Вяліж
Вяліж | |||||
![]() Меская ратуша на Рынку | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1392 | ||||
Магдэбурскае права: | 20 сакавіка 1585 | ||||
Краіна: | Расея | ||||
Суб’ект фэдэрацыі: | Смаленская вобласьць | ||||
Муніцыпальны раён: | Вяліскі | ||||
Плошча: | 32 км² | ||||
Насельніцтва (2016) | |||||
колькасьць: | 7068 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 220,88 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +7 48132 | ||||
Паштовы індэкс: | 216290, 216291 | ||||
Нумарны знак: | 67 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°36′ пн. ш. 31°12′ у. д. / 55.6° пн. ш. 31.2° у. д.Каардынаты: 55°36′ пн. ш. 31°12′ у. д. / 55.6° пн. ш. 31.2° у. д. | ||||
Вяліж на мапе Расеі ![]() ![]() Вяліж | |||||
![]() | |||||
Афіцыйны сайт |
Вялі́ж — места ў Расеі, на рацэ Дзьвіне. Адміністрацыйны цэнтар Вяліскага раёну Смаленскай вобласьці. Насельніцтва на 2016 год — 7068 чалавек. Знаходзіцца за 124 км ад Смаленску, за 70 км на поўнач ад чыгуначнай станцыі Рудня (лінія Віцебск — Смаленск). Аўтамабільныя дарогі на Віцебск, Невель, Смаленск. Рачная прыстань.
Вяліж — магдэбурскае места гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на беларускай этнічнай тэрыторыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся меская ратуша, цэрквы Сьвятога Ільлі (віленскае барока), Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа і Сьвятога Мікалая, касьцёлы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Спачыну Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнікі архітэктуры XVIII ст., што пацярпелі ў апошнюю вайну і былі дашчэнту зьнішчаныя савецкімі ўладамі па яе заканчэньні.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На думку географа Аркадзя Смоліча, тапонім «Вяліж»[1] утварыўся ад прыметніка «вялікі»[2]. Існуе меркаваньне, што ў старажытнасьці рака Дзьвіна мела назву «Велья»[3]. Увогуле, форма «Вяліж» лічыцца ўласьцівай беларускім тапонімам, утвораным ад назваў рэчак: Усяж, Бусяж, Тонеж і інш.[4]
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрыторыя сучаснага места (Вяліская воласьць) сьпярша ўваходзіла ў склад Смаленскага княства, пазьней — у склад ягонага ўдзелу — Таропецкага княства. Разам з апошнім у 1355 годзе гэтыя землі далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1392 годам Вяліж упамінаецца ў Хроніцы Быхаўца, калі вялікі князь Вітаўт учыніў паход на Смаленск:
![]() |
Пойде князь великий Витольд, собрався под города Псковия: Велиж, Красный город… | ![]() |
Па няўдалай выправе Жыгімонта Старога згодна зь мірнай дамовай 1533 году Вяліж адышоў да Маскоўскага княства. У красавіку 1536 году маскоўскі гаспадар загадаў збудаваць на левым беразе Дзьвіны драўляны замак зь дзевяцьцю вежамі. Расейскія летапісцы падкрэсьлілі факт пабудовы наступнай фразай:
![]() |
…а прежде в том месте Литовский город бывал. | ![]() |
Нягледзячы на наяўнасьць больш раньняга ўспаміну пра Вяліж[5], гэтая дата афіцыйна лічыцца годам заснаваньня сучаснага места.
За часамі Інфлянцкай вайны (1558—1583) у 1562 годзе Вялікае Княства Літоўскае імкнулася авалодаць Вяліскімі землямі, што ажыцьцявіў гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды». Праз год места захапіла Маскоўская дзяржава, аднак 6 жніўня 1580 году яго адваявалі войскі канцлера Я. Замойскага — «чрез подане доброволное»[5]. Паводле Ям-Запольскага міру 1582 году Вяліж адышоў да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам староства Віцебскага ваяводзтва. 20 сакавіка 1585 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў месту Магдэбурскае права і герб: «залаты крыж, над ім аголены меч, скіраваны лязом на ўсход, на блакітным шыхце эўрапейскага тыпу»[6].
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны маскоўскія захопнікі намаўлялі вяліжцаў здацца на літасьць цара ўва ўмовах наступу ўсёй тэрыторыяй Вялікага Княства Літоўскага, аднак замак пратрымаўся да ліпеня 1655 году, калі яго ўзялі штурмам і спалілі. У выніку Андрусаўскага замірэньня 1667 ГОДУ места трапіла пад уладу Маскоўскай дзяржавы. У 1678 годзе, наўзамен Кіева і ваколіцаў, Вяліж вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. 15 ліпеня 1697 году тутэйшы замак дашчэнту згарэў ад маланкі, па чым больш не аднаўляўся.
- Старая графіка Вяліжу
Духаўская царква-мураўёўка, 1878 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Вяліж апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1804 годзе стаў цэнтрам павету Віцебскай губэрні. 21 верасьня 1781 году места атрымала новы расейскі герб з выявай Пагоні. На 1799 тут было 689 будынкаў, дзейнічалі 7 цэркваў (усе ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду), зь якіх 3 мураваныя і 4 драўляныя, 2 мураваныя касьцёлы, працавалі 3 млыны, народная вучэльня.
На 1860 год у Вяліжы было 1322 дамы, зь якіх толькі 17 мураваных; дзейнічалі 10 цэркваў, зь якіх 3 драўляныя, касьцёл, збудаваны ў 1754 годзе на сродкі Базыля Дашкевіча, сынагога і 2 юдэйскія малітоўныя дамы. У гэты час працавалі 4 школы, старэйшая зь якіх адкрылася ў 1830 годзе. У кастрычніку 1861 году ў Вяліжы здарыўся вялізны пажар, які зьнішчыў большую частку места. На 1891 год тут было 2033 драўляныя будынкі і 154 мураваныя, 67 прамысловых прадпрыемстваў, на якіх працавала 1279 працоўных. Існавала 4 прадмесьці — Усьвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, беларусы складалі 86% жыхароў Вяліскага павету[7].
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вяліж абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 9—18 лістапада 1918 году ў ваколіцах места прайшло масавае антыбальшавіцкае паўстаньне. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Вяліж увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Віцебскага раёну[8]. Аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Вяліж БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[9].
У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 20 верасьня 1943 году Вяліж знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
- Места на старых здымках
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

- XIX стагодзьдзе: 1860 год — 8504 чал., у тым ліку 157 каталікоў, 11 эвангелістаў, 2311 юдэяў[10]; 1885 год — 16 372 чал. (8058 муж. і 8314 жан.), зь іх 10 244 праваслаўныя, 190 каталікоў, 7 пратэстантаў, 5931 юдэй[10]; 1891 год — 18 367 чал., зь іх 11 173 праваслаўныя, 225 каталікоў, 6969 юдэяў[10]; 1897 год — 12 193 чал. (5646 муж. і 6547 жан.), зь іх 5809 беларусаў (2754 муж. і 3055 жан.), 283 расейцы (152 муж і 131 жан.), 4 украінцы (2 муж. і 2 жан.), 49 латышоў (27 муж. і 22 жан.), 43 палякі (17 муж. і 26 жан.), 5984 жыдоў (2683 муж. і 3301 жан.) і інш.[11]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 9,9 тыс. чал.; 1959 год — 7948 чал.; 1968 год — 9 тыс. чал.[12]; 1970 год — 8478 чал.; 1979 год — 8909 чал.; 1989 год — 9146 чал.; 1992 год — 9,2 тыс. чал.[13]; 1996 год — 9,3 тыс. чал.; 1998 год — 9,1 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 8343 чал.; 2003 год — 8,3 тыс. чал.; 2005 год — 8 тыс. чал.; 2006 год — 7,8 тыс. чал.; 2007 год — 7,6 тыс. чал.; 2008 год — 7,5 тыс. чал.; 2009 год — 7392 чал.; 2010 год — 7326 чал.[14]; 2011 год — 7,6 тыс. чал.; 2012 год — 7456 чал.; 2013 год — 7266 чал.; 2014 год — 7188 чал.; 2015 год — 7078 чал.; 2016 год — 7068 чал.
Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Вяліжы працуюць 2 сярэднія агульнаадукацыйныя школы, 3 ўстановы дадатковай адукацыі — дом дзіцячай творчасьці, спартовая школа ды дзіцячая школа мастацтваў, 5 муніцыпальных дзіцячых садкоў і 1 праваслаўны, прафэсійная вучэльня.
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейнічаюць гістарычна-краязнаўчы музэй, дом адпачынку, дзіцячая і дарослая бібліятэкі, 3 аўтаклюбы[15].
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рака Вяліжка і глыбокі яр з ручаём падзяляюць места на тры часткі. Паводле генэральнага пляну 1778 году Вяліж атрымаў прастакутную сетку вуліцаў, якая ўлічвала гістарычны плян. У першай палове XIX ст. цэнтар Вяліжу забудоўваўся мураванымі дамамі ў стылі позьняга клясыцызму: адміністрацыя места, гандлёвыя рады. У другой палове XIX — пачатку XX стагодзьдзя зьявіліся будынкі ў стылях эклектыкі і мадэрну. Шматлікія сакральныя будынкі Вяліжу былі пашкоджаныя ў апошнюю вайну і зьнішчаныя савецкімі ўладамі места па яе заканчэньні.
У адпаведнасьці з генэральным плянам 1983 году захаваная гістарычная левабярэжная частка места, у цэнтральнай частцы — парк з алеямі. Места разьвіваецца галоўным чынам на поўнач.
Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1-ы Горкага завулак | Гарэлая вуліца | |
2-гі Горкага завулак | Траецкая вуліца | |
Акопная вуліца | Міхайлаўская вуліца | |
Валадарскага вуліца | 1-я Смаленская вуліца (частка) 2-я Смаленская вуліца (частка) Смаленскі гасьцінец |
|
Гарохава вуліца (з 1963 г.) | Гарохавая вуліца | |
Дзяржынскага плошча | Рынак пляц | Свабоды плошча |
Камсамольская вуліца | Прачысьценскі завулак (частка) Узгорская вуліца (частка) |
|
Камунальная вуліца | Чартарыйскі завулак | |
Крапоткіна вуліца | Духаўская вуліца | Ленінская вуліца |
Красінец вуліца | Узьвіжанская вуліца | Чырвонаармейская вуліца (з 14.09.1977 г.) |
Кузьняцова вуліца | Жыдоўская вуліца Нова-Слабадзкая вуліца |
|
Курасава вуліца | Жгутоўская вуліца | Пашуціна вуліца |
Лейтэнанта Шміта вуліца | Траецкая набярэжная (частка) Надзьвінская вуліца (частка) Набярэжная вуліца (частка) |
|
Леніна вуліца (з 11.03.1953 г.) | Усмынскі гасьцінец Вялікалуцкая вуліца |
|
Нахімсона вуліца | Слабадзкая вуліца | |
Невельская шаша | Касьцельна-Суярачная вуліца | |
Перамогі вуліца | Ганчарная вуліца | Будзённага вуліца |
Рабочая вуліца | Міхайлаўская вуліца (частка) Пятроўская вуліца (частка) Бярозавая вуліца (частка) |
|
Розы Люксэмбург вуліца | Прачысьценская вуліца (частка) Вучэльневая вуліца (частка) |
|
Савецкая вуліца (з 16.11.1961 г.) | Касьцельная вуліца (частка) Ільлінская вуліца (частка) Пакроўская вуліца (частка) Мікольская вуліца (частка) |
Інтэрнацыянальная вуліца Сталіна вуліца |
Сака і Ванцэці вуліца | Чартарыйская набярэжная | |
Сьвярдлова вуліца | Віцебскі гасьцінец | |
Чапаева вуліца | Васільеўская вуліца | |
Чырвоных Зор завулак | Кавальскі завулак | |
Энгельса вуліца | Прыроўская вуліца | |
Яна Томпа вуліца | Меская Набярэжная вуліца (частка) Прыстанская Набярэжная вуліца (частка) Замкавая вуліца (частка)[16] |
З урбананімічнай спадчыны Вяліжу да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Берагавая, Дзіцячая, Паркавая, 1-я і 2-я Садовыя і Таропецкая, завулкі Невельскі і Судзейскі.
Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Гістарычныя мясцовасьці Вяліжу: Усьвяцкае, Таропецкае, Віцебскае і Смаленскае прадмесьці, а таксама Руская Слабада.
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Мэблевая фабрыка, ільнозавод, прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Празь Вяліж праходзяць аўтамабільныя дарогі Р133 (Невель — Смаленск), Р131 (Вяліж — Сенькава) і Р112 (Вяліж — Віцебск).
Аўтобуснае злучэньне з Смаленскам, Віцебскам, Санкт-Пецярбургам. Найбліжэйшая чыгуначная станцыя Рудня (лінія Віцебск — Смаленск) знаходзіцца за 93 км. У 1945—2005 гадох у месьце і ваколіцах дзейнічала Баранаўская вузкакалейная чыгунка, якая належала Вяліскаму леспрамгасу (ня мела выйсьця на магістральную чыгуначную сетку).
Да 1990-х гадоў існавала грузавое і пасажырскае суднаходзтва Дзьвіною.
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У месьце дзейнічае Вяліскі гістарычна-краязнаўчы музэй.
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Забудова гістарычная (канец XIX — пачатак XX ст,; фрагмэнты)
- Царква Трох Сьвяціцеляў (1869; мураўёўка)
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Замак (XVI ст.)
- Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (1799)
- Касьцёл Спачыну Найсьвяцейшай Панны Марыі (1761)
- Ратуша (XVIII ст.)
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Покрыва Багародзіцы (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)
- Царква Сьвятога Духа (1823)
- Царква Сьвятога Ільлі Прарока (1781; Сьвяты Пасад)
- Царква Сьвятога Мікалая (1761; Сьвяты Пасад)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Сьвяты Пасад)
- Царква Сьвятой Тройцы (XVIII ст.)
- Царква Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа (1785—1790; Сьвяты Пасад)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Вяліжу
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Андрэй Бембель (1905—1986) — беларускі савецкі скульптар
- Майсей Бераў (1909—2003) — беларускі кінаапэратар, кінадакумэнталіст
- Юрка Віцьбіч (1905—1975) — беларускі пісьменьнік, публіцыст, краязнавец і дзяяч эміграцыі ў ЗША
- Антон Дубіна (1885—1937) — беларускі савецкі дзяржаўны дзяяч
- Макс Пенсон (1893—1959) — фатограф
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 300.
- ^ Карлюкевіч А. Знічкі Памежжа: Веліж // «Голас Радзімы» № 9 (3177), 12 сакавіка 2010 г.
- ^ Географические названия мира: Топонимический словарь / Поспелов Е. М. — М: АСТ. 2001.
- ^ а б Грынявецкі В. Веліж // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 400.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 143.
- ^ Перепись 1897 года. Велижский уезд, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
- ^ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007 г.
- ^ а б в Krzywicki J. Wieliż // Słownik geograficzny... T. XIII. — Warszawa, 1893. S. 329.
- ^ Перепись 1897 года. Велиж, Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Колькасьць насельніцтва Расейскай Федэрацыі станам на 1 студзеня 2010 году(рас.)
- ^ Агульныя зьвесткі пра Вяліж(рас.)
- ^ Волкович А. История названий улиц Велижа, Гісторыя Вяліжу(рас.)
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893.
- № 49. 1772 г. Инвентарь м. Велижа и Велижскаго староства. План м. Велижа (XVIII ст.). Велижская округа. // Историко-юридическіе материалы, извлеченные изъ Актовыхъ книгъ губерній Витебской и Могилевской, хранящихся въ центральномъ архиве въ Витебскѣ, и изданные подъ редакціею и. д. архиваріуса сего архива, Дм. Ив. Довгялло. : зборнік дакумэнтаў. — Витебскъ: Губернская Типо-Литографія, 1901. — Т. 29. — С. 298—473, 475.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вяліж — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Вяліж, Radzima.org
- Велиж в прошлом и настоящем(рас.)
- Виртуальный Велиж-Велиж помнит их имена (список и краткая биография уроженцев)(рас.)
- Бои за Велиж(рас.)
- Велижский историко-краеведческий музей(рас.)
- Барановская узкоколейная железная дорога на «Сайте о железной дороге» Сергея Болашенко(рас.)
|
|