Ірэна Лаўроўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ірэна Лаўроўская
Нарадзілася 8 лютага 1951(1951-02-08) (68 гадоў)
Берасьце, СССР
Навуковая сфэра архітэктура, урбаністыка, мастацтвазнаўства
Альма-матэр Берасьцейскі інжынэрна-будаўнічы інстытут
Навуковы кіраўнік Ежы Кавальчык
Вядомая як дасьледчыца архітэктуры старажытнага Берасьця

Ірына (Ірэна) Лаўроўская (8 лютага 1951, Берасьце) — архітэктар, выкладчык, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры, грамадзкая дзяячка.

Сям’я і адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 8 лютага 1951 году ў Берасьці, у сям’і афіцэра-франтавіка з Ленінграду. Скончыла сярэднюю школу № 20 г. Берасьця, пасьля чаго паступіла на архітэктурны факультэт Берасьцейскага інжынэрна-будаўнічага інстытуту (сёньня — Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт). Па яго заканчэньні была разьмеркаваная ў Віцебск, але ўрэшце зноў вярнулася ў родны горад. Жыве ў Берасьці.

Праца і грамадзкая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 1985 году працавала ў праектнай арганізацыі «Берасьцеграмадзянпраект». Ёй сумна было займацца тыпавымі праектамі і таму яна перайшла на працу ў школу. У 19891999 гг. — старэйшы выкладчык катэдры мастацка-графічных дысцыплінаў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У сяр. 1990-х выкладала па-беларуску курс «Гісторыя архітэктуры і сусьветнага мастацтва» у беларускім ліцэі пры Берасьцейскай філіі Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру.

З канца 1980-х займаецца папулярызацыяй гісторыі старажытнага Берасьця і яго шматлікай архітэктурнай спадчыны. З 1989 г. — адзін з ініцыятараў і актывістаў грамадзкай кампаніі па ўратаваньні аднаго з сымбаляў сярэднявечнага Берасьця — кляштару бэрнардынак на тэрыторыі Валынскага прадмесьця ў крэпасьці. [1] Уласна Ірына Лаўроўская ў канцы 1980-х як архітэктар ідэнтыфікавала руіны пабудоваў, якія пакінула пасьля расфармаваньня вайсковая частка, як рэшткі бэрнардынскага кляштару.

Адзін з заснавальнікаў і прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня «Стары горад» ад моманту яго юрыдычнай рэгістрацыі ў органах улады ў студзені 1992 г. і да ліквідацыі арганізацыі ў красавіку 2007 паводле судовага рашэньня ў адказ на позву Ўпраўленьня юстыцыі Берасьцейскага аблвыканкаму.

Як кіраўнік «Старога гораду» выступіла адным з ініцыятараў і арганізатараў Фэсту берасьцейцаў сьвету ў ліпені 1994 г., у якім прынялі ўдзел звыш 300 ураджэнцаў і былых жыхароў Берасьця і краю — беларусаў, палякаў, украінцаў, габрэяў, якія былі вымушаны пакінуць родны горад у розныя часы.

Зьўлялася сябрам БНФ, у 2000-ыя — сябра Сойму БНФ.

Навуковыя інтарэсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як дасьледніца гісторыі і архітэктуры Берасьця, праходзіла шэраг стажыровак у Беларусі і па-за яе межамі, працавала ў архівах Варшавы, Любліна, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Вільні, Львова і інш., публікавала артыкулы ў навуковай літаратуры і ў СМІ. Доктар габілітаваны. Абаранілася ў Варшаве, у верасьні 2006 г. у Інстытуце мастацтвазнаўства Польскай Акадэміі навук. Тэма навуковай працы (кіраўнік — праф. д-р Ежы Кавальчык): «Берасьце Літоўскі ў пэрыяд I Рэчы Паспалітай (1569-1795). Перамены ў пляніроўцы і архітэктура» («Brześć Litewski w okresie I Rzeczypospolitej (1569—1795). Przemiane przstrenne i architektura»).[2]

Дасьледуючы гісторыю Берасьця, зьяўляецца адмыслоўцам у галіне ўрбаністыкі, сакральнай архітэктуры і архітэктуры барока, аўтар манаграфіі, навуковых і папулярных артыкулаў па гісторыі архітэктуры. Зьяўлялася рэдактарам гістарычнай рубрыкі «Exlusivus encyclopedia» у газэце «Брестский курьер», якую рыхтавала ГА «Стары горад».

Актыўна выступае па пытаньнях горадабудаўніцтва ў Берасьці, захаваньня комплексу пабудоваў у гістарычным цэнтры гораду, захаваньня калоніі імя Фэлікса Варбурга,[3] ладзіць навуковыя сэмінары і грамадзкія кансультацыі. Старшыня Фонду «European Urban Institute» (зарэгістраваны ў Польшчы).[4] Сябра грамадзкай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Навуковыя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]