Перайсьці да зьместу

Зьміцер Дашкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Зьміцер Дашкевіч
лац. Źmicier Daškievič
Старшыня «Маладога Фронту»
23 траўня 2004 — 9 сьнежня 2017
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся20 ліпеня 1981 (44 гады)
Кушняры, Івацэвіцкі раён, Берасьцейская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
ПартыяМалады Фронт
Адукацыявышэйшая
Сужэнец Наста Дашкевіч
Узнагароды «Герой году 2006»[1], Ордэн Кастуся Каліноўскага[2], прэмія «Хартыі’97»[3]

Зьмі́цер Вячаслававіч Дашке́віч (нар. 1981, Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці[4], цяпер Беларусь) — беларускі палітык.

Былы лідэр беларускай моладзевай арганізацыі «Малады Фронт». 9 сьнежня 2017 году Дашкевіч быў заменены Яўгенам Васьковіча як лідэр «Маладога Фронту»[5].

Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 году ў Івацэвіцкім раёне Берасьцейскай вобласьці, да пяці гадоў жыў на Далёкім Усходзе — у пасёлку Ягаднае Магаданскай вобласьці. Вялікую частку жыцьця правёў у райцэнтры Старыя Дарогі Менскай вобласьці.

Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прымаў удзел у прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, падтрымліваючы кандыдата ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Разам зь іншымі чальцамі моладзевага руху прымаў удзел у акцыях пратэсту пасьля выбараў і ў кароткачасовым намётавым лягеры на цэнтральнай плошчы Менску. Пасьля ліквідацыі намётавага лягеру быў арыштаваны разам зь іншымі чальцамі моладзевага руху.

Перасьлед і вызваленьне

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 лістапада 2006 году Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара году пазбаўленьня волі па артыкуле 193-1 КК (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) з адбываньнем пакараньня ў Шклоўскай калёніі агульнага рэжыму. У сьнежні 2006 году міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Зьмітра Дашкевіча вязьнем сумленьня[6].

У лістападзе 2007 году Дашкевіч быў аштрафаваны па артыкуле 402 КК «Адмова альбо ўхіленьне сьведкі ад дачы паказаньняў» за адмову ад дачы паказаньняў супраць сваіх сяброў з «Маладога Фронту», у прыватнасьці, супраць Яна Шылы[7].

24 сакавіка 2011 року асуджаны на 2 гады агульнага рэжыму па абвінавачаньні ў злосным хуліганстве[4].

14 ліпеня 2022 году Зьмітру і Насьце Дашкевічам агучылі прысуды паводле ч.1 арт. 342 КК (Удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Зьмітра асудзілі да 1,5 году калёніі, як і прасіў бок абвінавачваньня, а Насту — да 3 гадоў «хатняй хіміі»[8]. У ліпені 2023 году Дашкевіч павінен быў выйсьці з калёніі, але яго затрымалі па новай крымінальнай справе. У кастрычніку таго ж году яго прыгаварылі яшчэ да году калёніі строгага рэжыму па артыкуле аб злосным непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі. У маі 2024 году супраць Дашкевіча распачалі новую крымінальную справу, а ў канцы верасьня стала вядома, што яго прыгаварылі да году і 3 месяцаў калёніі строгага рэжыму па артыкулах аб дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і аб злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі[9].

11 верасьня 2025 году быў памілаваны сярод 52-х палітвязьняў пасьля сустрэчы прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла зь беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Сярод адначасна вызваленых было 38 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, старшыня кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Уладзімер Мацкевіч, былы старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і галоўны рэдактар тыднёвіка «Рэгіянальная газэта» Аляксандар Манцэвіч і журналіст газэты «Новы час» Мікалай Дзядок. Памілаваныя іншаземцы паходзілі з 6 краінаў Эўропы, зь іх 10 з 3-х суседніх краінаў Эўразьвязу[10].

  1. ^ Чалавек году па вэрсіі Нашай нівы // Наша Ніва
  2. ^ Зьміцер Дашкевіч атрымаў ордэн Кастуся Каліноўскага, Хартыя’97
  3. ^ http://www.charter97.org/bel/news/2006/12/20/premia
  4. ^ а б Дашкевічу — 2 гады агульнага рэжыму. Лобаву — 4 гады ўзмоцненага рэжыму Палітыка. Радыё «Свабода»Праверана 25 сакавіка 2011 г.
  5. ^ Старшынёй «Маладога фронту» стаў былы палітвязень Яўген Глаголеў-Васьковіч Палітыка. Наша НіваПраверана 9 снежня 2017 г.
  6. ^ Zmitser Dashkevich: Prisoner of Conscience — Amnesty International (анг.)
  7. ^ Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча аштрафавалі
  8. ^ Наста Дашкевіч у свой дзень нараджэння папрасіла малітваў за Змітра Новы час Праверана 2023-04-02 г.
  9. ^ Экс-лидер «Молодого фронта» Змитер Дашкевич получил дополнительный срок в колонии строгого режима (рас.) Міжнароднае францускае радыё
  10. ^ Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных // Беларуская служба Радыё «Свабода», 11 верасьня 2025 г. Праверана 11 верасьня 2025 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]