Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Першы аркуш III Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Выданьне друкарні Мамонічаў, 1588 г.

Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1588 году (Трэ́ці Статут Вялікага Княства Літоўскага) — звод законаў фэўдальнага права Вялікага Княства Літоўскага, помнік беларускай пісьменнасьці, мовы і юрыдычнай думкі. Завяршыў кадыфікацыю права ў дзяржаве. Праз увесь Статут праводзіцца ідэя ўмацаваньня праўнага парадку, пры якім усе дзяржаўныя органы і службовыя асобы мусяць дзеяць толькі ў адпаведнасьці з законам[1]. Адзначаецца, што паводле дасканаласьці і лягічнай завершанасьці яму не было роўных у тагачаснай Эўропе[2].

Дзеяў з 1589 году, па анэксіі тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй: у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях — да 1831, у Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губэрнях — да 1840[3].

III Статут Вялікага Княства Літоўскага (Гадуцішкі, 1595 г.), напісаны на беларускай мове лацінкай

Па панаваньні Расейскай імпэрыі і СССР на тэрыторыі Беларусі не засталося ніводнага выданьня на старабеларускай мове. Асобнікі найбольш масавага выданьня 1594—1595 гадоў разьмеркаваліся наступным чынам: Расея (11), Польшча (6), Летува (6), Украіна (5), Вялікабрытанія (1)[4][5]. У 2012 годзе дзякуючы прыватным ахвяраваньням адзін з асобнікаў быў выкуплены з расейскага аўкцыёну і вярнуўся на Беларусь. 7 чэрвеня 2012 году асобнік Статута ВКЛ 1588 году выданьня 1594—1595 гадоў перадалі ў Музэй гісторыі Магілёва. Яго набылі за $45 000 ва ўласьніка маскоўскай антыкварнай крамы, які выставіў Статут на электронны аўкцыён. На прапанову 2-курсьніка гістарычнага факультэту БДУ Андрэя Радкова, які заўважыў абвестку пра аўкцыён у Сеціве, кіраўнік Музэю гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў сабраў $15 000 ахвяраваньняў на набыцьцё Статуту. Зь іх 100 000 расейскіх рублёў ($2500) ахвяраваў расейскі беларус Павал Бераговіч. Тады намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Сяргей Дубкоў разаслаў лісты кіраўнікам камэрцыйных банкаў Беларусі з просьбай «разгледзець пытаньне наданьня бязвыплатнай дапамогі» Музэю гісторыі Магілёва. У адказ на зварот кампанія «Альпары» ахвяравала яшчэ $30 000, патрэбныя для набыцьця[6].

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыняцьце Другога Статуту не спыніла кадыфікацыйнай працы. Берасьцейскі (1566 год) і Гарадзенскі соймы ўнесьлі папраўкі ў некаторыя артыкулы. На апошнім утварылася камісія для дапрацоўкі зводу, абраная на на Люблінскім сойме (1569 год). Кіравалі камісіяй складальнікаў канцлер Астафей Валовіч і падканцлер Леў Сапега. Да канца 1584 году праца завяршылася, аднак у зьвязку з тым, што звод ігнараваў акт Люблінскай уніі, прадстаўнікі Каралеўства Польскага не дапускалі яго зацьверджаньне на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць вялікакняскі сталец, Жыгімонт Ваза зацьвердзіў Статут уласным прывілеем ад 28 студзеня 1588 году.

Крыніцы права: Першы і Другі Статуты, соймавыя пастановы 1573, 1578, 1580 і 1584 гадоў, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў.

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзначаецца высокім тэарэтычным узроўнем падрыхтоўкі, улучыў нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых эўрапейскіх дзяржаваў. Абагульніў тагачасныя дзяржаўна-праўныя ідэі, некаторыя зь якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраваньне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Галоўны Трыбунал, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).

Старонка зь дзяржаўным гербам Пагоняй

Складаецца з 14 разьдзелаў і 488 артыкулаў. У I—IV разьдзелах зьмяшчаюцца нормы дзяржаўнага права і судовага ладу, у V—X і часткова ў XIII — шлюбна-сямейнага, зямельнага і цывільнага права, у XI—XII, XIV і часткова ў XIII — крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права. Ідэі Рэфармацыі і верацярпімасьці замацоўваюцца ў артыкуле III разьдзела III, паводле якога вялікаму князю і ўсім дзяржаўным органам прадпісвалася забясьпечваць спакой усіх жыхароў дзяржавы, незалежна ад таго, якога вучэньня яны прытрымліваюцца ў хрысьціянскай веры. Ідэі гуманізму адбіліся і на нормах крымінальнага, цывільнага права. Так, у пэўнай ступені гарантаваліся маёмасныя і асабістыя правы мяшчанаў. Кожны вольны чалавек мог пры ахвоце выехаць за граніцу, калі гэта рабілася не на шкоду сваёй краіне.

Юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасьць Вялікага Княства Літоўскага ад Каралеўства Польскага ў фэдэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай, што працягвалася і па падпісаньні акту Люблінскай уніі. У прыватнасьці, вызначаў адасобленасьць дзяржаўных установаў, войска, заканадаўства, эканомікі і фінансаў. У Статуце акт Люблінскай уніі не ўпамінаецца і нават замацоўваецца праграма аднаўленьня ранейшых граніцаў дзяржавы[7]. Таксама прадугледжваў, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім выпадку «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».

Уладаром дзяржавы вызнаваўся вялікі князь, названы ў Статуце гаспадаром. Але многія ягоныя паўнамоцтвы абмяжоўваліся і выконваць іх ён мог толькі з згоды сойму, найвышэйшых дзяржаўных службовых асобаў. Замацоўваў наяўнасьць фэўдалаў і залежных сялянаў. Асабліва вылучыў князёў, паноў радных і паноў харугоўных, якія мелі права судзіць ня толькі простых людзей, але і залежную ад іх шляхту, даваць ёй у часовае карыстаньне землі, маёнткі, а таксама адбіраць гэтыя маёнткі, нягледзячы на даўнасьць уладаньня імі (разьдзел III, артыкул X). Рэглямэнтаваў таксама некаторыя правы і абавязкі простых людзей і прадстаўнікоў этнічных групаў (сялянаў, слугаў, чэлядзі, мяшчанаў, рамесьнікаў, жыдоў, татараў). Для шляхты прадугледжваў крымінальную адказнасьць за забойства простага чалавека, забараняў перадачу ў няволю вольнага чалавека за даўгі або злачынства, абмяжоўваў пакараньне непаўналетніх да 16 гадоў. Дэкляравалася нават, што ўсе паспалітыя людзі разам з фэўдаламі могуць браць удзел у абраньні гаспадара (разьдзел III, артыкул II), аднак простых людзей не дапускалі ў сойм, а іх удзел у палітычным жыцьці абмяжоўваўся толькі мясцовымі валаснымі справамі.

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адварот тытульнага аркуша з партрэтам вялікага князя Жыгімонта Вазы і гаспадарскім лістом на друк

Упершыню выйшаў у 1588 годзе ў віленскай друкарні Мамонічаў на беларускай мове пад наглядам падканцлера Льва Сапегі. Паўторныя выданьні: каля 1592—1593 гадоў і каля 1600 году, абодва з выхадной датай «1588 год». У 1614, 1619 і каля 1623 году (з датай «1619 год») Л. Мамоніч выдаў Статут на польскай мове. У 1648 годзе Статут на польскай мове надрукаваў у Варшаве каралеўскі друкар П. Элерт. Наступныя польскамоўныя выданьні выйшлі ў Акадэмічнай друкарні ў Вільні ў 1693, 1744, 1786 гадох і ў друкарні А. Марціноўскага ў 1819 годзе. У 1811 годзе Статут у перакладзе на польскую і расейскую мову выдалі ў Санкт-Пецярбурзе, у 1854 годзе — у Маскве на старабеларускай мове.

У 1989 годзе выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» падрыхтавала комплекснае выданьне, прысьвечанае III Статуту Вялікага Княства Літоўскага. Выданьне ўлучае: нарыс «Сацыяльна-гістарычныя ўмовы ўзнікнення Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г.», дзе паказваюцца ўмовы, пры якіх адбывалася падрыхтоўка і ўвядзеньне ў дзеяньне Статута; факсымільнае ўзнаўленьне тэксту Статуту, яго арыгінальны тэкст і пераклад на расейскую мову; энцыкляпэдычны даведнік з 820 артыкулаў; паартыкульны камэнтар; тэрміналягічны і імянны паказальнікі. Асноўная частка матэрыялаў даведніка — артыкулы пра тагачасныя адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел ВКЛ, катэгорыі насельніцтва, станы, ураднікаў і ўрады, судовы лад; віды злачынстваў і парушэньняў права, захады пакараньня і ўзьдзеяньня за іх; грашовая сыстэму, адзінкі вымярэньня і інш. Зьмяшчаюцца артыкулы пра крыніцы Статуту і іншыя праўныя акты і дакумэнты XV—XVI стагодзьдзяў, пра гісторыю падрыхтоўкі і выданьня Статуту, ягоныя паліграфічныя і мастацкія асаблівасьці. Шэраг артыкулаў прысьвячаецца выкарыстаньню, зьбераганьню і гісторыі дасьледаваньня Статуту. У камэнтарах разглядаецца праўная сутнасьць і гісторыя распрацоўкі кожнай з улучаных у яго нормаў.

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVII—XIX стагодзьдзях перакладаўся на польскую, лацінскую, украінскую, нямецкую, францускую і расейскую мовы[8][9][10].

Выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы XVI ст. прускага права, складаньні Саборнага ўлажэньня (1649 год) у Маскоўскай дзяржаве, афіцыйна незацьверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць XVIII ст.), «Суд и разправка в правах малороссийских» (1750—1758 гады). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Быў галоўным пісьмовым зводам дзейнага права ва Ўкраіне (пераважна ў рэдакцыі 1614 году).

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Юхо Я. Калі была створана першая беларуская канстытуцыя? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 25.
  2. ^ Юхо Я. Калі была створана першая беларуская канстытуцыя? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 26.
  3. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 633.
  4. ^ Магчымасць вярнуць у краіну арыгінальнае выданне Статута ВКЛ з’явілася ў беларусаў. Наша Ніва (16 траўня 2012).
  5. ^ Возможность вернуть в страну оригинальное издание Статута ВКЛ появилась у белорусов. БелТА (16 траўня 2012).
  6. ^ Вольга Чайкоўская. Студэнт гістфака вярнуў Статут ВКЛ 1588 году на Радзіму // Зьвязда : газэта. — 8 чэрвеня 2012. — № 108 (27223). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. — Менск, 1991.
  8. ^ Лаппо И. Литовскій статутъ въ Московскомъ переводѣ-редакціи XVII столѣтія.  (рас.) // Журналъ Министерства народнаго просвещенія : часопіс. — С.-Петербургъ: Сенатская типографія, 1914 февраль. — Т. Новая серія. XLIX. — С. 209—235.
  9. ^ 2437. — Ноября 17 (1828). Высочайше утвержденное положеніе Комитета Министровъ— Объ учиненіи перевода Литовскаго Статута на Россійскій языкъ съ Бѣлорусскаго изданія 1588 года, и о напечатаніи сего Статута на трехъ языкахъ: Бѣлорусскомъ, Польскомъ и Русскомъ.  (рас.) // Полное Собраніе Законовъ Россійской Имперіи. Собраніе второе. — Спб.: Тип. II Отд-нія собств. Е. И. В. канцеляріи, 1830. — Т. 3. От № 1677 до 2574.. — С. 1001—1003 (№ 2437).
  10. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 634.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]