Сапегі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сапегі
лац. Sapiehi
Герб Сапегаў
Герб «Ліс»
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Прызнаныя ў: Вялікае Княства Літоўскае, Царства Польскае, Аўстра-Вугоршчына, Расейская імпэрыя
Першы з роду: Сямён Сапега (Сапіга)

Сапе́гі — шляхецкі род гербу «Ліс» беларускага[1][2] паходжаньня; у XVI стагодзьдзі ўвайшоў у лік магнатаў Вялікага Княства Літоўскага.

Прадстаўнікі роду Сапегаў у XV—XVIII стагодзьдзях валодалі буйнымі лятыфундыямі і мелі значны ўплыў — займалі найвышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады — сярод іх 25 ваяводаў, 4 кашталяны, 3 вялікія і 1 польны гетман, 2 канцлеры і 3 падканцлеры, 3 маршалкі вялікія, 3 генэралы артылерыі, 2 біскупы, некалькі маршалкаў надворных і інш., агулам 16 Сапегаў займалі дыгітарскія пасады.

Сапегі лічыліся другім паводле значнасьці, пасьля Радзівілаў, магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага. Першапачаткова былі праваслаўнымі, у 2-й палове XVI ст. некаторыя прадстаўнікі роду далучыліся да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы XVI ст. усе Сапегі перайшлі ў каталіцтва.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Коданская галерэя партрэтаў, каля 1720 г. Літаграфія 1855 г.

Паводле радаводаў, складзеных ў XVII—XVIII стагодзьдзях, паходжаньне Сапегаў выводзілася ад кашталяна троцкага Пунігайлы, нібыта сына Нарымонта Гедзімінавіча, сын якога Сунігайла Пунігайлавіч быццам ахрысьціўся з імем Сямён. Гэтая генэалёгія засноўвалася на «Historia Illustris domus Sapiehianae» (Вільня, 1724 год), панэгірычным творы А. А. Міштольта, на падставе якога Сапегі прэтэндавалі на тытул князёў. Аднак А. Банецкі, Ю. Вольф і У. Сямковіч у сваіх дасьледаваньнях паказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі) (узгадваецца ў 1440-я гады), пісара гаспадарскага пры Казімеры Ягайлавічы. Нашчадкі ж гістарычнага Сунігайлы, кашталяна троцкага, згодна з дасьледваньнямі У. Сямковіча ня мелі нічога агульнага з Сапегамі.

Ад пачатку маёнткі Сапігі і яго сыноў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакаўскі Пасад, але праз войны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам страцілі іх, у вайну 1500—1503 гадоў — Гарадзішча і Апакаў, у вайну 1512—1522 гадоў — Ельню. Аднак Сапегі, як і шмат іншых баярскіх і княскіх родаў, захавалі вернасьць Вялікаму Княству Літоўскаму.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Леў Сапега — найвыдатнейшы з роду Сапегаў

Сямён Сапіга меў 4 сыноў, зь якіх Багдан і Іван (Івашка) сталі пачынальнікамі 2 галоўных лініяў роду — чарэйска-ружанскай і коданскай (у далейшым кожная зь іх працягвала драбіцца).

Багдан Сямёнавіч (да 1450 — па 1512) праз шлюб з князёўнай з Друцкіх-Сакалінскіх атрымаў мацярынскія маёнткі сваёй жонкі: Чарэю ў Лукомскім княстве, Белую (сучасны Лепель) на Полаччыне, Тухачоў пад Віцебскам — пазьнейшае ядро ўладаньняў Сапегаў.

Іван (Івашка) Сямёнавіч (каля 1450—1517) як і бацька, зрабіў кар’еру ў якасьці пісара гаспадарскага, потым сакратара. Выконваючы шэраг пасольскіх і іншых дыпляматычных даручэньняў, ён атрымаў за службу шмат наданьняў, зь якіх найбуйнейшымі былі Друя, Іказьнь і Пагост на Браслаўшчыне, Боткі на Падляшшы, Кодань на Берасьцейшчыне.

Да 2-й паловы XVI ст. Сапегі не вылучаліся сярод іншай шляхты ні высокімі пасадамі, ні асаблівым багацьцем. Але прадстаўнікі абедзьвюх галін (асабліва старэйшай — чарэйскай) пашыралі свае ўладаньні. Іван Багданавіч і яго сын Іван праз шлюбы і выслугі набылі Палону, Лемніцу і Астроўну ў Віцебскім ваяводзтве, вялікую частку спадчыны князёў Друцкіх (Талачын і Старасельле каля Друцку, Горы і Горкі за Дняпром, Дзярэчыя Лукі на Віцебшчыне каля сучаснага Суража і інш.), Ляйпунікі ў Літве. Януш Багданавіч праз шлюб з княжной Крошынскай атрымаў Лунна на Гарадзеншчыне. Прадстаўнік малодшай — коданскай галіны Павал Сапега, у далейшым ваявода новагародзкі, дзякуючы шлюбу з князёўнай з Гальшанскіх, набыў частку Гальшан, а таксама Станькава і Жыцін у Менскім ваяводзтве. Праўда, пасьля сьмерці яго брата Міхала Іказьненскі замак і іншыя браслаўскія ўладаньні Сапегаў часова адыйшлі да нашчадкаў з жаночай лініі.

Замак Сапегаў у Высокім

Узвышэньне роду зьвязваецца зь дзейнасьцю Льва Сапегі, які на працягу свайго жыцьця займаў ледзь ня ўсе найважнейшыя пасады ў дзяржаве — быў падканцлерам, канцлерам, вялікім гетманам, ваяводам віленскім. Спачатку перайшоўшы з праваслаўя ў кальвінізм, Леў Сапега пазьней прыняў каталіцтва, быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. Багацьці яго няўхільна пашыраліся; да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зэльву на Слонімшчыне, Асьвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладаньняў князёў Лукомскіх, Зьдзецел на Новагародчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладаньняў. Ён жа выкупіў Іказьнь і Друю ў нашчадкаў коданскай галіны роду Сапегаў. У валоданьні Льва Сапегі знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Сьвіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і інш. У выніку шлюбу яго сына Яна Станіслава з дачкой і спадчыньніцай Яна Караля Хадкевіча род Сапегаў прыдбаў маёнткі Быхаў, Ляхавічы, Цімкавічы, Любашанскае староства і шмат іншых уладаньняў. Багацьці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швэцыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў час г.зв. смуты ў Масковіі пачатку XVII ст.

Вялікі герб роду Сапегаў, створаны ў 1858—1859 гг.

Вялізныя багацьці Льва Сапегі і яго сыноў па сьмерці ў 1656 годзе апошняга зь іх, Казімера Льва, былі падзеленыя паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі. Найбольшую іх частку атрымаў траюрадны брат Казімера Льва — Павал Ян Сапега, які і без таго меў немалыя маёнткі (Высокае на Берасьцейшчыне і Беліца ў Аршанскім павеце). Цяпер да іх далучыліся Ружана, Ляхавічы, Быхаў, Чарэя, Косава. Павал Ян увайшоў у лік найбуйнейшых магнатаў, што спрыяла і яго палітычнаму ўзвышэньню. У 1656, у крытычны час «Патопу», ён атрымаў Віленскае ваяводзтва і гетманскую булаву. Менавіта пад яго кіраўніцтвам вайна з Расеяй і Швэцыяй скончылася пасьпяхова, тэрыторую Вялікага Княства ачысьцілі ад маскоўскіх войскаў.

Пры сынах Паўла Яна магутнасьць Сапегаў дасягнула максымуму. Кароль і вялікі князь Ян Сабескі, каб супрацьдзейнічаць роду Пацаў, даваў найвышэйшыя дзяржаўныя пасады Сапегам, якія ў сваю чаргу ня грэбавалі злоўжываньнямі. Казімер Ян Сапега, які праз шлюб з дачкой Юрыя Караля Глябовіча атрымаў палову спадчыны апошняга, у 1680-я гады дасягнуў дамінаваньня ў Вялікім Княстве. У 1696 годзе супраць Сапегаў пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты Вялікага Княства на чале зь віцебскім кашталянам Коцелам. На сойме 1696 году шляхце ўдалося правесьці канчатковае ўраўнаваньне сваіх правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у тым ліку ў кантролі над дзейнасьцю найвышэйшых службовых асобаў, і хоць сойм 1697 году пацьвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж Сапегамі і шляхтай працягваўся.

Палац Сапегаў у Львове

Па абраньні ў 1697 годзе саксонскага кюрфюрста Аўгуста Моцнага каралём польскім і вялікім князем літоўскім К. Я. Сапега павёў курс на аддзяленьне Вялікага Княства ад Кароны з мэтаю захапіць вялікакняскую ўладу. 14 верасьня 1700 году імпэратар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Сьвятой Рымскай імпэрыі. Маючы войска ў 9 тыс. наёмнікаў, Казімер Ян Сапега быў блізкі да сваёй мэты — толькі ўзброеная кааліцыя Караля Станіслава Радзівіла, князёў Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў, пачаўшы супраць Сапегаў сапраўднаю грамадзянскую вайну, здолела перамагчы іх у бітве пад Алькенікамі (1700) на поўдзень ад Вільні. Пасьля гэтага Сапегі перайшлі на бок швэдзкага караля Карла XII у часе Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) і падтрымалі караля Станіслава Ляшчынскага — швэдзкага вылучэнца на сталец Рэчы Паспалітай. Шляхта працягвала ваяваць супраць Сапегаў і склала з маскоўскім царом Пятром I дамову пра расейскую вайсковую і грашовую дапамогу (Сандамірская канфэдэрацыя). Тады Сапегі пайшлі нават на стварэньне казацка-сялянскіх атрадаў на чале зь Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, яны дзейнічалі супраць шляхты ва ўсходняй частцы Беларусі (пад Дуброўнай, Галоўчынам, Быхавам). У 1702 годзе гэтыя атрады былі разьбітыя. У 1704 годзе расейская армія ачысьціла цэнтральную частку Вялікага Княства Літоўскага ад швэдзкіх і сапегаўскіх атрадаў. Але ўжо ў 1707 годзе Казімер Ян Сапега дамогся поўнай амністыі і ў далейшым быў ваяводам віленскім і гетманам да канца жыцьця. Пасьля Паўночнай вайны палітычны ўплыў Сапегаў значна паменшыўся, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі галоўныя пасады ў цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі Вялікага Княства. Нашчадкі К. Я. Сапегі адышлі ў цень у параўнаньні зь нясьвіскай галіной Радзівілаў і князямі Агінскімі.

Малодшая — коданская галіна Сапегаў ня мела такіх дасягненьняў, але і яе прадстаўнікі былі не з апошніх у Рэчы Паспалітай. Асноўныя маёнткі коданскай галіны ляжалі за межамі сучаснай Беларусі: Кодань на забускай частцы Берасьцейскага ваяводзтва, Боткі і Дубна на Падляшшы. На Беларусі адна з галін Сапегаў (Багдан, затым яго сын Павал Стэфан) валодала Гальшанамі. Коданская галіна праз шлюб Тамаша Сапегі, сына Фрыдэрыка, у 1647 набыла спадчыну згаслага роду паноў Дарагастайскіх (Дарагастаі, Мураваную Ашмянку, Нарач і інш.). Брат Тамаша Крыштап меў за жонку княжну Саламярэцкую, уладальніцу Століна.

Непраўдзівымі зьяўляюцца зьвесткі пра наданьне Івану Сапегу графскага тытула імпэратарам Максымілянам II 6 студзеня 1572 году і пацьвярджэньне гэтага тытула Жыгімонтам Аўгустам 4 траўня 1572 году. Гэтыя фальсыфікаваныя дакумэнты былі ўпісаныя ў Мэтрыку ВКЛ у 1744 годзе канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам.

У 1768 годзе на просьбу Сапегаў сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх Сапегаў князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Княскі тытул быў пацьверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822 годзе, у Аўстра-Вугоршчыне — у 1840 годзе, у Расейскай імпэрыі — 24 ліпеня 1874 году.

Сапегі зьбіралі бібліятэкі, архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некаторых прадстаўнікоў роду ў паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі іх маёнткі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1915—1918 гадох Сапегі прэтэндавалі на сталец Вялікага Княства Літоўскага, які меркавалася аднавіць па магчымай перамозе Нямеччыны ў 1-й Сусьветнай вайне.

У 1918—1939 гадох у міжваеннай Польскай Рэспубліцы былі землеўладальнікамі, дыпляматамі і службоўцамі. Па Другой сусьветнай вайне ў эміграцыі.

Вядомыя прадстаўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мужчынскі партрэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жаночы партрэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 545.
  2. ^ Грыцкевіч А. Сапегі // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 223.
  3. ^ Журавский А. И. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. С. 185—191.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]