Перайсьці да зьместу

Беларусы ў Летуве

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларусы ў Летуве
Агульная колькасьць 36 227
Рэгіёны пражываньня Віленскі і Ўцянскі паветы, Клайпеда
Мовы беларуская, летувіская, расейская, польская
Рэлігіі каталіцтва, праваслаўе
Блізкія этнасы беларусы

Белару́сы Летувы́, паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, зьяўляюцца трэцяй паводле колькасьці нацыянальнай меншасьцю ў краіне пасьля палякаў і расейцаў. У 2011 року ў Летувіскай Рэспубліцы пражывала 36 227 беларусаў[1].

На тэрыторыі сучаснай Летувы беларусы жывуць не адно стагодзьдзе. 3 часоў Вялікага Княства Літоўскага да I сусьветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае разьвіцьцё беларусаў і летувісаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у тым ліку Віленскі ўнівэрсытэт, Віленская брацкая друкарня і інш.

Этнаграфічная мапа Я. Ф. Карскага, 1903

Паводле перапісу 1897 року беларусы складалі большасьць насельніцтва Віленскай губэрні. У пачатку XX стагодзьдзя дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасьць у 1919—1930), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газэты «Наша доля» і «Наша ніва». 12 лютага 1910 у клюбе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. У I сусьветную вайну, пасьля акупацыі нямецкімі войскамі, у Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клюб. 3 абвяшчэньнем незалежнасьці Летувы (люты 1918) дзейнасьць беларускіх арганізацыяў каардынавала Віленская беларуская рада, прадстаўнікі якой увайшлі ў Тарыбу. У сьнежні 1918 у Вільні знаходзіўся ўрад БНР.

У кастрычніку 1920 войскі польскага генэрала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, была абвешчаная Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 у Вільні на нарадзе беларускіх дзеячоў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для разьвіцьця беларускай адукацыі і асьветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. На прапанову ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старэйшага рэфэрэнта ў Дэпартамэнце асьветы. У 1921 зь ініцыятывы Б. Тарашкевіча створанае Таварыства беларускай школы.

Віленшчына ў складзе Польшчы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У пачатку 1922 року сэйм зацьвердзіў уключэньне Віленшчыны ў склад Польшчы. 3 гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадзкім, асьветным і культурным цэнтрам беларусаў. У месьце ствараліся палітычныя, гаспадарча-эканамічныя, асьветныя арганізацыі, установы і таварыствы. У горадзе ствараліся і дзейнічалі беларускія палітычныя партыі, гаспадарча-эканамічныя, асьветныя арганізацыі, установы і таварыствы. Актыўнасьцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клюб, Блёк нацыянальных меншасьцяў і інш. У 1920—1930-я рокі ў Вільні дзейнічалі Беларускі музэй, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х гадоў тут знаходзіліся Галоўны сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады; выдавалася больш за 100 беларускамоўных газэт і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, М. Танк, П. Сергіевіч, Я. Драздовіч і інш.

Летувіская Рэспубліка

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

У пачатку 1920-х гадоў адбываўся ўздым актыўнасьці беларусаў Летувы, які аднак зьнік ў другой палове 1920-х. У пачатку 1930-х нацыянальны рух у Летуве ажывіўся[2].

Летувіская ССР

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Напачатку II сусьветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзеныя ў склад Летувы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасьць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—1944) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніцкая сэмінарыя, Беларускі музэй (закрыты ў 1945), выдавалася газэта «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасьля захопу Летувы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе летувіска-польскага пагадненьня пра ўзаемную эвакуацыю насельніцтва ад 22 верасьня 1944 перасялілася ў Польшчу. Практычна ўсе беларускія дзеячы й іхнія сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю. Аднаўленьне дзейнасьці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і зьмены этнічнай структуры насельніцтва.

Нямала беларусаў пераехала ў Летуву ўжо за савецкім часам, пасьля Другой сусьветнай вайны. 3 1945 у Летуву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іхная колькасьць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцьця яны практычна ня мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасьць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.

Актывізацыя грамадзкага жыцьця беларусаў пачалася ў часы лібэралізацыі ў СССР (2-я палова 1980-х), калі ўзьнік шэраг беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў. У 1988 Зоська Верас разам зь Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клюб «Сябрына», а 4 лютага 1989 року было заснаванае Таварыства беларускай культуры ў Летуве[3]. У чэрвені 1989 року ў Вільні адбыўся ўстаночы сход Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».

3 1989 трансьлююцца беларускія перадачы на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Пэўны час зь Вільні для беларусаў вяшчала незалежная беларускамоўная радыёстанцыя «Балтыйскія хвалі»[4].

У 2003 годзе адбыўся фэстываль «Панявежа-2003», дзе былі беларускія народныя песні і танцы[5].

У 2011 року ў Летувіскай Рэспубліцы пражывала 36 227 беларусаў[1], што складала 1,2% ад агульнага насельніцтва[6]. Колькасьць беларусаў стала зьмяншаецца галоўным чынам праз асыміляцыю. Так, у 1989 року ў Летувіскай ССР налічвалася 63 тысячы беларусаў, у 2001 — 42 866 чалавек; з тае пары іхняя колькасьць толькі меншала[3].

ГодКолькасьць%
195930 256[7]1,11
197045 412[8]1,45
197957 584[9]1,69
198963 169[10]1,71
200142 866[11]1,23
201136 227[1]1,19

Пераважная большасьць беларусаў зьяўляюцца грамадзянамі Летувы.

Найбольш беларусаў пражывае ў сталіцы, Вільні — 18 924 чалавекі[1], далей ідуць месцы Клайпеда (2698 чалавек), Вісагіня (2211), Грэгарава (887) і Коўна (831, зьвесткі 2011 року[11]).

Сярод беларусаў Летувы ў 2001 року сваёй роднай мовай беларускую называлі 14 603 чал., расейская — 22 386, польскую — 2494, летувіскую — 1622[12].

Грамадзкія арганізацыі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Беларуская сярэдняя школа імя Ф. Скарыны ў Вільні, дзе існуе з 1994 году.

Таварыства беларускай культуры ў Летуве — беларуская арганізацыя, створаная ў Летувіскай Рэспубліцы ў 1989 годзе. 4 лютага 1989 году адбыўся ўстаноўчы зьезд таварыства[13] Зь верасьня 2014 г. абавязкі старшыні ТБК выконвае Васіль Акуневіч[14].

У дадзены момант у Аб’яднаньне грамадзкіх арганізацыяў беларусаў у Летуве, старшынём якой зьяўляўся Раман Вайніцкі[15][16][17][18][19][20], уваходзяць 19 арганізацыяў. Іх мэта, як і любых іншых утварэньняў нацыянальных меншасьцяў — захаваньне беларускай культуры, традыцый, звычаяў, беларускай мовы. Пад непасрэдным кантролем Аб’яднаньня ў Вільні працуе беларуская школа імя Францішка Скарыны з дванаццацігадовым навучаньнем, дзе многія прадметы выкладаюцца на роднай мове. Адкрытая беларуская нядзельная школа ў Клайпедзе, у Вісагіні функцыянуе беларускі культурны цэнтар.

У Вільні дзейнічае заснаваны ў Беларусі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.

У 1994 годзе была створаная адзіная ў краіне беларускамоўная школа Віленская гімназія[21][22].

Цэнтар беларускай супольнасці і культуры ў Вільні быў заснаваны ў 2021 годзе[23]некамэрцыйная арганізацыя. Разьмяшчаецца ў будынку па адрасе Віленская вуліца, 20[24].

Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў быў заснаваны ў Вільні ў 2022 годзе[25].

  1. 1 2 3 4 Population by ethnicity municipality (анг.) (xls) Official Statistics Portal. Statistics Lithuania. Праверана 17 студзеня 2017 г.
  2. В. У. Коваль. Асноўныя кірункі дзейнасці беларускай дыяспары ў Літве (1918—1939)  (бел.) // Труды БГТУ. — 2019. — № 2. — С. 35-40.
  3. 1 2 Лашкевіч, Кастусь (23 лютага 2010) Лідэр беларусаў Летувы: «Мы стаім ніжэй за цыганоў» Грамадзтва. TUT.BY. Праверана 17 студзеня 2017 г.
  4. Беларусы ў сучаснай Летуве Belhistory.com Праверана 17 студзеня 2017 г.
  5. Фэстываль Панявежа-2003(недаступная спасылка)
  6. 2011 Population and Housing Censuses in Estonia, Latvia and Lithuania (анг.) (pdf) Official Statistics Portal. Statistics Lithuania (2015). Праверана 17 студзеня 2017 г.
  7. Всесоюзная перепись населения 1959 года. Национальный состав населения по республикам СССР (рас.) Демоскоп weekly Праверана 17 студзеня 2017 г.
  8. Всесоюзная перепись населения 1970 года. Национальный состав населения по республикам СССР (рас.) Демоскоп weekly Праверана 17 студзеня 2017 г.
  9. Всесоюзная перепись населения 1979 года. Национальный состав населения по республикам СССР (рас.) Демоскоп weekly Праверана 17 студзеня 2017 г.
  10. Всесоюзная перепись населения 1989 года. Национальный состав населения по республикам СССР (рас.) Демоскоп weekly Праверана 17 студзеня 2017 г.
  11. 1 2 Tim Bespyatov. Ethnic composition of Lithuania 2011 (анг.) Праверана 17 студзеня 2017 г.
  12. 2. Gyventojai pagal tautybę ir gimtąją kalbą /2. Population by ethnicity and mother tongue/ // Population by education, mother tongue and command of other languages 2001 = Gyventojai pagal išsilavinimą, gimtąją kalbą ir kalbų mokėjimą 2001. — Vilnius: Statistikos departamentas prie Lietuvos Respublikos Vyriausybės, 2002. — С. 77. — 800 ас. — ISBN 9986-589-84-3
  13. Пра нас
  14. Управа ТБКЛ
  15. Судмэдэксперты Літвы: Раман Вайніцкі памёр ад удару токам
  16. У Вільні забіты Раман Вайніцкі на Радыё Свабода
  17. Бывай, Раман...
  18. Вянок памяці. Раман Вайніцкі на Радыё Свабода
  19. Вайніцкі быў на вастрыі канфлікту беларускіх дыяспар Балтыі - Салiдарнасць
  20. Смуткуем, спачуваем
  21. Апісаньне дзейнасьці школы
  22. Навіны школы
  23. Пра нас
  24. Будзьма беларусамі! » Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Літве звяртаецца па дапамогу
  25. Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў. Белліт (2022). Праверана 2023-12-01 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]