Перайсьці да зьместу

Беларусізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
беларусізацыя
палітыка, праект
Падкляса адславянізацыя Рэдагаваць
Частка адкарэнізацыя Рэдагаваць
Частка больш агульнагаБеларускае нацыянальнае адраджэньне Рэдагаваць
Назва арыгінальнай мовайбеларусізацыя Рэдагаваць
КраінаБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Рэдагаваць
Выкарыстоўваная мовабеларуская мова Рэдагаваць
Дата пачатку1921 Рэдагаваць
Дата заканчэньня1929 Рэдагаваць
АрганізатарСавет народных камісараў Беларускай ССР Рэдагаваць
Мэтавая аўдыторыябеларусы Рэдагаваць
Прадмет падзеікультура Беларусі Рэдагаваць

Беларусіза́цыя — афіцыйная палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР, якая ажыцьцяўлялася за часам правядзеньня НЭПу, у пэрыяд з пачатку 1920-х па 1929 гады.

Яна ўлучала шырокі спэктар такіх найважнейшых для нацыі праблемаў, як праблемы дзяржаўнасьці, разьвіцьця нацыянальнай эканомікі, вылучэньня на кіроўную працу кадраў карэннай нацыянальнасьці, разьвіцьця нацыянальнай адукацыі, навукі і культуры, роднай мовы і іншае.

Пачатак беларусізацыі паклалі рашэньні IV (люты — сакавік 1921) і V (кастрычнік 1921) зьездаў КП(б)Б. У далейшым праблемы беларусізацыі неаднаразова абмяркоўваліся на зьездах і пленумах ЦК КП(б)Б, зьездах саветаў, пасяджэньнях цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР. У сьнежні 1921 году Савет народных камісараў Беларускай ССР ухваліў рашэньне аб выдаткоўваньні на беларусізацыю 5 млн рублёў. Яшчэ 2 млн рублёў ад ураду атрымаў Народны камісарыят асьветы Беларускай ССР на выданьне твораў навукоўцаў і пісьменьнікаў на беларускай мове[1].

15 ліпеня 1924 году Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР ухваліў на ІІ сэсіі пастанову «Аб практычных мерах па правядзеньні нацыянальнай палітыкі», у адпаведнасьці зь якой беларусізацыя стала афіцыйнай дзяржаўнай палітыкай. Гэта была вельмі важная перамога нацыянальна-арыентаванай плыні ЦК КП(б)Б. У той жа час беларусізацыя мусіла зрабіць беларускую культуру беларускай толькі па форме, а па зьмесьце — пралетарскай. Беларуская мова, найбольш зразумелая шырокім колам сялянаў, павінна была стаць дзейсным сродкам, каб прывесьці іх у сацыялізм.

Падчас беларусізацыі ў навуковых колах пераважалі рознага кшталту пурысты (Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік і іншыя), якія спрабавалі стварыць навуковую тэрміналёгію, як мага меней выкарыстоўваючы замежныя словы. Ніжэй пададзеныя некаторыя з гэткіх пурызмаў:

Слоўнікі
20-х гадоў Афіцыйныя сёньня Па-расейску
Чужаед Паразіт Паразит
Вызыск Эксплуатацыя Эксплуатация
Сусьветнік Касмапаліт Космополит
Уласнапіс Аўтограф Автограф
Здольнадзейнасьць Актуальнасць Актуальность
Намяненьне Алюзія Аллюзия
Бязыменьнік Ананім Аноним
Самаўладзьдзе Аўтакратыя Автократия
Самаўрад Аўтаномія Автономия
Першабыльцы Аўтахтоны Автохтоны
Управа Адміністрацыя Администрация
Учалавечваньне Антропамарфізм Антропоморфизм
Можнаўладзтва

Панства

Арыстакратыя Аристократия
Прыпадабленьне Асіміляцыя Ассимиляцыя
Мірлівасьць Пацыфізм Пацифизм

Шмат якія з гэтых словаў былі выкрасьленыя зь беларускае мовы падчас рэфомы 1933 году як штучныя й архаізмы.

У другой палове 1920-х посьпехі ў ажыцьцяўленьні палітыкі беларусізацыі пачалі разглядацца як умацаваньне і пашырэньне беларускага нацыяналізму. Так, на ХІ зьезьдзе КП(б)Б (лістапад 1927) заяўлялася, што неабходна пашыраць беларусізацыю і той жа час весьці рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам, які ў мінулым быў прагрэсіўнай зьявай, але ўва ўмовах дыктатуры пралетарыяту набыў контррэвалюцыйны характар.

У траўні 1929 ЦК ВКП(б) накіраваў у БССР камісію, якая 27 чэрвеня 1929 году зрабіла крытычны даклад на адрас беларускай творчай інтэлігенцыі, таксама ў ім нэгатыўна ацэньвалася дзейнасьць кіраўнікоў рэспублікі. Даклад камісіі быў накіраваны ў ЦК і ЦКК ВКП(б) і асабіста Ё. Сталіну.

Апагеем барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам стала сфабрыкаваная прысланым з Масквы старшынём ДПУ БССР Р. Рапапортам справа г. зв. «Саюза вызваленьня Беларусі». па якой увясну-ўлетку 1930 былі арыштаваныя больш за 110 дзеячаў навукі і культуры Беларусі, у 1931 многія зь іх былі асуджаныя ў выніку закрытых судовых працэсаў. З гэтага часу пачалася палітыка абмежаваньня мовы тытульнай нацыі Беларусі, працягам якой стала рэформа беларускага правапісу 1933 году, якая штучна наблізіла беларускую мову да расейскай.

  1. ^ Ніна Шчарбачэвіч. Жыцьцё, вартае кіно // Жырандоля. — 7 чэрвеня 2014. — № 15 (232).
  2. ^ Праўрацкі В. Беларуская вайсковая акруга ў міжваенны перыяд (1921—1939). Спробы беларусізацыі // Жыве Беларусь : Гісторыя Беларусі, культура Беларусі, родная мова, 16.11.2009
  3. ^ Алена Дзядзюля. 1922: Змаганьне за дзяцей // Зьвязда : газэта. — 29 сакавіка 2012. — № 60 (27175). — С. 4. — ISSN 1990-763x.