Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году — праект рэформы беларускага правапісу, распрацаваны групай навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства ў 1930—1933 гадох. Нягледзячы на свой заўважны русіфікацыйны ўхіл[1], адкінуты кіраўніцтвам СССР як занадта памяркоўны ў справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У лютым — жніўні 1930 году паводле справы «Саюзу вызваленьня Беларусі» НКВД БССР арыштаваў шэсьць з васьмі аўтараў папярэдняга праекту рэформы беларускага правапісу, складзенага ў 1927—1929 гадох.

У 1930 годзе групе навукоўцаў Інстытуту мовазнаўства даручылі складаньне новага, пазбаўленага «нацдэмаўскага ўплыву»[2], праекту рэформы беларускага правапісу. У наступным годзе кіраўніком Інстытуту прызначылі Пятра Бузука — раней арыштаванага, але ў адрозьненьне ад іншых беларускіх мовазнаўцаў, вызваленага праз сваё небеларускае паходжаньне. Пры гэтым існуюць зьвесткі, што прафэсар лічыў існы правапіс найлепшым адлюстраваньнем жывой народнай гаворкі, таму выступаў супраць ягоных рэформаў[3][4].

Новы праект, у адрозьненьне ад свайго папярэдніка, мусіў адпавядаць цэламу сьпісу супярэчлівых адно аднаму, узаемавылучных, не заўсёды выканальных (або наагул невыканальных) патрабаваньняў[5]:

  • У сьвятле «змаганьня з нацдэмаўшчынай» — дыстанцыявацца ад прынцыпаў і даробку «нацдэмаў», што азначала найперш адмову ад зьменаў, прапанаваных Праектам-1930, а на роўні прынцыпаў — ад пурызму.
  • Як новы праект, рэфармацыйны — істотна адрозьнівацца ад тарашкевіцы.
  • Адгукаючыся на патрэбу пашырэньня пісьменнасьці — быць істотна прасьцейшым за тарашкевіцу, што на практыцы магло спрыяць або фанэтызацыі («як чуецца — так і пішацца»), або русіфікацыі (стаць наборам мэханічных адпаведнасьцяў расейскаму пісьму або наўпрост адлюстроўваць расейскія напісаньні).
  • Ухіляючыся ад «вялікадзяржаўніцкіх тэндэнцый, якія выяўляліся ў імкненьні даныя факты замежных слоў перадаваць абавязкова ў рускім вымаўленьні (лампа, сацыалогія, арыхмеціка, фанэціка)» (с. 8) — захоўваць традыцыйнае, уласьцівае тарашкевіцы афармленьне, не дапускаючы расейскага ўплыву.
  • Улічваючы патрабаваньне збліжацца з мовамі іншых народаў СССР — масава ўводзіць саветызмы (найперш маскалізмы й расейскія наватворы з савецкага навамоўя, а таксама «ідэалягічна правільныя» інтэрнацыяналізмы), што адчувальна ўплывала на аблічча мовы, на яе графічны бок.
  • У выпадках значнай дыялектнай разьбежнасьці пэўных фанэтычных зьяваў — улічваць іх лінгвагеаграфію, выбіраючы найбольш пашыраныя.
  • «Чуйна прыслухаючыся да народнае мовы, да мовы гарадзкога і сельскага пралетарыяту, беднякоў і сераднякоў, а не кулацтва, шляхты й мяшчанства» — прасяваць моўны матэрыял празь сіта палітычнае цэнзуры.
  • Беручы пад увагу пэрспэктыву аб’яднаньня беларускіх этнічных тэрыторыяў («далейшае разьвіцьцё сусьветнае рэвалюцыі») — не абмінаць моўных праяваў з Заходняе Беларусі, найперш дыялектных[2].

Сутнасьць зьменаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на тое, што праца ішла ў моцна палітызаванай атмасфэры эскаляцыі русіфікатарскіх тэндэнцыяў, змаганьня з «нацдэмаўшчынай», сталінскіх рэпрэсіяў і гвалтоўнай калектывізацыі, праект выявіўся надзвычай супярэчлівым і рознавэктарным. Так, разам зь зьменамі, скіраванымі на відавочнае набліжэньне беларускай мовы да расейскай, у ім прысутнічалі дыямэтральна супрацьлеглыя прапановы, у прыватнасьці: падпарадкаваньне лічэбнікаў яканьню (дзявяты, дзясяты, пяцьдзясят); правядзеньне аканьня ў пазычаньнях[6]аналёг, каапэрацыя, фанэтыка, Арджанікідзэ, Афэнбах; але нэто, інкогніто, солё, Лёкарно); сьцягненае напісаньне падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц, жж, шш, чч — н, л, з, с, дз, ц, ж, ш, а таксама ў лічэбніках цц — [7] (насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё, збожа, заціша, ночу; адзінацаць, трыцаць); увядзеньне асобных літараў для гукаў [дз], [дж][2].

Такім чынам, у галіне правапісу ўласнабеларускіх словаў дакумэнт прапаноўваў глыбокую рэвізію ранейшай практыкі, у афармленьні іншамоўнае лексыкі — захоўваў тарашкевіцкую аснову і амаль паўтараў праект 1930 году, нягледзячы на абвешчаную яго стваральнікамі вайну «нацдэмаўскім устаноўкам»[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 2) // ARCHE. № 12, 2008. С. 15.
  2. ^ а б в Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
  3. ^ Гладкі Я. Чутае — перажытае — бачанае. Машынапіс. Архіў БІНІМу (Нью-Ёрк).
  4. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 19.
  5. ^ а б Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 1) // ARCHE. № 11, 2008. С. 20.
  6. ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 162. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4
  7. ^ Запрудзкі С., Кулеш Г. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918―1941: хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта: у 2 ч. — Менск: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, 2008. — Т. 2. — С. 161. — 258 с. — 200 ас. — ISBN 978-985-485-881-4

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]