі палітычных рэпрэсій. У выніку праект быў забаронены як «нацдэмаўскі», было забароненае карыстаньне ўсімі працамі рэпрэсаваных мовазнаўцаў, у тым ліку, страцілі нарматыўнасьць слоўнікі іхняга аўтарства.

Ва ўмовах практычнага маўчаньня дасьведчаных мовазнаўчых кадраў і ў напружаным палітычным клімаце пачалася праца над новым нарматыўным расейска-беларускім слоўнікам (1931), працягвалася, але таемна, праца і над праектам правапіснай рэформы. У 1933, у агульных умовах узмацненьня ідэалягічнага кантролю за культурай у СССР і чарговай хвалі барацьбы з «нацдэмаўшчынай»[22], была праведзеная рэформа беларускага правапісу, а фактычна, і граматыкі (1933).

Зьмена курсу нацыянальнай палітыкі ў СССР у канцы 1920-х гадоў стала прычынаю гвалтоўнага згортваньня палітыкі беларусізацыі і павароту да новага курсу на павелічэньне ролі расейскай мовы як «інтэрнацыянальнага сродку зносінаў» (Гл. таксама: русіфікацыя). У 1931—1940 роках выпуск кніг на беларускай мове ў БССР зьменшыўся з 1301 да 375, а на расейскай — узрос з 38 да 362 тытулаў[23]. Публічнае карыстаньне літаратурнай беларускай мовай стала зьвязвацца ў грамадзкай сьвядомасьці з магчымасьцю абвінавачаньня ў «нацдэмстве».

Пад нямецкай акупацыяй

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падчас нямецкай акупацыі (1941—1944) і ажыцьцяўленьня палітыкі «вайсрутэнізацыі» нанова паўстала праблема правапісу. Друкаваньне загадаў, абвестак, выпуск газэтаў і інш. адразу запатрабавалі адзінага правапісу, тымчасам рэдактары і супрацоўнікі рэдакцый, прывезеныя ў Беларусь акупацыйнымі ўладамі, не пагаджаліся з усходнебеларускім «бальшавіцкім» правапісам, і многія зь іх карысталіся ўласнымі правапіснымі і лексічнымі нормамі. Такі беспарадак падштурхнуў да тэрміновага выданьня Краёвым выдавецтвам «Менск» правапісу Тарашкевіча (верасень 1941), першай кнігі, выпушчанай на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Кніга выйшла вялікім накладам (20 тысячаў) і прызначалася галоўным чынам для рэдакцый газэт і школ. Гэта было моцна скарочанае перавыданьне падручніку правапісу, выпушчанага ў Вільні (1925) Р. Астроўскім паводле прац Б. Тарашкевіча і Я. Лёсіка.

Выданьне правапісу выклікала новыя спрэчкі, якія доўгі час працягваліся на старонках друку. Наогул, недасканаласьць правапісу і тэрміналёгіі стрымлівала выданьне кніг, асабліва падручнікаў, і надалей. Гэтае пытаньне спрабавала разьвязаць Тэрміналягічная камісія (створаная ў рамках Інспэктарату школ, студзень 1942), якая зацьвердзіла новы правапіс у сакавіку 1943.

Новы правапіс быў выпушчаны агульным накладам 150 тыс. пад аўтарствам А. Лёсіка ў Менску (1943), у двух альфабэтных сыстэмах, і вядомы ў наш час як «8-е выданьне правапісу Тарашкевіча», з тым, што пад 7-м выданьнем у гэтай нумарацыі вядомае, відаць, г. зв. 6-е выданьне правапісу Тарашкевіча, якое выйшла накладам 100 тыс. у Менску прыблізна ў сьнежні 1943.

Тым часам адметнасьцю тагачасных беларускіх выданьняў заставаліся адвольнасьць і разнастайнасьць альфабэтных сыстэмаў, непасьлядоўнасьць правапісу і тэрміналёгіі, нават у выданьнях школьнага інспэктарату.

Новую нявызначанасьць і спрэчкі ў беларускім асяродзьдзі выклікала (сьнежань 1941) ініцыятыва міністра А. Розэнбэрга пра перавод беларускіх школаў і друку на «лацінку». Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25.6.1942) аб паступовым увядзеньні «лацінкі» ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія клясы, апроч таго, яе вывучэньне рэкамэндавалася і ў астатніх клясах пачатковых школаў.

Адзначаецца, што выданьні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іхняя зразумеласьць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласьцёх, была малой, а друкаваць іх бліжэй чым у Вільні было тэхнічна немагчыма. У той жа час нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала ня толькі ўвядзеньне «лацінкі», але і яе рэфармаваньне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напр., Ян Станкевіч).

Наогул, станам на сярэдзіну 1943 на тэрыторыі Генэральнай акругі «Беларусь» выпускаліся па-беларуску 4 назвы газэтаў і 1 часопіс[24]. За час Другой сусьветнай вайны на ўсіх землях пад нямецкім кантролем было выпушчана на беларускай мове 117 кніг і брашур, зь іх 52 — толькі ў Генэральнай акрузе[25].

Амаль адразу па заканчэньні вайны быў узноўлены курс на ўзмацненьне ролі расейскай мовы і культуры. Асобныя і несыстэмныя выпадкі процідзеяньня гэтаму з боку кіраўніцтва БССР (напрыклад, К. Мазураў у канцы 1950-х гадоў) на агульны кірунак разьвіцьця падзей не паўплывалі.

У 1960-я рокі зьявіліся распрацоўкі, аўтары якіх ужо тэарэтычна абгрунтоўвалі неабходнасьць русіфікацыі беларускага народу (у ліку іншых нярускіх народаў), ставячы мэту інтэрнацыяналізацыі ўсіх сфэраў жыцьця народаў СССР і стварэньня адзінага савецкага народу. Гэтая тэорыя была ўхваленая ХХІV зьездам КПСС (1971) і стала дырэктывай практычнай дзейнасьці партыі.

Як вынік, на пачатак 1980-х рокаў беларуская мова, фармальна застаючыся роднай мовай беларускага народу, была адсунутая з прыярытэтнай ролі ў ягоным культурным разьвіцьці, і практычна не існавала ў дзяржаўным апараце, сыстэме адукацыі і пад., была фактычна ператвораная ў мову фальклёру. Доля кніг і брашураў на беларускай мове ў агульнай выдавецкай прадукцыі БССР зьменшылася (за пэрыяд 1950—1985) з 85% да 9%. У 1985 на аднаго жыхара Беларусі прыходзілася ў сярэднім 0,5 беларускамоўнай кнігі[26].

Слабасьць беларускай нацыянальнай сьвядомасьці вяла да таго, што гэтыя захады сустракаліся грамадзтвам пераважна абыякава, а часам і з адабрэньнем. Зь іншага боку, «празьмерная» зацікаўленасьць дрэнным становішчам беларускай мовы магла быць ацэненая як «беларускі нацыяналізм» (як, напрыклад, выступленьні Алеся Белакоза ў 1960-х або менскі гурток пачатку 1970-х рокаў). Усё ж, пачынаючы з канца 1950-х, часу пэўнага паслабленьня палітычнага кантролю, беларуская грамадзкасьць ня раз выказвала сваю заклапочанасьць існым становішчам і яго разьвіцьцём, як адкрыта, так і тайна (дыскусія ў газэце «Літаратура і мастацтва», у тым ліку, выступленьні Б. Сачанкі, 1957—1961, самвыдатаўскі «Ліст да рускага сябра» А. Каўкі, 1976 і інш.).

  1. ^ Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 43.
  2. ^ а б в Старое заходнерускае пісьменства…, С.196,197,201-223.
  3. ^ Паведамленьне Карскага.
  4. ^ Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 49.
  5. ^ Тэкст граматы гл. ў кнізе И. А. Василенко. Историческая грамматика русского языка. Сборник упражнений. Москва: Просвещение, 1984. с. 219.
  6. ^ а б Янкоўскі. Гістарычная граматыка. с. 46.
  7. ^ Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 29, 83, 89, 93.
  8. ^ Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 83, 140.
  9. ^ Булыка, А. М. Мова выданняў Францыска Скарыны / А. М. Булыка, А. І. Жураўскі, У. М. Свяжынскі. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — С. 210; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 120—121.
  10. ^ Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 28, 93—97.
  11. ^ а б Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 92—94.
  12. ^ Карский Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. Старая западнорусская письменность. — П.: 1921 Т. 3. — 246 с.
  13. ^ Свяжынскі, У. Беларуская мова // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя : у 3 т. — Мінск : БелЭн, 2005. — Т.1. — С. 301; Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. — Мінск, 1963. — С. 94, 108, 115, 137.
  14. ^ Смалянчук, С.39, са спасылкай на энц. даведнік Мысліцелі і асветнікі, Мн., 1995, С.185.
  15. ^ Паведамленне Карскага ў нарысе навейшай беларускай літаратуры, Т.3.
  16. ^ Смалянчук, С.35.
  17. ^ Антропология Беларуси в исследованиях конца XІX — середины XX в.. — ЛитРес. — P. 113–. — ISBN 978-5-04-109768-4
  18. ^ Магчыма, гэтая дата паводле старога стылю
  19. ^ На думку Карскага, з-за таго, што бачыла, у такім выпадку, небяспеку пранікнення ідэй праваслаўя. Новейшая белорусская литература // Карский Е. Ф. Белоруссы. Вікіпедыя:Крыніцы/Карскі Беларусы/4 Вікіпедыя:Крыніцы/Карскі Беларусы/4/ISBN.
  20. ^ На думку Карскага.
  21. ^ а б Карскі. Мастацкая літаратура…, С.398-400, 409, 651.
  22. ^ Гісторыя Беларусі пад рэд. Касцюка, Т.5 …
  23. ^ Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с. паводле даных: Друк Беларускай ССР 1918—1980. Статыстычны зборнік. Мінск, 1983.
  24. ^ Пар. 26 у Латвіі, 18 у Літве і 15 у Эстоніі (1941—1944).
  25. ^ Дзеля параўнання, у Латвіі на латышскай мове было выпушчана каля 1500 кніг і музычных твораў агульным тыражам 5 мільёнаў асобнікаў (1941—1944).
  26. ^ Дзеля параўнання, 5,2 кнігі на літоўскай мове ў Літоўскай ССР. Туронак, са спасылкай на даныя: Народное хозяйство СССР. Статистический ежегодник. Москва, 1966. С. 734; 1986. С. 536.
  • Е. А. Потехина (Минск — Ольштын). Обучение белорусскому языку в условиях белорусско-белорусского двуязычия (проблемы обучения белорусскому языку как иностранному) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы: Информационные материалы и тезисы докладов международной научной конференции / Под ред. В. П. Гудкова, А. Г. Машковой, С. С. Скорвида. — М.:[Филологический факультет МГУ им. М. В. Ломоносова], 2003. — 317 с. С. 170—173.
  • Мовазнаўчая праблематыка ў тэрміналогіі // Тэорыя і практыка беларускай тэрміналогіі / Арашонкава Г. У., Булыка А. М., Люшцік У. В., Падлужны А. І.; Навук. рэд. А. І. Падлужны. — Мн.:Беларуская навука, 1999. — 175 с. ISBN 985-08-0317-7. С. 128—170.
  • Ніна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004.
  • Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн.: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.