Ліцьвіны Севершчыны
Ліцьві́ны Се́вершчыны, літві́ны Се́вершчыны — назва беларускамоўнага насельніцтва гістарычнай Севершчыны, колішняга Старадубскага павету Смаленскага ваяводзтва.
У IX—XII стагодзьдзях гэты рэгіён знаходзіўся на сумежжы плямёнаў севяранаў, радзімічаў і вяцічаў, насіў назву Севершчына і ўваходзіў у склад Чарнігава-Северскага княства. У сярэдзіне XIV стагодзьдзя вялікі князь Альгерд далучыў Севершчыну да Вялікага Княства Літоўскага. Па вайне ў 1503 годзе рэгіён апынуўся ў складзе Маскоўскай дзяржавы, у пачатку XVII стагодзьдзя — зноў у ВКЛ; канчаткова трапіў пад уладу Масквы паводле Андросаўскай дамовы (1667). У XIX — пачатку XX стагодзьдзяў ахопліваў паўднёва-заходнія паветы Чарнігаўскай губэрні: Гараднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі, Сураскі і іншыя.
Упершыню ў навуковы ўжытак паняцьце «ліцьвіны» адносна беларускамоўных жыхароў Севершчыны ўвёў у канцы ХVІІІ стагодзьдзя Апанас Шафонскі. П. Білецкі-Насенка ў сваім «Слоўніку ўкраінскай мовы» (1843) пісаў:
|
У XIX стагодзьдзі працы, прысьвечаныя беларусам-ліцьвінам, выдалі Р. Есімонтаўскі і С. Максімаў, у пачатку XX стагодзьдзя — А. Рубец. Адным з галоўных дасьледнікаў ліцьвінаў зьяўлялася Марыя Косіч. У 1901 годзе часопіс «Живая старина» надрукаваў яе манаграфію «Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни», якая ў 1902 годзе выйшла асобным выданьнем. За савецкім часам беларусаў-ліцьвінаў вывучалі прафэсар П. Растаргуеў і вядомы беларускі этнограф Аляксандар Сержпутоўскі.
Згодна з артыкулам у Энцыкляпэдыі ВКЛ (2010) аўтарства Ўладзімера Васькова, ліцьвіны называлі сябе «рускімі» («русінамі») і «казакамі»[1], аднак паводле сьведчаньня супрацоўніка Этнаграфічнага аддзелу Расейскага імпэратарскага музэю Данілы Сьвяцкага, яшчэ ў 1909 годзе жыхары Трубчэўскага павету называлі сябе «Літвою»[2]. Мовазнаўца Антон Палявы засьведчыў наступную інфармацыю пра жыхароў Навазыбкаўскага павету[3]:
![]() |
«Калі б вы папыталіся ў селака Навазыбкаўскага павету, прыкладам, гэтак: „Хто вы такія? да якое нацыі належыце?“ — то пачулі б такі адказ: „Хто мы?! Мы руськія“ [г.зн. праваслаўныя — заўвага Янкі Станкевіча]. Калі вы далей папытаецеся: „Якія „руськія“? — Велікарусы, ці што?“ дык узноў пачуеце адказ: „Ды не, якія мы там Велікарусы? Не, мы не Маскалі“. „Ды хто ж вы тады, Украінцы?“ „Не, і не Ўкраінцы!“ „Ды хто ж, наапошку: не Маскалі, не Ўкраінцы, а хто ж?“ І вось… скажуць вам: „Мы Літва, Ліцьвіны“» | ![]() |
Ліцьвіны ўсьведамлялі сваё адрозьненьне ад маскоўскага насельніцтва («маскалі», «кацапы» — у іхнай мове). Этнонім «беларусы» не ўжываўся, бо на Чарнігаўшчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў не было элітарнага беларускага нацыянальнага руху. Ліцьвіны адрозьніваліся ад суседняга маскоўскага (расейскага) і рускага (украінскага) насельніцтва этнічнымі рысамі адзеньня (белыя даматканыя сьвіткі, жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі — магерка), абрадамі і мовай (вельмі блізкая да гаворак Панізоўя). Моўныя асаблівасьці ў сельскай мясцовасьці, з прычыны замкнёнасьці сельскага жыцьця ў мінулым і аддаленасьці ад вялікіх адміністрацыйна-палітычных і прамысловых цэнтраў у новы час, захоўваюцца і сёньня.
Тэрыторыю Севершчыны па кастрычніцкаму перавароту падзялялі паміж сабой РСФСР і УССР, колішнія ліцьвіны ўсьведамляюць сябе цяпер адпаведна расейцамі і ўкраінцамі. Толькі невялікая частка ліцьвінаў Севершчыны (жыхары вёскі Баўсуны былога Сураскага павету і некаторых іншых, што ўвайшлі ў склад БССР) далучылася да працэсаў кансалідацыі беларускай нацыі[1].
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ а б Васькоў У. Літвіны Севершчыны // ВКЛ. Энцыкл. Т. 3. — Менск, 2010. С. 306.
- ^ Святский, Д. О. Крестьянские костюмы в области соприкосновения Орловской, Курской и Черниговской губерний (Севский уезд Орловской губернии). — СПб., 1910.
- ^ Станкевіч Я. Нарысы зь гісторыі Вялікалітвы-Беларусі. — New Jersey, 1978. С. 36.
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 3: Дадатак А — Я. — Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — 690 с.: іл. ISBN 978-985-11-0487-7.
- Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. — Менск: Беларусь, 1993. — 71 с ISBN 5-338-00898-Х.
- Катлярчук А. Беларусы бранскага краю // «ARCHE» № 2 (16), 2001.
- Горленко В. Литвины півночі України — ймовірний уламок нащадків племені літописных сіверян // «Пам’ятки України» № 1-2, 2001 р.