Беларуская міталёгія

Белару́ская міталёгія — комплекс вераваньняў насельніцтва Беларусі. Уключае сыстэму дахрысьціянскіх мітаў (аб якой амаль не засталося крыніц), а таксама «народная біблія» — апакрыфічныя народныя ўляўленьні пра хрысьціянскага Бога, інтэрпрэтацыі розных біблейскіх падзеяў і пэрсанажаў. Пры гэтым сюжэтная аснова Народнай Бібліі з большасьці язычніцкая, пэрсанажам Бога, Д’ябла, Хрыста ў ранейшых вэрсіях маглі адпавядаць постаці паганскіх багоў. Сьвятыя (Юрай, Пятро, Ільля) у гэтых сюжэтах кіруюць прыроднымі зьявамі і па сваіх функцыях, атрыбутыцы фактычна адпавядаюць пэўным дахрысьціянскім божышчам. Сёньня тэма беларускай міталёгіі вельмі мала вывучаная, цікавасьць да яе фармуецца, яна кладзецца ў аснову мастацкіх твораў («Аб багох крывіцкіх сказы» Сяргея Хмары і іншыя), але гэты працэс ідзе пакуль што вельмі павольна.
Праблема крыніц[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У адрозьненьне ад грэцкай, эгіпецкай, шумерскай міталёгіяў, беларуская не пакінула аб сабе ніякіх рэлігійных тэкстаў, ніякіх пісьмовых зьвестак ад асобы людзей, якія ў яе верылі. Акрамя таго, амаль не захавалася і артэфактаў, што можа сведчыць, па-першае, аб вялікшай нецярпімасьці, зь якой тутэйшыя князі і царква ставіліся да паганскіх вераваньняў, па-другое, аб шкодным уплыве шматлікіх войнаў. Усе наяўныя сёньня зьвесткі пачэрпнутыя з хрысьціянскіх павучэньняў супраць язычніцтва, з тэкстаў іншаземных гісторыкаў (Пракопій Кесарыйскі), а таксама з дасьледаваньняў фальклярыстаў і этнографаў ХІХ—ХХ стагодзьдзяў. Болей за тое, верыфікацыя многіх крыніц складаная. Фальклярыст Павал Шпілеўскі быў вядомы сваім легкадумным стаўленьнем да міталёгіі, ён беспадстаўна вылучаў імёны багоў з народных прыказак, дыялектных словаў, песень. Этнаграфічныя дасьледаваньні М. С. Кацара і У. Васілевіча таксама крытыкаваліся за магчымую неаб’ектыўнасьць. Матэрыялам дзеля фальклярыстаў былі народныя песьні, казкі, вышыўкі адзеньня, загадкі і інш.
Карціна сьвету ў беларускай міталёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Няма адзінай думкі наконт таго, як уяўлялі сусьвет старажытныя беларусы-язычнікі. Некаторыя народныя песьні і загадкі даюць падставу сьцьвярджаць, што восьсю сусьвету было касмічнае дрэва, падобнае да скандынаўскага Ігдрасіля. На ім месьцілася Зямля, у кароне было неба і прытулак дзеля птушак, а ў каранях знаходзіўся падземны сьвет. У пачатку ХХ ст. палешукі, паводле А. Сержпутоўскага, лічылі, што Зямля стаіць на вялікай рыбіне. Паводле П. П. Дземідовіча, беларусы думалі, нібыта Зямля — гэта тонкая скура, якая пакрывае зьверху бяздонны акіян. У полі часам сустракаюцца яміны, якія з’яўляюцца «брамамі» ў гэтую водную бездань, і там быццам жыве Д’ябал.
На краі сьвету ці ў яго цэнтры (міталягічнаму мысьленьню наогул уласьцівае атоесамліваньне ўскраіны і цэнтру) знаходзіцца вялікая гара, у якой жыве Сатана, альбо на якой расьце дрэва (магчыма, рэха міта пра Сусьветнае Дрэва). Ці то на ўскраіне сьвету, ці то ў кароне Дрэва месьціцца Вырай — зімовы прытулак дзеля птушак і душ памерлых.
Стварэньне сьвету ў беларускай міталёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паганскі касмаганічны міт не захаваўся. Але шэраг валачобных песень, народных балад, паданьняў, апокрыфаў «народнай бібліі» утрымлівае рэшткі нехрысьціянскіх касмаганічных матываў. Але гэтыя матывы часта супярэчаць адзін аднаму, адзіная касмаганічная сыстэма з іх не выбудоўваецца.
- Разьбіваньне камня. У паданьні «Адкуль пайшлі беларусы» паведамляецца, што бог Пярун пачаў кідаць маланкі ў камень, што стаяў пасярод мёртвай вады. Ад камня адскочылі яскаркі, ад якіх нарадзіліся Зямля і ўсё жывое. У веснавых песьнях конь сьвятога Юрая (пазьнейшы заменьнік бога Ярылы) разьбівае валун.
- Рассыпаньне пяску па марской паверхні. У паданьні «Пра паходжаньне Д’ябала і балот» Бог рассыпае марскі глей па акіянскай паверхні, глей цьвярдзее, і зь яго ўтвараецца Зямля. Аналягічным чынам ствараюць Зямлю балцкі бог Дзевас і сыбірскі Нум. Гэты ж міт пераклікаецца і са зьвесткамі П. П. Дземідовіча аб тым, што Зямля, ва ўяўленьнях беларусаў, — тонкая скура на паверхні касьмічнага акіяну.
- Птушка губляе жалуд. У валачобнай песьні «два галубочкі» губляюць «два жалудочкі», зь якіх растуць два дубы (магчыма, рэшта вобразу Сусьветнага дрэва), на дубах гараць сьвечкі (верагодна, зоркі), а вакол іх разьліваецца мора. У іншай валачобнай песьні сава губляе жалуд, і зь яго вырастае дуб.
Божышчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дундар (Пярун)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Агульны дзеля ўсходніх славян бог маланак, дажджу, вайны і княжацкай улады. На Слонімшчыне і Мядзельшчыне насіў імя Дундар (Дундаль).
Макош (альбо Мокаш)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Багіня ніжэйшага сьвету, жаночай працы.
Вялес[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Бог паляваньня, гадоўлі скаціны, багацця, гандлю. Неаднарозова прысоўваліся і крытыкаваліся гіпотэзы аб магчымым міце пра ворагаваньне Вялеса і Пяруна (Дундара).
Ярыла[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Боскі статус спрэчны, мог быць духам вясны, каханьня, цеплыні. Яго імя ў старажытных крыніцах адсутнічае, вобраз цалкам адноўлены па матэрыялах фалькларыстаў і этнографаў. Пазней у народным кульце сьвятых яму адпавядалі па функцыях сьвяты Юрай, а таксама, верагодна, Пятро.
Яшчар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Божышча ніжэйшага сьвету, магчыма меў зьмяіныя рысы. Як мяркуецца, упершыню згаданы ў польскіх крыніцах ХV ст. пад імем Iаsse, Iesse[1] (скарочаная форма — jaze — «змей»)[2].
Мара[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Верагодна, багіня сьмерці. Назва гораду Мар’іна Горка можа паходзіць ад прыгорка, які быў калісьці культавым аб’ектам багіні Мары.
Даждзьбог[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магчыма, бог сонца.
Стрыбог[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магчыма, бог вятроў,
Зара-Зараніца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У старажытных крыніцах не згадваецца, але фігурыруе ў замовах: да яе зьвяртаюцца, каб дапамагла ад хваробаў. У старажытнай рэлігіі ёй магло адпавядаць жаночае божышча.
Існуе таксама шмат гіпатэтычных божышчаў, якіх хутчэй за ўсё выдумалі дасьледчыкі, беспадстаўна вылучылі іх з пазьнейшых уяўленьняў пра духаў, дэманаў, з лексічных абаротаў і фальклёрных твораў. Гэта Лада, Лёля, Каляда, Купала, а таксама шматлікія «багі», якіх згадвае П. Шпілеўскі: Сева, Лазавік, Зюзя, Талака, Жыжаль, Жыцень, Жытняя Баба, Чур, Паляндра, Дзявоя, Пахвіст і інш. Крытыкуецца і постаць бога Бялуна, пра якога паведамляе фалькларыст Адам Кіркор.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Moszynski К. Kultura ludowa Slowian, § 475, s. 585.
- ^ Рыбаков Б. А. Язычество древних славян. Часть третья. Истоки славянской мифологии
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны слоўнік — Мінск: Беларусь, 2004
- Веснавыя песні / Уклад. Г. А. Барташэвіч, Л. М. Салавей, В. І. Ялатаў. Мн., 1979.
- Васілевіч У. Зямная дарога ў Вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер’і. — Мінск : Беларусь, 2010.- 717 с : іл.
- Вуглік, І. Р. Міфалогія беларусаў : навучальна-метадычны дапаможнік / І. Р. Вуглік. — Мінск : Сучасныя веды, 2005. — 151 с.
- Казакова, І. В. Беларускі фальклор: вучэбны дапаможнік/ І. В. Казакова. — Мінск: выдав. Цэнтр БДУ, 2007. — С.10-25
- Кацар М. С. Беларускі арнамент. Ткацтва, вышыука / пер. з рус. мовы, літ. апрац. і навук. рэд. Я. М. Сахута. — 2-е выд. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 223 с.: іл.
- Крук Я. Сімволіка беларускай народнай культуры. Мінск : Беларусь, 2011. — 430 с: іл.
- Малашук І. М. Сонца ў эпічных жанрах вуснапаэтычнай творчасці / І. М. Малашук // Гістарычны альманах. — 2002. — № 8
- Малашук, І. М. Архетып сонца ў беларускім фальклоры / І. М. Малашук — Мінск: Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, 2003, — С.10-14
- Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл.
- Новак В. С. Міфалагічныя ўяўленні беларусаў / пад рэдакцыяй В. С. Новак — Мн.: «Право и экономика», 2010
- Пашкоў, Г. П. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя. Т. 2 /Г. П. Пашкоў. — Мінск: БелЭн, 2006. — 832 с
- Стаіць зямля пасярод свету… Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн.1. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 1996.
- Санько, С. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, І. Клімовіч. — Мінск: Беларусь, 2006. — 599 с