Смаленскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Смаленскае ваяводзтва
лац. Smalenskaje vajavodztva
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Смаленск
Дата ўтварэньня 1508
Дата скасаваньня 1654
Ваяводы Ваяводы смаленскія
Кашталяны Кашталяны смаленскія
Плошча 53 тыс. км²
Час існаваньня 1508—1667 (1793)
Месцазнаходжаньне Смаленскага ваяводзтва
Смаленскае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Смале́нскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 53 тыс. км²[1]. Сталіца — места Смаленск.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гербы Смаленшчыны, XV—XVI ст.

Утварылася ў 1508 годзе на аснове Смаленскага намесьніцтва (колішняга Смаленскага княства). У 1514 годзе тэрыторыю ваяводзтва акупавалі войскі Маскоўскай дзяржавы.

Бортнік ліцьвін (Lütwin[b]). Адна зь першых этнаграфічных выяваў беларусаў, 1730—1740-я гг.[2]

У 1613 годзе Вальны сойм аднавіў Смаленскае ваяводзтва ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, што вызнала Масква пры складаньні Дэвулінскага замірэньня (1618)[3]. У склад ваяводзтва ўвайшлі смаленскія землі зь местамі Белым, Дарагабужам, Рославам, Смаленскам, Сярпейскам, маскоўскія «ўезды» Невель і Себеж з Красным Гарадком, Северская зямля з Трубчэўскім княствам, Почапская воласьць.

У 1620—1640-я гады на Смаленшчыне правялі валочную памеру. У 1621 годзе смаленскі соймік накіраваў першых паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай. У 1626 годзе ў Старадубе прайшоў першы павятовы шляхоцкі соймік.

Герб ваяводзтва зь вялікай літоўскай пячаткі апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста, 1764 г.

3 чэрвеня 1611 году войскі Вялікага Княства Літоўскага вызвалілі Смаленск. Па вызваленьні ў 1611—1626 гадох дзевяць местаў Смаленшчыны атрымалі Магдэбурскае права.

Мэдаль за вызваленьне Смаленску, 1613 г.

У 1633 годзе ўтварыўся Невельскі павет, скасаваны аднак у 1634 годзе. Паводле Палянскага міру (1634) у складзе Маскоўскай дзяржавы апынуліся часткі Смаленскага (з Масальскам і Сярпейскам) і Старадубскага (з Трубежам) паветаў агульнай плошчай каля 30 тыс. км². У 1635 годзе на тэрыторыі Севершчыны ўтварылася Чарнігаўскае ваяводзтва ў складзе Каралеўства Польскага. У 1638 годзе ўтварылася Смаленская каталіцкая дыяцэзія. У 1641 годзе ў межах сучаснага места (мясцовасьць Шэінаўка) на загад Уладзіслава Вазы паставілі першы ў Смаленску помнік — абэліск на Кургане Славы ў гонар перамогі над войскам Міхаіла Шэіна[4]. У 1646 годзе з Кіеўскага ваяводзтва ў склад Старадубскага павету перайшло Лоеўска-Любецкае староства. У 1638 годзе Невельская, Себеская і Краснагорская воласьці перайшлі да Полацкага ваяводзтва.

Плян Смаленску, 1627 г.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія войскі захапілі Смаленшчыну. Згодна з Андрусаўскім замірэньнем (1667) пад уладай Масквы апынуліся Смаленскі і Старадубскі паветы агульнай плошчай 45 тыс. км² (з апошняга ў складзе ВКЛ засталося толькі Лоеўска-Любецкае староства плошчай 8 тыс. км², улучанае ў Рэчыцкі павет). Пазьней ваяводзтва існавала толькі намінальна да канчатковага скасаваньня ў 1793 годзе.

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Смаленскага ваяводзтва ліцьвінамі (літвой): «многие люди Серпейского уезда, литва и русские, в розъезде» (1632 год)[5], «а из Смоленска были два литвины Мачионский да Островский» (1648 год)[6], «старец Манасия сказал: родом литвин[c], Смоленского уезду, государевы волости Ельни» (1674 год)[8], таксама пра смаленскіх баяраў Барадзіных — «…что было в поместье за литвином за Ондреем Бородиным» (Мажайская пісцовая кніга, 1626—1627 гады), тым часам сын Андрэя Ждан Барадзін значыўся сярод літвы дваровай у Мядыні (1550-я гады)[9]. У матрыкуле Інгальштацкага ўнівэрсытэту пад 1577 годам значыцца Eustachius Tissknowicz palatinides Smolienscensis Lituanus[10]. У XVIII ст. назва ліцьвіны (ліцьвіны Севершчыны) шырока ўжывалася датычна жыхароў колішняга Старадубскага павету, мову якіх называлі літоўскай[11][12][13].

У 1734 годзе маскоўская гаспадыня Ганна Іванаўна выдала таемны загад «Аб шлюбах маларосаў(uk)», дзе азначыла смаленскае насельніцтва «замежнымі жыхарамі» (рас. «…с Смоляны и с поляки и з другими зарубежными жителями»). У 1764 годзе маскоўская гаспадыня Кацярына II дала наступнае заданьне датычна Смаленшчыны і іншых захопленых Расейскай імпэрыяй земляў[d]:

Гэтыя правінцыі, а таксама Смаленскую трэба найлягчэйшымі спосабамі прывесьці да таго, каб яны абмаскаліліся ["обрусели"] і перасталі б глядзець, як волкі да лесу.

— Собственноручное наставление Екатерины ІІ князю Вяземскому при вступлении им в должность генерал-прокурора (февраль 1764 г.).

Выдадзены ў 1832 годзе расейскім літаратарам і перакладнікам Іванам Гур'янавым(ru) навучальны дапаможнік падаваў наступныя зьвесткі пра насельніцтва Смаленскай губэрні: «апроч расіянаў, частка літоўцаў»[14]. У 1846 годзе нямецкі гісторык прафэсар Дэрпцкага ўнівэрсытэту Фрыдрых Крузэ(ru) зазначаў[15]:

« Сапраўдныя літоўцы жывуць у былых Віленскім і Троцкім, Наваградзкім, Берасьцейскім Літоўскім, Менскім, Полацкім, Віцебскім, Амсьціслаўскім і Смаленскім ваяводзтвах. »

У 1860 годзе ўкраінскі этнограф Міхайла Леўчанка(uk) сьведчыў паводле ўласных назіраньняў, што «калі рухацца далей на поўнач [ад ракі Дзясны] праз Старадуб, Мглін да Рослава, вы паўсюль заўважыце адзін строй і адзіную гаворку — беларускую», адзначаючы пры тым наступныя асаблівасьці адзеньня: «шапка белая (яламок, мадзерка, мардзелка) лямцавая, у мужчыны, белая хустка (але не намітка) у жанчыны — гэта ліцьвіны або беларусы»[16]. Паводле дзёньніку Алены Скірмунт, часткова апублікаванага ў 1876 годзе пад назвай «3 жыцьця літвінкі, 1827—1874»: «Рослаў. Павінна быць Смаленская губэрня, адна з складных частак Вялікарасеі? О, не! Гэта наша Смаленскае ваяводзтва! Людзі такога ж самага тыпу, з той жа мовай і ўборамі. Праўда, сядзібы ў многім сталі больш брыдкія, хаця і зараз вялікія»[17]. Апроч таго, тоеснасьць жыхароў Смаленшчыны зь ліцьвінамі засьведчыў выдадзены ў 1865 годзе «Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы» расейскага навукоўца і пісьменьніка Ўладзімера Даля[18]: «литвин нацокает, что и не разберешь его; поколе жив смолянин не нацокается»[19].

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «залаты скіпэтар на фоне шэрага дыску, зьмешчанага на чырвонай харугве»[20].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межавала з Наўгародзкай зямлёю, на ўсходзе — з Маскоўскай дзяржавай, на поўдні — зь Севершчынай (з 1635 году Чарнігаўскім ваяводзтвам) і Амсьціслаўскім ваяводзтвам, на захадзе — зь Віцебскім ваяводзтвам.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абарона Смаленску, 1634 г.

Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Смаленскі і Старадубскі.

Назва Цэнтар Староствы
Смаленскі павет Смаленск Смаленскае
Дарагабускае
Рослаўскае
Старадубскі павет Старадуб Старадубскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Смаленску, павятовыя соймікі — у Смаленску і Старадубе. З 1667 году соймікі праходзілі ў Вільні: смаленскія — у касьцёле бэрнардынаў, старадубскія — у касьцёле кармэлітаў босых.

Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: біскупы смаленскія, ваяводы смаленскія і кашталяны смаленскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Смаленскае ваяводзтва мела двух сьвецкіх прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна, а таксама духоўнага — біскупа.

Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода смаленскі паводле значнасьці займаў месца па падольскім і перад люблінскім, кашталян — па камянецкім і перад люблінскім. Біскуп смаленскі займаў апошняе месца, па інфлянцкім, бо ачольваў наймалодшае біскупства[20]. За ўвесь час свайго існаваньня (у тым ліку і намінальны) ваяводзтва мела 18 біскупаў, 33 ваяводы, 27 кашталянаў.

Ваяводзкі мундзір складаўся з малінавага («кармазыновага») кунтуша, цёмна-сініх («гранатовых») жупана і адваротаў. Для Старадубскага павету — «сапфіровы» кунтуш, залатыя жупан і адвароты.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ст.-бел. Воеводство Смоленское; лац. Palatinatus Smolencensis, польск. Województwo smoleńskie
  2. ^ Відаць, зь ліцьвінаў Севершчыны. Арыгінальны подпіс: ням. «Eine in der Ukraine befindedt Nation Lütwin genannt, wie solhe abgebildet gehen»
  3. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[7]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  4. ^ Сборник Императорского Русского Исторического Общества. Т. 7: Бумаги Императрицы Екатерины II, хранящияся в Государственном Архиве Министерства Иностранных Дел. Ч.1 / Собраны и изданы, с Высочайшаго соизволения, по предначертанию Его Императорскаго Величества Государя Наследника Цесаревича, академиком Пекарским. — СПб.: Тип. Имп. Акад. наук, 1871. С. 348.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 39.
  2. ^ Возможно, это первое изображение белоруса в истории (но далеко не все в этом уверены). Так или иначе: посмотрите, какой красавчик!, CityDog.by, 13.09.2021 г.
  3. ^ Пазднякоў В. Смаленскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 598.
  4. ^ Кононов В. Слава Владислава // О чем говорит Смоленск. № 8 (54), 15.05.2012 г.
  5. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 400.
  6. ^ Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 3. — СПб., 1861. С. 12.
  7. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
  8. ^ Материалы для истории раскола за первое время его существования. Т. 3, ч. 3. — М., 1878. С. 340.
  9. ^ Кром М. М. Меж Русью и Литвой. Пограничные земли в системе русско-литовских отношений конца XV-первой трети XVI в. — 2-е изд., испр. и доп. — М., 2010. С. 270.
  10. ^ Czaplewski P. Polacy na studyach w Ingolsztacie. Z rękopisów Uniwersytetu Monachijskiego. — Poznań, 1914. S. 24.
  11. ^ Тиханов Н. Н. Бряский говор // Сборник отделения русского языка и словесности Императорской академии наук. Т. 76. — СПб., 1904. С. 119.
  12. ^ Древности. Т. 1, вып. 3. — М., 1899. С. 37.
  13. ^ Черниговского наместничества топографическое описание. — Киев, 1851. С. 233.
  14. ^ Гурьянов И. Г. Дитя-россиянин, или Новая географическая игра для детей, служащая им увеселением и наставлением к познанию Государства Российского. — М., 1832. С. 1.
  15. ^ Kruse F. Ur-Geschichte des Esthnischen Volksstammes und der Kaiserlich-Russischen Ostseeprovinzen Liv-, Esth- und Curland überhaupt, bis zur Einführung der christlichen Religion. — Moskau, 1846. S. 128.
  16. ^ Левченко М. Места жительства и метные названия русинов // Основа. № 1, 1861. С. 265.
  17. ^ Залескі Б. З жыцця літвінкі: з лістоў і нататак 1823—1874. — Менск: Выд-ва Вiктара Хурсiка, 2009. С. 186.
  18. ^ Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі. — Нью-Джэрзі, 1878. С. 37.
  19. ^ Даль В. И. Толковый словарь живого великорусского языка. Т. 2. — М., 1865. С. 1080.
  20. ^ а б Województwo smoleńskie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 342.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]