Фара Вітаўта (Горадня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Чарцёж Фары Вітаўта, 1803

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, больш вядомы як Фара Вітаўта — рымска-каталіцкі храм у Горадні. Збудаваны ў гатычным стылі, у далейшым зазнаў перабудовы ў стылях рэнэсансу, барока, псэўдарускім і нэагатычным. Відаць з прычыны сваёй моцнай сымбалічнасьці касьцёл быў ўзарваны савецкімі ўладамі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выява фары Вітаўта на гравюры Адэльгаўзэна і Цюнта, 1568
Фара Вітаўта, перабудаваная Антоніем Дзікрыпам, Т.Макоўскі, 1600
  • 1804 — касьцёл перададзены пад праваслаўную царкву.
  • 1807 — адрамантаваны ў стылі клясыцызму храм і пераасьвячоны ў сабор Сьвятой Сафіі.
  • 1870 — перабудаваны архітэктарам Гур’евым.
  • 9 траўня 1892 — моцна пашкоджаны пажарам, у выніку чаго абваліліся скляпеньні.
  • 18961899 — рэканструяваны архітэктарам М. Чагіным ў псэўдарускім стылі.
  • 1919 — вернуты каталікам, выкарыстоўваўся як гарнізонны касьцёл.
  • 1923 — перабудаваны пасьля пажару архітэктарам В. Гэнбэргам.
  • 1935 — ізноў здарыўся пажар, што прывяло да новай рэканструкцыі (архітэктар А.Сасноўскі).
  • 29 лістапада 1961 — узарваны савецкімі ўладамі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фара Вітаўта, перабудаваная ў псэўдарускім стылі, канец ХІХ

Драўляны храм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Збудаваны Вітаўтам драўляны фарны касьцёл месьціўся на заходнім баку Старога рынка ля вуліцы Замкавай. Ягоны выгляд, на жаль, не вядомы.

Мураваны храм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяжка сказаць, калі фарны касьцёл быў змураваны з цэглы. Дакладна вядома, што мураваны касьцёл быў фундаваны Стэфанам Баторыям. Аднак аб тым якім чынам перабудоўваўся касьцёл Вялікім князем Аляксандрам і каралевай Бонай няма дакладных сьведчаньняў.

Гравюра Томаша Макоўскага 1600 год дакладна перадае выгляд храма збудаванага італьянскім архітэктарам Антоніем Дзікрыпам па замове Стэфана Баторыя. Рэнэсансны храм з моцнымі гатычнымі рысамі стаяў на пагорку ля рынкавай плошчы, да якой быў зьвернуты апсыдай. Трохнефны васьміслуповы храм з гранёнай апсыдай прэзьбітэрыя і закрыстыяй з паўночнага боку быў накрыты высокім сьпільчастым дахам, што ўласьціва готыцы. Нэфы храма былі перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі, пры чым цэнтральны быў крыху вышэй за бакавыя. Вышынную дынаміку храма падкрэсьлівала шматярусная вежа на галоўным фасадзе зь фігурным завяршэньнем. Вонкавыя сьцены кафалікона умацаваны контрфорсамі ў выглядзе пілястраў між якімі перакінуты лучковыя аркі, якія разам з контрфорсамі ўтварылі совеасаблівую рэнэсансную аркаду. Вокны храма мелі стральчатую форму, што ўласьціва архітэктуры готыцы.

Першапачаткова мастацкае вырашэньне зьнешніх сьценаў храма грунтавалася на кантрастным спалучэньні чырвонага колеру адкрытай муроўкі і белага колеру атынкаваных пілястраў. Гэта вельмі характэрны дэкаратыўны прыём для готыкі Вялікага княства (падобная апрацоўка захавалася, прыкладам, у Мірскім замку ці Мураванкаўскай царкве). Пазьней сьцены былі атынкаваны цалкам.

Некаторыя паверхі вежы мелі баявыя байніцы, што, верагодна, зьяўляецца ўплывам моцнай традыцыі абарончага храмабудаўніцтва ў ВКЛ.

Перабудова ў царкву[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фара Вітаўта, 1915

Першая перабудова ў пачатку ХІХ стагодзьдзя кардынальна не закранула структуру храма. Касьцёл набыў рысы клясыцызму: завяршэньне вежы атрымала форму высокага шатра з гранёнай вежачкай, па бакох храма былі прыбудаваны нізкія прыдзелы.

Другая рэканструкцыя пасьля моцнага пажару 1892 году амаль да непазнавальнасьці зьмяніла храм. Храм быў адбудаваны ў псэўдарускім стылі па праекце М. М. Чагіна. Над дахам паўстала традыцыйная кампазыцыя зь пяці вежачак з цыбулепадобным завяршэньнем, вежа пераўтворана ў званіцу з шатровым дахам, фасады былі апрацаваны элемэнтамі псэўдарускага стылю: какошнікамі, броўкамі, парэбрыкам і г. д.

Нэагатычная рэканструкцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл рэстаўраваны ў стылі нэаготыкі, канец 1930-х

Зь пераходам улады ў Заходняй Беларусі і Горадні да палякаў, касьцёл быў вернуты каталікам і перададзены пад гарнізонны храм. Даволі хутка адбылася рэканструкцыя, у выніку якой быў адноўлены высокі сьпічасты дах, вежа была завершана сьціплым шатровым завяршэньнем.

Зьнішчэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

8 сакавіка 1961 году Выканком Гарадзенскага гарсавету дэпутатаў працоўных прыняў рашэньне №213 «Аб зносе аварыйнага будынка былога ваеннага касьцёла на Савецкай плошчы». Мэтазгоднасьць абгрунтоўвалася «генэральнай забудоўкай горада». Брыгада падрыўнікоў зь «Ленвыбухпрама» (Ленінград) на працягу двух дзён мініравала так званы «аварыйны» касьцёл з магутнымі сьценамі ў 1,5 мэтры. Выкарыстана было 2 тоны выбуховага рэчыва. У 2 гадзіны ночы з 28 на 29 лістапада 1961 году вайсковыя сапёры і супрацоўнікі КДБ выканалі загад. Вялізную гару абломкаў прыбралі за 2 дні [1].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Фара Вітаўта (Горадня)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў