Перайсьці да зьместу

Стары замак (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай архітэктуры
Стары замак
Стары замак
Стары замак
Краіна Беларусь
Места Горадня
Каардынаты 53°40′37″ пн. ш. 23°49′23″ у. д. / 53.67694° пн. ш. 23.82306° у. д. / 53.67694; 23.82306Каардынаты: 53°40′37″ пн. ш. 23°49′23″ у. д. / 53.67694° пн. ш. 23.82306° у. д. / 53.67694; 23.82306
Архітэктурны стыль готыка, маньерызм, барока і клясыцызм
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Сайт history.grodno.museum.by
Стары замак на мапе Беларусі
Стары замак
Стары замак
Стары замак
Стары замак на Вікісховішчы

Стары́ за́мак — помнік архітэктуры XII—XVIII стагодзьдзяў у Горадні, рэзыдэнцыя гаспадароў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Знаходзіцца на Замкавай гары пад адрасам вуліца Замкавая, 21, пры ўтоку ракі Гараднічанкі ў Нёман, насупраць Новага замка. Твор архітэктуры готыкі, рэнэсансу і барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Уваходзіць у склад Гарадзенскага гістарычна-археалягічнага запаведніку.

Утварае комплекс абарончых, сакральных і сьвецкіх будынкаў, які ўлучае княскі палац, Ніжнюю і Верхнюю цэрквы, іншыя жылыя і гаспадарчыя пабудовы, абарончыя муры. Сьцены і вежы Гарадзенскага замка, пачатак будаваньня якіх датуюць XII ст., лічацца найбольш старажытнымі мураванымі фартыфікацыямі Беларусі[1].

Першыя драўляна-земляныя фартыфікацыі ў Горадні збудавалі ў XI стагодзьдзі. Па тым, як старажытны горад стаў рэзыдэнцыяй гарадзенскіх князёў, у другой палове XII ст. зьявіліся мураваныя пабудовы — княскі хорам, Ніжняя царква, сьцены і, магчыма, вежы.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вітаўт Вялікі
Замак часоў Вітаўта, 1567 г.

У XIII ст. з далучэньнем Гарадзенскага княства да Вялікае Княства Літоўскае замак стаў аб’ектам частых нападаў крыжакоў: у 1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402 гадох[2]. Пяць разоў, у 1284, 1306, 1311, 1328 і 1393 гадох ім удавалася часова захапіць замак.

У другой палове XIII ст. з усходняга боку замка збудавалі круглую вежу-данжон. На мяжы XIII і XIV стагодзьдзяў на руінах згарэлай у 1183 годзе Ніжняй царквы збудавалі Верхнюю царкву. У 1391 годзе Горадня стала адной з галоўных рэзыдэнцыяў вялікага князя Вітаўта, які па пажары 1398 году рэканструяваў мураваны замак: сьцены зь плінфы замянілі сьценамі з валуноў і буйнапамернай бруковай цэглы. Колькасьць замкавых вежаў дасягнула пяці. У 1445 годзе вялікі князь Казімер прыняў тут польскіх паслоў, якія прапаноўвалі яму польскую карону, а ў 1492 годзе памёр у замку.

Стэфан Баторы
Замак часоў Баторыя, XVII ст.

Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы, які ператварыў Горадню ў фактычную сталіцу Рэчы Паспалітай, у 1580-х гадох перабудаваў замак ў стылі маньерызму. Мяркуецца, што рэканструкцыяй замка кіраваў архітэктар Юзаф Ройтэн[3] (паводле іншай вэрсіі, якая ня мае пацьверджаньняў ў пісьмовых крыніцах — Санці Гучы[4]). Тады ж разабралі дзьве старажытныя вежы (браму і данжон)[5].

За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе замак дашчэнту зьнішчылі маскоўскія войскі. Яго адбудаваў канцлер вялікі літоўскі і староста гарадзенскі Крыштап Жыгімонт Пац. З 1678 году ў замку адбываўся кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай.

У Вялікую Паўночную вайну замак пашкодзілі швэдзкія войскі. Таксама ён пацярпеў ад пажару 1735 году. Калі ў 1737—1742 гадох збудавалі Новы замак, перастаў выконваць свае функцыі. Саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пэпэльман правёў карэннае пераплянаваньне палаца: вонкавыя сходы замянілі на ўнутраныя, зьменшылі памеры акон, будынак атрымаў 4-схільны дах. Тут разьмяшчалася частка сьвіты караля і гаспадарчыя службы.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па падзелах Рэчы Паспалітай, калі Горадня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады перарабілі палац пад кашары. У XIX ст. з фасадаў прыбралі дэкор, а над былой сталовай заляй палаца надбудавалі дадатковы аб’ём.

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў 1924 годзе ў замку разьмясьціўся музэй. У 1920—1930-я гады замак дасьледаваў археоляг Юзэф Ядкоўскі.

Па Другой сусьветнай вайне працягнулася дасьледаваньне замка: у 1948—1949 гадох — Зьдзіславам Дурчэўскім, у 1971 годзе — Мікалаем Вароніным, у 1986—1988 гадох — Міхасём Ткачовым, Яраславам Зьвяругам, Алегам Трусавым, Паўлам Рапапортам, Аляксандрам Краўцэвічам ды іншымі. Паводле вынікаў гэтых дасьледаваньняў, у 1993 годзе выйшла з друку калектыўная манаграфія «Стары Замак у Гродне», а таксама зьявіўся макет меркаванага аўтэнтычнага выгляду замка.

У 1994 годзе архітэктар Уладзімер Бачкоў распрацаваў праект рэстаўрацыі замка, аднак у 1996 годзе фінансаваньне працаў спынілі. У сярэдзіне 2007 году праект Бачкова перадалі да выкананьня інстытуту «Гроднаграмадзянпраект». 6 студзеня 2012 году Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацьвердзіў Дзяржаўную праграму «Замкі Беларусі» на 2012—2018 гады, згодна зь якой на фінансаваньне рэстаўрацыі Старога выдзялілі 37,2 млрд рублёў.

У 2014 годзе ў адной з заляў музэю правалілася падлога, тады ж пачаліся аднаўленчыя працы. У 2017—2020 гадох праводзіўся першы этап рэканструкцыі замка паводле праекту Бачкова. Гэты этап крытыкуецца за шматлікія памылкі, найбольш відавочнай зь якіх ёсьць пабудова г. зв. «Камяніцы», хоць археолягі на знайшлі яе падмуркаў[6]. 5 лістапада 2021 году ў рэканструяванай частцы замка адкрыліся музэйныя залі[7].

Плян Гарадзенскі замкаў, 1811—1826 гг.

Архітэктуры комплекс фармаваўся ў некалькі этапаў. Сьпярша на краях пагорка збудавалі шырокі (да 15 мэтраў) і высокі абарончы вал. У сярэдзіне дзеля трываласьці заклалі дубовыя і хваёвыя бярвёны, а вонкавы схіл выклалі камянямі. Высокія і стромкія схілы гары вышынёю да 30 мэтраў над узроўнем вады ў Нёмане яшчэ больш узмацнялі фартыфікацыйныя якасьці замка. Верхам вала праходзілі драўляныя сьцены-гародні з баявой галерэяй. Ад узвышша з боку поля замак аддзяляў глыбокі яр[8].

Зь ператварэньнем Горадні ў княскую рэзыдэнцыю (XII ст.) на дзядзінцы збудавалі плінфавую мураваную сьцяну і, відаць, вежы, што было ўнікальнай зьявай у тагачасных замкавым будаваньні беларускіх земляў[9]. Таксама на беразе Нёмана збудавалі мураваны 2-павярховы княскі палац-хорам, у цэнтры замка — Ніжнюю царкву. На дзядзінцы зьявіліся розныя драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Праз забудову замка праклалі дзьве вуліцы: адну з поўначы на подзень, другую — з захаду на ўсход. Брама знаходзілася ва ўсходняй частцы. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у другой палове XIII ст. замкавыя сьцены былі зь бярвёнаў, а баявыя пляцоўкі прыкрываліся бруствэрамі. Подступы да брамы бараніла круглая ў пляне мураваная вежа-данжон.

За вялікім князем Вітаўтам (XIV ст.) пэрымэтрам Замкавай гары збудавалі сьцены шырынёй 2,5—3 мэтры, якія ўтварылі няправільны ў пляне трыкутнік, і чатыры квадратныя ў пляне вежы (12 на 12 мэтраў). Сьцяна, зьвернутая да Нёмана, мела даўжыню 120 мэтраў, сьцяна з боку Гараднічанкі — 90 мэтраў, трэцяе прасла сьцяны, узведзенай з боку места, складалася зь дзьвюх частак — 46 і 24 мэтры. Над ровам, які аддзяляў замак ад места, стаяла вежа-брама з пад’ёмным мостам. Пад ёй разьмяшчалася вязьніца, у верхняй частцы — навіслвя байніцы-абламы, за зубцамі — баявая пляцоўка. Другая вежа знаходзілася на поўдзень ад першай, на беразе Нёмана, трэцяя — на заходнім баку гары, на мысе Гараднічанкі, чацьвертая — у паўночна-ўсходнім куце, з боку места. Пятая — існая да рэканструкцыі вежа-данжон — апынулася ў заломе муроў з усходняга боку, каля вежы-брамы. Паміж паўночна-ўсходняй і старажытнай вежай-данжонам стаяў 2-павярховы гатычны палац (45 на 15 мэтраў), сьцяна якога адначасна была замкавым мурам. Пакоі ў ім разьмяшчаліся ў адзін рад. У зьвернутай у бок места сьцяне вокны другога паверху мелі выгляд вузкіх байніцаў[10].

Па рэканструкцыі часоў караля Стэфана Баторыя (XVI ст.) рэнэсансны палац атрымаў памеры 60 на 21 мэтар і ў пляне нагадваў выцягнуты ў даўжыню і крыху перакошаны прастакутнік. Ён завяршаўся дэкаратыўным абарончым атыкам, аздабляўся аркамі з фігурнымі завяршэньнямі і тонкім дэкорам акон. Фасады палаца і асабліва роўніцы франтонаў дэкараваліся арнамэнтальным сграфіта і разьбой. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцьці, тут знаходзіліся канцылярыя, архіў, скарніца, камора і вартоўня. На другім паверсе месьціліся каралеўскія пакоі, аздобленыя шліфаваным гіпсам, кафляй і разьбой. Падлога выкладалася керамічнымі пліткамі і мармурам[11]. Разам з тым, палац захоўваў абарончае значэньне, што падкрэсьлівалася тоўстымі вонкавымі сьценамі і цеснай повязьзю яго пляну зь іншымі замкавымі пабудовамі. Таксама існавалі некалькі патаемных выхадаў, адзін зь якіх знайшлі пад паўднёвым праслам сьцяны. Ён меў выгляд прастакутнага праёму і выводзіў на схіл гары[12].

Гістарычная графіка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Плян зьявіўся ў продажы на аўкцыёне EBay і, магчыма, ёсьць фальсыфікатам
  1. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 23.
  2. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 438.
  3. ^ Łoziński W. Sztuka Lwowska XVI i XVII w. — Lwów, 1901. S. 96.
  4. ^ Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне ХІ—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. — Менск, 1993. С. 26.
  5. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 24.
  6. ^ У Старым замку Горадні пачалі другі этап рэканструкцыі. Што ня так? 4 галоўныя пункты, Радыё Свабода, 3 траўня 2021 г.
  7. ^ У горадзенскім Старым замку пасьля рэканструкцыі адкрылі музэйныя залі. ФОТА, Радыё Свабода, 5 лістапада 2021 г.
  8. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 181.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 506.
  10. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 507.
  11. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 182.
  12. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск, 1977. С. 25.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  411Г000003