Тадэвуш Касьцюшка
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Касьцюшка.
![]() Тадэвуш Касьцюшка | ||||
![]() Герб «Рох III» | ||||
Галоўнакамандуючы Нацыянальнымі Ўзброенымі Сіламі | ||||
---|---|---|---|---|
24 сакавіка 1794 — 12 кастрычніка 1794 | ||||
Папярэднік | заснаваньне пасады | |||
Наступнік | Тамаш Ваўжэцкі | |||
Асабістыя зьвесткі | ||||
Нарадзіўся | 4 лютага 1746 Марачоўшчына Слонімскага павету | |||
Памёр | 15 кастрычніка 1817 (71 год) Залятурн, Швайцарыя | |||
Пахаваны | Крыпта Сьвятога Леанарда, Цухвіль, Польскі музэй і Каралеўскі замак | |||
Род | Касьцюшкі | |||
Бацькі | Людвік Тадэвуш Касьцюшка Тэкля з Ратамскіх | |||
Дзейнасьць | афіцэр, інжынэр, палітык, змагар супраціву і герой | |||
Подпіс | ![]() | |||
Рэгаліі | ||||
|
Андрэ́й Тадэ́вуш Банавэнту́ра Касьцю́шка (4 лютага 1746, Марачоўшчына, Слонімскі павет Наваградзкага ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае — 15 кастрычніка 1817, Залятурн, Швайцарыя) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі[8][9][10], Польшчы і ЗША.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Продкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Прадстаўнік старажытнага беларускага[11][12][13][14] роду Касьцюшкаў гербу «Рох III». Ягоны далёкі прапрадзед Канстантын (ад памяншальных формаў гэтага імя — Кастусь, Касьцюша — утварылася прозьвішча роду), які служыў пісарам у вялікакняскай канцылярыі, атрымаў Сяхновічы на Берасьцейшчыне ад Жыгімонта Старога. Маёнтак быў невялікі, Канстантын Касьцюшка выстаўляў зь яго войска ў «тры коні». Жонкай Кастуся была Ганна Гальшанская з княскага роду, параднёная з каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі праз шлюб сясьцёр Гальшанскіх зь Ягайлам і Вітаўтам.
Да сярэдзіны XVII стагодзьдзя Касьцюшкі трымаліся праваслаўя, але ў часы «Патопу», як і многія зь берасьцейскай шляхты, адыйшлі ад дзядоўскай веры ў каталіцтва, адныя сталі рыма-каталікамі, іншыя — уніятамі. Сяхновіцкія Касьцюшкі былі каталікамі.
Людвік, бацька Тадэвуша, вызначаўся энэргіяй, дамогся ў 1731 годзе тытулу мечніка Берасьцейскага ваяводзтва, абіраўся ў 1743 годзе ад шляхты ваяводзтва ў Літоўскі Трыбунал, здолеў нейкім чынам адсудзіць у Сапегаў маёнтак Марачоўшчына, што знаходзіўся за дзьве вярсты ад Косава ў Наваградзкім ваяводзтве.
Маладосьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У Марачоўшчыне прайшлі дзіцячыя гады Тадэвуша Касьцюшкі. У яго было дзьве сястры — Ганна і Кацярына — і брат Юзаф. Маці паходзіла зь беларускага праваслаўна-вуніяцкага роду Ратамскіх[15], звалася Тэкля. Існуе меркаваньне, што яна па нараджэньні чацьвертага дзіцяці адразу ахрысьціла яго ва ўніяцкай царкве пад імем Андрэй (у гонар апостала Андрэя Першазванага, сьвята якога прыпадае на 30 лістапада), а ўжо пазьней бацькі прывезьлі яго ў Косава, дзе ў рыма-каталіцкім касьцёле быў дапоўнены абрад хросту. У адрозьненьне ад сваіх родных Т. Касьцюшка пражыў доўгі век: ягонага бацькі ня стала, калі Тадэвушу было дзесяць гадоў, Юзаф і Кацярына памерлі яшчэ да паўстаньня, Ганна сканала ў 1814 годзе.
Навучацца Тадэвуша аддалі ў калегіюм піяраў у Любяшове за Пінскам, а не ў Берасьцейскую езуіцкую калегію. У гэтым рашэньні адчувалася ня столькі апазыцыя езуітам, колькі прызнаньне таго факту, што піяры даюць лепшую адукацыю. Піяры давалі адукацыю на эўрапейскім узроўні, гэтаму паспрыяла і рэфарматарская дзейнасьць вядомага прагрэсіўнага пэдагога XVIII стагодзьдзя Станіслава Канарскага. У школу прымаліся дзеці розных станаў, навучаліся яны шэсьць гадоў. У лік дысцыплінаў уваходзілі лацінская мова, рыторыка, матэматыка, фізыка, гісторыя, палітыка, выкладалася і мясцовае права. Шмат увагі надавалася эстэтычнаму і фізычнаму выхаваньню, культуры паводзінаў.
У 1765 годзе Т. Касьцюшка паступіў у наваствораны Варшаўскі кадэцкі корпус — тагачасную найвышэйшую афіцэрскую вучэльню, дзе спэцыялізаваўся па вайсковай інжынэрыі. Паводле сьведчаньняў сяброў па корпусе, Тадэвуш быў забіякам, не ўхіляўся ад дуэляў і меў некалькі шнараў на целе; пры гэтым вызначалі яго лагоднасьць і таварыскасьць. Сымпатыя і клопат начальніка корпусу князя Чартарыйскага ўмагчылі Касьцюшку паездку ў Парыж, дзе ён працягваў вайсковую навуку, што, аднак, прыкрывалася наведваньнямі Акадэміі жывапісу і мастацтваў.
Вайна за незалежнасьць ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Увесну 1775 году Т. Касьцюшка вярнуўся на радзіму ў Сяхновічы. Вакантнага месца ў войску не было, і ён застаўся там чакаць патэнту. Пасьля няўдалае спробы выкраданьня сваёй каханкі Людвісі Сасноўскай, якую меліся выдаць за іншага, мусіў уцякчы за мяжу. Так ён ізноў апынуўся ў Францыі. У той час Амэрыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасьць, рэспубліканцы — супраць каралеўскіх войскаў. Манархічная Францыя, як адвечны вораг Ангельшчыны, падтрымлівала амэрыканскіх рэспубліканцаў, і шмат французаў служыла там. Так Тадэвуш Касьцюшка, якому патрабаваліся грошы на існаваньне, у 1776 трапіў на амэрыканскую зямлю.
Амэрыканскай арміі Т. Касьцюшка аддаў дзевяць гадоў свайго жыцьця. Разам з палкамі рэспубліканцаў ён прайшоў усе Амэрыканскія штаты, удзельнічаў ва ўсіх галоўных бітвах, распрацоўваў інжынэрнае забесьпячэньне наступаў і абароны. Гэта яму належыць праект тыповага форту, прыстасаванага да ўмоваў Амэрыкі. Рэспубліка дала Т. Касьцюшку чын генэрала, ён зрабіўся ганаровым грамадзянінам Амэрыканскіх штатаў, але ад’яжджаў з Новага Сьвету такім сама, бадай, бедным, як і прыехаў.
Пакуль Т. Касьцюшка адсутнічаў, Людвіка Сасноўская паводле волі бацькі выйшла за князя Любамірскага. У сацыяльным і палітычным жыцьці Рэчы Паспалітай нічога не зьмянілася — панаваў той жа моцны прыгнёт сялянаў і магнацкая анархія. Францыя ўжо сьвяткавала другія ўгодкі рэвалюцыі, а ў Варшаве трэці год працягваўся вальны сойм.
На Бацькаўшчыне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па вяртаньні Т. Касьцюшка пэўны час жыў у Сяхновічах, спрабаваў весьці гаспадарку ў сваёй частцы маёнтку. Гэты 5-гадовы пэрыяд ягонага жыцьця гісторыкі назвалі «сялянкай» (ці «ідыліяй»), калі баявы генэрал займаўся звычайнымі клопатамі вясковага жыхара.
Сытуацыя зьмянілася з пачаткам дзейнасьці Чатырохгадовага сойму (1788—1792), рэформы якога прадугледжвалі павелічэньне войска Рэчы Паспалітай да 100 тыс. чал. Соймік Берасьцейскага павету вылучыў кандыдатуру Т. Касьцюшкі на пасаду генэрал-маёра, неўзабаве 12 кастрычніка 1789 гэтую прапанову падтрымаў сойм, а таксама кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Т. Касьцюшку прызначылі ў кароннае войска, хоць сам ён жадаў служыць у войску Вялікага Княства Літоўскага[16].

У вайну з Расеяй (1792) у абарону рэформаў Чатырохгадовага сойму Т. Касьцюшка вызначыўся ў бітве пад Дубенкай як камандзір дывізіі ў арміі Ю. Панятоўскага. Нягледзячы на атрыманьне за ваенныя заслугі ордэна «Virtuti Militari» і званьня генэрал-лейтэнанта, на знак пратэсту супраць змовы караля і вялікага князя з Таргавіцкай канфэдэрацыяй 30 ліпеня 1792 ён падаў у адстаўку і неўзабаве пераехаў у Ляйпцыг, цэнтар палітычнай эміграцыі Рэчы Паспалітай.
Паўстаньне 1794 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Асноўны артыкул: Паўстаньне 1794 году

Няспыннае ўмяшаньне суседніх манархічных рэжымаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай і бясьсільле «сваіх» дзяржаўных органаў выклікалі пратэст і незадавальненьне шырокіх пластоў грамадзтва і асабліва прагрэсіўнай шляхты, прадстаўнікі якой пачалі падрыхтоўку да паўстаньня. Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы браў Тадэвуш Касьцюшка.
У 1793 ён выяжджаў у Парыж па дапамогу для падрыхтоўкі паўстаньня. Аднак ні жырандысты, ні якабінцы канкрэтнай дапамогі не надалі. У жніўні 1793 Т. Касьцюшка вярнуўся ў Ляйпцыг, у пачатку верасьня прыняў прапанову прадстаўнікоў змовы ў Рэчы Паспалітай прыняць на сябе кіраўніцтва паўстаньнем, якое распачалося 24 красавіка 1794 з абвяшчэньнем у Кракаве Акта паўстаньня грамадзянаў. На кракаўскім рынку Т. Касьцюшка даў прысягу на вернасьць паўстаньню і абвясьціў, што будзе змагацца за непарушнасьць межаў дзяржавы, усталяваньне ўлады народу і ўсеагульную свабоду.
У Акце паўстаньня грамадзянаў Тадэвуш Касьцюшка адзначыў, што галоўнай мэтай Кацярыны II і Фрыдрыха Вільгельма было жаданьне «распаўсюдзіць панаваньне тыраніі» і задушэньне свабоды на суседнія народы.
Згодна з Актам паўстаньня Т. Касьцюшка ў траўні 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду. За ім засталася пасада найвышэйшага начальніка ўзброеных сілаў. У радзе Т. Касьцюшка імкнуўся прымірыць памяркоўных рэфарматараў з рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі»). Па ўтварэньні Найвышэйшай Літоўскай Рады ўзьніклі пэўныя непаразуменьні паміж Т. Касьцюшкам і кіраўніком паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім Я. Ясінскім, інсьпіраваныя апанэнтамі апошняга.
1 красавіка 1794 распачаўся марш Т. Касьцюшкі на Варшаву, 4 красавіка 1794 ён атрымаў перамогу пад в. Рацлавіцы. 7 траўня 1794 Т. Касьцюшка выдаў Паланецкі ўнівэрсал, якім гарантавалася апека ўраду над сялянамі і яны абвяшчаліся асабіста вольнымі.
У чэрвені — верасьні 1794 Т. Касьцюшка ўзначальваў абарону Варшавы ад прускіх і расейскіх войскаў. 29—30 верасьня 1794 ён разам са сваім сакратаром Ю. Нямцэвічам прыяжджаў у Горадню для вайсковай нарады, у часе якой уручыў удзельнікам паўстаньня ў Вялікім Княстве Літоўскім пярсьцёнкі з надпісам «Айчына свайму абаронцу».
10 кастрычніка 1794 Т. Касьцюшка, які камандаваў паўстанцкім войскам у бітве пад Мацяёвіцамі, трапіў паранены ў палон. На загад Кацярыны II пад пільнай аховай і чужым прозьвішчам («шляхціц Шыманскі») праз Кіеў, Чарнігаў, Магілёў, Шклоў, Віцебск і Ноўгарад 10 сьнежня 1794 яго вывезьлі ў Пецярбург і зьняволілі ў Петрапаўлаўскай крэпасьці.
Неўзабаве па сьмерці Кацярыны II 26 лістапада 1796 Т. Касьцюшку наведаў новы расейскі імпэратар Павал I і прапанаваў паўстанцам амністыю. Узамен Т. Касьцюшка мусіў даць асабістую прысягу, што ён і зрабіў 28 лістапада, а на наступны дзень уручыў Паўлу I ліст з прозьвішчамі сваіх паплечнікаў, якіх той загадаў вызваліць. Імпэратар хацеў падараваць Т. Касьцюшку 1000 сялянаў і 12 тысячаў рублёў, ад якіх ён потым адмовіўся, як і ад прапановы паступіць на расейскую службу[16].
У эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У канцы 1796 Т. Касьцюшка разам зь Ю. Нямцэвічам выехаў у ЗША, дзе быў да 1798. Перад ад’ездам з ЗША ён пакінуў тастамэнт, у якім прызначыў пэўныя сумы на выкуп рабоў-нэграў і іхную адукацыю[17].
У 1798 у Францыі меў сустрэчы з прадстаўнікамі Дырэкторыі і Напалеонам, якія імкнуліся выкарыстаць ягонае імя для ўзьняцьця паўстаньня ў акупаваных Аўстрыяй землях Рэчы Паспалітай. Аднак генэрал адмовіўся падтрымаць Францыю ў барацьбе супраць Расеі.
7 жніўня 1798 уступіў у Парыжы ў эмігранцкае «Таварыства рэспубліканцаў», дзе рашуча выказваўся за ўсталяваньне рэспубліканскага ладу ў адноўленай Рэчы Паспалітай. Па падзеньні Напалеона Т. Касьцюшка двойчы беспасярэдне зьвяртаўся да імпэратара Аляксандра I, які абяцаў надаць дапамогу ў вырашэньні пытаньняў, зьвязаных з адраджэньнем Рэчы Паспалітай, аднак насамрэч нічога істотнага ў гэтым кірунку не зрабіў.
Так, у лісьце ад 9 красавіка 1814 году з Бэрвілю да імпэратара Аляксандра I Тадэвуш Касьцюшка найперш прасіў аб трох галоўных рэчах. Па-першае, аб дараваньні агульнай амністыі ўсім ягоным суайчыньнікам без усялякіх абмежаваньняў і аб прызаньні свабоды за тымі зь сялянаў, якія расьцярушаныя па замежных арміях, як толькі яны вернуцца на радзіму. Па-другое, ён прасіў аб абвяшчэньні Каралеўства Польскага, а Аляксандра I — яго каралём, і аб увядзеньні там канстытуцыі, аналягічнай той, што існавала тады ў Ангельшчыне, а таксама аб заснаваньні за дзяржаўны кошт школаў для адукацыі сялянаў. Па-трэцяе, Касьцюшка прасіў зьнішчыць крэпасную залежнасьць сялянаў на працягу дзесяці гадоў і прадаставіць ім права ўласнасьці на зямлю, якой карыстаюцца. Калі б гэтыя просьбы былі выкананыя, генэрал Т. Касьцюшка выказваў гатоўнасьць скласьці пашану імпэратару і вярнуцца да сваіх суайчыньнікаў, каб верна служыць Айчыне і ўладару[18]. У сымбалічны дзень 3 траўня расейскі імпэратар Аляксандар I даў пісьмовы адказ Касьцюшку, у якім выказаў яму сваю павагу, жаданьне бачыць яго сваім супрацоўнікам і напісаў пра намер выканаць просьбы, каб даказаць, што ён ня вораг палякам. Узрадаваны Касьцюшка нават адправіўся на сустрэчу з Аляксандрам I, якая адбылася ў хуткім часе ў Парыжы. Перад гатэлем, у якім спыніўся генэрал Касьцюшка, дзеля асаблівай павагі да знакамітага абаронцы свабодаў, імпэратар загадаў выставіць ганаровую варту. На сустрэчы Аляксандар I адкрыў Тадэвушу Касьцюшку свае пляны і намеры адносна лёсу Польшчы і запрасіў яго паехаць разам зь ім на Венскі кангрэс, на якім вырашалася будучая палітычная мапа Эўропы пасьля францускіх рэвалюцыйных войнаў, напалеонаўскіх войнаў і распаду Сьвятой Рымскай імпэрыі. Аднак у хуткім часе Тадэвуш Касьцюшка пераканаўся, што намеры Аляксандра I не адпавядаюць яго патрыятычным марам, і абяцаньні адрадзіць яго Айчыну і даць свабоду грамадзянам надта няпэўныя і цьмяныя.
У адным зь лістоў да Аляксандра І Касьцюшка таксама пісаў[15]:
![]() |
Нарадзіўся я ліцьвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі… | ![]() |
Улетку 1815 Т. Касьцюшка пераехаў у швайцарскае места Залятурн, дзе 15 кастрычніка 1817 памёр беспатомным а дзясятай гадзіне вечара ў доме свайго сябра Франца Ксавэрыя Цэлтнэра. Праз чатыры дні (у поўдзень 19 кастрычніка) генэрала пахавалі на мясцовых могілках. А 22—23 чэрвеня 1818 цела Т. Касьцюшкі ўрачыста перавезьлі ў Кракаў і перазахавалі на Вавэлі, побач з магіламі іншых выбітных людзей[19].
Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Іканаграфія Тадэвуша Касьцюшкі
Стаўленьне да прыгоньніцтва і рабства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пра стаўленьне Т. Касьцюшкі да такіх зьяваў ягонага часу, як прыгоньніцтва і рабства, яскрава сьведчыць тастамэнт славутага генэрала:
![]() |
Глыбока ўсьведамляючы, што прыгоньніцтва знаходзіцца ў супярэчнасьці з законам прыроды і дабрабытам народаў, сім зацьвярджаю, што зьнішчаю яго зусім і на вечныя часы ў маім маёнтку Сяхновіцы, разьмешчаным у Брэст-Літоўскім ваяводзтве, як ад імя свайго, так і будучых уладальнікаў. Прызнаю, такім чынам, усіх жыхароў вёскі, прыналежнай маёнтку, свабоднымі грамадзянамі і неабмежаванымі гаспадарамі ўгодзьдзяў[20] | ![]() |
і далей:
![]() |
Сваю амэрыканскую маёмасьць перадаю майму сябру Томасу Джэфэрсану, каб ён поўнасьцю выкарыстаў яе на выкуп нэграў…, і на дараваньне ім свабоды ад майго імя[20] | ![]() |
Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ордэн Цынцыната (1783) — за баявыя заслугі ў Вайне за незалежнасьць ЗША; у 1784—1785 Т. Касьцюшка ахвяраваў яго вуніяцкай царкве ў вёсцы Даўгаліскі (гэтую царкву наведвалі і маліліся ў ёй маці, сястра Ганна і сам Тадэвуш)[15]
- Ордэн Virtuti Militari (1792) — за доблесьць, выяўленую ў бітве пад Зеленцамі
- Ордэн Белага Арла
- Годнасьць ганаровага грамадзяніна ЗША
- Годнасьць ганаровага грамадзяніна Францыі (26 жніўня 1792) — на знак вызнаньня ягоных заслуг у барацьбе за волю сваёй Бацькаўшчыны, ідэі роўнасьці і свабоды
Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Народная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Памяць пра Тадэвуша Касьцюшку доўгі час захоўвалася ў легендах, паданьнях і песьнях беларусаў[15]: «Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала». «Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі». У беларускай народнай песьні, якую сьпявалі праз стагодзьдзе па паўстаньні, славуты генэрал вызнаецца за свайго абаронцу[15]:
![]() |
Наш Касьцюшка слаўны быў, |
![]() |
Яшчэ ў пачатку 1960-х гадоў на Лепельшчыне запісалі, а пазьней апублікавалі песьню пра Т. Касьцюшку, які, паводле народнай вэрсіі, загінуў у бітве[15]:
![]() |
Вазьмі, маці, пяску жменю, |
![]() |
Да гераічнай постаці правадыра паўстаньня 1794 году зьвяртаўся Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкай праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Т. Касьцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднаньня і змаганьня паводле прыкладу паўстанцаў 1794 году[15].
Афіцыйная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматлікія творы мастацкай літаратуры, малярства і скульптуры прысьвячаюцца Тадэвушу Касьцюшку, пра ягонае жыцьцё і дзейнасьць гісторыкі напісалі мноства навуковых працаў. Пра постаць славутага генэрала-паўстанца нагадваюць мясьціны ў шэрагу краінаў сьвету:
- Беларусь: імя Т. Касьцюшкі носяць плошчы, вуліцы і завулкі ў Горадні, Берасьці, Косаве, Лідзе; у Горадні і Косаве маюцца адпаведныя мэмарыяльныя знакі. Помнікі Тадэвушу Касьцюшку стаяць у в. Малыя Сяхновічы (Жабінкаўскі раённы музэй), у Менску на тэрыторыі амбасады Злучаных Штатаў Амэрыкі, у Старадароскім мастацкім музэі, а з траўня 2018 году — поўнафігурны помнік на ягонай радзіме ў Марачоўшчыне[21]. Ува ўрочышчы Марачоўшчына (Івацэвіцкі раён) працуе дом-музэй Т. Касьцюшкі[22]. Кампанія «БЕЛПІ — Беларускае пітво» вырабляе ў гонар славутага генэрала гарэлку прэміюм-клясы «Генерал»[23].
- Польшча: у гонар Т. Касьцюшкі пад Кракавам насыпаны курган і пастаўлены помнік, многія вуліцы, плошчы носяць ягонае імя. У многіх мясьцінах Польшчы ёсьць помнікі.
- ЗША: у гонар Т. Касьцюшкі маюцца помнікі ў шасьці местах, ягонае імя носіць адна з акругаў штату Індыяна, места ў штаце Місысыпі, выспы на Алясцы.
- Швайцарыя: у гонар Т. Касьцюшкі пастаўлены помнік, існуе музэй Тадэвуша Касьцюшкі ў месьце Залятурне (Салёры).
- Францыя: ёсьць помнік Т. Касьцюшку.
- Аўстралія: імя Т. Касьцюшкі носіць найвышэйшая гара — 2228 м (яе назваў так у 1840 паляк Павал Стшэлецкі, які першым узыйшоў на вяршыню).
- Расея: імя Т. Касьцюшкі маюць плошча ў Разані і вуліца ў Санкт-Пецярбургу.
- Украіна: імя Т. Касьцюшкі носіць вуліца ў Львове.
- У гонар Тадэвуша Касьцюшкі
Курган імя Т. Касьцюшкі ў Кракаве (Польшча)
Помнік Т. Касьцюшку ў Вашынгтоне (ЗША)
Капліца-помнік Т. Касьцюшку ў Мантыньі-сюр-Люэн (Францыя)
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Tadeusz Kosciuszko — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Бэрлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118715143 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016.
- ^ а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: плятформа адкрытых зьвестак — 2011.
- ^ SNAC — 2010.
- ^ Encyclopædia Britannica
- ^ GeneaStar
- ^ Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік
- ^ Радаводы Касцюшкаў // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- ^ Тадэвуш Касцюшка — ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі // «Звязда», 23 сакавіка 1994.
- ^ Тадэвуш Касцюшка. Belarus.by. Праверана 18 сакавіка 2011 г.
- ^ Касцюшкі // Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995. С. 379.
- ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // ЭГБ. Т. 4. — Менск, 1997. С. 146.
- ^ Уладзімер Емяльянчык. Касцюшкі // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 72.
- ^ 88. Хто такі Тадэвуш Касцюшка? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Вільня, 2002.
- ^ а б в г д е ё Я. Юхо, У. Емяльянчык. «Нарадзіўся я ліцьвінам…»(недаступная спасылка). — Менск: Навука і тэхніка, 1994.
- ^ а б Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 145.
- ^ Уладзімір Емяльянчык. Касцюшка Тадэвуш // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 72.
- ^ Мемуары графини Потоцкой. (1794—1820) : С портр. и указ. собств. имен / Соч. графини Потоцкой; Пер. с фр. А. Н. Кудрявцевой. — СПб. : Изд-во Прометей Н. Н. Михайлова, 1915.с. 238.
- ^ Кароткая біяграфія вялікага чалавега (Тадэвуш Касцюшка, 1746—1817) // Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- ^ а б Інтэрвію з Вольгай Бабковай:«Тэстамэнты: шанаваная продкамі эўрапейская традыцыя сышла да рэшты» // «Радыё Свабода», 8 лістапада 2008.
- ^ Сьвята яднаньня: як адкрывалі першы ў Беларусі помнік нацыянальнаму герою Касьцюшку. ФОТА, ВІДЭА
- ^ Павел Дайлід. Тадэвуш Касцюшка: постаць героя(недаступная спасылка) // «Газета для вас» № 735, 29 студзеня 2010
- ^ Генерал — Вера і Адвага!. Сайт кампаніі «БЕЛПІ — Беларускае пітво». Праверана 18 сакавіка 2011 г.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Я. Юхо, У. Емяльянчык. «Нарадзіўся я ліцьвінам…»(недаступная спасылка). — Менск: Навука і тэхніка, 1994. ISBN 5-343-01483-6.
- Анатоль Бензярук. Касцюшкі-Сяхновіцкія. Гісторыя старадаўняга роду. — Брэст: «Акадэмія», 2006. — 132 с.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Менск: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У.Александровіч і інш.. — 2-е выд., дап. — Мн.: Полымя, 1993. — 270 с. — ISBN 5-345-00706-3
- 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Кастусь Лашкевіч. Як TUTэйшыя зьмянялі сьвет. Касьцюшка. TUT.BY. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Тадэвуш Касьцюшка. Афіцыйны сайт Берасьцейскай вобласьці. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі і трэці падзел Рэчы Паспалітай. library.by. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі і трэці падзел Рэчы Паспалітай. library.by. Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Mount Kosciuszko Inc - Perth Australia(анг.) Праверана 19 сакавіка 2011 г.
- Гісторыя пад знакам Пагоні. Тадэвуш Касцюшка на YouTube
- Нарадзіліся 4 лютага
- Нарадзіліся ў 1746 годзе
- Памерлі 15 кастрычніка
- Памерлі ў 1817 годзе
- Пахаваныя ў Кракаве
- Пахаваныя ў Варшаве
- Узнагароджаныя ордэнам Віртуці Мілітары
- Узнагароджаныя ордэнам Белага арла
- Тадэвуш Касьцюшка
- Беларускія рэвалюцыянэры
- Беларускія генэралы
- Генэралы Рэчы Паспалітай
- Удзельнікі вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году
- Правадыры паўстаньняў
- Удзельнікі паўстаньня 1794 году
- Вязьні Петрапаўлаўскай крэпасьці
- Памерлі ў Залятурне
- Пахаваныя ў Вавэльскай катэдры
- Людзі, у гонар якіх названыя вуліцы