Вэнэды

Вэнэ́ды, таксама вэнэты, вэнды, вінды — найбольш старажытная зафіксаваная ў пісьмовых крыніцах назва славянаў. Сустракаецца ў працах Плініюса Старэйшага, Тацыта, Пталемэя ды іншых. Сучасныя дасьледнікі адзначаюць складанасьць гэтай назвы ў гістарычным аспэкце[1].
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Назва вэнэды ўзыходзіць да індаэўрапейскай моўнай агульнасьці. У гістарычных крыніцах сустракаецца ў формах Venety, Vinety, Venedy, Venty, Henety, Anty, Vannes, Winitha, Winetes ды іншых, якія хутчэй за ўсё маю повязь з словам «вада» (праслав. venda) — 'водныя людзі'[2].
Празь землі вэнэдаў з Балтыйскага мора ракой Віслай і Карпацкім перавалам у Рымскую імпэрыю прыходзіў Бурштынавы шлях. Вэнэды адыгрывалі важную ролю ў асваеньні гэтага шляху, таму рымляне пашырылі назву вэнэды на ўсе тыя народы, якія насялялі басэйн Віслы. У Заходняй Эўропе назва вэнэды за славянамі захавалася ад Рымскай імпэрыі да позьняга сярэднявечча (напрыклад, Вэнэдзкія горы, Вэнэдзкая затока у Балтыйскім моры, Паўночныя Вэнэды на берагох Балтыйскага мора ды іншыя).
У XIII ст. прускі храніст Хрысьціян сьведчыў: «калісьці звалася Вэнэдыяй, а цяпер гэта Літва, адсюль і назва Вэнэдзкай затокі»[3] (лац. «Wenedia olim, nunc Lithphania, hinc sinus Venedicus dicitur»)[4]. Нямецкі гуманіст XVI ст. Філіп Мэлянхтон разумеў пад вэнэдамі ўсе тыя народы, якія карысталіся славянскай мовай, а дакладней, якія «гутараць на польскай мове». Але тут жа ўдакладняў, што вэнэды мелі агульную мову, якая магла адрозьнівацца асаблівасьцямі маўленьня ў залежнасьці ад мясьцінаў, дзе яны расьсяліліся. У пераліку краінаў, дзе жылі вэнэды, ён вылучыў Русь, Літву і Польшчу[5].
Нямецкі дыплямат Жыгімонт Гербэрштайн у XVI стагодзьдзі адзначаў, што народ, які размаўляў на славянскай мове, немцы за Лабай называлі «вэндамі» і «віндамі» (Wenden, Winden)[6]. Там жа існавалі землі Вэнэдыя і Славія, жыхарамі якіх былі вільцы-люцічы[7].
Нямецкі навуковец Герман Фаброніюс(de) у сваёй этнаграфічнай працы 1614 году («Newe Summarische Welt-Historia…») зазначаў: «Мова ў іх, у палякаў і ліцьвінаў — вэндзкая, у русінаў таксама, а ў прусаў нямецкая каля мора, усярэдзіне краіны — вэндзкая. У Лівоніі, аднак, маюць часткова нямецкую, часткова асаблівую мову, але зь некаторымі словамі вэндзкага паходжаньня, як то „нябёсы“ называюцца па-славянску nebesih, па-польску niebiessich, па-лівонску debbessis[a]… „Імя“ называецца па-вэндзку або па-славянску imi, па-польску imie… але па-лівонску waarz[b]. „Дзяржава“ называецца па-вэндзку Krailestuo, па-польску Krolestuvo, па-лівонску Walstibe[c]… „Хлеб“ называе лівонец Mayse[d]… паляк і багемец — Chlieba»[8].
Лічыцца, што назва ўсходнеславянскага племя вяцічаў мае повязь з вэнэдамі. Паводле адной з вэрсіяў, места Вэндэн заснавалі вэнэды, якія раней жылі ў зямлі куршаў[9]. У сучаснай фінскай мове сугучную з вэнэдамі назву (Venaja) маюць расейцы.
Гістарычныя крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рымскі консул, гісторык Публіюс Карнэліюс Тацыт (58—117 гады) пісаў, што вэнэды «перанялі шмат з нораваў германцаў», падобна «будуюць сабе дамы, носяць шчыты і падарожнічаюць пешшу». Ён разьмяшчаў вэнэдаў паміж пеўкінамі (востраў Пеўкі ў вусьці Дунаю) і фенамі (продкі паўночнага народа саамаў)[10].
Гоцкі гісторык і царкоўны дзяяч Ярдан (першая палова VI ст.) у кнізе «Аб паходжаньні і дзеях готаў» зьмяшчаў вэнэдаў ня на тэрыторыі Беларусі, а на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у раёне Кракава. Вэнэдаў нібыта перамог у IV ст. гоцкі кароль Германарых[11].
На думку польскага гісторыка і археоляга В. Генсаля, народ пад назвай вэнэці ў 1400 да н. э. засяляў паўночную Францыю, у 1200 да н. э. — Адрыятычнае ўзьбярэжжа паўночнай Італіі. Каля 1000 гадоў да н. э. народ пад назвай енатоі фіксуецца старажытнымі гісторыкамі ў Малой Азіі, у VI ст. да н. э. — на берагох Чорнага мора і ў басэйне ніжняй Віслы. Паводле зьвестак старажытнагрэцкага гісторыка Скалака Карыяндзкага, (в)энэты адрыятычныя — ілірыйскага паходжаньня або блізкія да кельтаў. У сярэдзіне I тысячагодзьдзя да н. э. да прыходу кельтаў у паўночную Італію яны займалі тэрыторыю Адрыятычнага ўзьбярэжжа паміж рэкамі По і Ізонца да Альпаў.
Паводле зьвестак старажытнагрэцкага гісторыка Палібіюса (III—II ст. да н. э.), які жыў у Рымскай імпэрыі і добра ведаў народы, што лякалізаваліся на тэрыторыі сучаснай Італіі, вэнэды ўжо ў канцы II тысячагодзьдзя да н. э. насялялі землі на поўнач ад Пічэны (Адрыятычнае ўзьбярэжжа). Адзеньнем і звычаямі яны не адрозьніваліся ад кельтаў, але размаўлялі на асаблівай мове (захавалася 200 кароткіх запісаў іх мовы).
Паводле высноваў расейскага гісторыка Аляксандра Неміроўскага, паганскае славянскае сьвята Купальле мае свае карані ў Купавоне — вобразе чалавека-лебедзя, створаным рымскім паэтам I т. да н. э. Вэргіліюсам[6].
- Вэнэды на старых мапах
Археалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Археалягічна немагчыма зьвязаць адпаведныя рэчавыя комплексы з прыведзенымі пісьмовымі зьвесткамі. На ўсіх названых тэрыторыях у шырокім храналягічным дыяпазоне, напрыклад, у жалезным веку, вылучаюцца розныя археалягічныя культуры, якія ня маюць паміж сабой тыпалягічнх і храналягічных зьвязкаў. У польскай археалягічнай навуцы зь вэнэдамі звычайна зьвязваюць пшэворскую культуру. З вэнэдамі можа мець повязь таксама зарубінецкая культура і шэраг культураў у Заходняй Эўропе[12].
Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 244—245.
- ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 70.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 6.
- ^ Voigt J. Geschichte Preussens, von den ältesten Zeiten bis zum Untergange der Herrschaft des deutschen Ordens. Band 1. — Königsberg, 1827. S. 621.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 19—20.
- ^ а б Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 244.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 70.
- ^ Fabronius H. Newe Summarische Welt-Historia vnd Beschreibung aller Keyserthum, Königreiche, Fürstenthumb, vnd Völcker heutiges Tages auff Erden. — Ketzel, 1614. S. 396.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 29.
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 28—29.
- ^ Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. С. 29.
- ^ Побаль Л. Венеды // ЭГБ. — Менск: 1994 Т. 2. С. 245.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.
- Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы = Samogitia and Lithuania. The different lands and folks. — Менск: Харвест, 2014. — 304 с. : іл. ISBN 978-985-18-2703-5.
- Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2001. — 216 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-458-050-4
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0