Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 53°55′1″ пн. ш. 27°36′11″ у. д. / 53.91694° пн. ш. 27.60306° у. д. / 53.91694; 27.60306

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру
афіц. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору

Бакавы ўваход у ІМЭФ (2019 год)
Абрэвіятура ІМЭФ
Папярэднік аддзел мастацтвазнаўства Інстытуту літаратуры і мастацтва
Дата ўтварэньня 11 ліпеня 1957 (64 гады таму)
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта дасьледаваньне этнакультурных працэсаў
Штаб-кватэра Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2
Месцазнаходжаньне Менск
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры
Афіцыйныя мовы беларуская, расейская
Кіраўнік Валеры Жук[1]
Навуковы сакратар Аляксандар Гурко[2]
Асноўныя асобы Міхаіл Піліпенка, Тамара Габрусь, Анатоль Кулагін
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Зьвязаныя кампаніі Музэй старажытнабеларускай культуры
Колькасьць супрацоўнікаў 68 (2021 год)[3]
Сайт imef.basnet.by

Інстыту́т мастацтвазна́ўства, этнагра́фіі і фальклёру імя Кандра́та Крапівы́ (рас. Институт искусствоведения, этнографии и фольклора) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заснаваная ў ліпені 1957 году.

На 2021 год ІМЭФ налічваў 8 аддзелаў: 1) архітэктуры, 2) выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 3) музычнага мастацтва і этнамузыкалёгіі, 4) народазнаўства, 5) старажытнабеларускай культуры, 6) тэатральнага мастацтва, 7) фальклярыстыкі і культуры славянскіх народаў, 8) экранных мастацтваў[3]. У асьпірантуру і дактарантуру прымалі па 6 спэцыяльнасьцях: 1) выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і архітэктура; 2) гісторыя і тэорыя мастацтва; 3)кіна-, тэле- і іншыя экранныя мастацтвы; 4) музычнае мастацтва; 5) тэатральнае мастацтва; фальклярыстыка; 6) этнаграфія, этналёгія і антрапалёгія[4]. Выдаваўся штогадовы зборнік навуковых артыкулаў «Пытаньні мастацтвазнаўства, этналёгіі і фальклярыстыкі»[5]. ІМЭФ зьяўляўся філіяй Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ[6] і ўваходзіў у склад Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ[2]. Пры Інстытуце дзейнічаў Музэй старажытнабеларускай культуры.

Паслугі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2019 год ІМЭФ аказваў наступныя паслугі: экскурсія па Музэі старажытнабеларускай культуры, экспэртыза народнагаспадарчых праграмаў і праектаў нарматыўных прававых актаў у галіне культуры, падрыхтоўка навукова-папулярных выданьняў і дасьледаваньні ў галіне мастацтвазнаўства[7].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Таблічка ІМЭФ (2019 год)

11 ліпеня 1957 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову аб стварэньні Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру (ІМЭФ) на аснове сэктару этнаграфіі і фальклёру Інстытуту гісторыі і сэктару мастацтвазнаўства Інстытуту літаратуры Акадэміі навук БССР. Першым кіраўніком ІМЭФ стаў акадэмік Пятро Глебка[8]. Таксама ў Інстытуце працаваў сябар-карэспандэнт Іван Гутараў. У 1966 годзе Ўладзімер Няфёд атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за 3 манаграфіі: «Тэатар у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатар (1946—1959)» (1961) і «Станаўленьне беларускага савецкага тэатру, 1917—1941» (1965). У 1967 годзе выйшла дасьледаваньне «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасьць»[9]. У 1967 годзе ў Інстытуце было 5 сэктароў: 1) выяўленчага мастацтва, 2) музычнага мастацтва, 3) тэатру і кіно; 4) фальклёру; 5) этнаграфіі. Дасьледнікі ІМЭФ выдалі 328 манаграфіяў, 6 зборнікаў навуковых артыкулаў і 12 зборнікаў фальклёрных твораў. У Інстытуце налічвалася 77 супрацоўнікаў, зь іх 25 кандыдатаў навук, 4 дактары навук, 1 сябар-карэспандэнт і 1 акадэмік Акадэміі навук БССР. У 1969 годзе Дзяржаўны камітэт па навуцы СССР і Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзілі Пастановы аб падрыхтоўцы шматтомнага «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», для чаго стварылі адпаведны сэктар[8]. У 1969—1970 гадах выдалі 2-томнік «Гісторыя беларускага кіно». У 1973-м выйшла супольная праца «Беларускае народнае жыльлё». У 1974-м — «Народная сельскагаспадарчая тэхніка беларусаў». У 1975-м — «Беларускае народнае адзеньне». У 1976-м Лідыя Цягака выдала «Нарысы па антрапалёгіі Беларусі»[9].

У 1976 годзе сэктар тэатру і кіно падзялілі на сэктар кінамастацтва і сэктар тэатральнага мастацтва. У выніку навуковых выправаў пры ўдзеле Юрыя Хадыкі ў сэктары старажытнабеларускай культуры стварылі збор помнікаў мастацкай і матэрыяльнай культуры Беларусі. У 1979 годзе на яго аснове заснавалі Музэй старажытнабеларускай культуры[8]. У 1978-м Інэса Салівон выдала працу «Антрапалёгія Беларускага Палесься». У 1964, 1970, 1972 і 1979 гадах 2-і кіраўнік ІМЭФ Васіль Бандарчык выдаў 4 манаграфіі па гісторыі беларускай этнаграфіі. У 1980-м выпусьцілі супольную працу «Этнічныя працэсы і лад жыцьця». У 1981 годзе Аляксей Мікуліч выдаў працу «Біялягічнае і сацыяльнае ў фармаваньні антрапалягічных асаблівасьцяў»[9]. У 1981 годзе ў Інстытуце працавала 174 чалавекі, зь іх 40 кандыдатаў навук, 6 дактароў навук і 3 сябры-карэспандэнты Акадэміі навук БССР[8]. У 1985-м Зінаіда Мажэйка выпусьціла працу «Калядна-песенная культура Беларусі». Таксама ў 1985 годзе выйшла супольнай праца «Этнаграфія беларусаў: гістарыяграфія, этнічная гісторыя»[9]. У 1986 годзе Музэй старажытнабеларускай культуры ІМЭФ ключавую ролю ва ўратавань помнікаў духоўнай і матэрыяльнай культуры раёнаў Беларусі, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы[8]. У 1986-м дасьледнікі ІМЭФ атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі за выдаваны 44-томнік «Беларуская народная творчасьць» (1970—1997). У 1983—1987 гадах выйшаў 3-томнік «Гісторыя беларускага тэатру». У 1988-м выдалі «Экран і культура: беларускае кіно і тэлебачаньне ў сыстэме мастацкай культуры». У 1989 годзе ў Інстытуце стварылі дактарантуру. У 1987—1989 гадах выйшла 3 працы па гісторыі беларускай фальклярыстыкі. У 1990-м дасьледнікі ІМЭФ атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі за 7-томнік «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—1988)[9].

7 жніўня 1992 году Кабінэт міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 447 аб прысваеньні ІМЭФ імя Кандрата Крапівы[8]. У 1993-м выдалі супольную працу «Грамадзкі быт і культура сельскага насельніцтва Беларусі», а таксама кнігі «Узроўні агульнасьці фальклёру ўсходніх славян» і «Усходнеславянскі фальклёр: слоўнік навуковай і народнай тэрміналёгіі». У 1994-м выпусьцілі «Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі Адраджэньня». У 1995 годзе выйшаў 1-ы том абагульняльнай працы «Беларусы». У 1996-м выйшаў 1-ы том даведніка-каталёга «Усе беларускія фільмы» і праца «Экалягічныя зьмены і біякультурная адаптацыя чалавека». Таксама ў 1996 годзе дасьледнікі Інстытуту атрымалі Дзяржаўную прэмію Беларусі за 6-томнік «Гісторыя беларускага мастацтва» (1987—1994)[9]. У 1997 годзе ў Інстытуце працавала 105 дасьледнікаў, зь іх 35 кандыдатаў навук, 21 доктар навук і 4 сябры-карэспандэнты[8]. У 1990—1997 гадах выпусьцілі 5-томнік «Музычны тэатар Беларусі». У 1997-м выйшлі «Беларуская этнамузыкалёгія: нарысы гісторыі (ХІХ—ХХ стст.)» і «Кампазытары Беларусі» Тацяны Мдзівані і Раісы Сергіенкі. На 1998 году ІМЭФ налічваў 10 аддзелаў: 1) антрапалёгіі і экалёгіі, 2) архітэктуры, 3) выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 4) кіно і тэлемастацтва, 5) музычнага мастацтва і этнамузыкалёгіі, 6) тэатральнага мастацтва, 7) славістыкі, 8) фальклярыстыкі, 9) этналёгіі. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: заканамернасьці разьвіцьця беларускага мастацтва, яго значэньне ў беларускай культуры і ўзаемінах зь іншымі народамі; народны побыт, беларуская духоўная і матэрыяльная культура, грамадзкія заканамернасьці ўтварэньня іх рысаў; гісторыя і тэорыя беларускай народнай творчасьці, яе ўзаемасувязь з вуснай паэзіяй іншых славянскіх народаў; вывучэньне гаспадарча-культурнага разьвіцьця вёсак і гарадоў Беларусі, беларускага дойлідзтва і помнікаў старажытнабеларускага мастацтва[9]. 2 жніўня 2001 году Савет міністраў Беларусі ўхвалі Пастанову № 137, які аднёс да нацыянальнага набытку збор фальклёрных запісаў і збор аддзелу старажытнабеларускай культуры ІМЭФ[8]. У 2012 годзе Інстытут улучылі ў якасьці філіі ў склад Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (ЦДБКМЛ) НАНБ. Кіраўнік ІМЭФ Аляксандар Лакотка стаў ягоным кіраўніком. Пасаду кіраўніка ІМЭФ заняў Валеры Жук.

Шматтомнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Адміністрацыйна-кіраўнічы апарат(рас.) // Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  2. ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня гуманітарных навук і мастацтваў // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 27 лютага 2019 г. Архіўная копія ад 7 чэрвеня 2019 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  3. ^ а б Аддзелы(рас.) // Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  4. ^ Асьпірантура і дактарантура(рас.) // Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  5. ^ Правілы для аўтараў(рас.) // Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  6. ^ Філія «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы» // Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры (ЦДБКМЛ) НАНБ, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  7. ^ Прадукцыя і паслугі // Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАНБ, 2021 г. Праверана 24 лютага 2021 г.
  8. ^ а б в г д е ё ж Аляксандар Лакотка, Валеры Жук. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру імя Кандрата Крапівы // Аддзяленьне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (да 75-годзьдзя з дня заснаваньня) / гал.рэд. Аляксандар Каваленя. — Менск: Беларуская навука, 2011. — С. 238—257. — 321 с. — ISBN 978-985-08-1326-8
  9. ^ а б в г д е ё Міхаіл Піліпенка. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 268269. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]