Перайсьці да зьместу

Шклоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шклоў
лац. Škłoŭ
Населены пункт
Меская ратуша
Сьцяг Герб
Краіна Беларусь
Вобласьць Магілёўская
Раён Шклоўскі
Першыя згадкі 1520[1]
Дата заснаваньня 1535
Магдэбурскае права 10 красавіка 1762
Геаграфія
Плошча 10,7 км²
Вышыня НУМ 158 м[2]
Часавы пас
Каардынаты 54°13′25″ пн. ш. 30°17′11″ у. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць 16 300 чал. (2018)[3]
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2239
Паштовы індэкс 213010
СААТА 7258501000
Нумарны знак 6
Сайт shklov.gov.by
Шклоў на мапе Беларусі ±
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў
Шклоў

Шклоў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 16 300 чалавек[3]. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў.

Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[4]. Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Вялікая сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс дамініканскага кляштару (барока, XVII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі і царква Ўваскрасеньня Хрыстова (магілёўскае барока, XVII ст.), зьнішчаная савецкімі ўладамі.

Тапонім Шклоў, пэўна, утварыўся ад слова шкло[5].

Варыянт напісаньня назвы места лацінай на мапе 1595 году — Sklou[6].

Панарама Шклова, гравюра XVIII ст.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Першы пісьмовы ўпамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520 годам[1]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стагодзьдзях у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З другой паловы XVI стагодзьдзя места стала сталіцай графства. У 1619 годзе ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. На 1643 год у месьце налічвалася 850 дамоў, на 1650 год — 1220[1].

Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535 годзе[1]. У Інфлянцкую вайну захопнікі тройчы (у 1562, 1564 і 1581 гадох) палілі места[1]. У выніку ваенных спусташэньняў у канцы XVI стагодзьдзя адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле гісторыка М. Ткачова ў 1580 годзе або, паводле іншых зьвестак, па 1668 годзе).

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Шклова і ваколіцаў ліцьвінамі: «…Федорка в роспросе сказала: <…>, что он [ее муж] родом литвин[a] и в Литве в Шклове племени у него много» (1629 год)[9], «…в роспросе один человек сказал: Гришкою зовут, Степанов сын, прозвище Новиков, родом он де литвин, Шкловского повету» (1684 год)[10].

У пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1654 годзе жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 году ў Шклове разьмясьцілася часовая стаўка маскоўскага гаспадара Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 годзе войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 год у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[1]. У 1666 годзе маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667 году), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[1].

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе расейскія войскі зруйнавалі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 годзе места перайшло ў валоданьне Чартарыйскіх. На 1739 год тут дзеялі 2 царквы. 10 красавіка 1762 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб: «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[11]. У 1769 годзе па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога Места, пачалося ўзьвядзеньне Новага Места (сучасная тэрыторыя Шклова).

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе ў 1773 годзе стаў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі, пазьней губэрні. Аднак у 1777 годзе расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, якое стала цэнтрам воласьці Магілёўскага павету. У 1778 годзе колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне расейскаму вайскоўцу С. Зорычу, які заснаваў тут музычныя школы. У канцы XVIII стагодзьдзя ў Шклове працавалі шаўковая мануфактура (38 работнікаў у 1797 годзе) і гадзіньнікавая фабрыка, а таксама канатнае (у 1790—1799 гадох), парусінавае (у 1794—1845 гадох), гарбарнае (53 работнікі ў 1796 годзе) і суконнае (108 работнікаў у 1797 годзе) прадпрыемствы. У трупе прыгоннага тэатру (існаваў у 1788—1800 гадох) былі сьпевакі, танцоры, драматычныя акторы і музыкі-інструмэнталісты. На пачатак ХІХ стагодзьдзя Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам, прыстаньню на Дняпры. У 1827 годзе тут штогод праводзіліся 2 кірмашы. З другой паловы 1820-х гадоў мястэчка пачынае губляць сваё ранейшае эканамічнае значэньне.

На 1848 год у Шклове было 1158 двароў, мураваныя 2-павярховы жылы дом, мужчынскі манастыр і будынак былога дамініканскага кляштару, драўляныя царква і касьцёл, на 1861 год — 1515 дамоў, штогод праводзіліся 3 кірмашы. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню. У 1870-я гады працавалі крупадзёрка, цагельны завод, завод вытворчасьці шроту, 5 ткацкіх прадпрыемстваў. На пачатак 1880-х гадоў у Шклове было 872 дамы, у тым ліку 11 мураваных, 203 крамы (154 мураваныя), 7 ткацкіх, 2 цагельныя, вінакурнае і воўнаткацкае прадпрыемствы, кафельны завод, аптэка. Насельніцтва займалася кавальскім, кравецкім і шавецкім промысламі. У 1898 годзе А. Крывашэін заснаваў кардонавую фабрыку. У пачатку ХХ стагодзьдзя празь места прайшла чыгунка Ворша — Магілёў, каля яе ў 1906 годзе пачаў працаваць лесапільны завод «Дняпро».

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шклоў занялі войскі Нямецкай імпэрыі[12].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шклоў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце прызначылі павятовага старшыню БНР[13]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Шклоў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе паселішча зноў атрымала статус места. У Другую сусьветную вайну зь сярэдзіны ліпеня 1941 да пачатку ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Шклова[14]. 27 сакавіка 2024 году «Белкамунмаш» даставіў у Шклоўскую філію «Магілёўаблаўтатрансу» 15 электробусаў «Альгерд Е321», якімі замянілі ўвесь пасажырскі грамадзкі транспарт на дызэльным ходзе ў горадзе. У выніку Шклоў стаў першым горадам у Беларусі, які цалкам перавёў грамадзкі транспарт на электрацягу[15].

У 1977 годзе ў склад места ўключана вёска Іскра[16], 14 сьнежня 2007 году — вёскі Маладзёжная, Рыжкавічы і Малое Зарэчча[17], 20 лістапада 2013 году — вёска Вялікае Зарэчча[18].

  • XVII стагодзьдзе: 1643 год — 4750 чал.[19]; 1650 год — 8540 чал.[1]; 1661 год — 4375 чал.[1]
  • XIX стагодзьдзе: 1861 год — 11 363 чал.[20]; 1880 год — 2393 чал., зь іх 1268 праваслаўных, 33 каталікі, 1092 юдэі[21]
  • XX стагодзьдзе: 1924 год — 6617 чал.; 1939 год— 8,1 тыс. чал.; 1959 год — 7,8 тыс. чал.; 1979 год — 11,8 тыс. чал.; 1991 год — 15 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 16,1 тыс. чал.[22]; 2004 год — 15,9 тыс. чал.; 2006 год — 15,6 тыс. чал.; 2008 год — 15,6 тыс. чал.[23]; 2009 год — 16 439 чал.[24] (перапіс); 2015 год — 16 359 чал.[25]; 2016 год — 16 425 чал.[26]; 2017 год — 16 310 чал.[27]; 2018 год — 16 300 чал.[3]

У Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спэцшкола, цэнтар разьвіцьця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.

Дзеюць дом культуры, бібліятэка.

У месьце выдаецца газэта «Ўдарны фронт».

Сучасная меская тэрыторыя выцягнулася ўздоўж Дняпра. Забудова галоўным чынам сядзібнага тыпу. У цэнтры і жылых масівах узводзяцца 2—5-павярховыя будынкі. Захаваўся фрагмэнт пабудоваў XVIII ст. Ёсьць паркавая зона.

Афіцыйная назваГістарычная назва
Дзікуна вуліцаСялянская вуліца
Ленінская вуліцаПрабойная вуліца
Луначарскага вуліцаКасьцельная вуліца[28]
Пралетарская вуліцаМаставая вуліца
Савецкая вуліцаМяшчанская вуліца[29]

Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Шклова
  • ААТ «Папяровая фабрыка „Спартак“»
  • ААТ «Шклоўскі льнозавод»
  • ААТ «Шклоўскі масларобны завод»
  • ААТ «Шклоўскі камбікормавы завод»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Інфраструктура

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Шклоў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю» і «Айчыны славутыя імёны»[30]. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крынічка».

У Шклове знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня Ніжнінскі роў. На паўднёвай ускраіне места (в. Рыжкавічы) захаваўся археалягічны комплекс ХІV—XVIIІ стагодзьдзяў, які складаецца з замчышча, рэштак касьцёла і кляштару дамініканаў і руінаў царквы Ўваскрасеньня Хрыстова[31].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  1. Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[7] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[8]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 Лукашэвіч А. Шклоў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
  2. GeoNames (анг.) — 2005.
  3. 1 2 3 Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  4. Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 138.
  5. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 411.
  6. Глиожайтис А. Административное деление Великого Княжества Литовского на картах XVII в. Калекцыянер: зб. артыкулаў / Уклад. Д. Гулецкі, У. Зяньковіч. — Менск: Выдавецкі дом «Звязда», 2014. С. 53.
  7. Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
  8. Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
  9. Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 294.
  10. Полное собрание законов Российской империи, с 1649 года. Т. 2. — СПб., 1830. С. 589.
  11. Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 254.
  12. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  13. Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  14. Геральдика, Шкловский районный исполнительный комитет
  15. Пілётны праект «Зялёны горад»: холдынг «БКМ» паставіў у Шклоў 15 электробусаў // УП «Белкамунмаш», 27 сакавіка 2024 г. Праверана 15 чэрвеня 2024 г.
  16. Рашэньні выканкома Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 4 студзеня, 16 і 22 лютага 1977 г. // Збор законаў, указаў Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэньняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1977, № 9 (1527).
  17. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 14 декабря 2007 г. № 5-25 Об изьменении административно-территориального ўстройства Шкловского района
  18. Решение Могилёвского областного совета депутатов №23-1 от 20 ноября 2013 г. Об изьменении административно-территориального ўстройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области
  19. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 405.
  20. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 409.
  21. Krzywicki J. Szkłów // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 922.
  22. БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 423.
  23. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 7. Кн. 3. — Менск, 2009. С. 404.
  24. Перепись населения — 2009. Могилевская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  25. Статистический бюллетень «Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа»
  26. Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  27. Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  28. У Шклове толькі тры вуліцы захавалі свае гістарычныя назвы. Радыё Свабода. Праверана 2 верасьня 2012 г.
  29. Грудзіна А. «І родныя сэрцу мясціны…». — Шклоў, 2007.
  30. Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  31. Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.08.2009 № 1088

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]