Перайсьці да зьместу

Клецак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Клецак
лац. Klecak
Віды Клецку
Віды Клецку
Герб Клецку Сьцяг Клецку
Першыя згадкі: 1127
Магдэбурскае права: 27 жніўня 1652
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Клецкі
Вышыня: 181 м н. у. м.
Насельніцтва: 11 483 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1793
Паштовы індэкс: 222640
СААТА: 6225501000
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 53°3′49″ пн. ш. 26°38′14″ у. д. / 53.06361° пн. ш. 26.63722° у. д. / 53.06361; 26.63722Каардынаты: 53°3′49″ пн. ш. 26°38′14″ у. д. / 53.06361° пн. ш. 26.63722° у. д. / 53.06361; 26.63722
Клецак на мапе Беларусі ±
Клецак
Клецак
Клецак
Клецак
Клецак
Клецак
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.)

Кле́цак — места ў Беларусі, на рацэ Лані. Адміністрацыйны цэнтар Клецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 11 483 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 140 км на паўднёвы захад ад Менску; чыгуначная станцыя на лініі Асіпавічы — Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места зь Нясьвіжам, Баранавічамі, Слуцкам.

Клецак — магдэбурскае места гістарычнай Наваградчыны, колішняя сталіца княства і радзівілаўскай ардынацыі, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся Фарны касьцёл (рэнэсанс, XVI ст.) і Вялікая Сынагога (барока, XVIII ст.), зруйнаваныя савецкімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Клецак[2][3] утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — 'бярозавы парасьнік'[4]. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Клѣчѣск[a], Клеческ.

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старажытны тапонім аформіўся з устаўным «а» ў канцавым спалучэньні -цк — Клецак[5], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў. Пісьмовае выкарыстаньне гэтай формы пачалося ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у новым беларускім правапісе, які грунтаваўся на фанэтычным прынцыпе. Пазьней у 1920-я гады форма «Клецак» як нарматыўная пачала ўжывацца ў БССР да палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, а таксама ў Заходняй Беларусі да падзеяў 1939 году. Цяперашняе афіцыйнае напісаньне назвы места — Клецк (рас. Клецк).

Паводле археалягічных зьвестак, неўмацаванае паселішча дрыгавічоў існавала тут яшчэ ў сярэдзіне ХІ ст. Аднак першы пісьмовы ўпамін пра Клецак датуецца 1127 годам у зьвязку з выправай кіеўскіх князёў на Полацкае княства, у якім брала ўдзел дружына Вячаслава Яраславіча «ис Клечьска». У гэты час горад быў сталіцай удзельнага княства[6].

У 1258 годзе войскі хана Бурундая захапілі і спустошылі Клецак у час іхнай выправы на Наваградзкую зямлю.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Места і замак. Т. Макоўскі, XVII ст.

У ХIV ст. Клецкае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[7]. Пад 1398 годам упамінаецца князь клецкі Ямант Тулунтавіч. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Клецак значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1401 годзе вялікі князь Вітаўт перадаў места свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 годзе — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разьбілі прыхільнікаў Сьвідрыгайлы Альгердавіча. Каля 1492 году вялікі князь Казімер перадаў места і княства Івану Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.

Клецкая бітва

У 1503 годзе Клецак спалілі крымскія татары. 5 жніўня 1506 году каля места адбылася бітва, у выніку якой войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем Міхалам Глінскім разьбілі татараў. Вялікі князь Аляксандар выдаў Клецку прывілей на адзін кірмаш у год. У 1522—1556 гадох места знаходзілася ў валоданьня вялікай княгіні Боны Сфорца.

У 1550 годзе Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Траецкі (Фарны) касьцёл[8]. На 1552 год у месьце было 137 двароў, дзеялі 4 царквы, манастыр і касьцёл. У 1553 годзе тут пачаў дзеяць адзін зь першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 гадох служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў месту прывілей на 2 штогадовыя кірмашы. У 1586 годзе ўтварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. На 1626 год у месьце было 448 двароў, пад 1641 годам упамінаецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.

Крыж на месцы бітвы, 1862 г.

27 жніўня 1652 году кароль і вялікі князь Ян Казімер надаў Клецку Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі княская карона, пад якой паляўнічы рог»[9]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецак. Насельніцтва места скарацілася ўдвая[10]. У 1683 годзе маршалак вялікі Станіслаў Казімер Радзівіл заснаваў тут дамініканскі кляштар. У гэты час у месьце было 217 двароў, дзеялі драўляныя цэрквы Ўшэсьця і Ўваскрасеньня, працавалі 3 рамесныя цэхі.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе швэдзкі аддзел разьбіў пад Клецкам расейскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў месту прывілей на 2 кірмашы штогод. На 1713 год тут было 152 двары.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Клецак апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Случарэцкага павету. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое стала вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 годзе ў Клецку збудавалі харальную сынагогу. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1832 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) — ґвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). 3 траўня 1917 году местачкоўцы ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[11].

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Клецак занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Клецак абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР[12]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Клецак апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясьвіскім павеце. У 1924—1931 гадох у месьце працавала беларуская гімназія.

У 1939 годзе Клецак увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 — да 4 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 6 кастрычніка 1941 году нацысты расстралялі каля 4 тысячаў жыдоў. У 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі Фарны касьцёл, помнік архітэктуры рэнэсансу.

29 лістапада 1999 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Клецку[13]. 11 лістапада 2008 году з ініцыятывы мясцовага сьвятара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII ст., колішні касьцёл дамініканаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што ёсьць грубым парушэньнем дзейнага заканадаўства[14]. Нягледзячы на звароты грамадзкасьці ў пракуратуру[15], неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 сьнежня 2008 году ў Клецку адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла Найсьвяцейшай Тройцы.

  • XVI стагодзьдзе: 1552 год — 0,7 тыс. чал.[10]
  • XVII стагодзьдзе: 1626 год — 2,0 тыс. чал.[10]; 1683 год — 1,1 тыс. чал.[10]
  • XVIII стагодзьдзе: 1713 год — 0,6 тыс. чал.[10]
  • XIX стагодзьдзе: 1897 год — 4,7 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 7,9 тыс. чал.; 1959 год — 4,1 тыс. чал.[7]; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1991 год — 11 тыс. чал.; 1997 год — 11 тыс. чал.; 1998 год — 10,8 тыс. чал.[16]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 10,4 тыс. чал.[17]; 2007 год — 10,1 тыс. чал.; 2008 год — 10,1 тыс. чал.; 2009 год — 10 761 чал.[18] (перапіс); 2015 год — 11 237 чал.[19]; 2016 год — 11 317 чал.[20]; 2017 год — 11 348 чал.[21]; 2018 год — 11 483 чал.[1]

У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы і селькагаспадарчы прафэсійны ліцэй.

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
17 верасьня вуліца Цаперская вуліца
Гагарына вуліца Віленская вуліца
Замкавая вуліца
Слонімская вуліца
Жыдоўская вуліца
Кітчанкі вуліца Слабадзкая вуліца
Леніна вуліца Нясьвіская вуліца
Заранская вуліца (перапіс 1874 г.[22])
Маякоўскага плошча Рынак пляц
Мечнікава вуліца Закасьцельная вуліца
Першамайская вуліца Пінская вуліца
Краснастаўская вуліца
Радзівілімонтаўская вуліца
Бабаеўская вуліца
Талстога вуліца Татарская вуліца[23]

З усёй урбананімічнай спадчыны Клецку да нашага часу гістарычную назву захавала толькі вуліца Панкратаўская. У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаюцца Сялянская вуліца, Радзівілімонтаўскі і Сіняўскі тракты[24].

Прадпрыемствы харчовай (малочная, масласыраробная, кансэрвавая, камбікормавая), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Клецку
  • ПУП «Клецкі вытворча-харчовы завод»
  • РУВП «Клецкі кансэрвавы завод»
  • ААТ «Клецкі камбікормавы завод»
  • Клецкі масларобны завод ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»
  • Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова «Клецкі лясгас»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзее Клецкі гістарычна-этнаграфічны музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Клецак».

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 297.
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
  3. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 223.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 160.
  5. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 21.
  6. ^ Пазднякоў В. Клецк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 105.
  7. ^ а б Пазднякоў В. Клецк // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 194.
  8. ^ Jelski A. Kleck // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 123.
  9. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  10. ^ а б в г д Пазднякоў В. Клецк // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 106.
  11. ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem. — Lublin, 2007. S. 114—115.
  12. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  13. ^ Геральдика(недаступная спасылка), Клецкий районный исполнительный комитет
  14. ^ Печанко С. Клецкі бацюшка не паслухаў Мінкульту // Наша Ніва. 10 лістапада 2008 г.
  15. ^ Пракуратура падтрымала апазыцыянэра, Радыё Свабода, 22 студзеня 2009 г.
  16. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 332.
  17. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  18. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  20. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Place Names in the 1874 List of Jewish Males in Lyakhovichi
  23. ^ Блінец А. Ад Пінскай да Першамайскай. Гісторыя адной вуліцы. Да новых перамогПраверана 3 верасьня 2012 г.
  24. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 29.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]