Чашнікі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чашнікі
трансьліт. Čašniki
У цэнтры места
У цэнтры места
Coat of Arms of Čašniki, Belarus.svg Flag of Čašniki.svg
Герб Чашнікаў Сьцяг Чашнікаў
Першыя згадкі: 1504
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Чашніцкі
Насельніцтва: 8817 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2133
Паштовы індэкс: 211150
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°51′11″ пн. ш. 29°10′19″ у. д. / 54.85306° пн. ш. 29.17194° у. д. / 54.85306; 29.17194Каардынаты: 54°51′11″ пн. ш. 29°10′19″ у. д. / 54.85306° пн. ш. 29.17194° у. д. / 54.85306; 29.17194
Чашнікі на мапе Беларусі ±
Чашнікі
Чашнікі
Чашнікі
Чашнікі
Чашнікі
Чашнікі
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://chashniki.vitebsk-region.gov.by/

Ча́шнікі — места ў Беларусі, на рацэ Вуле. Адміністрацыйны цэнтар Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 8817 чалавек[1]. Знаходзяцца за 95 км на паўднёвы захад ад Віцебску, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Аўтамабільныя дарогі на Лепель, Новалукомаль, Сянно.

Чашнікі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Спаса ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Лукі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму «Чашнікі». Паводле найбольш пашыранага зь іх, назва места ўтварылася ад слова чашнік — пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Іншая вэрсія зьвязвае тапонім з разьмяшчэньнем паселішча ў нізкім месцы на Чашніцкай нізіне (у «чашы»)[3]. Апроч гэтага, назву часам тлумачаць разьвіцьцём ганчарнай справы (месца выстворчасьці чашак)[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Чашнікаў
Панарама, Н. Орда, 20.06.1876 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Чашнікі зьмяшчаецца ў пераліку буйных паселішчаў Полаччыны і датуецца 1504 годам. У Інфлянцкую вайну, на загад Івана Жахлівага, на правым беразе Вулы збудавалі ўмацаваны замак (спалены ў 1708 годзе). У 1564 годзе каля Чашнікаў на Іванскіх палях абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Мікалая Радзівіла «Рудога» нечаканым ударам разьбілі 25-тысячнае маскоўскае войска Шуйскага. Сам Шуйскі загінуў у бітве. У 1567 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага зноў разьбілі маскоўскіх захопнікаў. З 1568 году Чашнікі знаходзіліся ў валоданьні Ганны Радзівілаўны. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы прымаў у мястэчку Шышмарова, пасла Івана Жахлівага.

З пачатку XVI стагодзьдзя Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводзтва, у валоданьні князёў Лукомскіх. У канцы XVI стагодзьдзя мясьціна перайшла да Кішкаў, у пачатку XVII стагодзьдзя — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазьней Сапегаў. На 1633 год у Чашніках было 109 будынкаў, 16 крамаў[5], паселішча належала Казаноўскім. З 1649 году маёнтак быў у валоданьні Слушкаў. У 1664 годзе[5] харунжы Дамінік Служка фундаваў тут кляштар дамініканаў. У 1722 годзе мястэчка перайшло да С. Быкоўскага-Лапоты, у 1785 годзе — да Валадковічаў. У 1786 годзе пры дамініканскім кляштары збудавалі мураваны касьцёл, у якім захоўвалася цудоўная фігура Пана Езуса, шанаваная мясцовымі жыхарамі. У XVIII стагодзьдзі дзейнічала прыстань, больш за 40 складоў[5], працавалі майстэрні вырабу стругаў — гандлёвых суднаў. У гэты час Чашнікі атрымалі шэраг прывілеяў. У 1791 годзе мястэчка стала сталіцай Полацкага ваяводзтва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перавоз цераз Улу, 1910 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чашнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі (пад камандай Вітгенштэйна) і францускімі (пад камандай Віктора) войскамі. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады скасавалі кляштар дамініканаў, па чым парафію абслугоўвалі дыяцэзіяльныя ксяндзы. У 1843[6]—1845 гадох у мястэчку збудавалі Спаса-Праабражэнскую царкву. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Чашніках налічвалася каля 2,5 тысячы жыхароў; сярод местачкоўцаў было нямала лёцманаў, якія наймаліся ўвесну на баркі, праводзячы іх Дзьвіною да Рыгі. У 1868 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Лукі на царкву Маскоўскага патрыярхату.

У 1886 годзе ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у мястэчку было 703 будынкі, працавалі лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучэльні. На 1906 год у Чашніках было 5 камяніц, 1332 драўляныя будынкі, зь якіх 642 жылыя, нежылыя — 695. У 1909 годзе адкрылася меская вучэльня, пераўтвораная ў 1913 годзе на вышэйшую пачатковую.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чашнікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Чашнікі вярнулі ў БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай, пазьней Лепельскай акругаў. У 1925 годзе пачала дзейнічаць чыгуначная станцыя Чашнікі. З 1938 году мястэчка знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

У 1962—1965 гадох Чашнікі ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёну. 7 лютага 1966 году паселішча атрымала статус места. У 2004 годзе Чашнікі адзначылі сваё 500-годзьдзе. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[7].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 2783 чал. (1405 муж. і 1378 жан.), зь іх шляхты 3 муж. і 4 жан., духоўнага стану каталіцкага 6 муж. і 5 жан., духоўнага стану праваслаўнага 2 муж. і 3 жан., купцоў-юдэяў 35 муж. і 32 жан., мяшчанаў-юдэяў 767 муж. і 822 жан., сялянаў зямянскіх 80 муж. і 58 жан., сялянаў скарбовых 500 муж. і 450 жан., аднадворцаў 4 муж. і 2 жан., адстаўных салдатаў 8 муж. і 2 жан.[8]; 1880 год — 5 тыс. чал.[9]; 1897 год — 4590 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1906 год — 5530 чал, зь іх хрысьціянаў 1254, юдэяў 4276, шляхты 1, чыноўнікаў 26, духоўнага стану 8, купцоў 121, мяшчанаў 4390, сялянаў 985; 1939 год — 3,5 тыс. чал.[10]; 1970 год — 6,6 тыс. чал.; 1991 год — 10,5 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10 тыс. чал.[11]; 2003 год — 9,6 тыс. чал.; 2006 год — 9,6 тыс. чал.[12]; 2009 год — 9203 чал.[13] (перапіс); 2010 год — 9,2 тыс. чал.; 2016 год — 8839 чал.[14]; 2017 год — 8752 чал.[15]; 2018 год — 8817 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Чашнінах працуюць 4 сярэднія школы, сацыяльна-пэдагагічны цэнтар, цэнтар дзіцячай творчасьці. 1 верасьня 2004 году на базе СШ № 2 утварылася гімназія.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, дом рамёстваў, 3 бібліятэкі (цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая бібліятэка, меская бібліятэка сямейнага чытаньня), гістарычны музэй.

Мас-мэдыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце выдаецца раённая газэта «Чырвоны прамень»: наклад больш за 5 тыс. асобн., выходзіць 2 разы на тыдзень.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У плянавальнай структуры Чашнікаў вылучаюцца 3 часткі: гістарычная, сучасны цэнтар і паселішча папяровай фабрыкі. Места забудоўваецца згодна з генэральнымі плянамі, распрацаванымі ў 1970 і 1980 гадох. Утвораны мікрараён з 5-павярховымі будынкамі. 2—5-павярховыя дамы пераважна ў цэнтры места і ў фабрычным паселішчы. У 1986 годзе створаны праект дэталёвага плянаваньня цэнтру. У паўднёва-ўсходняй частцы места канцэнтруюцца прамысловыя прадпрыемствы.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Ленінская вуліца Смалянецкая вуліца
Талачынская вуліца
Луначарскага вуліца Цяпінская вуліца[16]
Лепельская вуліца
Міра вуліца Рынак пляц
Пралетарская вуліца Віленская вуліца
Савецкая вуліца Лукомская вуліца
Урыцкага вуліца Замкавая вуліца[16]
Іванская вуліца
Чырвонаармейскі завулак Віленскі завулак

Таксама ў Чашніках існавалі Рынак, вуліцы Гарушка, Залатая[17], Замоцкая[18], Перавозная[19] і Старасельская, Аптэчны і Мнышкін завулкі[20].

Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя мясцовасьці Чашнікаў: Гарушка, Горка.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, лёгкай, харчовай прамысловасьці, па пачатковай апрацоўцы лёну.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праз Чашнікі праходзяць аўтамабільныя дарогі: Р62 (Чашнікі — Клічаў — Бабруйск), Р86 (Багушэўск (ад М8) — Сянно — Мядзел) і Р111 (Бешанковічы — Чашнікі).

Аўтобусная станцыя злучае места з сталіцай краіны Менскам і абласным цэнтрам Віцебскам.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятны знак Янку Журбе

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічае Чашніцкі гістарычны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Чашнікі» (пляц Волі, 5).

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Забудова гістарычная (XIX — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
  • Могілкі юдэйскія
  • Царква Сьвятога Спаса (1843—1875)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замак (XVI стагодзьдзе)
  • Касьцёл Сьвятога Лукі і кляштар дамініканаў (1674, зруйнаваныя ў 1960-я) — адзін з найбольш прыгожых помнікаў архітэктуры барока ў Вялікім Княстве Літоўскім[21]
  • Кляштар марыявітак

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 156.
  3. ^ Чашніцкі раён. Гісторыя. Дарэвалюцыйны пэрыяд на Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 399.
  5. ^ а б в Грынявецкі В. Чашнікі // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 745.
  6. ^ Chmara A. Czaśniki // Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 776
  7. ^ Указ Президента Республики Беларусь от 20 января 2006 г. №36 «Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области»
  8. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 415.
  9. ^ Chmara A. Czaśniki // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 775
  10. ^ Грынявецкі В. Чашнікі // БЭ. Т. 17. — Менск, 2003. С. 268.
  11. ^ Грынявецкі В. Чашнікі // БЭ. Т. 17. — Менск, 2003. С. 267.
  12. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Менск, 2007.
  13. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  14. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ а б Торбина И. Родная улица моя // Чырвоны прамень. 2 верасьня 2016 г.
  17. ^ Лепель: память о еврейском местечке / Отв. ред.C. Амосова — М., 2015. С. 437.
  18. ^ Лепель: память о еврейском местечке / Отв. ред.C. Амосова — М., 2015. С. 436.
  19. ^ Лепель: память о еврейском местечке / Отв. ред.C. Амосова — М., 2015. С. 435.
  20. ^ Лепель: память о еврейском местечке / Отв. ред.C. Амосова — М., 2015. С. 442.
  21. ^ Ярашэвіч А. Чашніцкі кляштар дамініканцаў // БЭ. Т. 17. — Менск, 2003. С. 268.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Чашнікісховішча мультымэдыйных матэрыялаў