Гарадзенскае княства
Дата заснаваньня / стварэньня | 1116 |
---|---|
Сталіца | Горадня |
Пасада кіраўніка дзяржавы | князь гарадзенскі |
Наступнік | Гарадзенскі павет |
Дата спыненьня існаваньня | 1240 |
Гарадзенскае княства — удзельнае княства Тураўскай, пазьней Наваградзкай зямлі і Вялікага Княства Літоўскага. Існавала ў пачатку XII — пачатку XV стст.[1] Сталіца — Горадня. Разьмяшчалася ў басэйне сярэдняга Нёмана. Выгаднае геаграфічнае становішча княства (мела выхад у Балтыйскае мора і зьвязкі праз прытокі Нёмана з басэйнамі Дзьвіны, Прыпяці і Дняпра) спрыяла яго хуткаму эканамічнаму і культурнаму разьвіцьцю.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гарадзенскае княства вылучылася з Тураўскай зямлі ў 1116 як удзел для князя Усеваладкі, што пабраўся шлюбам з дачкой Уладзімера Манамаха. Княства знаходзілася ў палітычнай залежнасьці ад князя кіеўскага і рэлігійна падпарадкоўвалася Тураўскай япархіі.
У 1128 Усевалад браў удзел у паходзе кіеўскага князя Мсьціслава Уладзімеравіча на Полацак, у 1132 — на Літву. Імаверна, па сьмерці Ўсевалада з Гарадзенскага княства вылучылася 2 удзелы — Ваўкавыскі і Наваградзкі.
У 1144 князі Барыс Усеваладавіч і Глеб Усеваладавіч удзельнічалі ў паходзе кіеўскага князя Усевалада на Галіцка-Валынскае княства. У 1150 Барыс падтрымаў Ізяслава Мсьціславіча ў барацьбе за кіеўскі пасад, у 1151 ягоныя войскі бралі ўдзел у аблозе Кіева, па чым гналі войска князя Юрыя Уладзімеравіча да Белгараду. У 1174 гарадзенскія палкі на чале з Мсьціславам Усеваладавічам удзельнічалі ў паходзе Андрэя Багалюбскага на Кіеў. У 1167, 1170, 1184 у складзе аб’яднаных дружынаў гарадзенцы хадзілі на полаўцаў[1].
У апошняй чвэрці XII ст. склалася Гарадзенская архітэктурная школа. У гэты час у Горадні збудавалі чатыры царквы, княскі палац і ўмацаваньні на дзядзінцы. У Ваўкавыску заклалі, але не дабудавалі, царкву на ўзор гарадзенскіх. Яшчэ адну царкву ўзьвялі ў Наваградку.
У сярэдзіне XIII ст.[2] Гарадзенскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, хоць у адрозьненьне ад іншых княстваў Наваградзкай зямлі (Ваўкавыскага, Слонімскага, уласна Наваградзкага) яно не згадваецца як асобнае ўладаньне. Відаць, у гэты час у Горадні не было свайго князя, а тэрыторыяй княства кіраваў намесьнік вялікага князя. У 1274 вялікі князь Трайдзень сіламі гарадзенцаў адваяваў у Галіцка-Валынскага княства Дарагічын (Падляшша). У 1270-я — 1280-я сюды перасялілася частка прусаў-бартаў, што ўцякалі ад крыжакоў. З дапамогай прускіх перасяленцаў у 1277 абаронцы Горадні адбілі супольны паход татараў і залежных ад іх князёў Русі.
Пазьней Горадня зрабілася цэнтрам барацьбы супраць крыжакоў. У 1320-я на пасадзе тутэйшага намесьніка згадваецца Давыд. Па сьмерці вялікага князя Гедыміна (1341) Гарадзенскае княства аднавілася як адзін з удзелаў ягонага сына Кейстута. Апошні перадаў княства свайму сыну Паціргу, які ўзначальваў абарону Горадні ад крыжакоў у 1365. У пачатку 1380-х тут княжыў Вітаўт, пазбаўлены аднак Гарадзенскага княства па паразе Кейстута ў міжусобнай барацьбе зь Ягайлам. У 1384 Вітаўт вярнуў сабе княжаньне. Нават па ягоным няўдалым мецяжы (1387), які прывёў да ўцёкаў у Прусію, гарадзенская залога захавала вернасьць Вітаўту і не паддалася войскам Ягайлы. Па прыходзе Вітаўта да ўлады ў Вялікім Княстве Літоўскім (1392) Гарадзенскае княства зрабілася беспасярэднім уладаньнем вялікіх князёў і канчаткова пераўтварылася ў намесьніцтва.
Князі гарадзенскія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- не пазьней за 1117—1141 або 1142: Усеваладка
- 1141 або 1142 — не пазьней за 1166: Барыс Усеваладавіч
- не пазьней за 1166—1170: Глеб Усеваладавіч
- 1170 — не раней за 1183: Мсьціслаў Усеваладавіч
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Я. Г. Звяруга. Гарадзенскае княства // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 470.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Гарадзенскае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 496.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.— 366 с.: іл. ISBN 5-340-00614-Х.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4