Васьміканцовы крыж

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Васьміканцо́вы крыж — хрысьціянскі сымбаль у форме лятарынскага крыжа з кароткай папярочкай унізе, гарызантальнай або дыяганальнай[1][2]. Узьнік у часы Бізантыйскай імпэрыі, да падзелу хрысьціянаў на каталікоў і праваслаўных. Нахіл ніжняй папярочкі зьявіўся ня згодна з кананічнымі пастановамі[3], а ў выніку творчага пошуку царкоўных мастакоў дзеля наданьня ўмоўнага аб'ёму плоскай выяве ў выяўленчым мастацтве[4] і падкрэсьленьня адметнасьці ніжняй папярочкі ў структуры Гальгоцкага крыжа[5]. Як адна з адзнак бізантыйскай царкоўнай традыцыі часам завецца бізантыйскім крыжам[4][6][7].

Васьміканцовы крыж з роўнай ніжняй папярочкай, мазаіка XI ст.

Ад часоў кананічнай ізаляцыі Маскоўскай царквы і зьяўленьня канцэпцыі «Трэцяга Рыму», згодна зь якой Масква абвяшчалася адзінай сапраўднай спадкаемніцай Канстантынопалю («Другога Рыму»), улады Маскоўскай дзяржавы з палітычнымі мэтамі ўзялі сабе варыянт васьміканцовага крыжа з касой ніжняй папярочкай[8]. Маскоўскія багасловы прыдумалі абгрунтаваньне нахілу ніжняй папярочкі[9] і абвясьцілі гэты варыянт васьміканцовага крыжа «сапраўдным праваслаўным крыжом»[10] (рас. «истинно православный крест»), а іншыя традыцыйныя хрысьціянскія крыжы — не праваслаўнымі[11]. У 1551 годзе з ініцыятывы маскоўскага гаспадара Івана IV Тырана[12] ўкосны васьміканцовы крыж упершыню ў гісторыі пачаў ставіцца на купалы маскоўскіх цэркваў[13][11] (раней ён, як і васьміканцовы крыж з роўнай ніжняй папярочкай, ужываўся толькі ў сакральным выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве). Таксама з гэтага часу ўкосны васьміканцовы крыж пачаў выкарыстоўвацца на маскоўскай дзяржаўнай і вайсковай сымболіцы[14]. У 2-й палове XIX ст. ён насаджаўся ўладамі Расейскай імпэрыі ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі Беларусі[15] і Ўкраіны[10]. Да канца XX ст. укосны васьміканцовы крыж стаў сымбалем Расейскай праваслаўнай царквы[16][17][18] і адметнасьцю культурнага ляндшафту Расеі[19][20][21][22]. Гэта прывяло да таго, што варыянт васьміканцовага крыжа з касой ніжняй папярочкай стаў называцца маскоўскім[11][23][9][24][25][26][27][17][28][29][13][30][31] (расейскім[32][18][33][34][35][36][37]) крыжам і атаясамлівацца з расейскай рэлігійнай экспансіяй[3]. Існуе таксама шасьціканцовы ўкосны расейскі крыж.

У Юнікодзе сымбаль, адпаведны ўкоснаму васьміканцоваму крыжу (☦, U+2626), пазначаецца як «Праваслаўны крыж» (анг. Orthodox cross[38]). Аналягічная эмблема ў Міністэрстве па справах вэтэранаў ЗША называецца «Расейскі праваслаўны крыж» (анг. Russian Orthodox cross[39]).

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйныя прыдарожныя праваслаўныя крыжы ў Лунінцы, старая паштоўка

У беларускіх энцыкляпэдычных выданьнях абодва варыянты (з касой і роўнай ніжняй папярочкай) азначаюцца разам як васьміканцовы крыж[1][2][a]. Такі ж прынцып выкарыстоўваецца ў афіцыйным навуковым выданьні Расейскай праваслаўнай царквы «Православная энциклопедия»[40]. Аднак у літаратуры сустракаюцца і іншыя назвы, якія найперш датычацца варыянту васьміканцовага крыжа з касой папярочкай як больш пашыранага.

З улікам таго, што першыя дакумэнтальныя зьвесткі пра васьміканцовы крыж датуюцца часамі Бізантыйскай імпэрыі, гэты крыж часам абагульняльна называюць бізантыйскім крыжам. Разам з тым найбольш пашыранай у Бізантыі была варыяцыя чатырохканцовага крыжа[41][4], які цяпер таксама называецца бізантыйскім крыжам[42].

Даволі часта (асабліва ў прастамоўі[19]) васьміканцовы крыж з касой папярочкай абагульняльна называюць праваслаўным крыжам. Тым часам іншыя праваслаўныя цэрквы, апроч Маскоўскага патрыярхату і некалькіх зьвязаных зь ім цэркваў, традыцыйна выкарыстоўваюць грэцкія і іншыя тыпы крыжоў. Такім чынам усе гэтыя крыжы таксама зьяўляюцца праваслаўнымі[43][44]. Беларускі філёзаф і тэоляг Ірына Дубянецкая паказвае на тое, што самі па сабе крыжы не бываюць канфэсійнымі, яны — адзнака мясцовай традыцыі[19]. Пагатоў, хрысьціянскі сымбаль, вядомы з VI ст. (задоўга да распаду царквы ў 1054 годзе), зьяўляецца супольным гістарычным набыткам як праваслаўных, так і каталікоў.

Абагульняльная назва славянскі крыж з аднаго боку не адпавядае гісторыі васьміканцовага крыжа, які ўзьнік па-за межамі расьсяленьня славянаў, зь іншага — зьяўляецца неадназначнай[45], бо ў розных славянскіх цэрквах пераважаюць розныя крыжы. Так, Сэрбская праваслаўная царква мае ўласны крыж (падобны на грэцкі) і на купалах цэркваў традыцыйна выкарыстоўвае грэцкія крыжы. Баўгарская праваслаўная царква таксама мае ўласны крыж[b] (падобны на лацінскі). Тым часам паводле прафэсара Міхася Раманюка, найбольш пашыраная форма хрысьціянскіх крыжоў у Беларусі — чатырохканцовыя[46]. Праваслаўныя беларусы традыцыйна ставілі чатырохканцовыя драўляныя прыдарожныя крыжы, якія яшчэ можна сустрэць на Палесьсі[20]. Крыжы беларускай традыцыі на царкоўных купалах умоўна называюць «сонцакрыжамі», яны ня маюць фіксаванай формы, але маюць канцэпцыю: апроч чатырох асноўных промняў ёсьць цэнтральны квадрат ці круг, а таксама прамежкавыя промні, якія часам могуць быць у выглядзе зьмеек[19].

У крыніцах на розных мовах укосны васьміканцовы крыж часьцей за ўсё называюць маскоўскім крыжам (расейскім крыжам, расейскім праваслаўным крыжам[47][48][49][50][51][52][53][54][16]). Нягледзячы на зьяўленьне гэтага тыпу крыжа па-за межамі расейскай этнічнай тэрыторыі задоўга да ўзьнікненьня Расеі, неабмежавана выкарыстоўвацца (у прыватнасьці, на купалах цэркваў[9]) ён пачаў толькі ў Маскоўскай дзяржаве і да нашага часу стаў адметнасьцю расейскага культурнага ляндшафту. Апроч таго, ён ужываўся на гістарычнай расейскай дзяржаўнай і вайсковай сымболіцы і насаджаўся ўладамі Расейскай імпэрыі ў рэчышчы палітыкі русіфікацыі Беларусі і Ўкраіны. Тым часам у беларускіх энцыкляпэдычных выданьнях пад назвай расейскі праваслаўны крыж апісваецца ўкосны шасьціканцовы крыж. Часам каб падкрэсьліць бізантыйскае паходжаньне ўкоснага васьміканцовага крыжа, яго таксама называюць расейска-бізантыйскім праваслаўным крыжам[55].

Тлумачэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Васьміканцовы крыж з роўнай аб'ёмнай ніжняй папярочкай. Хлудоўскі псалтыр, каля 850 г.

Наяўнасьць дзьвюх дадатковых папярочак тлумачыцца такім жа чынам, як і для патрыяршага крыжа: верхняя папярочка абазначае таблічку з надпісам віны на крыжы Ісуса Хрыста, ніжняя — падпору пад ногі расьпятага.

Паводле сучасных дасьледаваньняў, нахіл ніжняй папярочкі васьміканцовага крыжа зьявіўся ня згодна з кананічнымі пастановамі (як напрыклад, выява Ісуса Хрыста «паводле чалавечага падабенства», прынятая Трульскім саборам 691—692 гадоў), а дзякуючы творчым пошукам царкоўных мастакоў[3]. Дыяганальны кірунак ніжняй папярочкі абумовілі выяўныя сродкі іканаграфічнага мастацтва, у тым ліку законы зваротнай пэрспэктывы, а таксама стылістычныя рамкі яго асобных відаў (гравюра, плоская разьба і інш.)[5]. Таму выяўленьне падножжа ў творах графічнага мастацтва або ў роўнарэльефных творах дробнай сакральнай плястыкі зьлёгку нахіленым да вэртыкальнага стрыжня стала вынікам намаганьняў падкрэсьліць адметнасьць яго разьмяшчэньня ў структуры Гальгоцкага крыжа[5]. Гэты фарматворчы працэс дакладна прасочваецца ў іканаграфічных творах: калі сьпярша пахіленым было толькі падножжа, то на больш позьніх выявах (украінскія абразы 1593 году) усе тры папярочкі Гальгоцкага крыжа выяўляюцца ў аднолькавым трохчвэртным ракурсе[5].

Тым часам паводле позьняга тлумачэньня, якое ўзьнікла ў Маскоўскай дзяржаве[9][17], пахіленасьць ніжняй папярочкі абазначае расьпятых з бакоў Ісуса Хрыста злачынцаў. Той злодзей, які пакаяўся, абазначаецца ўзьнятым уверх краем лініі. Другі злодзей, які адмовіўся ад пакаяньня, абазначаецца пахіленым уніз краем лініі[56]. Аднак такое тлумачэньне крытыкуюць на той падставе, што пры разьмяшчэньні ўкоснага васьміканцовага крыжа з касой папярочкай на харугвах (а таксама ў некаторых іншых выпадках), выяўленыя сымбалічныя месцы злодзеяў могуць зьмяняцца[28]. Паводле другога тлумачэньня, гэтую папярочку ўлады Маскоўскай дзяржавы дадалі на патрыяршы крыж як сымбаль Сьвятога Андрэя (закатаваны на дыбе з дыяганальна скрыжаваных бэлек), якога яны абралі за свайго галоўнага сьвятога[18]. Згодна з трэцім тлумачэньнем, якое паводле некаторых зьвестак узьнікла ў VI ст., касая папярочка сымбалізуе змаганьне Хрыста ў час укрыжаваньня[7].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Віленскага ваяводзтва ВКЛ з патрыяршым крыжам (налева) і расейскі герб Віленскай губэрні з укосным 8-канцовым крыжам (направа)

Ад пачатку васьміканцовы крыж выкарыстоўваўся толькі ў хрысьціянскім выяўленчым мастацтве і ніколі на царкоўных купалах. Пры гэтым ніжняя папярочка выяўлялася роўнай, аднак часам ёй маглі з дапамогай нахілу дадаць нейкі ўмоўны аб'ём (як яго разумела сярэднявечнае мастацтва[4]). Паводле сучасных дасьледаваньняў, падобны мастацкі прыём стаў прычынай зьяўленьня варыянту васьміканцовага крыжа з касой папярочкай[3].

Паводле некаторых зьвестак, укосны васьміканцовы крыж існаваў ужо ў VI стагодзьдзі[7], задоўга да Вялікай схізмы. Настарэйшыя выявы ўкоснага васьміканцовага крыжа на тэрыторыі Русі датуюцца XI—XIII стагодзьдзямі[57]. Зь бізантыйскай спадчыны найстарэйшыя творы з укосным васьміканцовым крыжам, якія прыводзяцца ў крыніцах[4][58], датуюцца XI стагодзьдзем. На тэрыторыі сучасных Грэцыі і Сэрбіі захаваліся царкоўныя росьпісы XIV—XV стагодзьдзяў з укосным васьміканцовым крыжам[59].

У канцы XV ст. пачалося шырокае выкарыстаньне ўкоснага васьміканцовага крыжа ў Маскоўскай дзяржаве, калі яе ўлады абвясьцілі сябе «Трэцім Рымам» і абаронцамі чысьціні праваслаўя. На саборы 1551 году кананічна ізаляванай Маскоўскай царквы гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў на купалах цэркваў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа»[49]. У зборніку пастановаў сабору (глава 41, пытаньне 8) значыцца: рас. водружен бысть и поставлен святый крест (заўв. — укосны васьміканцовы крыж) благочестивым царем Иваном на саборной церкви пречистыя Богородицы... и таковые святые кресты на церквях и впредь до поставляются же. Апроч таго, з гэтага часу маскоўскі крыж разьмяшчаўся на дзяржаўным гербе, а таксама на вайсковых сьцягах Маскоўскай дзяржавы.

У 1654 годзе Маскоўскі сабор прыбраў з богаслужбовай практыкі Маскоўскай царквы разыходжаньні зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі, якія ўтварыліся за часамі яе кананічнай ізаляцыі (1448—1589)[60] як расейскія нацыянальныя адметнасьці[61]. На гэтым саборы патрыярх маскоўскі Нікан пастанавіў замест укоснага васьміканцовага ўжываць чатырохканцовы крыж[62], што ў спалучэньні зь іншымі зьменамі выклікала раскол Маскоўскай царквы. Замену ўкоснага васьміканцовага крыжа чатырохканцовым тлумачаць у тым ліку пашыранай у Маскоўскай дзяржаве прыктыкай зьняважлівага стаўленьня да апошняга[63]. Неўзабаве аднак расейскія праваслаўныя зноў пачалі ўжываць укосны васьміканцовы крыж. Так, паводле сьведчаньня мітрапаліта разанскага і мурамскага Стэфана, такі крыж насіў маскоўскі гаспадар Пётар I (1672—1725)[28], які ператварыў Маскоўскі патрыярхат у «Найсьвяцейшы ўрадавы сынод» — фактычна адно зь міністэрстваў Расейскай імпэрыі.

Украінскі дасьледнік Вадзім Шчарбакоўскі дакумэнтальна паказвае, што на землях Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату васьміканцовы крыж з касой папярочкай пачалі выкарыстоўваць толькі ў XVII—XVIII стагодзьдзях (па захопе яе Маскоўскім патрыярхатам у 1686 годзе[9]), і толькі на дрэварытах[24]. Крыжы на купалах цэркваў ня мелі касой папярочкі, яна была роўнай або яе не было зусім[9]. На царкоўных купалах і пры дарогах гэты тып крыжа пачаў пашырацца ў XIX ст. намаганьнямі ўладаў Расейскай імпэрыі. Згодна з пастановай «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду» новыя прыдарожныя крыжы ў Беларусі мусілі быць укоснымі васьміканцовымі або шасьціканцовымі і іх можна было ставіць толькі з дазволу расейскіх уладаў паводле адмысловых правілаў[15]. Аналягічна на купалах цэркваў цэнтралізавана ставіліся крыжы масавай вытворчасьці, пазбаўленыя мастацкай каштоўнасьці. Пры гэтым сярод высокамастацкіх крыжоў, якія мясцовыя майстры вырабілі ў 2-й палове XIX ст. — пачатку XX стагодзьдзя, няма ніводнага з касой папярочкай[23]. Найбольшую папулярнасьць укосны васьміканцовы крыж набыў па рэвалюцыі 1917 году[9] і Другой сусьветнай вайне[64].

У XX ст. укосны васьміканцовы крыж на сваіх сьцягах зьмясьцілі праваслаўна-манархічная дывэрсійна-тэрарыстычная арганізацыя Братэрства расейскай праўды і радыкальна-нацысцкая арганізацыя Расейскае нацыянальнае адзінства.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Укосны васьміканцовы крыж традыцыйна шырока ўжываецца Расейскай праваслаўнай царквой, сымбалем якой ён зьяўляецца. Таксама ён шырока выкарыстоўваецца Праваслаўнай царквой Амэрыкі (узьнікла ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату, ад якога атрымала аўтакефалію ў 1970 годзе), Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой (фактычна атрымала аўтакефалію ад Маскоўскага патрыярхату ў 1948 годзе і доўгі час знаходзілася пад яго ўплывам), Праваслаўнай царквой Чэскіх зямель і Славаччыны (атрымала аўтакефалію ад Маскоўскага патрыярхату ў 1951 годзе) і Карпацка-расейскай праваслаўнай царквой. Расейскія стараверы вызнаюць толькі васьміканцовае расьпяцьце з касой папярочкай, чатырохканцовае расьпяцьце яны лічаць «лацінскім».

Увогуле, васьміканцовы крыж як і ўсякі іншы хрысьціянскі крыж шануецца ўсімі хрысьціянскімі канфэсіямі. Разам з тым у Беларусі назіраецца тэндэнцыя масавай замены экзархатам Маскоўскага патрыярхату ў цэрквах традыцыйных чатырохканцовых каваных крыжоў («сонцакрыжоў»), твораў беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, на ўкосныя[19]. Таксама на ўкосныя васьміканцовыя і шасьціканцовыя крыжы замяняюцца традыцыйныя чатырохканцовыя драўляныя прыдарожныя крыжы[20]. Новыя цэрквы будуюцца пераважна з укоснымі крыжамі. Падобныя тэндэнцыі таксама назіраюцца ў Польшчы і Ўкраіне[65][29]. Ірына Дубянецкая называе гэта праявамі мэтанакіраванай палітыкі русіфікацыі і тлумачыць сьвядомай падменай паняцьцяў з боку Расеі, калі ўсё расейскае называецца праваслаўным, каб потым усё праваслаўнае назваць расейскім[19]. Такім чынам крыж, які мусіць яднаць усіх хрысьціянаў, становіцца сьведчаньнем іх разьдзяленьня[20].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі» (том 4, 1997 год) і «Беларускай энцыкляпэдыі» (том 8, 1999 год) у артыкуле «Крыж» аўтарства Эдварда Зайкоўскага прыводзіцца ілюстрацыя, на якой укосны васьміканцовы крыж значыцца як праваслаўны крыж. Аднак падобная ілюстрацыя адсутнічае пры апошняй (храналягічна) вэрсіі артыкула таго ж аўтара ў энцыкляпэдыі «Культура Беларусі» (том 4, 2013 год).
  2. ^ Баўгарскі праваслаўны крыж

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск, 2001. С. 168.
  2. ^ а б Культура Беларусі: энцыкл. Т. 4. — Менск, 2013. С. 593.
  3. ^ а б в г Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 248.
  4. ^ а б в г д Марченко Д. Византийские кресты: многообразие форм // Правосланая жизнь, 11 апреля 2016 г.
  5. ^ а б в г Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 247.
  6. ^ Becker U. The Continuum Encyclopedia of Symbols. — New York London, 2000. P. 71.
  7. ^ а б в Chwalkowski F. Symbols in Arts, Religion and Culture: The Soul of Nature. — Cambridge Cholars Publishing, 2016. P. 112
  8. ^ Щербаківський В. Рецензія: «Українське мистецтво» // Українська Думка. Ч. 8 (309), 19 лютого 1953 г.
  9. ^ а б в г д е ё Яременко В. Золоте Слово: Хрестоматія літератури України-Русі епохи Середньовіччя IX—XV століть. Книга перша. — Київ: Аконіт, 2002. С. 485
  10. ^ а б в Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 245.
  11. ^ а б в Белямук М.. Пабудова першае беларускае праваслаўнае царквы на эміграцыі, Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, 26 кастрычніка 2010.
  12. ^ Русский крест: символика православного надглавного креста. — М., 2006. С. 149.
  13. ^ а б Козак М. Форми українського хреста // Збірник тез Міжнародної студентської науково-технічної конференції «Природничі та гуманітарні науки. Актуальні питання», 26—27 квітня 2018 року. Том 2. — Т.: ТНТУ, 2018. С. 107.
  14. ^ Shpakovsky V., Nicolle D. Armies of Ivan the Terrible: Russian Troops 1505—1700. — Osprey Publishing, 2006. P. 23.
  15. ^ а б Мілаш Я. Традыцыі ўшанавання крыжа беларусамі ў канцы XIX ст. // Наша Вера. № 3 (65), 2013 г.
  16. ^ а б Святейший Патриарх Московский и всея Руси Кирилл. Воздвижение Честного и Животворящего Креста Господня // Тихвинский листок №41, 27 Сентября 2017.
  17. ^ а б в Фещин А. Довірся Хресту // Християнский голос. — 2002. — № 18 (2854). С. 232.
  18. ^ а б в Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140.
  19. ^ а б в г д е Бурштын Я. Ірына Дубянецкая: Дзякуючы намаганням РПЦ пачынае мяняцца культурны ландшафт Беларусі (Фота і відэа) // Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», 16 ліпеня 2016 г.
  20. ^ а б в г Бараноўскі І. Грэка-католікі Берасьцейшчыны усталявалі крыж у Курапатах // Царква. 12 лістапада 2015 г.
  21. ^ Гарошка Л. Баўгарскі ўдзел у пашырэньні хрысьціянства між усходніх славянаў // Божым Шляхам. № 1—6 (76—81), 1957. С. 27.
  22. ^ Архиепископ Афанасий (Мартос). Восьмиконечный русский крест // Миссионерский Листок. №144. — Свято-Троицкая Православная Миссия, 2003.
  23. ^ а б Сахута Я. Беларускае народнае кавальства. — Менск: Беларусь, 2015. С. 110.
  24. ^ а б Щербаківський В. Чи трираменний хрест із скісним підніжком — національний хрест України? // Визвольний шлях. Ч. 11 (62), листопад 1952. С. 33—34.
  25. ^ Пекарська Л., Федорова Л. «Хто ми? Чиї ми діти? Хто були наші предки?» (до 140-річчя від дня народження і 60-річчя від дня смерті Вадима Щербаківського) // Краєзнавство. № 3—4, 2016. С. 232.
  26. ^ Кущинський А. Традиційні форми хреста // Українське козацтво. №. 50, 1978. С. 54.
  27. ^ Календар «Просвіти» на 2001 рік. — Ужгород, 2001. С. 23.
  28. ^ а б в Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція. №9 (193), вересень 2013 р.
  29. ^ а б Сидоренко В. Забуті сторінки історії // Катедральні Дзвони. № 22, 5 листопада 2017. С. 9.
  30. ^ Вільчинський О. Дивні реакції московського і не зовсім московського православ'я на обрання нового папи, Католицький Оглядач, 25 березня 2013 р.
  31. ^ Лев В. Нова праця о. Юліана Катрія, ЧСВВ // Патріярхат. №6 (234), 1990.
  32. ^ Сянкевіч В. Родная літаратура: 1 клас агульнаадукацыйнага ліцэя. — Беласток, 2013. С. 196.
  33. ^ Thomas R. M. Manitou and God: North-American Indian religions and Christian culture. — Greenwood Publishing Group, 2007. P. 121—122.
  34. ^ Koch R. The Book of Signs. — New York, 2000. P. 17
  35. ^ Benker S. Liturgische Geräte, Kreuze und Reliquiare der christlichen Kirchen / Objets liturgiques, croix et reliquaires des eglises chretiennes. — Walter de Gruyter, 2011. S. 68.
  36. ^ Kors, Store norske leksikon
  37. ^ ryskt kors, Nationalencyklopedin
  38. ^ Знак Юнікод «Праваслаўны крыж» (U+2626)(анг.) // FileFormat.info, 2017 г. Праверана 20 лютага 2018 г.
  39. ^ Available Emblems of Belief for Placement on Government Headstones and Markers, Вярхоўны Суд ЗША
  40. ^ Православная энциклопедия. Том 38: Коринф — Крискентия. — М.: Православная энциклопедия, 2015. С. 546, 554.
  41. ^ Cotsonis J. A. Byzantine Figural Processional Crosses. — Washington, 1994. P. 40.
  42. ^ Синельников А. Мамай и Донской. История противостояния. — Litres, 2017. С. 190.
  43. ^ Праваслаўныя крыжы: як разабрацца ў значэньнях(рас.) // Партал «Праваслаўе і сьвет», 26 верасьня 2011 г. Праверана 20 лютага 2018 г.
  44. ^ Orthodox Crosses, St. Dimitrie Woodworking Academy
  45. ^ Wolf D. Storl. The Untold History of Healing: Plant Lore and Medicinal Magic from the Stone. — North Atlantic Books, 2017. P. 53.
  46. ^ Унікальная манаграфія // Наша Вера. № 1(15), 2001.
  47. ^ Абламейка С. Як я зрабіўся «сталіністам», Радыё Свабода, 4 жніўня 2014 г.
  48. ^ Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў / Уклад. Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2001. С. 73.
  49. ^ а б Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817) 1 жніўня 2007 г.
  50. ^ The Grove Encyclopedia of Medieval Art and Architecture, Volume 1. / Edit. Colum Hourihane. — OUP USA, 2012. P. 221.
  51. ^ Milo D. L. The Ankh: Key of Life. — Weiser Books, 2007. P. 13.
  52. ^ Mori J. Crosses of Many Cultures. — Harrisburg, 1998. P. 38.
  53. ^ Юсупов С.Э. Словарь терминов архитектуры. — Л.: Фонд «Ленинградская Галерея», 1994. С. 185.
  54. ^ Королев К. Энциклопедия символов, знаков, эмблем. — СПб.: Мидгард, 2005. С. 314.
  55. ^ Большая Российская энциклопедия. — Т. 15: Конго — Крещение. — М.: БРЭ, 2010. С. 700.
  56. ^ Андрэй Рылка. Таямніцы хрысціянскіх сімвалаў (частка І) // Каталіцкі касьцёл у Беларусі, 5 чэрвеня 2017 г. Праверана 16 сьнежня 2017 г.
  57. ^ Боньковська С. Церковна металева пластика // Історія декоративного мистецтва України: У 5 т. / НАН України, ІМФЕ ім. М.Т. Рильського; наук. ред. Т. Кара-Васильєва. Т. 3: Мистецтво XIX століття. — Київ, 2009. С. 246.
  58. ^ Православная энциклопедия. Том 38: Коринф — Крискентия. — М.: Православная энциклопедия, 2015. С. 554.
  59. ^ Gerstel S. An Alternate View of the Late Byzantine Sanctuary Screen // Thresholds of the Sacred: Art Historical, Archaeological, Liturgical and Theological Views on Religious Screens, East and West / ed. S. Gerstel. — Washington D.C., 2006. P. 146—147.
  60. ^ Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  61. ^ Нуруллаев А. А. Нуруллаев А. Ал. Религия и политика. — М., 2006. С. 299.
  62. ^ Изотова О., Касперович Г., Гурко А., Бондарчик А. Кто живет в Беларуси. — Минск: «Беларуская навука», 2012. С. 740
  63. ^ Русский крест: символика православного надглавного креста. — Москва, 2006. С. 147.
  64. ^ Білокінь С. Українська форма хреста // Укр. слово. № 17 (2713), 1994 г.
  65. ^ Путінська церква мітить територію (оновлено), Irshava News, 12 вересня 2016 р.
  66. ^ Фото и описание: Церковь Св. Иоанна Владимира, вОтпустк.RU

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Васьміканцовы крыжсховішча мультымэдыйных матэрыялаў