Плошча Незалежнасьці (Менск)
Плошча Незалежнасьці | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Былыя назвы | Плошча Леніна |
На мапе | |
Вуліца Плошча Незалежнасьці ў Вікісховішчы |
Пло́шча Незале́жнасьці — цэнтральная й найбуйнейшая плошча Менску. Месьціцца ў пачатку праспэкту Незалежнасьці.
На плошчы месьцяцца будынкі Дома Урада, Менгарвыканкаму, Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, гатэлю «Мінск», Галоўпаштамту, кіраваньня мэтрапалітэну, а таксама Чырвоны касьцёл і помнік Уладзімеру Леніну. У падземнай частцы плошчы разьмешчаны 3-павярховы гандлёвы цэнтар «Сталіца» й 4-павярховы паркінг на 500 месцаў.
На плошчы зьмяшчаецца выхад станцыі мэтро «Плошча Леніна».
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плошча пачала забудоўвацца ў пачатку 1930-х гадоў XX стагодзьдзя паводле праекту архітэктара Ё. Р. Лянгбарда як галоўная плошча сталіцы й першапачаткова насіла імя Леніна. На ёй быў пабудаваны Дом Ураду БССР і ўсталяваны помнік Леніну. З 1934 г. на плошчы праводзіліся парады Чырвонай Арміі.
Падчас акупацыі Менску нямецкімі войскамі помнік быў зьнішчаны (адноўлены ў 1945 г.). Дом Ураду й Касьцёл Сьвятых Сымона і Алены апынуліся сярод нямногіх будынкаў Менску даваеннай забудовы, не разбураных падчас Другой Сусьветнай вайны.
Пасьля вайны плошча Леніна забудоўвалася па новым генэральным пляне Менску. Ад яе пачыналася галоўная вуліца сталіцы — праспэкт Сталіна (пазьней Ленінскі, Францішка Скарыны, цяпер праспэкт Незалежнасьці). Пры гэтым функцыі галоўнай плошчы сталіцы перайшлі да Цэнтральнай плошчы, на ёй з 1950-х гадоў праходзілі парады й дэманстрацыі. У 60-х гадах плошча Леніна стала ўяўляць сабой прамавугольнік памерамі 450×160 м, вакол плошчы быў арганізаваны кругавы рух аўтатранспарту. На плошчы месьцілася аўтастаянка й сквэр. З 1984 г., з пачаткам будаўніцтва на Кастрычніцкай плошчы Палаца Рэспублікі, плошча Леніна зноў стала месцам правядзеньня дэманстрацыяў.
У 1991 г. плошча пачала называцца плошчай Незалежнасьці. У 2002—2006 гг. плошча была рэканструяваная. Рух аўтатранспарту быў спрамлены, пад зямлёй былі пабудаваныя гандлёвы цэнтар «Сталіца» й паркінг. Надземная частка плошчы стала зонай адпачынку са сьвятломузычным фантанам.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя. Т. 11. — Мн., 2000.
- Республика Беларусь. Т. 5 : энциклопедия. — Мн., 2007.