Рудабелка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рудабелка
трансьліт. Rudabielka[a]
Пры ўезьдзе ў мястэчка
Пры ўезьдзе ў мястэчка
Герб Рудабелкі
Першыя згадкі: XV стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Рудабельскі
Насельніцтва: 6594 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2357
Паштовы індэкс: 247319
СААТА: 3240551000
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°38′35″ пн. ш. 28°52′56″ у. д. / 52.64306° пн. ш. 28.88222° у. д. / 52.64306; 28.88222Каардынаты: 52°38′35″ пн. ш. 28°52′56″ у. д. / 52.64306° пн. ш. 28.88222° у. д. / 52.64306; 28.88222
Рудабелка на мапе Беларусі ±
Рудабелка
Рудабелка
Рудабелка
Рудабелка
Рудабелка
Рудабелка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Рудабе́лка[2][3] (з 1954 году — Акця́барскі[b]) — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Нератоўцы. Адміністрацыйны цэнтар Рудабельскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 6594 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 190 км на захад ад Гомелю. Чыгуначная станцыя на лініі БабруйскРабкор. Аўтамабільныя дарогі злучаюць мястэчка з Глускам, Азарычамі, Парычамі, Капаткевічамі.

Рудабелка — даўні цэнтар староства і войтаўства гістарычнай Мазыршчыны (частка Меншчыны), на ўсходзе Палесься. У XX стагодзьдзі лякальны цэнтар партызанскага руху.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйная гістарычная назва мястэчка — Рудабелка. Тапонім утварыўся ад двух словаў: «руда» паказвае на радовішча жалезнай руды (падобныя назвы — Рудодзіма, Рудамэйка, Рудакопішча), «белка» ў народнай тапанімічнай намэнклятуры, паводле тапаніміста Івана Яшкіна, — 'нягрузкае недрыгвістае верхавое балота'. Ідэнтычныя паводле будовы назвы існуюць у Летуве: Rū̃dbalis, Rūdbalỹs, Rū̃dpelkis — таксама ад руды і балота[4].

Згодна з афіцыйнымі дакумэнтамі, назву «Акцябарскі» надалі гарадзкому пасёлку, утворанаму 31 жніўня 1954 году шляхам аб’яднаньня вёсак Рудабелкі, Карпілаўкі і Рудні. Аднак у сучасных энцыкляпэдычных выданьнях гісторыя цяперашняга мястэчка разглядаецца як беспасярэдні працяг гісторыі менавіта Рудабелкі[5] (Рудыя Белкі, Рудобелка[6][7]).

Тапонім «Акцябарскі» (афіц. Акцябрскі) зьяўляецца штучным пераносам у беларускую мову расейскай назвы «Октябрьский», зьвязанай з кастрычніцкім пераваротам 1917 году. У наш час прапануецца вярнуць мястэчку традыцыйную гістарычную назву Рудабелка ў якасьці афіцыйнай[8]. Паводле сьведчаньня мясцовых жыхароў, іх дагэтуль клічуць рудабельцамі[9].

Назва «Акцябарскі» не зьяўляецца ўнікальнай: у Расеі з такой назвай існуе дзесяць пасёлкаў гарадзкога тыпу і больш за сотню звычайных пасёлкаў, у Казахстане — два пасёлкі гарадзкога тыпу, у Таджыкістане і Ўзбэкістане — па адным пасёлку гарадзкога тыпу.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню сяло Рудыя Белкі ўпамінаецца ў сярэдзіне XV стагодзьдзя як уладаньне вялікіх князёў у Птыцкім старостве Мазырскага павету. У 1507 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў прыбытак з маёнтку Рудабелка на 10 гадоў Мікалаю Радзівілу ў зьвязку з выкананьнем ім абавязкаў ваяводы троцкага, а ў 1526 годзе аддаў маёнтак яму ў валоданьне. Па сьмерці М. Радзівіла Рудабелка перайшла да ягонага сына Яна. Па сьмерці апошняга ў 1545 годзе маёнтак зноў стаў дзяржаўнай уласнасьцю.

На 1552 год у Рудабелцы было 99 дымоў. На той час празь сяло праходзіў гандлёвы шлях з Слуцку ў Мазыр. Пад 1560 годам Рудабелка ўпамінаецца ў зьвязку з апісаньнем межаў вёсак. 3 1583 або 1588 году маёнтак арандаваў Ю. М. Зяновіч, потым ягоны зяць — князь А. М. Вішнявецкі.

У 1661 годзе сяло перайшло ў валоданьне князя А. Г. Палубінскага. У 1683 годзе Рудабелка стала цэнтрам староства, якое налічвала 90 дымоў. У сяле дзейнічала царква, працавалі рудня, млын і карчма. На 1683 год Рудабелка — цэнтар воласьці ў Мазырскім павеце. З 1685 году, па сьмерці Канстантына, сына А. Г. Палубінскага, маёнтак зноў перайшоў да Радзівілаў (празь сястру Канстантына, жонку Дамініка Мікалая Радзівіла). За Радзівіламі ў маёнтку была бібліятэка.

У 1700 годзе ў Рудабелцы збудавалі новую царкву. У XVIII стагодзьдзі сяло стала цэнтрам войтаўства Мазырскага староства Менскага ваяводзтва. У канцы XVIII стагодзьдзя Рудабелка знаходзілася ў валоданьні зямяніна Д. Лапа, які заснаваў тут маёнтак Карпілаўка.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Рудабелка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Бабруйскага павету Менскай губэрні. У 1-й палове ХІХ стагодзьдзя Д. Лапа правёў у маёнтку буйныя мэліярацыйныя працы. Пазьней, калі маёнтак перайшоў да ягоных сыноў — Міхала і Аляксандра, тут пачалі працаваць вінакурныя заводы, 5 малацільных машын, вадзяныя млыны, круперня, сукнавальня і іншыя прадпрыемствы. На 1844 год у маёнтак Рудабелка ўваходзілі 8 вёсак і 1 засьценак, пражывала 803 асобы мужчынскай стаці і 802 — жаночай. У 1863 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі краю адкрылі ў сяле народную вучэльню.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі маёнтак у Лапаў і ў 1874 годзе перадалі яго барону Ліліянфэльду. У 1880-я гады ў Рудабелцы было 25 дамоў, дзейнічалі царква і каталіцкая капліца[10]. У склад Рудабельскай воласьці на 1885 год уваходзілі 35 паселішчаў з 570 дварамі. У 1887 годзе ў Рудабелцы збудавалі новую драўляную царкву. З 1885 году ў маёнтку працаваў сьпіртзавод, а з 1898 году — лесапільнае прадпрыемства. У пачатку ХХ стагодзьдзя сяло знаходзілася ў валоданьні барона Ўрангеля. З 1916 году тут дзейнічаў тэлеграф.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рудабелка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[11]. У 1918—1920 гадах Рудабелка стала цэнтрам г. зв. «Рудабельскай рэспублікі». 28 чэрвеня 1939 году ўтварыўся Карпілаўскі (афіцыйна — Акцябарскі) раён Палескай вобласьці з цэнтрам у Карпілаўцы. 31 жніўня 1954 году шляхам аб’яднаньня вёсак Рудабелкі, Карпілаўкі і Рудні ўтварыўся гарадзкі пасёлак Рудабелка (афіцыйна — Акцябарскі), у які быў перанесены адміністрацыйны цэнтар Рудабельскага (афіцыйна — Акцябарскага) раёну.

У Другую сусьветную вайну з чэрвеня да кастрычніка 1941, з сакавіка да 4 траўня 1942 і з 24 студзеня да 27 чэрвеня 1944 году Рудабелка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У астатні час сяло знаходзілася пад кантролем партызанаў і было цэнтрам Рудабельска-Любанскай партызанскай зоны. На тэрыторыі раёну працавалі школы, электрастанцыя, майстэрні і іншыя. У сакавіку — красавіку 1942 году ў час карнай апэрацыі гітлераўцы спалілі Рудню, частку Рудабелкі і Карпілаўкі; у агні загінулі 2629 чалавек.

У верасьні 1944 году Рудабелка ўвайшла ў Бабруйскую, у 1954 — Гомельскую вобласьць. У 1962—1966 гадах уваходзіла ў склад Шацілавіцкага раёну.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 38 чал. у вёсцы Карпілаўцы
  • XIX стагодзьдзе: 1897 год — 345 чал. у вёсцы Карпілаўцы
  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 642 чал. у вёсцы Карпілаўцы і 297 чал. у вёсцы Рудні[12]; 1959 год — 2954 чал.; 1970 год — 4273 чал.; 1977 год — 5,3 тыс. чал.; 1979 год — 5825 чал.; 1989 год — 7253 чал.; 1991 год — 7,3 тыс. чал.[13]; 1994 год — 8,4 тыс. чал.; 1999 год — 8440 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 8,1 тыс. чал.[14]; 2005 год — 7,9 тыс. чал.; 2009 год — 7367 чал.[15] (перапіс); 2010 год — 7,3 тыс. чал.; 2016 год — 6753 чал.[16]; 2017 год — 6596 чал.[17]; 2018 год — 6594 чал.[1]

Па катастрофе на ЧАЭС у 1986 годзе у Рудабелку пачалі прыбываць перасяленцы з забруджаных тэрыторыяў, у выніку чаго вырасла колькасьць насельніцтва.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая царква

У 1990-я ў Рудабелцы збудавалі новыя царкву і касьцёл.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новы касьцёл

У Рудабелцы працуюць 3 сярэднія, спартовая, мастацкая і музычная школы.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом дзіцячай творчасьці, дом рамёстваў, цэнтар гісторыі і культуры, 2 бібліятэкі.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2001 годзе зьявіўся новы генэральны плян разьвіцьця Рудабелкі. Цэнтар забудоўваецца 2—5-павярховымі жылымі дамамі. Утварыліся 2 мікрараёны, жылы гарадок, 3 новыя раёны індывідуальнай забудовы. У 1985 годзе прайшла рэканструкцыя цэнтральнага пляцу.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці. Прамысловы комплекс мястэчка спэцыялізуецца на перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Налічваецца каля 60 прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік партызанам

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Рудабелцы праводзіцца нацыянальны фэст фальклёрнага мастацтва «Берагіня». Дзейнічае музэй народнай славы. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Акцябарская»[18].

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сядзіба, вінакурня (1880-я)

У мястэчку знаходзяцца шматлікія помнікі, зьвязаныя з падзеямі Другой сусьветнай вайны.

Старачаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Покрыва Багародзіцы
  • Сядзіба

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле афіцыйнай назвы — Akciabarski
  2. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  3. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 66.
  4. ^ Вячорка В. Не Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а Качэрычы // Радыё Свабода, 25 траўня 2016 г.
  5. ^ Насевіч В. Рудыя Белкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 515.
  6. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 223.
  7. ^ Насевіч В., Паваліхіна В. Акцябрскі // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 93.
  8. ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы // Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
  9. ^ Маёрчык Я. Рудабелка (Акцябарскі) // Радыё Свабода, 3 ліпеня 2003 г.
  10. ^ Jelski A. Rudobiełka // Słownik geograficzny... T. IX. — Warszawa, 1888. S. 943.
  11. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  12. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 29.
  13. ^ Насевіч В., Паваліхіна В. Акцябрскі // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 94.
  14. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 28.
  15. ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  16. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]