Менскі трактарны завод

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Менскі трактарны завод
Logo-Belarus.png
Minski Traktorni Zavod (cropped).jpg
Тып Адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Мы працай славім Беларусь!
Заснаваная 29 траўня 1946 (72 гады таму)
Разьмяшчэньне Менск, Беларусь
Ключавыя фігуры Аляксандар Пухавы
Галіна машынабудаваньне
Прадукцыя трактары «Беларус»
Абарачэньне 9477,7 млрд рублёў[1] (2014; $923,7 млн)[2]
Апэрацыйны прыбытак Red Arrow Down.svg-1562,4 млрд руб ($-152,3 млн)
Чысты прыбытак Red Arrow Down.svg-1501,1 млрд руб ($-146,3 млн)
Лік супрацоўнікаў 18879 (2014)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Мазырскі машынабудаўнічы завод

Ме́нскі тра́ктарны заво́д (МТЗ) — адно зь дзесяці найбуйнейшых прадпрыемстваў па вытворчасьці трактароў у сьвеце (8-10% сусьветнага рынку колавых трактароў)[3], заснаванае 29 траўня 1946 году. Распрацоўвае і вырабляе колавыя трактары, запасныя часткі, арганізуе на ліцэнзійнай аснове іх вытворчасьць (Елабускі аўтамабільны завод, АТАТ «САРЭКС»), аказвае сэрвіснае абслугоўваньне. Большасьць мадэляў трактароў абсталяваныя дызэльнымі рухавікамі вытворчасьці Менскага маторнага заводу. За сваю гісторыю вырабіў больш як 3 млн. трактароў.

На 2013 г. меў за мяжой 22 зборачныя вытворчасьці ў 10 краінах Азіі, Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі і Эўропы: Азэрбайджан (Гянджа), Альжыр (Таджнант, вілает Міла), Вэнэсуэла (Барынас), Казахстан (Семей, Усходне-Казахстанская вобласьць), Кітай (Харбін, правінцыя Хэйлунцзян; Кульджа, Ілі-Казахская аўтаномная акруга, Сіньцзян-Уйгурскі аўтаномны раён), Расея (Бузулук, Арэнбурская вобласьць; Елабуга, Татарстан; Раскава, Саратаўскі раён; Саранск, Мардовія; Смаленск і Стаўрапаль; Чарапавец, Валагодзкая вобласьць; Шыманаўск, Амурская вобласьць), Румынія (Рэгін, Мурэскі павет), Сэрбія (Нові Сад, аўтаномны край Ваяводзіна), Украіна (Кіеў і Мікалаеў; Канстантынаўка, Новаадэскі раён, Мікалаеўская вобласьць) і Эгіпет (Каір). Больш як палова прадукцыі экспартавалася праз гандлёвыя прадстаўніцтвы ў 69 краінах сьвету.

Склад аб’яднаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трактар «Беларус-1522»

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 траўня 1946 г. Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову № 1142 аб будаўніцтве Менскага трактарнага завода. З 1948 г. завод вырабляў пускавыя рухавікі. 18 чэрвеня 1949 г. у досьледным цэху сабралі першы колавы трактар, які галоўны канструктар Іван Дронг назваў «Беларусь». 4 лістапада 1950 г. выпусьцілі першы гусенічны трактар КД-35 («Кіравец»). У 1951 г. пачаўся выраб тралёвачных трактароў «КТ-12». 14 кастрычніка 1953 г. з канвэера сышоў колавы трактар МТЗ-2 (36 конскіх сілаў) сямейства «Беларусь» на пнэўматычных шынах. 5 траўня 1958 г. выпусьцілі 100-ы трактар. У кастрычніку 1961 г. увялі ў дзеяньне новы галоўны зборачны канвэер, дзе пачалі выпуск трактара МТЗ-50 (40 кіляВат). 5 лістапада 1972 г. вырабілі мільённы трактар. У 1974 г. пачаўся выраб трактароў МТЗ-80 (55 кіляВат). У 1981 г. пачалі вырабляць мотаблёкі (4—6 кіляВат), міні-трактары (9—12 кіляВат) і малагабарытныя трактары (12—26 кіляВат). У 1984 г. выпусьцілі 2-мільённы трактар і вырабілі першы абганяльны трактар МТЗ-100 (74 кіляВат), пазьней «Беларусь-1025». У 1993 г. пачаўся выраб трактароў 900-ай сэрыі (60 кіляВат). 8 чэрвеня 1995 г. вырабілі 3-мільённы трактар. Таксама выпусьцілі 500-тысячны трактар «Беларусь» на экспарт. Пачаўся выпуск трактароў «Беларусь-1221» (96 кіляВат)[4].

На 2000 г. Менскі трактарны завод меў 13 даччыных акцыянэрных таварыстваў, 30 сумесных прадпрыемстваў і 140 дылерскіх прадпрыемстваў у больш як 60 краінах сьвету[4]. За 2011 г. «Менскі трактарны завод» прадаў 43,5% агульнага аб'ёму вырабаў у Расею[5]. За 2011 год ААТ «Менскі трактарны завод» прадало звыш 90% вырабаў за мяжу ў больш за 60 краінаў і заняло звыш 8% сусьветнага рынку колавых трактароў. У выніку «МТЗ» стаў 8-м найбольшым вытворцам колавых трактароў у сьвеце, у тым ліку заняў 3-е ў сьвеце месца па іх вырабе з магутнасьцю ад 80 конскіх сілаў (к.с.). У краіны Паўднёвай (Аўганістан, Пакістан) і Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Віетнам) паставілі пераважна трактары МТЗ-512 і МТЗ-522 без кабіны. У краіны Заходняй Эўропы (Ангельшчына, Нямеччына, Францыя) прадалі ў асноўным трактары сэрыі 900, 1000 і 1200 з электронным кіраваньнем падачай паліва і магутнасьцю па 130, 150, 200 і 355 к.с.[6]

У сакавіку 2012 году ў Санта-Інэс (муніцыпалітэт Рохас, штат Барынас, Вэнэсуэла) пусьцілі 1-ю чаргу зборачнага заводу вытворчай магутнасьцю ў 10 000 трактароў «Беларус» за год[7]. На чэрвень 2012 году ААТ «Менскі трактарны завод» сэрыйна вырабляла ад мотаблёкаў магутнасьцю 5 к.с. да трактароў магутнасьцю да 355 к.с. За мяжой зборачная вытворчасьць працавала ў 14 краінах: 6 зборачных прадпрыемстваў у Расеі, 2 ва Ўкраіне, па адным у Азэрбайджане, Альжыры, Вэнэсуэле, Казахстане, Кітаі, Кыргыстане, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Сэрбіі, Эгіпце і Этыёпіі. У Беларусі «МТЗ» меў 8 даччыных прадпрыемстваў і звыш 30 000 супрацоўнікаў[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2014 год(рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 29 траўня 2015 г. Праверана 5 чэрвеня 2015 г.
  2. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 5 чэрвеня 2015 г.
  3. ^ Інфармацыя пра МТЗ на афіцыйным партале
  4. ^ а б Менскі трактарны завод // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 10. — С. 451. — 544 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0169-9
  5. ^ Павал Берасьнеў. «Галоўная пэрспэктыва для разьвіцьця Партызанскага раёна — асваеньне новых тэрыторыяў» // Зьвязда : газэта. — 5 красавіка 2012. — № 66 (27181). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ а б Кожны дзясяты ў сьвеце «Беларус» // Зьвязда : газэта. — 5 чэрвеня 2012. — № 105 (27220). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Андрэй Сьмірноў. Вэнэсуэла апладзіруе беларускім будаўнікам // Зьвязда : газэта. — 23 траўня 2012. — № 96 (27211). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Менскі трактарны заводсховішча мультымэдыйных матэрыялаў