Радзівілы
Радзівілы | |
![]() Радавы герб Радзівілаў «Трубы»
| |
Дэвіз: «Бог нам радзіць!» | |
Краіна паходжаньня: | Вялікае Княства Літоўскае |
Тытул: | князі |
Прызнаныя ў: | Сьвятая Рымская імпэрыя |
Радзіві́лы (Radziviły[a]) — магнацкі род гербу «Трубы», найбуйнейшы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Прадстаўнікі роду займалі найвышэйшыя дзяржаўныя адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Па падзелах Рэчы Паспалітай увайшлі ў шэрагі арыстакратыі Расейскай імпэрыі, Прусіі, Аўстра-Вугоршчыны[1].
Род Радзівілаў быў у сваяцтве з арыстакратычнымі радзінамі Эўропы, кіроўнымі дамамі Прусіі, Ангальта, Нойнбургу, Курляндыі, Малдовы. У наш час прадстаўнікі роду жывуць у Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе і іншых краінах[2]. Большасьць Радзівілаў па Рэфармацыі засталася каталікамі[3]
У час перапісу 1917 году некалькі прадстаўнікоў роду Радзівілаў, што валодалі маёнткамі на Случчыне, назвалі сябе беларусамі паводле нацыянальнасьці[4]. Па стварэньні ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі ўладальнік Нясьвіжу Альбрэхт Радзівіл згадзіўся прадстаўляць яго ў розных эўрапейскіх краінах[4]. Яшчэ раней у 1912 годзе Марыя Магдалена з Завішаў, жонка Вацлава Мікалая Радзівіла, публічна абвясьціла на старонках прэсы: «Лічу сябе беларускай, паходжаньня літоўскага. Як і муж мой, за польку сябе не лічу[5]».
Прозьвішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пра паходжаньне прозьвішча «Радзівіл» у сучасным навуковым асяродзьдзі няма адзінай думкі[6]. Адныя дасьледнікі вызначаюць яго як славянскае, другія — як балцкае. У славянскіх мовах даволі часта сустракаюцца складаныя імёны з кампанэнтам Рад, які літаральна пазначае старажытнае слова радети «клапаціцца пра штосьці». Існуюць такія старажытныя імёны, як Радамір (той, хто клапоціцца пра мір), Радаслаў (той, хто дбае пра славу) і г. д. Дасьледнікі знаходзяць падставы для таго, каб і другі кампанэнт імя «віл» лічыць славянскім, беспасярэдне зьвязаным з словам «воля». Пацьверджаньнем гэтага зьяўляецца ўкраінскае слова вільний (вольны). Такім чынам, беручы пад увагу славянскую вэрсію паходжаньня, імя Радзівіл азначае «той, хто клапоціцца пра волю». Тым часам гісторык Павал Урбан тлумачыць яго як «Валявы ў парадзе» або «Добрай волі»[7]. На думку летувіскіх дасьледнікаў, прозьвішча «Радзівіл» зьяўляецца адаптацыяй летувіскага складанага імя Rаdіvіlаs — Rаdvіlаs. Першая частка імя Рад, імаверна, мае зьвязкі з словамі rаstі, rаdо, што азначае «знаходзіць, знайшоў». У якасьці пацьверджаньня прыводзяцца летувіскія словы rаdvіlа, rаdvіlаs — «той, каго знайшлі — падкідыш». Другі кампанэнт імя — «віл», на думку навукоўцаў-лінгвістаў, мае зьвязкі з генэтычна роднаснымі словамі: старажытнаіндыйскім vіrаs «жаданьне, выбар», верхненямецкім wаlа «выбар», летувіскім vаlіа «воля», vіtіs «надзея». Такім чынам, мяркуецца, што ад пачатку імя Радзівіл літаральна зьмяшчала пажаданьне або загад: няхай ён знойдзе, здабудзе волю.
Найбольш імаверна, што прозьвішча «Радзівіл» прыйшло ў спадчыну з імянной базы праіндаэўрапейскай эпохі. Таму на яго ў аднолькавай ступені могуць прэтэндаваць і балты, і славяне[6].
Уладаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Радзівілы — буйныя землеўладальнікі, якія сваім эканамічным значэньнем у сярэдзіне XVI — 1-й палове XVIII стагодзьдзяў займалі 1-е месца сярод магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо ў 2-й палове XVI ст. яны валодалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі местамі і мястэчкамі: Геранёны, Давыд-Гарадок, Клецак, Койданаў, Копысь, Лахва, Мір, Нясьвіж, Чарнаўчыцы, Шчучын, мноствам вёсак; на тэрыторыі сучаснай Украіны — местам Алыкай зь дзясяткамі вёсак (Валынскае ваяводзтва); на тэрыторыі сучаснай Польшчы — местам Шыдлоўцам зь вёскамі (Сандамірскае ваяводзтва), на тэрыторым сучаснай Летувы — Біржамі, Дубінкамі (Віленскае ваяводзтва), Кейданамі (Жамойць) і інш. Пэўны час у XV—XVI стагодзьдзях адна з галінаў роду мела маёнткі зь местамі Гонядзю і Райгорадам на Падляшшы. У XVII—XVIII стагодзьдзях мелі шэраг іншых маёнткаў. У 1612 годзе атрымалі Слуцкае княства зь местамі Слуцкам і Капылём. Таксама валодалі маёнткамі ў Францыі і Італіі.
Апрача гэтых уласных спадчынных маёнткаў рэгулярна атрымлівалі ў пажыцьцёвае карыстаньне дзяржаўныя маёнткі (староствы) разам з пасадамі старостаў: Ашмяны, Барысаў, Берасьце, Крычаў, Ліда, Мазыр і інш.
- Замкі і палацы
У 1586 годзе браты Мікалай Крыштап, Альбрэхт і Станіслаў склалі пагадненьне пра стварэньне Нясьвіскай, Клецкай і Алыцкай ардынацыяў (непадзельных уласных маёнткаў, што перадаваліся ў спадчыну толькі паводле мужчынскай лініі, пазьней — толькі старэйшаму сыну). Іншыя маёнткі Радзівілаў знаходзіліся на аляідальным праве (маглі перадавацца ў спадчыну жанчынам, свабодна адчужацца). У XIX ст. утварылася Давыд-Гарадоцкая ардынацыя.
Радзівілы мелі ўласныя фартэцыі з залогамі — Нясьвіж, Біржы, Кейданы, Мір, Любчу і іншыя. За часамі росквіту ў XVII стагодзьдзі Радзівілам належалі 23 замкі, 426 местаў і мястэчак, 2032 маёнткі і звыш 10 000 вёсак у Вялікім Княстве Літоўскім і за мяжой[8].
Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пра паходжаньне Радзівілаў існуе некалькі легендарных паданьняў: паводле некаторых зьвестак, род мае зьвязкі з найвышэйшым жрэцкім станам паганскай Літвы, а ягоным пачынальнікам быў Лізьдзейка. Гэтыя паданьні, а таксама характэрны канчатак слова (аднагучныя — Эрдзівіл, Манцівіл і інш.) сьведчаць пра глыбокую старажытнасьць роду.
Сучасная навука лічыць заснавальнікам роду Радзівіла Осьцікавіча (?—1477), сына кашталяна віленскага Осьціка. Сын Радзівіла Осьцікавіча Мікалай «Стары» (?—1509) меў 4 сыноў, ад якіх пайшлі 3 галіны роду:
- Першая (старэйшая) з тытулам князёў на Гонядзі (цяпер Польшча) і Мядзелі (Беларусь) пайшла ад Мікалая, згасла ў 1542 годзе
- Другая (фактычна малодшая), з тытулам князёў на Біржах і Дубінках (Летува) — ад Юрыя «Геркулеса Літоўскага», згасла ў 1669 годзе
- Трэцяя, з тытулам князёў на Нясьвіжы (Беларусь) і Алыцы (Украіна) — ад Яна «Барадатага»
Упершыню тытул князя Сьвятой Рымскай імпэрыі для ўласнай гонядзка-мядзельскай галіны атрымаў 25 лютага 1518 году Мікалай (каля 1470—1521). Для ўсіх прадстаўнікоў роду імпэрскі княскі тытул 10 сьнежня 1547 году здабыў Мікалай «Чорны» (1515—1565).
Нашчадак роду і апошні ардынат на Нясьвіжы Альбрэхт Антоні Вільгельм валодаў Палацава-замкавым комплексам у Нясьвіжы у часы Польскай Рэспублікі, а ў 1935 годзе эміграваў на Захад. У траўні 2009 ягоная дачка Альжбета Радзівіл наведала Нясьвіж[9].
Найбольш вядомыя прадстаўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Сярод прадстаўнікоў роду Радзівілаў былі каралева і вялікая княгіня Барбара Радзівіл (1520—1551) і віленскі кардынал Юры Радзівіл (1556—1600), 7 канцлераў і 8 гетманаў вялікіх літоўскіх, 3 япіскапы і 27 ваяводаў[8].
Пакаленьне 1[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Радзівіл Осьцікавіч (? — 1477) — кашталян віленскі, пачынальнік роду
Пакаленьне 2[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Мікалай «Стары» (каля 1440—1509) — ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі; заснаваў лятыфундыю, якая забясьпечыла магутнасьць роду
Пакаленьне 3[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Мікалай (1470—1521) — ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі; у 1518 годзе атрымаў ад імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максіміляна I тытул князя «на Гонядзі і Мядзелі».
- Ян «Барадаты» (1474—1522) — маршалак земскі літоўскі і кашталян троцкі.
- Войцех (каля 1476—1519) — першы зь літоўскіх магнатаў біскуп віленскі
- Ганна (1476—1522) — жонка Конрада III Рудога, апошняя княгіня мазавецкая
- Юры Радзівіл (1480—1541) — гетман польны літоўскі; застаўся пераможцам у 30 бітвах, за што атрымаў мянушку «Літоўскі Геркулес»
Пакаленьне 4[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Мікалай (каля 1492—1529/1530) — біскуп жамойцкі
- Ян (1492—1542) — староста генэральны жамойцкі; апошні мужчына-прадстаўнік гонядзка-мядзельскай лініі роду
- Мікалай «Чорны» (1515—1565) — намесьнік вялікага князя; у 1553 годзе прыняў кальвінізм і зрабіўся ягоным апантаным прыхільнікам, у 1563 уласным коштам надрукаваў у Берасьці Біблію
- Мікалай «Руды» (1512—1588) — гетман вялікі літоўскі; як брат Барбары наблізіўся да Жыгімонта Аўгуста, а па ягонай сьмерці быў амаль неабмежаваным кіраўніком дзяржавы
- Барбара Радзівіл (1520—1551) — каралева польская і вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта Аўгуста
Пакаленьне 5[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Крыштап Мікалай (1547—1603) — гетман вялікі літоўскі; за вайсковы талент атрымаў мянушку «Пярун»
- Мікалай Крыштап «Сіротка» (1549—1616) — ваявода віленскі, I ардынат на Нясьвіжы (1586); мэцэнат і пісьменьнік
- Юры Радзівіл (1556—1600) — біскуп віленскі і кракаўскі, першы каталіцкі кардынал зь Літвы; памёр у Рыме
- Альбрэхт (1558—1592) — маршалак дворны літоўскі, I ардынат на Клецку
- Станіслаў (1559—1599) — маршалак вялікі літоўскі і староста генэральны жамойцкі, I ардынат на Алыцы
Пакаленьне 6[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Януш (1579—1620) — кашталян віленскі; ажаніўся з Соф’яй Алелькавіч, за якой атрымаў Слуцкае княства
- Альжбета (1583—?) — жонка Льва Сапегі
- Крыштап (1585—1640) — гетман вялікі літоўскі; за ўласны кошт фінансаваў навучаньне літоўскіх студэнатаў-кальвіністаў ўва ўнівэрсытэтах Нямеччыны
- Ян Юры (1588—1625) — кашталян троцкі
- Альбрэхт Уладзіслаў (1589—1636) — кашталян віленскі, адзін з найбагацейшых магнатаў Літвы свайго часу
- Жыгімонт Караль (1591—1642) — ваявода наваградзкі; кавалер Мальтыйскага ордэна, збудаваў касьцёлы ў Сталовічах, і Дзераўной
- Аляксандар Людвік (1594—1654) — маршалак вялікі літоўскі і ваявода полацкі; збудаваў замак у Белай
- Альбрэхт Станіслаў (1595—1656) — канцлер вялікі літоўскі, за актыўную палітычную дзейнасьць атрымаў мянушку «Абаронца Правоў»; заснаваў Пінскі езуіцкі калегіюм
Пакаленьне 7[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Януш (1612—1655) — гетман вялікі літоўскі, меў вайсковы талент; склаў Кейданскую унію з Швэцыяй
- Багуслаў (1620—1669) — канюшы вялікі літоўскі, асабісты дарадца швэдзкага караля Карла X Густава ў часе Паўночнай вайны 1655—1660 гадоў; мэцэнат, заснавальнік Жодзіна
- Міхал Казімер (1635—1680) — ваявода віленскі і гетман польны літоўскі; перад сьмерцю ў 1679 наведаў з каралеўскай дэлегацыяй імпэратара Леапольда ў Вене і Папу Інакенцыюса XI у Рыме
- Дамінік Мікалай (1648/1653—1697) — канцлер вялікі літоўскі; заснавальнік малодшай (клецкай) лініі роду
Пакаленьне 8[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Станіслаў Казімер (1648—1690) — маршалак вялікі літоўскі; заснаваў кляштар дамініканаў у Клецку
- Караль Станіслаў (1669—1719) — канцлер вялікі літоўскі; заснаваў базылянскі кляштар у Міры, збудаваў касьцёл у Налібаках
- Ганна Кацярына з Сангушкаў (1676—1746) — жонка Караля Станіслава, зь якім мела 13 дзяцей; гаспадарчая дзяячка і мэцэнатка
- Ян Мікалай (1681—1729) — ваявода наваградзкі; першы з роду атрымаў Ордэн Белага арла
- Мікалай Фаўстын (1688—1746) — ваявода наваградзкі; збудаваў палац у Зьдзецеле
- Барбара з Завішаў (1690—1770) — жонка Мікалая Фаўстына, зь якім мела 14 дзяцей; актыўная палітычная дзяячка
Пакаленьне 9[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Міхал Казімер «Рыбанька» (1702—1762) — гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі; адбудаваў Нясьвіскі замак, заснаваў друкарню і кадэцкі корпус
- Францішка Ўршуля зь Вішнявецкіх; (1705—1753) — жонка Міхала Казімера «Рыбанькі»; першая ў Вялікім Княстве Літоўскім жанчына-драматург, стваральніца самабытнага тэатра ў Нясьвіскай рэзыдэнцыі
- Удальрык Крыштап (1713—1770) — пісар вялікі літоўскі; спрабаваў увесьці ў спэктаклі прыдворных тэатраў беларускую мову
- Геранім Флярыян (1715—1760) — харунжы вялікі літоўскі, уладальнік г.зв. «Нойбурскіх маёнткаў», заснаваў Слуцкі тэатар Радзівілаў
- Юры (1721—1754) — ваявода наваградзкі
Пакаленьне 10[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Караль Станіслаў «Пане Каханку» (1734—1790) — ваявода віленскі; найбольш заможны магнат Рэчы Паспалітай 2-й паловы XVIII стагодзьдзя і адзін з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе
- Міхал Геранім (1744—1831) — апошні ваявода віленскі
- Мацей (1749—1800) — апошні кашталян віленскі; кампазытар і драматург
- Геранім Вінцэнт (1759—1786) — падкаморы вялікі літоўскі; кавалер Ордэна Сьвятога Губэрта
Пакаленьне 11[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Антоні Генрых Радзівіл (1775—1833) — адзіны кампазытар, зь якім Ёган Вольфганг фон Гётэ супрацоўнічаў як лібрэтыст; заснавальнік бэрлінскай лініі роду
- Дамінік Геранім Радзівіл (1786—1813) — апошні мужчына-прадстаўнік нясьвіскай лініі; кавалер Ордэна Ганаровага легіёну
- Канстантын Радзівіл (1793—1869) — мэцэнат, адзін зь першых беларускіх фальклярыстаў
Пакаленьне 15[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Марыя Магдалена з Завішаў (1861—1945) — жонка Вацлава Мікалая; дзяячка беларускага культурнага руху, мэцэнатка
Пакаленьне 17[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Канстанты Радзівіл (1958) — польскі лекар і палітык.
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Мужчынскі партрэт
- Жаночы партрэт
У наш час іканаграфія роду Радзівілаў захоўваецца ў зборах Аўстрыі, Беларусі, Летувы, Нямеччыны, Польшчы, Расеі, Украіны, Францыі.
У 1950 годзе савецкія ўлады падаравалі Польшчы абсалютную большасьць партрэтаў (63 адзінкі) зь Нясьвіскай галерэі[10].
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ У гістарычных дакумэнтах на лаціне (у адз. ліку): Radzivil, Radziwil; польская форма прозьвішча: Radziwiłłowie
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Грыцкевіч А. Радзівілы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 503.
- ^ Грыцкевіч А. Радзівілы // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 504.
- ^ Грыцкевич А. Радзівілы // ЭГБ. Т. 6. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 216.
- ^ а б Абламейка С. У 1917 годзе нашчадак Рурыка і іншыя магнаты Меншчыны абвясьцілі сябе беларусамі, Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г.
- ^ Багадзяж М. Я — беларуска… (Марыя Магдалена Радзівіл) // Беларуская мінуўшчына. № 1, 1996.
- ^ а б Капылоў І. Радзівілы // Звязда. № 47 (27162), 13 сакавіка 2012 г.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць. — Мн.: Тэхналёгія, 2003. С. 188.
- ^ а б Ніна Шчарбачэвіч. Што не падзялілі Пане Каханку і барон Мюнхгаўзэн // Ігуменскі тракт. — 19 лістапада 2013. — № 38 (53).
- ^ Валянціна Аксак (25.05.2009) Нашчадкі Радзівілаў вандруюць па былых уладаньнях. Радыё Свабода. Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- ^ Кірпа С. Скарбы Нясвіжа: гісторыя стварэння і рабавання // Туризм и отдых. № 39 (724), 8 кастрычніка 2009 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. — 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Радзівілы — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта Князь Радзівіл гэрбу ўласнага. «Згуртаваньня Беларускай Шляхты». Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- Сайт, прысьвечаны гісторыі роду князёў Радзівілаў(рас.) Праверана 18 ліпеня 2011 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 1) // Белтэлерадыёкампанія, 4 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 2) // Белтэлерадыёкампанія, 5 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
- Міхал Равуцкі. Радзівілы. Тайны сям’і (частка 3) // Белтэлерадыёкампанія, 6 сьнежня 2012 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.