Пінск

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пінск
трансьліт. Pinsk
Пінск
Coat of Arms of Pinsk, Belarus.svg Flag of Pinsk.svg
Герб Пінску Сьцяг Пінску
Дата заснаваньня: 1097
Першыя згадкі: 1097
Магдэбурскае права: 12 студзеня 1581
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пінскі
Плошча: 47,36 км² [1]
Насельніцтва (2017)
колькасьць: 138 202 чал.[2]
шчыльнасьць: 2918,12 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 165
Паштовыя індэксы: 225700—225716 (з выняткамі), 225745
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°7′ пн. ш. 26°5′ у. д. / 52.117° пн. ш. 26.083° у. д. / 52.117; 26.083Каардынаты: 52°7′ пн. ш. 26°5′ у. д. / 52.117° пн. ш. 26.083° у. д. / 52.117; 26.083
Пінск на мапе Беларусі ±
Пінск
Пінск
Пінск
Пінск
Пінск
Пінск
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
www.pinsk.gov.by

Пінск — места ў Беларусі, на сутоках Піны і Прыпяці. Адміністрацыйны цэнтар Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Плошча 4736 га[1]. Насельніцтва на 2017 год — 138 202 чалавекі[2]. Знаходзіцца за 180 км на ўсход ад Берасьця. Вузел аўтамабільных дарог на Івацэвічы, Лунінец, Столін і Янаў. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Лунінец, рачны порт.

Пінск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. У наш час мае неафіцыйны статус сталіцы Палесься, тут налічваецца 44 гістарычна-культурныя каштоўнасьці, у тым ліку комплексы кляштараў францішканаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Міхала Арханёла, калегіюм езуітаў, касьцёл Сьвятога Караля Барамэя, палац Бутрымовічаў і прыдарожная капліца, помнікі архітэктуры барока і клясыцызму XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся замак Вішнявецкіх, зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёлы Сьвятога Станіслава (віленскае барока) і Сьвятога Дамініка (барока), Вялікая сынагога (рэнэсанс) і капліца ны Рынку, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле пашыранага меркаваньня, тапонім «Пінск» утварыўся ад назвы ракі Піны. Тым часам няма адназначнасьці датычна паходжаньня гідроніму: на думку географа В. Жучкевіча, ён утварыўся ад славянскай асновы «пін», сэнсавае значэньне якой — прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць[3]. Існуюць таксама і іншыя тэорыі, найбольш пашыраныя зь якіх: «Піна» ад «пена», што пляскалася на ўзьбярэжжы; «Піна» ад лацінскага «пінус» — «хвоя», хвоі ў вялікай колькасьці расьлі на берагах рэчкі.

Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Пиньск[a], Пинеск[b].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Пінску

Тураўскае і Пінскае княствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Пінск («Пінеск») зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 1097 годам[4]. Узьнікненьне гораду ў XI ст. пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.

У 1174 годзе Пінск стаў сталіцай удзельнага княства. У летапісах упамінаюцца князі пінскія: Яраслаў (1183 год) і Яраполк (1190 год). На той час горад меў гандлёвыя зьвязкі з Валыньню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[4].

У XIII ст. Пінск стаў цэнтрам Пінска-Тураўскай япархіі[5]. Пад 1263 годам упершыню ўпамінаецца царква пры манастыры ў прадмесьці Лешчы — рэлігійным і асьветніцкім цэнтры Піншчыны.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячаткі князя пінскага Фёдара (XVI ст.) і мескага магістрату (XVII ст.)

У пачатку XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім месьце збудавалі замак. З 1320 году тут княжыў Нарымонт, які ў 1348 годзе загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт I Кейстутавіч заснаваў у Пінску касьцёл францішканаў[6]. На 1471 год у месьце валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Ґедыміна. Вялікая колькасьць яе дароўных грамат дазваляюць спасылацца на першыя пісьмовыя ўпаміны вёсак Піншчыны[7].

У 1521 годзе вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэньні на Палесьсі. У 1527 годзе сьцены Пінскага замка спынілі апошні набег татараў на Літву. З 1539 году места стала цэнтрам староства.

У сярэдзіне XVI ст. у Пінску было 27 вуліцаў і 800 двароў, а таксама магутная сыстэма ўмацаваньняў[5]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места стала сталіцай павету Берасьцейскага ваяводзтва. 12 студзеня 1581 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Пінску Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадох) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[8]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.

Гістарычная Піншчына

Па складаньні Берасьцейскай уніі (1596 год) утварылася Тураўска-Пінская грэка-каталіцкая япархія. У 1636—1675 гадох у месьце збудавалі мураваныя езуіцкія касьцёл і калегіюм[9]. У 1648 годзе на Запарожжы пачалося паўстаньне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляваньні дайшлі і да Пінску, але іхных удзельнікаў разам з казакамі разьбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сярэдзіне XVII ст. места было важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых местаў Каралеўства Польскага.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 году маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[10]. Пазьней у 1660—1664 гадох места неаднаразова трымала аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 году зноў узялі яго штурмам[5].

У 1705 годзе князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі і ягоная жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бэрнардынаў (праіснаваў да 1832 году). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 годзе кароль Швэцыі Карл XII заняў места, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэньні спазнаў і бастыённы замак у прадмесьці Караліне, збудаваны сьпярша для маршалка вялікага і перададзены пазьней князям Вішнявецкім. У 1710 годзе ў Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомавай «Гісторыі Расейскай», навуковец, дыплямат, асьветнік, падарожнік, дзяржаўны дзяяч XVIII стагодзьдзя. Таго ж году на Піншчыне на загад маскоўскага гаспадара Пятра I ён зладзіў вытворчасьць 30 гарматаў і 7 суднаў.

У 1729—1746 гадох пры Пінскім езуіцкім калегіюме працавала друкарня. У 1750—1782 гадох на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесьця Караліна манахі-камуністы збудавалі мураваны касьцёл, вядомы цяпер пад тытулам Караля Барамэя. У 1784 годзе ў Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 годзе пачалося будаваньне мураванага касьцёла пры кляштары дамініканаў. 1 ліпеня 1791 году распачала працу Пінская генэральная кангрэгацыя, мэтай якой зьяўлялася ўтварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі зьдзейсьніцца гэтым плянам[11].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак. Касьцёл і калегіюм езуітаў

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Пінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году атрымаў статус павятовага места Менскага намесьніцтва. У 1804 годзе на землях зямяніна Рыдзеўскага знайшлі вялікі манэтны скарб.

У сярэдзіне XIX ст. Пінск стаў буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка. млын. У 1857 годзе ў месьце адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 годзе ў рэальную вучэльню. У 1865 годзе муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску лякарню. У 1882 годзе празь места прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[10]. У 1885 годзе распачалі працу суднарамонтны і мэханічны завод, у 1892 годзе — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулькан».

У пачатку ХХ ст. у Пінску было 5 лякарняў, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касьцёлы, 2 сынагогі, паштова-тэлеграфная кантора, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 працоўнымі; станцыя Палескай чыгункі, суднаходзтва па Прыпяці. Апрача грузавой прыстані, існавала параходная пасажырская зь лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў і Пінск — Целяханы. У месьце працавалі Азоўска-Данскі камэрцыйны банк, рэстарацыя, тэатар, рэальная вучэльня, жаночая гімназія, 6 прыходзкіх школаў, 2 пачатковыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўная вучэльня, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[12]. У сакавіку 1904 году ў Пінску зьявілася тэлефонная сетка (на 1910 год яе паслугамі карысталіся 196 абанэнтаў). У лістападзе 1911 году ў месьце пачаліся першыя сэансы кінэматографу. У 1912—1914 гадох у Пінску жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас. У Першую сусьветную вайну 15 верасьня 1915 году места занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 лістапада 1917 году адбылося абвяшчэньне Ўкраінскай Народнай Рэспублікі з прэтэнзіяй у тым ліку на Пінск, які знаходзіўся пад кантролем Нямеччыны. 27 студзеня (9 лютага) 1918 году ў Берасьці падпісалі мір паміж Нямеччынай і Аўстрыяй з аднаго боку, і УНР з другога, паводле якога УНР вызнавалася зь Пінскам у сваім складзе. 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці немцы падпісалі Берасьцейскі мір з бальшавікамі, паводле якога Савецкая Расея прызнавала УНР і ўсе ўмовы папярэдняга нямецка-ўкраінскага міру, то бок Савецкая Расея прызнавала Пінск у складзе УНР. Зь лютага-сакавіка 1918 году Нямеччына дазволіла УНР ствараць органы і арганізацыі ў Пінску пад сваім кантролем. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Пінск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, тэрыторыя Палесься стала прадметам перамоваў БНР і УНР[13]. 12 чэрвеня 1918 году адбылося падпісаньне савецка-ўкраінскага замірэньня, аднак пытаньне межаў там не разглядалася. Канчатковы мір паміж РСФСР і УНР ніколі ня быў падпісаны. 9 лістапада 1918 году Нямеччына выйшла з вайны. У Пінску па гэтым знаходзіліся толькі ўкраінскія войскі.

1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Пінск абвяшчаўся часткай Беларускай ССР, дзе ён стаў цэнтрам павету («падраёну») Берасьцейскага раёну[14]. 25 студзеня 1919 году места занялі бальшавікі. 27 лютага 1919 году ўтварылася Літоўска-Беларуская ССР зь Пінскам у сваім складзе. 5 сакавіка 1919 году адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі места, а таксама цягнікі, вайсковыя склады, калёну пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў жаўнераў[15]. У жніўні 1920 году Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі места да 26 верасьня 1920 году.

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва. 7 верасьня 1921 году здарыўся вялікі пажар: агонь зьнішчыў практычна ўсю цэнтральную частку места. У 1924 годзе ў Пінску заснавалі краязнаўчы музэй (адкрыўся ў 1926 годзе). У 1936 годзе ў мескім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстава, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska»[16]. Тэрыторыю места двойчы павялічвалі: у 1929[17] і 1939 гадох[18].

У 1939 годзе Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж году савецкія карныя органы расстралялі ці вывезьлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і ягоныя паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 сьнежня 1939 году места стала цэнтрам Пінскай вобласьці (існавала да 1 жніўня 1954 году). У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 году Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 18 студзеня 1943 году салдаты Арміі Краёвай у час узброенага выступу вызвалілі зь мясцовай турмы некалькіх партызанаў[19].

10 жніўня 1946 году распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 годзе ў Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 годзе камуністычныя ўлады злачынна зьнішчылі выдатны помнік архітэктуры віленскага барока — Касьцёл Сьвятога Станіслава, ансамбль гістарычнага Рынку з гандлёвымі радамі, а таксама рэнэсансавую Вялікую сынагогу. У 1960 годзе распачалося будаваньне аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 годзе — камбінату верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палесьсе». 17 студзеня 1987 году ў Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзалу, 5 красавіка таго ж году да новага Пінскага порту прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 году ў месьце адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 году выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканалу «Вараг».

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пінск стаіць у вусьці ракі Піны, якая ўпадае ў Прыпяць і аддзяляе места ад прылеглых балотаў. У старажытнасьці балоты былі адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (які палешукі завуць верхняй плыньню Прыпяці), зьліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінску зрэзанае, шырыня складае 35—55 мэтраў[20].

Пінск атачае лесапаркавая зона «Лугі». На тэрыторыі места знаходзіцца некалькі паркаў (у тым ліку парк культуры і адпачынку і дзіцячы гарадок) і сквэраў. Краявід навакольных тэрыторыяў галоўным чынам антрапагенны — сельскагаспадарчыя землі, лецішчы, сустракаюцца асобныя лясныя масівы (хвоя, бяроза і іншыя).

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пінск разьмяшчаецца ў зоне ўмерана кантынэнтальнага клімату[21]. Праз уплыў марскіх паветраных масаў тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклёны, якія зьяўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлянтычнага акіяну з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасьць ападкаў — каля 630 мм. Колькасьць дзён з тэмпэратурай вышэйшай за нуль складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі[22].

Nuvola apps kweather.svg Кліматычныя зьвесткі для Пінску Weather-rain-thunderstorm.svg
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн
Сярэдняя t, °C −4,5 −3 1,5 8 14 17 18,5 17,5 13,5 8 2,5 −1,5
Норма ападкаў, мм 40 30 30 40 60 70 80 75 50 40 50 45
Крыніца: Клімат Пінску(рас.) Метеоновости Праверана 15 кастрычніка 2011 г.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVI стагодзьдзе: 1550 год — каля 3,5 тыс. чал.[5], 1600 год — каля 5 тыс. чал.
  • XVII стагодзьдзе: 1625 год — каля 30 тыс. чал.[23], 1650 год — каля 10 тыс. чал.[5]
  • XVIII стагодзьдзе: 1794 год — 3716 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1811 год — 2415 чал.[24]; 1825 год — 4,2 тыс. чал.; 1841 год — 6,8 тыс. чал.; 1860 год — 8,6 тыс. чал.[23]; 1861 год — 11,3 тыс. чал.; 1870 год — 18 тыс. чал.[23]; 1887 год — 22 967 чал. (11 847 муж. і 11 120 жан.), у тым ліку паводле стану: шляхты — 266 муж. і 275 жан., духоўнага праваслаўных — 49 муж. і 37 жан., духоўнага каталіцкіх — 3 чал., купцоў і ганаровых грамадзянаў — 208 муж. і 224 жан., мяшчанаў і цэхавых — 10 806 муж. 10 439 жан., вайскоўцаў — 325 муж., сялянаў — 190 муж. і 145 жан.; паводле веры: 2848 праваслаўных, 1082 каталікоў, 20 эвангелістаў, 19 017 юдэяў[23]; 1897 год — 28 028 чал. (13 649 муж. і 14 379 жан.)[25]; 1900 год — 29,5 тыс. чал.
Пінскія жыды чытаюць Мішну. Фрагмэнт фотаработы «Пінскія партрэты»
  • XX стагодзьдзе: 1907 год — 34 756 чал.[26]; 1910 год — 36 409 чал., у тым ліку 26 626 юдэяў[27]; 1921 год — 23,5 тыс. чал.; 1931 год — 33,5 тыс. чал., зь іх 73,5% складалі жыды, да 10% — «рускія»; палякі складалі некалькі адсоткаў і былі ў асноўным прыбылым элемэнтам — вайскоўцы, ксяндзы, службоўцы, настаўнікі[28]; 1939 год — 35,9 тыс. чал.; 1959 год — 41,5 тыс. чал.; 1974 год — 77,1 тыс. чал.[29]; 1986 год — 112,6 тыс. чал.; 1993 год — 123 тыс. чал.; 1995 год — 130 тыс. чал.[30]; 1996 год — 130 тыс. чал.; 1998 год — 132,6 тыс. чал.[31].; 2000 год — 131 тыс. чал.[32]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 130 268 чал.[33]; 2006 год — 129,9 тыс. чал.; 2007 год — 131,0 тыс. чал.; 2008 год — 130,8 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 году — 131,2 тыс. чал.[34]; 2009 год — 130 355[35] (перапіс); 2016 год — 138 415 чал.[36]; 2017 год — 138 202 чал.[2]

Паводле зьвестак перапісу 1999 году, сярод насельніцтва Пінску больш за 85% беларусаў, каля 9% расейцаў, каля 3,5% украінцаў, каля 1% палякаў, каля 0,15% жыдоў[37].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт

У Пінску функцыянуюць 35 дзіцячых дашкольных установаў. Дзейнічаюць 3 пазашкольныя ўстановы: Мескі экалягічны цэнтар навучэнцаў, Цэнтар тэхнічнай і мастацкай творчасьці навучэнцаў, Цэнтар дзіцячага і юнацкага турызму.

У месьце працуюць 14 сярэдніх школаў і 3 гімназіі, 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.

У Пінску працуюць 7 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў:

Атрыманьне вышэйшай адукацыі забясьпечвае Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

12 верасьня 2001 году ў Пінску адкрылася Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная сэмінарыя імя сьвятога Тамаша Аквінскага.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва Пінску ажыцьцяўляе некалькі спэцыялізаваных установаў аховы здароўя. У месьце дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філія), УАЗ «Пінская цэнтральная лякарня» (1 філія), УАЗ «Дзіцячая лякарня» (1 філія), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіі), УАЗ «Стаматалягічная паліклініка» (1 філія).

У месьце маюцца філіі наступных установаў: «Міжраённы скурна-вэнэралягічны дыспансэр», «Міжраённы псыханэўралягічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсхотны дыспансэр», «Міжраённы наркалягічны дыспансэр», «Станцыя пераліваньня крыві», «Спэцыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай мэдычнай дапамогі»

Дзяржаўны санітарны нагляд у забесьпячэньні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыцьцяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі».

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Пінску дзейнічаюць мескі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музэй Беларускага Палесься, мескі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатар, меская кінавідэасетка (кінатэатар «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, меская канцэртная заля. У месьце працуюць тэатар-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатар «Візаві».

Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіяў з агульным кніжным фондам у 600 тысячаў асобнікаў. У 1986 годзе адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысячаў кніг[38].

У месьце налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасьці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструмэнтальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званьне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных установаў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы №1, №2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва[39].

Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фэст фальклёру «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў месьце традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз на два рокі ў красавіку праходзіць традыцыйнае сьвята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз на два гады ў траўні праходзіць музычнае сьвята «Віват, баян!» Улетку ці напачатку восені ў навакольлях Пінску праходзіць міжнародны мотафэст «Пінск»[40].

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шахава-шашачны клюб

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пінск — адно з найлепшых спартовых местаў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.

У Пінску разьмяшчаецца Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 году Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Эўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі спартовы комплекс БЕЛАСТТ.

На 1 студзеня 2003 году ў Пінску было 128 спартовых збудаваньняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартовых заляў, 2 басэйны, 11 міні-басэйнаў, 38 прыстасаваных памяшканьняў. У спартовых школах места займаліся каля 30 тыс. юных спартоўцаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у месьце працуе шахава-шашачны клюб.

Спартовы комплекс «Хваля»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Унівэрсальны спартовы комплекс «Хваля», які ўмясьціўся на плошчы 32740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, мэдычна-аднаўленчы цэнтар, лёдавую арэну, басэйны і ўнівэрсальную спартовую залю. Адначасна наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартовае збудаваньне ўяўляе сабою 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных формаў і памераў.

Увод у эксплюатацыю лёдавай арэны «Хваля» адбыўся 29 сьнежня 2007 году. Унікальнасьць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя парамэтры арэны адпавядаюць эўрапейскім стандартам: шырыня лёдавага пакрыцьця — 29 м, даўжыня — 60 м. Агульная плошча — 8450 м², колькасьць гледачоў — звыш 600 чалавек.

Басэйны прызначаюцца ня толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінску. Пры неабходнасьці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынэрнае абсталяваньне, яго трыбуны разьлічаны на больш за 3000 гледачоў.

Футбольны клюб «Хваля-Пінск»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Пінску ёсьць уласны футбольны клюб «Хваля» (заснаваны ў 1987 годзе, меў назву «Камунальнік» у 1989—1996 гадох і «Пінск-900» у 1997—2005 гадох). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасьцю 3100 месцаў). Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі. За 18 сэзонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розьніца мячоў 806:597 (на 1 студзеня 2009).

Мотабольны клюб «Аўтамабіліст»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найбольш тытуляваны клюб Беларусі, заснаваны ў 1979 годзе. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызэр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызэр чэмпіянату Ўсходне-Эўрапейскай лігі 2007 году, бронзавы прызэр 2006 году.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Архітэктурнае аблічча Пінску складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 кляштары (францішканаў і дамініканаў). У XVII—XVIII стагодзьдзяў сфармаваўся архітэктурны цэнтар места: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касьцёл і калегіюм, дамініканскі і кармэліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бэрнардынаў, у прадмесьці Караліне — замак, касьцёл Караля Варамэя. Паводле інвэнтара 1660-х гадоў, павялічылася колькасьць брамаў (Віленская, Берасьцейская, Спаская, Парканавая, Гарадзкая і Ўладычная).

Аснову ўнутранага пляну Пінску склалі мескія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і месьцічаў, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасьці, рамесныя заняткі часткі мяшчанаў, нацыянальная прыналежнасьць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. упамінаюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы выбрукоўваліся лесам, што было асабліва важна ўва ўмовах вялікай забалочанасьці мескай тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінску зьявіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў месьце захавалася частка ягонага даўняга радыяльна-паўкольцавага пляну.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
8 сакавіка вуліца Пятроўская вуліца
20 верасьня вуліца Кравецкая вуліца
Альхоўскіх вуліца Школьная вуліца
Бялова вуліца Папярочная Школьная вуліца
Столінская вуліца
Каралевы Боны вуліца
Бярковіча вуліца Гліненская вуліца Дзяржынскага вуліца (1939—1941)
Вайцяховіча вуліца Мясная вуліца Дрэваапрацоўчая вуліца (1939—1941)
Валадарскага вуліца Ушацкая вуліца Громаадводная вуліца (1939—1941)
Веры Харужай вуліца Францішканская вуліца
Малая Францішканская вуліца
Касьцельная вуліца
Інжынэрная вуліца
Гайдаенкі вуліца Могілкавая вуліца Сьлясарная вуліца (1939—1941)
Гогаля вуліца Хведараўская вуліца Фёдараўская вуліца
Тэадораўская вуліца
Горкага вуліца Замкавая вуліца (частка)
Перакопная вуліца (частка)
Дамініканская вуліца
Саборная вуліца
Дзяржынскага вуліца Судовая вуліца Станіслава Манюшкі вуліца
Ананскага вуліца (1939—1941)
Дняпроўская Флятыліі вуліца Набярэжная вуліца
Заслонава вуліца Плеўская вуліца Агінскага вуліца
Паштовая вуліца
Зоі Касмадзям’янскай вуліца Ганчарная вуліца Перацкага вуліца
Іркуцка-Пінскай дывізіі вуліца Каралінская вуліца Астроўскага вуліца (1939—1941)
Камсамольская вуліца Лістоўская вуліца[41] Антонія Лістоўскага вуліца
Канарэева вуліца Слабадзкая вуліца
Партовая вуліца
Каржа вуліца Школьная вуліца
Прадольная Школьная вуліца
Бутрымовіча вуліца (1921—1939)
Піянэрская вуліца (1939—1941)
Кастрычніка плошча Юзэфа Панятоўскага пляц
Кірава вуліца Альбрэхтаўская вуліца
Вялікая Альбрэхтаўская вуліца
Купецкая вуліца
84-га палка палескіх стралкоў вуліца
Кулікова вуліца Броварная вуліца
Леніна вуліца Вялікая вуліца
Вялікая Спаская вуліца
Вялікая Францішканская вуліца
Вялікая Кіеўская вуліца
Тадэвуша Касьцюшкі вуліца
Леніна плошча Рынак пляц
Ленінградзкая вуліца Старавіленскі тракт
Насырава вуліца Папярочны Замкавы завулак
Партызанская вуліца Лешчанская вуліца
Першамайская вуліца Лагішынская вуліца[42] Санкт-Пецярбурская вуліца
Розы Люксэмбург вуліца
Пілсудзкага вуліца
1 траўня вуліца
Савецкая вуліца Бэрнардынская вуліца Турэмная вуліца
Суворава вуліца Балотная вуліца Пераца вуліца
Чарняхоўскага вуліца Тэатральная вуліца
Чырвонафлёцкая вуліца Вароўская вуліца
Шпітальная вуліца

У розныя часы ў Пінску таксама існавалі вуліцы Багушэўская, Гарадзішчанская, Дзіміскоўская, Калатынаўская, Нашацкая, Плашчан, Страпковічаў, Сьцяпанаўская, Юлдзінская і Ясельдаўская[43]. Паводле перапісу 1874 году, у месьце таксама існавалі завулак Катлярскі, вуліцы Вішнявецкая, Глініцкая і Северска-Папярочная[44].

З каштоўнай урбананімічнай спадчыны Пінску да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Ахоўская, Берасьцейская, Валавая, Віленская, Вольская, Гаёвая, Гарбарская, Гарохаўская, Завальная, Згода і Равецкая.

Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя мясцовасьці Пінску: Гарадзішча, Пабярэжжа, Вярыга[45], Каралін, Лешча.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Пінску разьмяшчаюцца прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялягічнай прамысловасьці.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рачны вакзал

Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных базаў. Эксплюатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бускі водны шлях». У сфэры чыгуначнага транспарту працуе «Досьледны завод шляхавых машынаў».

Грамадзкі транспарт у Пінску — аўтобусы і маршрутныя таксі. Аўтобусная сетка Пінску адкрылася 10 жніўня 1946 году і налічвае цяпер 21 маршрут. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103 і Ikarus-280. Прыгараднае і міжгароднае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца з аўтавакзалу. Аўтобусныя маршруты злучаюць Пінск зь Берасьцем, Горадняй, Менскам і іншымі вялікімі местамі Беларусі.

Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з шматлікімі местамі Беларусі, Ўкраіны і Расеі. Цягнікі далёкага руху ходзяць празь Пінск да Менску, Смаленску, Масквы, Гомелю, Віцебску, Кіева, Сімфэропаля. Празь места праходзяць маршруты прымескіх цягнікоў: Берасьце — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама гістарычнага цэнтру

Пінск — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[46]. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музэй Беларускага Палесься.

Гатэлі: «Аэліта»; «Прыпяць»; «Спорт»; «Хваля»

Пінск зьяўляецца другім колькасьцю захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі местам пасьля Горадні. Цягам стагодзьдзяў у Пінску ўзводзіліся помнікі грамадзянскай і сакральнай архітэктуры, у якіх ня толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідзтва папярэдніх эпохаў, але і выкарыстоўваліся дасягненьні эўрапейскай архітэктуры.

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі сакральнай архітэктуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будынак, у якім нарадзіўся Рышард Капусьцінскі

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ПСРЛ. Т.1. — М., 1962. С. 258.
  2. ^ Тихомиров М. Н. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Т. 40. — М., 1952.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (на 1 студзеня 2012 г.)
  2. ^ а б в Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 290.
  4. ^ а б Згадкі пра Пінск у летапісе(рас.) Гісторыя Пінску Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
  5. ^ а б в г д ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 432.
  6. ^ Ярашэвіч А. Пінскі кляштар францысканцаў // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 436.
  7. ^ ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 508.
  8. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  9. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 435.
  10. ^ а б Гаева Ю., Лысенка П. Пінск // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 495.
  11. ^ ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 434.
  12. ^ Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Менск: Беларусь, 2001. С. 209.
  13. ^ Лебедзева В. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
  14. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  15. ^ Wyszczelski L. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 65.
  16. ^ Informator m. Pinska. Rok 1936.
  17. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 26 kwietnia 1929 r. o rozszerzeniu granic gminy miejskiej Pińsk w powiecie pińskim, województwie poleskiem (Dz. U. Nr 35 poz. 319) (пол.)
  18. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 20 marca 1939 r. o zmianie granic miasta Pińska w powiecie pińskim, województwie poleskim (Dz. U. Nr 23 poz. 149) (пол.)
  19. ^ Königsberg W. Brawurowa akcja "Ponurego" i "Czarki". Wyzwolenie więzienia w Pińsku (пол.), Wirtualna Polska, 30.01.2014.
  20. ^ Апісаньне ракі Піна(рас.) FisherMenFromPinsk Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  21. ^ Прокопович Т. М. Атлас географии Беларуси. — Минск: РУП «Белкартография», 2004. С. 14.
  22. ^ Прокопович Т. М. Атлас географии Беларуси. — Минск: РУП «Белкартография», 2004. С. 16.
  23. ^ а б в г Moszyński A., Jelski A. Pińsk // Słownik geograficzny... T. VIII. — Warszawa, 1887. S. 174.
  24. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 372.
  25. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  26. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  27. ^ Наш Пинск исторический. — Пинск: Пинск-900, 1997.
  28. ^ Zienkiewicz T. Rosyjskie zycie kulturalno-literackie w Pinsku 1918—1939 // Acta Polono-Ruthenica XII, 2007. S. 8.
  29. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  30. ^ Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham— London, 1998. P. 172.
  31. ^ Гаева Ю., Лысенка П. Пінск // ЭГБ. Т. 5. — Менск, 1999. С. 494.
  32. ^ БЭ. Т. 12. — Менск, 2001. С. 363.
  33. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 4. Кн. 2. — Менск, 2007. С. 368
  34. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасьць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
  35. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  36. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  37. ^ Прокопович Т. М. Атлас географии Беларуси. — Минск: РУП «Белкартография», 2004. С. 32.
  38. ^ Пинск — город для человека(рас.) Epinsk.net Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  39. ^ Пинск. Культура и искусство(рас.) Pinsk-city.info Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  40. ^ Столица Белорусского Полесья(рас.) Interfax.by Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
  41. ^ Плян Пінску 1856 году
  42. ^ Плян Пінску 1939 году
  43. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 387.
  44. ^ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi
  45. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 386.
  46. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Пінсксховішча мультымэдыйных матэрыялаў