Інструкцыя па трансьлітарацыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Указальнік з надпісам у адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі ў гістарычнай частцы Менску.

Інструкцыя па трансьлітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага альфабэту — мэтад запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў пры стварэньні мапаў і геаграфічных даведнікаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстаньня, ухвалены пастановаю Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году).[1] Апошнія зьмены ўносіліся 11 чэрвеня 2007 году.

Гэтая Інструкцыя разглядаецца Працоўнай групай ААН па раманізацыях Групы экспэртаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN)[2] і была прапанаваная беларускім бокам да ўжытку ў якасьці нацыянальнай на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў.[3]

У лютым 2013 году інструкцыя была рэкамэндаваная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў у якасьці міжнароднай сыстэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.[4][5]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Інструкцыя замяняе папярэднія адпаведныя нормы і ўстанаўляе абавязковыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь правілы перадачы лацініцай беларускіх геаграфічных назваў пры стварэньні ў Рэспубліцы Беларусь картаграфічных і іншых вырабаў, прызначаных для міжнароднага выкарыстаньня. Перадача беларускіх назваў на лацініцу ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці зь іх правільным, афіцыйна зацьверджаным напісаньнем на беларускай мове. Пры адсутнасьці беларускамоўных афіцыйных матэрыялаў за аснову бяруцца назвы, традыцыйныя ў мэтавай мове, пры гэтым магчымыя выпраўленьні скажэньняў.

Пры гэтым правілы не распаўсюджваюцца на тапонімы іншых краінаў з афіцыйна прынятай лацінскай сыстэмай пісьма (тапонімы перадаюцца на мапах у адпаведнасьці з нацыянальнай формай напісаньня кожнай зь дзяржаваў) і на тапонімы сумежных краінаў з афіцыйна прынятай кірылічнай сыстэмай пісьма (назвы тапонімаў перадаюцца ў адпаведнасьці з сыстэмамі лацінізацыі геаграфічных назваў гэтых дзяржаваў).

Пры выбары вялікіх ці малых літараў, злучнага ці асобнага напісаньня, напісаньня праз злучок захоўваецца адпаведнае беларускае напісаньне.

У паказьніках геаграфічныя назвы разьмяшчаюцца ў адпаведнасьцю з пасьлядоўнасьцю асноўных літараў беларускай нацыянальнай лацінкі: a, b, c, č, d, е, f, h, i, j, k, l, m, n, o, p, r, s, š, t, u, v, z, ž, y.

Дыякрытычныя знакі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апроч звычайных літараў лацінскага альфабэта выкарыстоўваюцца лацінскія літары з трыма рознымі дыякрытычнымі знакамі:

Правілы трансьлітарацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У адпаведнасьці з Інструкцыяй былі зацьверджаныя наступныя правілы трансьлітарацыі:

Літара кірыліцы Літара лацініцы Прыклад ужываньня
А а A а Аршанскі — Aršanski
Б б B b Бешанковічы — Biešankovičy
В в V v Віцебск — Viciebsk
Г г H h Гомель — Homieĺ, Гаўя — Наŭjа
Д д D d Добруш — Dobruš
Е е Je je[* 1] Ельск — ĺsk, Бабаедава — Babajedava
ie[* 2] Лепель — Liepieĺ
Ё ё Jo jo[* 1] Ёды — Jody, Вераб’ёвічы — Vierabjovičy
io[* 2] Мёры — Miory
Ж ж Ž ž Жодзішкі — Žodziški
З з Z z Зэльва — Zeĺva
І і I i Іванава — Ivanava, Іўе — Iŭje
Й й J j Лагойск — Lahojsk
К к K k Круглае — Kruhlaje
Л л L l Любань — Liubań
М м M m Магілёў — Mahilioŭ
Н н N n Нясьвіж — Niasviž
О о O o Орша — Orša
П п P p Паставы — Pastavy
Р р R r Рагачоў — Rahačoŭ
С с S s Светлагорск — Svietlahorsk
Т т T t Талачын — Talačyn
У у U u Узда — Uzda
Ў ў Ǔ ŭ Шаркаўшчына — Šarkaŭščyna
Ф ф F f Фаніпаль — Fanipaĺ
Х х Ch ch Хоцімск — Chocimsk
Ц ц C c Цёмны Лес — Ciomny Lies
Ч ч Č č Чавусы — Čavusy
Ш ш Š š Шуміліна — Šumilina
(апостраф) не перадаецца Разезд — Razjezd
Ы ы Y y Чыгірынка — Čyhirynka
Ь ь адсутнічае Чэрвень — Červień
Э э E e Чачэрск — Čačersk
Ю ю Ju ju[* 1] Юхнаўка — Juchnaŭka, Гаюціна — Hajucina
iu[* 2] Любонічы — Liuboničy
Я я Ja ja[* 1] Ямнае — Jamnaje, Баяры — Bajary
ia[* 2] Вязынка — Viazynka, Bаляр’яны — Valiarjany

Заўвагі:

  1. ^ а б в г У пачатку слова, пасьля галосных літар, апострафа, разьдзяляльнага мягкага знака, «у нескладовага».
  2. ^ а б в г Пасьля зычных літар.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая рэдакцыя Інструкцыі па трансьлітарацыі беларускіх геаграфічных назваў была афіцыйна зацьверджаная ў 2000 годзе, але пра гэта шырока не паведамлялася. У кастрычніку 2006 году ў Таліне на канфэрэнцыі экспэртаў ААН па тапаніміцы было прынятае рашэньне, што беларускія тапонімы ў лацінскім шрыфце будуць захоўваць асаблівасьці беларускай артаэпіі. Пры гэтым галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэту маёмасьці Натальля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па трансьлітарацыі стваралася на падставе беларускай лацінкі, якая была распрацаваная Тарашкевічам,[6] хоць беларускай лацінкай у поўным сэнсе яна не зьяўляецца, зьяўляючыся выключна сыстэмай трансьлітарацыі.

Зьмены і дапаўненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 і 2007 гадох у фармулёўку Пастановы і спосаб трансьлітарацыі ўносіліся зьмены, асноўныя зь якіх палягалі ў перадачы літары «ў» як «ŭ» замест «ú», і спалучэньняў літараў «дзь», «зь», «ль», «нь», «сь», «ць» як «dź», «ź», «ĺ», «ń», «ś», «ć» адпаведна замест ранейшых спалучэньняў «dz'», «z'», «l'», «n'», «s'», «c'»; перастаў выкарыстоўвацца апостраф.

Выкарыстаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной зь першай мапаў, якія былі выдадзеныя з выкарыстаньнем правілаў трансьлітарацыі паводле Інструкцыі, была турысцкая мапа Беларусі, выдадзеная ў 2005 годзе Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі. Назвы геаграфічных назваў у ёй прыводзіліся ў адпаведнасьці з рэдакцыяй Інструкцыі, якая дзейнічала на той час: «Barysaú», «Červien´» «Mar´ina Horka».[7]

Празь некалькі гадоў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Белгеадэзія» былі выдадзеныя новыя мапы, назвы ў якіх адпавядалі дзейнай выпраўленай рэдакцыі Інструкцыі. Прыблізна ў той самы час у цэнтры Менску зьявіліся ўказальнікі на гістарычныя раёны гораду і станцыі мэтро, назвы на якіх былі перададзеныя ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі.

У жніўні 2009 году кампанія Google у сваім сэрвісе мапаў Google Maps адкрыла магчымасьць рэдагаваньня мапы Беларусі. Мяркуецца, што беларускія геаграфічныя назвы на іншых мовах, апроч беларускай і расейскай, будуць перададзеныя ў адпаведнасьці з гэтай Інструкцыяй.

Ужываньне ў Менскім мэтрапалітэне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Nuvola apps kview.svg Вонкавыя выявы
Searchtool.svg Схема ліній
Searchtool.svg Станцыі па адной лініі

У жніўні 2012 году на станцыі «Інстытут Культуры» Менскага мэтрапалітэну зьявілася новая схема ліній мэтро, дзе назвы станцыяў былі прадубляваныя ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі[8][9]. Тры месяцы пазьней, у лістападзе 2012 году, з уводам трох новых станцый Менскага мэтрапалітэну — Грушаўка, Міхалова, Пятроўшчына — новыя схемы з назвамі станцый, дубляванымі лацінскім альфабэтам у адпаведнасьці з Інструкцыяй, таксама зьявіліся на пэўных іншых станцыях і ў цягніках мэтро[10].

Зьяўленьне новых схемаў атрымала шырокі розгалас у грамадзтве, у беларускім сэгмэнце інтэрнэту разгарнуліся шырокія дыскусіі адносна мэтазгоднасьці выкарыстаньня такой сыстэмы[10][11][12]. Разам з гэтым кіраўніцтва Менскага мэтрапалітэну паведаміла, што сыстэма трансьлітарацыі была прынятая на паседжаньні тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў ад 4 кастрычніка 2012 году, вынікам якой стала рашэньне дубляваць назвы станцыяў літарамі лацінскага альфабэту ў адпаведнасьці з Інструкцыяй па трансьлітарацыі[10].

Разам з гэтым, на станцыі Плошча Леніна назвы былі прадубляваныя лацінскімі літарамі не ў адпаведнасьці з Інструкцыяй. Гэта тлумачыцца тым, што станцыя «Плошча Леніна» была першай станцыяй, дзе зьявіліся ўказальнікі і інфармацыйныя шыльды новага ўзору, і з-за непаразуменьня першапачатковыя назвы былі перададзеныя літарамі лацінскага альфабэту іншым спосабам[13].

Адрозьненьні ад клясычнай лацінкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спосаб трансьлітарацыі, які быў прапанаваны ў апошняй рэдакцыяй Інструкцыі, практычна цалкам супадае зь перадачай назваў клясычнай лацінкай. Між імі можна вылучыць толькі два значныя разыходжаньні і адно нязначнае:

  • Паводле Інструкцыі, трансьлітарацыя назваў адбываецца з афіцыйнага варыянту іхнага напісаньня, і таму асыміляцыйная мяккасьць з пэўнымі іншымі асаблівасьцямі правапісу не пазначаецца, у той час як у клясычнай лацінцы яна захоўваецца: Niasviž (паводле Інструкцыі) — Niaśviž (лацінкай), Ikazń (паводле Інструкцыі) — Ikaźń (лацінкай). Іншымі словамі, напісаньне лацінкай адназначна адпавядае напісаньню тарашкевіцай, а напісаньне геаграфічных назваў паводле Інструкцыі адназначна адпавядае напісаньне афіцыйным правапісам беларускай мовы.
  • У лацінцы цьвёрды гук [л] перадаецца літарай «Ł» («ł»), а мяккі [л’] — літарай «L» («l»). У Інструкцыі ж прапанавана для пазначэньня цьвёрдага гуку [л] выкарыстоўваць літару «L» («l»), а для мяккага гуку [л’] — літару «Ĺ» («ĺ»): Fanipaĺ (паводле Інструкцыі) — Fanipal (лацінкай), Lahojsk (паводле Інструкцыі) — Łahojsk (лацінкай).
  • Лацінка дапускае факультатыўнае выкарыстаньне літары «g», што адпавядае гуку [ґ], які дастаткова рэдка выкарыстоўваецца ў беларускай мове. Ужываньне літары «g» правіламі Інструкцыі па трансьлітарацыі не прадугледжанае ўвогуле.

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку прафэсаркі і доктаркі філялягічных навук Ніны Баршчэўскай напісаньне кшталту lies, якое выкарыстоўваецца ў прапанаванай сыстэме трансьлітарацыі, можа прывесьці да памылковага дыфтангічнага вымаўленьня, бо ў некаторых беларускіх гаворках на поўдні Беларусі, а таксама на Падляшшы выступае дыфтонг ie,[14] што вымаўляецца як гук [i], які плаўна пераходзіць да [e].[15]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйная назва дакумэнта: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумэнт апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск №3, 11 студзеня 2001 году).
  2. ^ Афіцыйная старонка UNCEGN
  3. ^ National System of Geographic Names Transmission into Roman Alphabet in Belarus
  4. ^ REPORT ON THE CURRENT STATUS OF UNITED NATIONS ROMANIZATION SYSTEMS FOR GEOGRAPHICAL NAMES
  5. ^ Resolution X/6 (2012):Romanization of Belarusian geographical names
  6. ^ ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў // Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
  7. ^ Некаторыя кавалкі мапы
  8. ^ Беларуская лацінка вяртаецца на мапы // Радыё Свабода, 28 жніўня 2012 г.
  9. ^ Новая схема минского метро // minsk1067
  10. ^ а б в Жарсьці па лацінцы — мэтрапалітэн не зьбіраецца нічога мяняць // Радыё Свабода, 8 лістапада 2012 г.
  11. ^ Першая кроў: беларуская лацінка ў метро // Будзьма, 7 лістапада 2012 г.
  12. ^ Plošča Lienina ці Plošča Lenina: як правільна на беларускай лацінцы? // Наша Ніва, 9 лістапада 2012 г.
  13. ^ Ці заменяць «правільную англійскую» на Плошчы Леніна на беларускую лацінку? // Наша Ніва, 5 студзеня 2013 г.
  14. ^ Niama patreby refarmavać našuju łacinku // Łacinka.org, 2007
  15. ^ Ян Максімюк, Let’s write and read Podlachian // Радыё Свабода, 17 сакавіка 2008 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]