Крывічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мініятура Радзівілаўскага летапісу: «Ад іх жа і крывічы сядзяць на верх Волгі, і на верх Дзьвіны, на верх Дняпра. Іх жа горад ёсьць Смаленск»

Крывічы́ (гістарычна крэвы, магчыма скрэвы[1]) — буйная этнічная супольнасьць сярэднявечча, якая займала тэрыторыі ад верхняга Панямоньня, сярэдняга ды верхняга Прыдзьвіньня, верхняга Падняпроўя ды Паволжа, а таксама басэйны рэк Вялікай ды Ловаці.

Паводле зьвестак розных пісьмовых крыніцаў, крывічам належалі тэрыторыі, дзе пазьней утварыліся Полацкае, Смаленскае ды Пскоўскае княствы. Крывічы — асноўная этнаўтваральная адзінка беларусаў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня этноніму «крывічы».

Найбольш аргумэнтаванай выглядае гіпотэза, згодна зь якой этнічны назоў паходзіць ад імя мітычнага пачынальніка пэўнай рэлігійнай традыцыі — найвышэйшага сьвятара Крыва (Крыва-Крывейтэ), культ якога быў уласьцівы большасьці балцкіх народаў. Гэтую вэрсію падтрымлівалі Г. Мілер, М. Карамзін, Т. Нарбут, А. Кіркор, М. Касторскі, П. Трацьцякоў, В. Сядоў, Б. Рыбакоў, Дз. Мачынскі, Г. Лебедзеў, Э. Зайкоўскі, У. Тапароў і іншыя. Паводле іншых вэрсіяў назва паходзіць ад слова «крэўныя» — блізкія крывёю, ад характара «крывой», узгорыстай мясцовасьці[2].

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле найбольш распаўсюджанага меркаваньня, крывічы сфармаваліся ў выніку асыміляцыі прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў, паступова славянізаваных[2].

Тым часам шэраг навукоўцаў уважаюць крывічоў за балцкі этнас, роднасны літве, латышам, латгалам, прусам, яцьвягам, жамойтам, які ў выніку культурнага ўплыву зь першай паловы ІХ ст. пачаў пераходзіць на славянскую мову[3].

Чэскі гісторык П. Ё. Шафарык у сваёй кнізе «Славянскія старажытнасьці» продкамі крывічоў лічыў люцічаў і неўраў:

« У акругах Віленскай і Троцкай да першай паловы XIII ст. жылі вілі і велеты, нашчадкі неўраў і іншыя славяне... Вельцы: так называўся некалі дужы i ў гісторыі сярэдніх вякоў больш слаўны сярод іншых славянаў народ, велеты, або люцічы, празваныя ваўкамі, першым разам згадваюцца Александрыйскім географам... Іх жыльлё... у губэрні Віленскай. Я іх прызнаю продкамі наступных крывічоў. »

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы ўспамін пра крывічоў (відаць, пскоўскіх) зьмяшчаецца ў Аповесьці мінулых часоў і датуецца 859 годам. Яны ўдзельнічалі ў паходах Алега (907) і Ігара (944) супраць Бізантыі.

У канцы X ст. на тэрыторыі расьсяленьня крывічоў склалася Полацкае княства, насельніцтва якога называлася крывічамі ў летапісах пад 1127, 1129, 1140, 1162 гадамі[4].

Назва «Крывіцкія землі» захоўвалася ў асобных выпадках за тэрыторыяй паўночнай Беларусі да 1-й чвэрці XIV ст.[5] У наш час у латыскай мове слова «Крэвія» (Krievija) азначае Расея, адпаведна «Балткрэвія» (Baltkrievija — Белая Крэвія) — Беларусь.

Ад этноніму «крывічы», відаць, паходзяць назвы шэрагу вёсак на Гарадзеншчыне, Меншчыне, Віцебшчыне і ў іншых мясьцінах Беларусі[6].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мн.: Маст. літ., 1990.
  2. ^ а б Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 42.
  3. ^ Аляксей Дзермант. Крывічы. Гістарычна-этнагенетычны нарыс // «Druvis» № 1, 2005. С. 19.
  4. ^ Георгій Штыхаў. Крывічы // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 270.
  5. ^ Георгій Штыхаў. Крывічы // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 270—271.
  6. ^ Георгій Штыхаў. Крывічы // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 271.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]