Яцьвягі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Яцьвя́гі (ятвягі, судо́вы, судзіны[1]) — старажытнае этнапалітычнае аб'яднаньне, этнічна найбольш блізкае да прусаў і літвы.

Сучасныя дасьледнікі мяркуюць, што яцьвягі былі заходнімі балтамі, а апошнія зь іх да канца XIX стагодзьдзя жылі ў Судовіі або ў ваколіцаў Зьдзецелу (а менавіта вёсцы Засецьця[2]). Нашчадкі яцьвягаў бралі ўдзел у фармаваньні беларускай, польскай і летувіскай нацыяў.

Гістарычныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню ўпамінаюцца ў рускіх летапісах у X стагодзьдзі, сярод пасольства Русі ў Бізантыі значыцца «ятвяг Гунарев»[1]. На землі яцьвягаў неаднарозава ажыцьцяўляліся напады з боку старажытнарускіх князёў (напрыклад, Уладзімера Сьвятаслававіча ў 983 годзе ды Яраслава Мудрага ў 1038 годзе). У XII стагодзьдзі паўднёвыя землі яцьвягаў былі падпарадкаваныя Галіцка-Валынскаму княству і Мазовіі. У 1277—1283 гадах частку Судовіі захапіў Тэўтонскі Ордэн. Паводле Мельнскага міру (1422 год) амаль уся зямля яцьвягаў адышла да Вялікага Княства Літоўскага.

Упаміны XVII—XVIII стагодзьдзяў зьвязваюць яцьвягаў з старалітвой: «Паспаліты люд іншы, усе рускай рэлігіі, альбо Яцьвягі Старая Літва, хоць гэтых меней, каторыя сьвяты і пасты захоўваюць паводле рускага абраду, многія, аднак, зь іх і здаровыя, і хворыя споведзь і камунію ў рымскім абрадзе адпраўляюць»[a] (Ельня, 1668 год), «…сярод іх ёсьць невялікая група, якая завецца Новай Яцьвезьзю, або Старой Літвой, яны трымаюцца ня вызначаных касьцёлам правілаў, але нейкіх уласных, успадкаваных ад бацькоў і дзядоў, законаў, зь якімі ні ў якім разе не жадаюць разьвітвацца»[b] (Ельня, паміж 1670 і 1675), «русіны, якія… называюцца старымі яцьвягамі або іншым імем — па-народнаму „Старая Літва“» (Чарнаўчыцы, 1721 год)[3]. Апублікаваныя ў 1861 годзе афіцыйныя зьвесткі губэрнскіх статыстычных камітэтаў, сабраныя ў канцы 1850-х гадоў з дапамогай мясцовага духавенства ўсіх канфэсіяў, засьведчылі тагачаснае разуменьне пад «яцьвягамі» этнічных беларусаў: у Берасьцейскім павеце налічвалася 1616 яцьвягаў, у Бельскім — 3741 яцьвягаў, у Ваўкавыскім — 2854 яцьвягаў, а ў Кобрынскім, увогуле, 22 725 яцьвягаў, што складала 28% ад усяго насельніцтва павету. Паводле веры ўсе гэтыя яцьвягі вызначаліся як праваслаўныя[4]

Тэрыторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасьледнікі Юры Кухарэнка і Валянцін Сядоў, апрача Сувалкіі, у склад яцьвяскай тэрыторыі ўлучаюць Падляшша, Берасьцейскую зямлю і частку Верхняга Панямоньня[1].

Асноўныя археалягічныя помнікі, зьвязаныя зь яцьвягамі, — каменныя курганы.

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мова без пісьмовасьці, яцьвяская, пра якую згадваецца ў старажытнарускіх летапісах, на думку сучасных дасьледнікаў, належала да балтыйскай групы індаэўрапейскай моўнай сям’і і была бліжэйшай да прускай, чым да летувіскай і латыскай[2].

Зь іншага боку, мова яцьвягаў мела некаторыя важныя асаблівасьці, характэрныя для славянскіх моваў: наяўнасьць s, z (як у прускай) замест летувіскіх š, ž c, dz, з tj, dj (як у польскай), ператварэньне палятальных зычных ’t, d’ y k’, g’ (і адваротная замена k’ g’ y t; d’, як, прыкладам, ува ўсходне- й паўднёваславянскіх мовах). Паводле наяўных зьвестак, лексыка яцьвяскай мовы судакраналася са славянскай[2].

Такім чынам, яцьвяская мова была пераходнай паміж балтыйскімі й славянскімі мовамі ў нашмат большай ступені, чым пруская, якой таксама не чужыя характэрныя асаблівасьці славянскіх моваў[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ польск. «Pospolity lud inny, wszytek religiey Ruskiey, albo Jacwiez Stara Litwa lubo onych mniey, ktorzy swięta, posty zachowuią podług obrzędu Ruskiego, wiele iednak z nich y zdrowi y chorzy spowiedz, y communionem ritu Romano odprawuią»
  2. ^ лац. «…ex parte non pauci sunt ktory się nowa Jacwieź albo Stara Litwa vocantes non iuxta institutionem ab Eccl[esi]a sibi traditam ale iakiemuś moribus paternis et avitis od ktorych się oderwac zadną miarą niedaią»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Звяруга Я. Яцвягі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 788.
  2. ^ а б в г Свяжынскі Ў. Балты і балцкія гаворкі ў старажытнай Беларусі // Кантакты і дыялогі. № 2/3, 1999.
  3. ^ «Старалітва» ад Берасця да Смургоняў, Svajksta, 15 сакавіка 2017 г.
  4. ^ Записки Императорского русского географического общества. Кн. 3, 1861. С. 153.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]