Ігумен
Ігумен | |||||
трансьліт. Ihumien[a] | |||||
![]() У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1387 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Ігуменскі | ||||
Насельніцтва: | 9619 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1714 | ||||
Паштовы індэкс: | 223232 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 53°42′35″ пн. ш. 28°25′40″ у. д. / 53.70972° пн. ш. 28.42778° у. д.Каардынаты: 53°42′35″ пн. ш. 28°25′40″ у. д. / 53.70972° пн. ш. 28.42778° у. д. | ||||
Ігумен на мапе Беларусі ± ![]() ![]() Ігумен | |||||
![]() | |||||
http://cherven.minsk-region.by/en/ |
Ігу́мен (з 1923 году — Чэ́рвень) — места ў Беларусі, на рацэ Ігуменцы. Адміністрацыйны цэнтар Ігуменскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 9619 чалавек[1]. Знаходзіцца за 62 км на паўднёвы ўсход ад Менску, за 30 км ад чыгуначнай станцыі Пухавічы (лінія Менск — Асіпавічы), каля аўтамабільнай дарогі Менск — Магілёў.
Ігумен — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваўся будынак вязьніцы, помнік гісторыі і архітэктуры XVIII ст. 26 чэрвеня 1941 году ўва ўрочышчы Цагельні каля Ігумену карнікі НКВД расстралялі каля трох тысячаў яе вязьняў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся збудаваныя ў стылі клясыцызму драўляныя касьцёл Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа і царква Раства Багародзіцы, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў, зруйнаваныя савецкімі ўладамі.
Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Традыцыйная гістарычная назва места — Ігумен[2][3], часам сустракаецца форма Ігумень[4][5] (польск. Ihumeń). Паводле географа В. Жучкевіча, гэты тапонім мае зьвязкі з назвай манастырскай пасады[6]. Этнограф П. Шпілеўскі запісаў народнае паданьне, згодна зь якім паселішча некалі належала праваслаўнаму жаночаму манастыру, заснаванаму грэцкай ігуменьняй. Імаверна, назва места першапачаткова гучала як «Ігумень» — у сэнсе «той, што належыць ігуменьні»[2]. Тым часам мовазнавец В. Вячорка паказвае на тое, што тапонім хутчэй за ўсё ўтварыўся ад слова гумно. Гэта пацьвярджаецца адсутнасьцю гістарычных зьвестак пра манастыр у Ігумене, вытворнымі ад кораня «гумно» ў беларускай геаграфічнай тэрміналёгіі (гумяньнё, падгу́меньне, гу́мнішча — назва поля або ўрочышча), прыкладамі зь беларускай тапанімікі (вёска Гумны пад мястэчкам Крупкамі, сяло Гумня на возеры Гумне ў Полацкім ваяводзтве), а таксама ўпамінам пра Ігуменскую воласьць у сярэдзіне XV ст. як districtum Humyen[7].
У 1923 годзе бальшавікі перайменавалі Ігумен у «Чэрвень» у гонар месяца захопу мястэчка — чэрвеня 1920 году[7][8]. Гэтая назва не зьяўляецца ўнікальнай: старажытны горад з такой назвай, сталіца ўдзельнага княства і гістарычнага рэгіёну, існаваў да канца XIII ст. на мяжы сучасных Польшчы і Ўкраіны, таксама аднайменнае сяло знаходзіцца ў Тарнопальскай вобласьці Ўкраіны.
У наш час прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Ігумен у якасьці афіцыйнай[9].
Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першы пісьмовы ўпамін пра Ігумен датуецца 1387 годам. У 1-й палове XV ст. мястэчка знаходзілася ў валоданьні Кезгайлаў. 21 кастрычніка 1430 году (паводле іншых зьвестак, у 1447 годзе[3]) упамінаецца воласьць Гумен (лац. districtum Humyen), якая належала біскупу віленскаму (царкоўнае мястэчка). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.
У 1595 годзе ў Ігумене зьбіраліся харугвы Вялікага Княства Літоўскага дзеля барацьбы з казацкімі набегамі Налівайкі. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі разрабавалі і моцна разбурылі мястэчка[3]. Пад 1669 годам упершыню ўпамінаецца касьцёл. У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) у мястэчку спыняўся кароль Швэцыі Карл XII.
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Ігумен апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі. Новыя ўлады канфіскавалі мястэчка ў Віленскага біскупства. У 1795 годзе паселішча атрымала статус места і стала цэнтрам павету. 22 студзеня 1796 году Ігумену даравалі герб: «у блакітным полі срэбны кушч грачыхі, над якімі пяць залатых пчол»[10]. На 1800 год у месьце было 85 двароў, 263 будынкі, дзейнічалі 2 царквы і касьцёл, працавалі 3 прадпрыемствы, 2 карчмы, 10 крамаў. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) тут дзейнічаў паўстанцкі аддзел на чале з Б. Сьвентаржэцкім.
На 1905 год у Ігумене 664 жылыя дамы, працавалі 6 пачатковых школаў, лякарня, аптэка і аптэчная крама, вадзяны і паравы млыны, некалькі майстэрняў, штогод праводзілася 6 кірмашоў.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Ігумен занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Ігумен абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места, Пярэжырскай і Ўзьдзенскай воласьцяў Ігуменскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[11]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Ігумен увайшоў ў склад Беларускай ССР, дзе стаў цэнтрам павету («падраёну») Менскага раёну[12]. У жніўні 1919 — ліпені 1920 году места займалі польскія войскі. 18 верасьня 1923 году савецкія ўлады перайменавалі Ігумен у Чэрвень (у гонар месяца чэрвень). У 1924 годзе места стала цэнтрам раёну. 26 чэрвеня 1941 году на выхадзе з Ігумену ва ўрочышчы Цагельні НКВД расстраляла каля трох тысячаў вязьняў Чэрвеньскай перасыльнай турмы — беларусаў, палякаў, летувісаў і іншых[13].
У 1989 годзе грамадзкасьць даведалася пра тое, што Ігумен стаў другімі Курапатамі — вакол места знаходзяцца пахаваньні тысячаў палітычных зьняволеных. 18 красавіка 2001 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[14].
- Ігумен на старых здымках
Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 560 чал. (266 муж. і 294 жан.), у тым ліку і 12 цыганаў; апроч таго, існавалі прыпісаныя да места жыды (37 муж. і 54 жан.), што жылі ў арандаваных імі корчмах павету[2]
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — каля 900 чал.; 1866 год — каля 2400 чал.; 1882 год — да 3 тыс. чал.[15]; 1897 год — 4573 чал.
- XX стагодзьдзе: 1905 год — 5121 чал.; 1907 год — 5390 чал.[16]; 1939 год — 6,4 тыс. чал.; 1959 год — 8,2 тыс. чал.; 1970 год — 10,2 тыс. чал.; 1991 год — 11,6 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2002 год — 10,8 тыс. чал.[17]; 2006 год — 10,1 тыс. чал.; 2008 год — 9,9 тыс. чал.; 2009 год — 10 150 чал.[18] (перапіс); 2016 год — 9718 чал.[19]; 2017 год — 9656 чал.[20]; 2018 год — 9619 чал.[1]
Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Ігумене працуюць 4 сярэднія школы, дашкольныя ўстановы.
Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэкі.
Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Аляксандра Неўскага вуліца | Гуменная вуліца |
Барыкіна вуліца | Шпітальная вуліца |
Гарбачова вуліца | Бабруйская вуліца |
Зяневіча вуліца | Бярэзінская вуліца |
Карла Лібнэхта вуліца | Азёрская вуліца |
Карла Маркса вуліца | Пляцавая вуліца |
Леніна вуліца | Пухавіцкая вуліца |
Луначарская вуліца | Школьная вуліца |
Маякоўскага вуліца | Крупенская вуліца |
Пралетарская вуліца | Паліцэйская вуліца |
Свабоды плошча | Рынак пляц |
Савецкая вуліца | Горлаўская вуліца |
Флегантава вуліца | Больнічная вуліца[21] |
Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадпрыемствы харчовай, лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Ігумена |
---|
|
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Працуе Ігуменскі краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Чэрвень»[22].
Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вязьніца «Кацярынінская» (XVIII ст.)
- Забудова гістарычная (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Месца загубу грамадзянаў Беларусі, Польшчы й Летувы — ахвяраў бальшавіцкага тэрору
- Могілкі: старыя каталіцкія; юдэйскія
Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1799—1800)
- Сынагога
- Царква Раства Багародзіцы (1833)
- Царква Сьвятога Юрыя (1875)
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Краявіды Ігумену
Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Генадзь Аўласенка (нар. 1955) — беларускі пісьменьнік, паэт, драматург
- Мікола Бліадухо (1878—1935) — геоляг, акадэмік АН Беларусі
- Уладзімер Кароль (1912—1980) — архітэктар
- Генадзь Матусевіч (нар. 1954) — скульптар і мастак
- Міхаіл Рымінскі (1769—1797) — актор тэатру
- Міхась Станюта (1881—1974) — мастак
Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Паводле афіцыйнай назвы — Červień
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б в Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Менск: БЕЛТА, 2000.
- ^ а б в ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 748.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 229.
- ^ Каўка А. Недыпламатычныя нататкі // «Дзеяслоў» № 24, 2006.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Менск: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 400.
- ^ а б Вячорка В.Пра назвы Сьветлагорск і Шацілкі, Чэрвень і Ігумен // Радыё Свабода, 17 чэрвеня 2016 г.
- ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 150.
- ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы // Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 165.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Квяткоўскі С. Чэрвень — другія Курапаты, Радыё Свабода, 27 чэрвеня 2005 г.
- ^ Геральдика, Червенский районный исполнительный комитет
- ^ Jelski A. Ihumeń // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 250.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ БЭ. Т. 17. — Менск, 2003. С. 330.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Менск: БелЭн, 2003. — 512 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Менск: БЕЛТА, 2000. — 621 с.: іл. ISBN 985-6302-21-8.
- Рогалеў А. Вытокі наймення горада Ігумен [цяпер Чэрвень] // Роднае слова. — 2013. — № 5. — С. 44.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8.
- Tumas J. Kelias į Červenę. — Vilnius, 1990.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Stankiewicz-Januszczak J. Marsz śmierci — ewakuacja więźniów z Mińska do Czerwieni 24—27 czerwca 1941 r. — Rada Ochrony Pamieci Walk i Meczenstwa, 1999. ISBN 83-7233-192-8.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ігумен — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|