Бел-чырвона-белы сьцяг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Бел-чырвона-белы сьцяг
Flag of Belarus (1918, 1991–1995).svg
Бел-чырвона-белы сьцяг
Прапорцыі 1:2
Прыняты 25 сакавіка 1918 (як сьцяг Беларускай Народнай Рэспублікі)
19 верасьня 1991 (як сьцяг Рэспублікі Беларусь)
Скасаваны 1918 (дэ-факта; ліквідацыя Беларускай Народнай Рэспублікі)
7 чэрвеня 1995 (дэ-факта)
Дызайн Тры роўнашырокія гарызантальныя палосы, чырвоная паміж дзьвюма белымі

Бел-чырво́на-бе́лы сьцяг (скарочана БЧБ[1]) — гістарычны нацыянальны сьцяг беларусаў[2], дзяржаўны сьцяг Беларусі (з 1918 году). Гэта палотнішча памерамі 1:2, з трох роўных гарызантальных палосаў — дзьвюх белых і адной чырвонай між імі. Утвараецца зь беларускіх нацыянальных колераў[3] на аснове традыцыйнага нацыянальнага гербу Пагоні[2].

Колеры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марка Беларускай пошты з народным строем і арнамэнтам

Белы і чырвоны колеры — гістарычныя нацыянальныя колеры, здабытак матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў[4]. Гэтыя колеры могуць выступаць у розных формах і выразах на розных носьбітах і прадметах — на нацыянальным і звычайных адзеньні, у мастацтве, у геральдыцы і вэксілялёгіі. Чырвоныя элемэнты на белай аснове лічацца найбольш пашыраным спалучэньнем колераў у беларускім арнамэнце[5], а адметнасьцю беларускага гатычнага дойлідзтва ёсьць спалучэньне чырвонай цаглянай муроўкі зь белымі атынкаванымі нішамі[6]. Тым часам на вэксілялягічных матэрыялах, якія паходзяць зь Беларусі, спалучэньні белага і чырвонага колераў фіксуюцца з часоў Сярэднявечча. Напрыклад, сьцягам Вялікага Княства Літоўскага было чырвонае палотнішча з срэбным вершнікам. Адзін з найстарэйшых яго малюнкаў датуецца 1443 годам[7]. Пры гэтым гербы ваяводзтваў Вялікага Княства Літоўскага, што займалі тэрыторыю сучаснай Беларусі, паводле свайго каляровага разьвязку найбольш адпавядалі чырвона-белай гаме[8].

На думку дасьледнікаў гісторыі духоўнай культуры, спалучэньне белага і чырвонага колераў сягае часоў індаэўрапейскага адзінства. Паводле індаэўрапеіста і славіста Вячаслава Іванова: «Індаэўрапейская герархічная сымболіка колераў вызначаецца суаднесенасьцю найвышэйшага (сьвятарскага) рангу зь белым колерам, наступнага па значэньні сацыяльнага рангу — ваярскага — з чырвоным колерам…»[9]. У працэсе этнагенэзу беларусаў, паводле гісторыка Міхася Ткачова, белы колер стаў «знакам дабра, знакам чысьціні, крынічнай вады, шляхетнага серабра», у сваю чаргу чырвоны колер — «знакам жыватворнага агню, сымбалем адвагі і ваяўнічасьці, храбрасьці, доблесьці і праведнай крыві, пралітай за Айчыну»[10].

У хрысьціянскай традыцыі чырвоны колер на белым фоне — знак Хрыстовай пакуты, пралітай за чалавецтва крыві. На карціне Альбрэхта Альтдорфэра «Ўваскрасеньне Хрыста» (1518 год) уваскрослы Збаўца трымае белую харугву з чырвонай паласой пасярэдзіне[6]. Тым часам бел-чырвона-белая стужка з XII ст. уваходзіць у камплект адзеньня беларускіх царкоўных герархаў[11] і сымбалізуе сьвятло Старога і Новага Запаветаў, якое мусіць прапаведаваць архірэй[12].

У эстэтычным пляне злучэньне белага і чырвонага лічыцца клясычным і адпавядае правілам геральдыкі. Чырвоны колер у бела-чырвона-белым спалучэньні паходзіць з гістарычнага нацыянальнага гербу Пагоні, а перавагу белага колеру абумовіла саманазва нацыі — беларусаў[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэканструкцыя выгляду харугвы часоў Бітвы пад Грунвальдам

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хоць сьцягі (дакладней — штандары, харугвы) як апазнавальныя знакі на полі бою або ў час урачыстасьцяў існавалі яшчэ ў старажытнасьці, аднак уяўленьні пра патрэбу сьцяга як сымбалю дзяржавы пачалі паступова складацца толькі ў XVI—XVIII стагодзьдзях. У гэты час за аснову сьцягоў звычайна браліся колеры гербаў каралеўскіх дынастыяў[13] або дзяржаўных гербаў[11]. Масавае стварэньне афіцыйных сьцягоў эўрапейскіх краінаў прыпадае на канец XVIII — пачатку XIX ст., калі ў выніку Францускай рэвалюцыі дзяржава стала атаясамлівацца з насельніцтвам пэўнай тэрыторыі, а не з паноўнай дынастыяй. Тады ж склалася і ідэя сьцяга ў цяперашнім разуменьні як увасабленьня дзяржаўнай незалежнасьці. З прычыны таго, што далёка ня ўсе эўрапейскія нацыі ў ХІХ ст. мелі сваю дзяржаўнасьць, узьнікла паняцьце нацыянальнага сцяга як сьцяга нацыі, якая на такую дзяржаўнасьць прэтэндуе. Пры гэтым нацыянальныя сьцягі сталі абавязковым атрыбутам нацыянальна-вызвольных рухаў[13].

Працэсы кансалідацыі беларускага этнасу ў нацыю зарадзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI — пачатку XVII ст., актывізаваліся ў XIX ст., калі насуперак палітыцы русіфікацыі ўладаў Расейскай імпэрыі зьявіўся беларускі нацыянальна-вызвольны рух, і дасягнулі найвышэйшага ўздыму ў 1910—1920-я гады — у час змаганьня за ўтварэньне Беларускай дзяржавы[14].

Навуковая вэрсія стварэньня бел-чырвона-белага сьцяга грунтуецца на правілах геральдыкі і вэксілялёгіі, згодна зь якімі нацыянальны сьцяг беларусаў утварыўся з колераў нацыянальнага гербу — Пагоні[11]. Разам з тым у 1990-я гады папулярызавалася легенда, паводле якой бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў час адной зь бітваў, калі паранены князь узьняў як сьцяг над галавой акрываўленую стужку і павёў войска да перамогі[15]. Існуюць зьвесткі, што ў пачатку XX ст. беларускія дасьледнікі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў згадкі пра татарскую коньніцу, што брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве пад бел-чырвона-белым сьцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з прычыны прыналежнасьці бела-чырвона-белага палотнішча да славутага вялікага князя браты Луцкевічы пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сьцяг беларусаў. Аднак сучасныя дасьледнікі ня здолелі знайсьці адпаведны аль-кітаб з апісаньнем Грунвальдзкай бітвы[16].

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг кавалерыі ВКЛ у бітве пад Воршай

Станаўленьне бел-чырвона-белага сьцяга як нацыянальнага сьцяга беларусаў адбылося не раней за афармленьне беларускай нацыянальнай ідэі. Разам з тым вэксілялягічныя матэрыялы з традыцыйным для беларусаў бела-чырвона-белым спалучэньнем колераў ужываліся яшчэ ў Вялікім Княстве Літоўскім. Першым дакумэнтальным сьведчаньнем гэтага лічыцца карціна XVI стагодзьдзя, прысьвечаная бітве пад Воршай[11]. Кавалерыя Вялікага Княства Літоўскага карысталася сьцягам Сьвятога Юрыя (чырвоны крыж на белым палотнішчы), які, хутчэй за ўсё, стаў прататыпам бел-чырвона-белага сьцяга[17]. Пры гэтым на карціне прысутнічае сем бел-чырвона-белых сьцягоў без вэртыкальнай чырвонай паласы[18]. Таксама існуюць зьвесткі пра бел-чырвона-белы сьцяг на карціне, прысьвечанай бітве пад Кірхгольмам[19].

Бел-чырвона-белыя сьцягі на карціне Ганса Крэла «Бітва пад Воршай», 1524 г.

Па складаньні Люблінскай уніі ў 1569 годзе рабіліся спробы стварыць аб’яднаны сьцяг для абодвух гаспадарстваў Рэчы Паспалітай — Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Так, у 1605 годзе кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пачаў ужываць трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сьцяг, а крыху пазьней зьявіўся бела-чырвона-бела-чырвоны сьцяг. Аднак такі сымбаль не прыжыўся, і дамінаваць пачаў бела-чырвоны сьцяг. Разам з тым праз аднолькавую колеравую схему гербаў Кароны (Белага Арла) і Княства (Пагоні) немагчыма пэўна падзяліць паміж імі вытворныя сьцягі Рэчы Паспалітай[11].

Бел-чырвона-белы сьцяг на карціне Пітэра Снаерса «Бітва пад Кірхгольмам», 1619 г.

Існуюць зьвесткі, што ў XVI—XVIII стагодзьдзях беларускія татары выстаўлялі войска пад уласнай бела-чырвона-белай харугвай з выявай у цэнтры паўмесяца і зоркі[11]. Магчыма, у пазьнейшым кітабе мог сьцьвярджацца, паводле братоў Луцкевічаў, іхны удзел пад гэтым сьцягам у бітве пад Грунвальдам[16]. У XVII—XVIII стагодзьдзях бела-чырвоныя сьцягі рознай канфігурацыі ўжывала гусарыя і іншыя вайсковыя аддзелы Рэчы Паспалітай[a].

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся пад уладай Расейскай імпэрыі, у канцы XVIII — першай палове XIX ст. (да узмацненьня палітыкі русіфікацыі) спалучэньні гарызантальных белых і чырвоных палосаў ужываліся разам з колішнім дзяржаўным гербам Пагоняй у расейскай геральдыцы і вэксілялёгіі для пэўных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і вайсковых фармаваньняў на этнічнай тэрыторыі беларусаў[b]. Тым часам у Віленскім гістарычна-этнаграфічным музэі захоўваецца трыкутны сьцяжок часоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў, на якім у сярэдзіне, уздоўж белага поля, праходзіць чырвоная паласа[20]. Існуе меркаваньне, што разам з гербам Пагоняй бел-чырвона-белы сьцяг мог ужываць Кастусь Каліноўскі[11].

Беларускі нацыянальна-вызвольны рух[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фрагмэнт карціны «Беларускі пэйзаж» (сядзіба Драчалукі пад Віцебскам), 1901 г.

Зьяўленьне бел-чырвона-белага сьцяга як сымбалю беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, мэтай якога было дзяржаўнага самавызначэньне беларусаў, звычайна прымяркоўваюць да пачатку XX стагодзьдзя[21]. У 1909—1912 гадох бела-чырвона-белыя стужкі ўжываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу[22]. У 1916 годзе сьцяг зь бела-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі[22].

Увогуле, першыя згадкі пра выкарыстаньне беларусамі нацыянальнага сьцяга на культурна-асьветных вечарынах паходзяць з канца XIX стагодзьдзя[11]. Пры гэтым няма зьвестак пра дакладную дату распрацоўкі і зацьверджаньня бел-чырвона-белага сьцяга[23]. Называюць розныя даты яго зьяўленьня — 1905, 1909, 1912, 1917 год[21]. Паводле ўласнага сьведчаньня беларускага нацыянальнага дзеяча і інжынэра Кладзія Дуж-Душэўскага, аўтарам эскіза сучаснай выявы бел-чырвона-белага сьцяга быў менавіта ён. Але гэтая інфармацыя патрабуе праверкі іншымі крыніцамі[21]. У 1934 годзе К. Душ-Душэўскі пісаў у сваіх успамінах[24]: «цікава адзначыць, што беларусы ўважалі сваім дзяржаўным сьцягам той, што і летувісы, г. зн. белую Пагоню на чырвоным полі, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сьцяга, і адзін зь іх быў прыняты, менавіта: бел-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг і лічыцца за беларускі нацыянальны сьцяг».

Сьцяг удзельнікаў Беларускай канфэрэнцыі 1918 году ў Вільні

Па Лютаўскай рэвалюцыі бел-чырвона-белым сьцягам пачалі ўсё часьцей карыстацца як сьцягам беларусаў наогул. У сакавіку 1917 году значкі з малюнкам бел-чырвона-белага сьцяга ўжо прадаваліся ў Менску[22]. На 1-й сэсіі Беларускай цэнтральнай рады (Менск, 5 жніўня 1917) пастанавілі, што ўсе вайскоўцы-беларусы мусяць насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрозьненьня[25].

Нацыянальны сьцяг над будынкам Народнага Сакратарыяту БНР. Менск, 1918 г.

7 сьнежня 1917 году ў Менску пад бел-чырвона-белымі сьцягамі[26] распачаў сваю працу Першы Ўсебеларускі зьезд, аднак 18 сьнежня а 3-й гадзіне ночы бальшавікі разагналі яго з дапамогай салдатаў. Менавіта адгэтуль бел-чырвона-белы сьцяг пачаў успрымацца ў масавай сьвядомасьці як нацыянальны сьцяг беларусаў[22]. На здымку зь Беларускай канфэрэнцыі, якая адбылася 25—28 студзеня 1918 году ў Вільні, прысутнічаюць бел-чырвона-белыя сьцягі з вузкімі, з усяго відаць, чорнымі палоскамі ўздоўж чырвонай паласы. Выказвалася думка, што палосы могуць быць цёмна-чырвонымі, але на чорна-белым фатаздымку ў гэтым выпадку не было б такога рэзкага кантрасту паміж колерамі[27].

Па выгнаньні зь Менску бальшавікоў 19 лютага 1918 году бел-чырвона-белы сьцяг узьняўся над будынкам былой школы езуітаў, у якім разьмяшчаўся палац губэрнатара[28]. Неўзабаве ён стаў дзяржаўным сьцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларускі нацыянальны штандар: Бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня. Паштоўка часоў БНР

У 1920 годзе гэтым сьцягам, як беларускім і дзяржаўным, карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстаньня і вайсковыя фармаваньні Булак-Балаховіча. Таго ж году ён стаў сьцягам Беларускага адмысловага батальёну ў складзе войска Летувы (па далучэньні Летувы да СССР сьцяг канфіскаваў НКВД[29]). У 1920—1922 гадох факт існаваньня беларускага бел-чырвона-белага сьцяга перашкодзіў праекту Л. Гросвальдса, які прапаноўваў падобны сьцяг на ролю дзяржаўнага сьцяга незалежнай Латвіі[30].

Сьцяг Беларускага адмысловага батальёну, 1920 г.

Паміж 1921 і 1939 гадамі бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся нацыянальна-вызвольных рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі: як палітычнымі партыямі (Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, БСРГ), так і непалітычнымі арганізацыямі, як Таварыства беларускай школы[31]. Беларуская нацыянальная сымболіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах працоўных, беларускім студэнцтвам[11]. Тым часам швадрон уланаў войска міжваеннай Польскай Рэспублікі, у якім служылі беларускія татары, меў двузубы белы вымпэл з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой разьмяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц[6].

З часопіса «Маланка», 1926 г.

У пэрыяд з 1924 да 1928 году БССР фактычна ня мела свайго дзяржаўнага сьцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канфэрэнцыі па рэформе беларускай мовы 1926 году, памяшканьне будынка ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бела-чырвона-белае сонца зь пяцьцю бела-чырвона-белымі праменямі[32]. У 1927 годзе абмяркоўваўся праект гербу БССР, які ў агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[13]. Таксама існаваў эскіз гербу БССР, выкананы мастаком Генадзем Змудзінскім, за аснову якога ўзялі белы шчыт з чырвонай паласой пасярэдзіне, якая праходзіла дыяганальлю[33]. Аднак у выніку ўзорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[21].

У Другую сусьветную вайну бел-чырвона-белы сьцяг разам зь іншымі нацыянальнымі сымбалямі вярнуў да ўжытку калябарацыйны беларускі ўрад (Беларуская Цэнтральная Рада). Але як сьведчыць распараджэньне Райхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14 чэрвеня 1944)[34], гэтае выкарыстаньне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэньне, быццам падпісанае гаўляйтэрам Беларусі В. Кубэ і надрукаванае ў газэце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сьцягам побач зь нямецкай сымболікай «пры сьвяткаваньнях або для абазначэньня беларускай нацыянальнасьці» выявілася, паводле вынікаў пазьнейшых дасьледаваньняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[35]. Увогуле, паўафіцыйны дазвол на беларускую нацыянальную сымболіку зьявіўся толькі пад канец нацысцкай акупацыі і выявіўся спробай схіліць мясцовае насельніцтва на свой бок па паразе на Курскай дузе і карэнным пераломе ў Нямецка-савецкай вайне, пры гэтым нацыянальны сьцяг беларусаў (як і бела-чырвона-белыя павязкі) ніколі не насілі паліцыянты, пад ім не праводзіліся ваенныя дзеяньні[33]. Тым часам аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцяга, Клаўдзі Дуж-Душэўскі, у час акупацыі адмовіўся ад пасады намесьніка бургамістра Менску, а ў жніўні 1943 году нацысты кінулі яго разам з жонкай у канцэнтрацыйны лягер за дапамогу габрэям, якія хаваліся ад перасьледу[33].

З другой паловы 1990-х гадоў прыхільнікі расейскага шавінізму часта ўжываюць факт паўафіцыйнага цывільнага выкарыстаньня нацыянальных сымбаляў беларусаў дзеля дыскрэдытацыі сваіх апанэнтаў, зьвінавачваючы іх у фашызьме. Пры гэтым звычайна замоўчваецца, што цяперашні сьцяг Расеі выкарыстоўваўся вайсковым фармаваньнем Трэцяга Райху, што брала ўдзел у вайсковых дзеяньнях — Расейскай вызвольнай арміяй генэрала Ўласава. Увогуле, у час Другой сусьветнай вайны калябарацыяністы, апроч расейскага, выкарыстоўвалі сучасныя сьцягі Бэльгіі, Латвіі, Летувы, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Украіны, Францыі, Эстоніі і некаторых іншых краінаў Эўропы і Азіі[36].

Рэспубліка Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вяртаньне ў масавую сьвядомасьць грамадзянаў Беларусі бел-чырвона-белага сьцяга з гербам Пагоняй як нацыянальных сымбаляў беларусаў адбылося ў 1990 годзе разам з прыняцьцем Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Пад гэтай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі 1991 году, якія адыгралі сваю ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[11]. А 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў Беларуі[11]. Неўзабаве бел-чырвона-белым сьцяг упершыню ўзьнялі як сымбаль незалежнай Беларусі над усімі прадстаўніцтвамі краіны за мяжой, а ў 1994 годзе каманда Беларусі ўпершыню выступіла пад ім на Алімпійскіх гульнях[33].

У лютым 1995 году прэзыдэнт Лукашэнка заявіў пра намер правесьці рэфэрэндум, што стала сьведчаньнем аднаўленьня палітыкі русіфікацыі з мэтай атрымаць падтрымку і грошы Расеі[37]. Зьмяненьне нацыянальнай гістарычнай сымболікі Беларусі разьлічвалася як мэтанакіраваны удар па галоўных палітычных апанэнтах (Апазыцыя БНФ) і мусіла ўмацаваць яго асабістую ўладу[38]. Існуе меркаваньне, што правядзеньне рэфэрэндуму абумовіла жаданьне Лукашэнкі набыць папулярнасьць у Расеі з наступнай мэтай стаць прэзыдэнтам Расеі[39]. За аснову прапанаваных сьцяга і гербу ўзялі сьцяг і герб Беларускай ССР, зь якіх прыбралі атрыбуты камунізму. Мадыфікаваную сымболіку намаляваў кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын[40][38], расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[41]. Пазьней ён апавядаў беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[41]:

« Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. »
Барэт беларускіх ПДВ да 1995 г.

Праведзены 14 траўня 1995 году рэфэрэндум супярэчыў Канстытуцыі і заканадаўству Беларусі, адзначаўся парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[42]. Яму папярэднічала зьбіцьцё дэпутатаў у будынку парлямэнту, якое вывявілася сілавой дэманстрацыяй усталяваньня аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі. Па абвяшчэньні афіцыйных вынікаў 16 траўня 1995 году кіраўнік справамі Лукашэнкі Іван Ціцянкоў зьняў з даху Дома ўраду бел-чырвона-белы сьцяг і разарваў дэ-юрэ і дэ-факта (на той момант) дзяржаўны сымбаль Беларусі «на сувэніры»[43]. Ціцянкоў асабіста расьпісаўся на кожным з кавалкаў, што зафіксавалі на відэа[44].

Бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі з гістарычным гербам, які выкарыстоўваецца дэмакратычнай апазыцыяй у 2020 г.

7 чэрвеня 1995 году Лукашэнка выдаў указы № 213 «Аб зацьверджаньні эталёну Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь і Палажэньня аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[45] і № 214 «Аб зацьверджаньні Палажэньня аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь»[46] дзеля фармальнага замацаваньня сымболікі рэжыму на заканадаўчым узроўні. Тым часам бел-чырвона-белы сьцяг разам з гербам Пагоняй трапіў пад негалосную забарону[28]. Нягледзячы на яе, у Беларусі гэтым сьцягам як нацыянальным працягвалі карыстацца апазыцыйныя да рэжыму Лукашэнкі беларускія арганізацыі. Апроч таго, бел-чырвона-белы сьцяг актыўна выкарыстоўваўся ў спартовых і культурных імпрэзах па-за межамі краіны[47][48], а таксама беларускімі эмігранцкімі арганізацыямі.

300-тысячны мітынг у Менску, 16 жніўня 2020 году.

У 2010-я гады ў падтрымку нацыянальнага сьцяга выказваліся вядомыя беларускія спартоўцы: прызэрка алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя, чэмпіён сьвету Віталь Гуркоў, гандбаліст Сяргей Рутэнка[49], прызэрка чэмпіянаў сьвету і Эўропы Аліна Талай[50], чэмпіёнка сьвету Тацяна Драздоўская[51], трохразовы алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфяновіч[52], алімпійскі чэмпіён Андрэй Багдановіч[53].

У 2020 годзе бел-чырвона-белы сьцяг стаў галоўным сымбалем пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Нацыянальны сьцяг беларусаў у мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бел-чырвона белы сьцяг апяваецца ў шматлікіх літаратурных і музычных творах, малярстве. У гімне Беларускай Народнай Рэспублікі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (словы Макара Краўцова, музыка Ўладзімера Тэраўскага) прысутнічаюць наступныя радкі:

«

Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух.

»

У кастрычніку 1919 году Янка Купала апублікаваў артыкул «Беларускі сьцяг уваскрос!»[54]. Хоць у артыкуле няма апісаньня сьцяга, аднак у той час Янка Купала сымпатызаваў Беларускай Народнай Рэспубліцы[55], а ў самім артыкуле вітаў фармаваньне Юзэфам Пілсудскім Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 годзе паэт Уладзімер Жылка ў сваім першым апублікаваным вершы «Покліч» пісаў «Пад штандар бел-чырвона-белы гартуйся, раць, адважна, сьмела, адважных, храбрых ваяроў!»[56]. У 1925 годзе выйшаў з друку верш Пятра Сакола «Беларускі сьцяг»[57]. У 1930 годзе Максім Танк напісаў верш «Ты чуеш, брат…», дзе былі радкі:

«

Глядзіце ў будучыню сьмела!
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам бел‑чырвона‑белым
Чакае перамога нас.[58][59]

»

У 1935 годзе Алесь Мілюць напісаў верш «Моладзі»[60], у якім упамінаецца нацыянальны штандар. Таксама бел-чырвона-белы сьцяг упамінаецца ў шэрагу вершаў 1943—1944 гадоў Алеся Змагара[61].

Сярод малюнкаў Уладзімера Караткевіча захаваўся дызайн адзеньня з трыма палосамі — белай, чырвонай і белай — і гербам Пагоняй у цэнтры[62].

У 1992[63] годзе, калі бел-чырвона-белы сьцяг меў афіцыйны дзяржаўны статус, палкоўнік Сяргей Макей напісаў песьню «Айчыны нашай сьцяг», разьмешчаную цяпер на сайце Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь[64]. Словы «Пад штандарам бел-чырвона-белым век у шчасьці жыві, беларускі народ!» завяршаюць песьню «Жыві, Беларусь!» (тэкст Уладзімера Някляева[65], музыка Васіля Раінчыка), якая прэтэндавала на гімн незалежнай Беларусі. Уладзімер Някляеў таксама зьяўляецца аўтарам словаў песьні «Сьцяг», якую выконвае музыка Зьміцер Вайцюшкевіч[66]. У паэта Сяргея Панізьніка ёсьць верш «Родны сьцяг», прысьвечаны бел-чырвона-беламу сьцягу[67]. Песьню на гэты верш стварыў мужчынскі хор «Унія». У вершы Міхала Анемпадыстава «Я люблю, калі сьвеціць сонца…» ёсьць наступныя радкі: «Мая краіна пад белым сьцягам, Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай»[68]. На гэты верш у 1996 годзе гурт «Новае Неба» стварыў песьню, якую выконвае Кася Камоцкая. У Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна ёсьць верш «25 Сакавіка», прысьвечаны Дню Незалежнасьці, з наступнымі радкамі:


«

Мы — ратаі сьвятла,
Крывічы,
Верхачы неўміруючай Пагоні.
Маладзік сакалом на плячы,
Гартны меч у цьвярдое далоні.
Лучыць нашыя мары рака
Бел-чырвона-белага сьцяга.

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга![69]

»

Бел-чырвона-белае спалучэньне колераў у беларускай сымболіцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падобная сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бела-чырвоныя сьцягі, адрозныя ад цяперашняга сьцяга Польшчы, можна пабачыць на карцінах «Бітва пад Венай» (Марцін Альтамонтэ, 1693—1695 гады) і «Бітва пад Парканамі» (П'ер-Дэні Марцін, 1690—1710 гады)
  2. ^ Прыклады такой сымболікі прыводзяцца ў сэкцыі Бел-чырвона-белае спалучэньне колераў у беларускай сымболіцы

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  2. ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 391.
  3. ^ Пастанова Вучонага савета Інстытута гісторыі АН Беларусі ад 12 верасня 1991 года // Народная газета. 7 лютага 1995. С. 1.
  4. ^ а б Ученые из НАН Беларуси объяснили, почему «Жыве Беларусь» и БЧБ — не «циничные и оскорбительные», TUT.BY, 11.11.2020 г.
  5. ^ Фадзеева В. Арнамент // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя; Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1989. С. 36.
  6. ^ а б в Вячорка В. «Кроў лягла чырвонай паласой» // З гісторыяй на «Вы»: Публіцыстычныя артыкулы. — Менск: Беларусь, 1991. С. 355—369.
  7. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 6.
  8. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 17.
  9. ^ Иванов В. В. Цветовая символика в географических названиях в свете данных типологии (К названию Белоруссии) // Балто-славянские исследования. 1980. — М., 1981. С. 166.
  10. ^ Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 392.
  11. ^ а б в г д е ё ж з і к Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 393.
  12. ^ Лісейчыкаў Д. Чаму ў патрыярха і епіскапаў бел-чырвона-белыя стужкі на мантыях і гербах? // Наша гісторыя. № 9 (26), 2020. С. 32.
  13. ^ а б в Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
  14. ^ Церашковіч П. Беларуская нацыя // ЭГБ. Т. 1. — Менск, 1993. С. 391.
  15. ^ Вячорка В. Пра герб і сцяг. — Менск: Беларусь, 1993.
  16. ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 18—19.
  17. ^ Ткачев М. Национальные символы: народ и история // Гербовед. №9 (21), 1997 г.
  18. ^ Шаланда А. Вексілагічныя праблемы бітвы пад Воршай 1514 г.: прапроцы з крыжам сьвятога Юрыя // Герольд Litherland. №20, 2014. С. 59.
  19. ^ а б Давыдоўскі Ў. Сімвалы Беларусі // Абажур. № 3 (78), 2009. С. 38. [1]
  20. ^ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Менск: Полымя, 1993. С. 29.
  21. ^ а б в г Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
  22. ^ а б в г Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 19.
  23. ^ Харэўскі С. Клаўдзі Дуж-Душэўскі. Сьцяг // Наша Ніва. № 6, 1998. С. 15.
  24. ^ Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / Укл. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У. Міхнюк. — Менск: Энцыклапедыкс, 2001. С. 272.
  25. ^ Ф. Турук. Белорусское движение. Очерк истории национального и революционного движения белоруссов. — Москва: Государственное издательство, 1921; Мн.: Картографическая фабрика Белгеодезии, 1994. С. 95.
  26. ^ Ляшко М. На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг, Наша Ніва, 11 сьнежня 2017 г.
  27. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 20.
  28. ^ а б Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Жаўнеры БНР. — Беласток-Вільня, 2009.
  29. ^ Сьцягі БНР(рас.) Vexillographia.ru Праверана 11 верасьня 2010 г.
  30. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 18.
  31. ^ Вашкевіч А. Нашы сьцягі над Заходняй // Arche. № 4 (55), 2007 г.
  32. ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 22—23.
  33. ^ а б в г Рудак А. Мінуўшчына і сучаснасць гістарычнай сімволікі // Культура. № 34 (1473), 22—29 жніўня 2020 г.
  34. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 156.
  35. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999. С. 155.
  36. ^ 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг. Радыё свабодаПраверана 22 студзеня 2014 г.
  37. ^ Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
  38. ^ а б Мартинович Д. Без исторической символики, но с русским языком. Как 25 лет назад в Беларуси прошел референдум, TUT.BY, 14.05.2020 г.
  39. ^ Олегов А. Лукашенко метит в президенты России // Огонёк. № 43, 27 октября 1996. С. 9.
  40. ^ Толкачева Е. «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР, TUT.BY, 12.05.2019 г.
  41. ^ а б Навумчык С. «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг, Радыё Свабода, 18 красавіка 2014 г.
  42. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  43. ^ Дзедзіч. № 3 (22), травень 2003. С. 1.
  44. ^ Зянон Пазьняк: «У мяне пацяклі сьлёзы» (аўдыё), Радыё Свабода, 18 верасьня 2006 г.
  45. ^ Об утверждении эталона Государственного герба Республики Беларусь и Положения о Государственном гербе Республики Беларусь
  46. ^ Об утверждении Положения о Государственном флаге Республики Беларусь
  47. ^ «Тры чарапахі» замест «Кацюшы», Наша Ніва, 8 верасьня 2008 г.
  48. ^ Слушать хорошую музыку стоит вместе!(рас.). Белорусские новости (27.08.2007). Праверана 16 кастрычніка 2010 г.
  49. ^ Панкавец З. Спартоўцы пра бел-чырвона-белы сцяг: пазітыўнае, негатыўнае, нейтральнае, Наша Ніва, 8 траўня 2013 г.
  50. ^ Лёгкаатлетка Аліна Талай: «Давайце не будзем падманваць сябе: наш колер — бел-чырвона-белы», Наша Ніва, 26 ліпеня 2013 г.
  51. ^ Карней І. Тацьцяна Драздоўская: Сьцяг незалежнасьці — бел-чырвона-белы, Радыё Свабода, 17 сьнежня 2014 г.
  52. ^ Парфяновіч: «Бел-чырвона-белы сьцяг павінен вісець у прэзыдэнта ў кабінэце», Радыё Свабода, 6 траўня 2013 г.
  53. ^ Карней І. Алімпійскі чэмпіён Багдановіч: Мова і сімволіка — гэта наша гісторыя, Радыё Свабода, 30 траўня 2015 г.
  54. ^ Беларусь. № 9 (36), 30 кастрычніка 1919 г.
  55. ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
  56. ^ Верш «Покліч»
  57. ^ Сакол П. Беларускі сьцяг // Студэнская думка. №1, 1925. С. 1.
  58. ^ Максім Танк. Дзённік
  59. ^ Максім Танк. Збор твораў. У 13 т. Т. 1 / Рэд. тома Л. Кісялёва; падрыхт. тэкстаў і камент.: Т. Барысюк, А. Данільчык, В. Хацяновіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Менск: Беларус. навука, 2010. С. 193.
  60. ^ Скрыжалі памяці: З творчай спадчыны пісьменнікаў Беларусі, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны. У 3 кн. Кн. 2 / уклад., біягр. давед. пра аўт. і камент. А. Бельскага. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. С. 320.
  61. ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнай Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  62. ^ Трефилов С. Как Владимир Короткевич предсказал моду на байки с «Пагоняй»: рассматриваем книгу рисунков классика // КП Беларусь. 10.03.2020 г.
  63. ^ Штейнер М. Уроженец Воложина полковник запаса Сергей Макей на своем творческом вечере презентовал новый диск «Дождь» (ФОТО), Край.бай, 31 кастрычніка 2014 г.
  64. ^ Айчыны нашай сцяг, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
  65. ^ «Жыві, Беларусь!» Гімн на словы Някляева // Наша Ніва, 26 сьнежня 2010 г.
  66. ^ Пэрсанальны сайт Зьмітра Вайцюшкевіча Праверана 9 красавіка 2011 г.
  67. ^ Панізьнік С. А пісар земскі…: Вершы. — Менск: Маст. літ., 1994.
  68. ^ Анемпадыстаў М. Я люблю, калі сьвеціць сонца…, Knihi.com
  69. ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка // Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  70. ^ Русецкий А., Русецкий Ю. Художественная культура Витебска с древности до 1917 года. — Мн.: БелЭн, 2001. — 288 с.: ил. — ISBN 985-11-0215-6.
  71. ^ Рево О. Гербы городов Полоцкой и Витебской губерний Российской империи // Наука и Жизнь. №7, 1998 г.
  72. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 118.
  73. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 71.
  74. ^ ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 244.
  75. ^ Хурсік В. Яны адступалі да Парыжу… // Дзеяслоў. №5, 2003 г.
  76. ^ Вялікае Княства Літоўскае(рас.) Vexillographia.ru Праверана 3 сакавіка 2011 г.
  77. ^ Берасцень С. Дыялог па-над часам // Літаратура і мастацтва. №48, 2010. С. 15.
  78. ^ Вымпэл Беларускага параходзтва(рас.) Vexillographia.ru Праверана 11 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Бел-чырвона-белы сьцягсховішча мультымэдыйных матэрыялаў