Маладэчна
Маладэчна лац. Maładečna | |||||
Цэнтральны пляц | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 16 сьнежня 1388 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Маладэчанскі | ||||
Плошча: | 30 км² | ||||
Вышыня: | 161 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 95 011 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 3167,03 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 1773 | ||||
Паштовыя індэксы: | 222301, 222303, 222304, 222306, 222307, 222310 | ||||
СААТА: | 6238501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°18′49″ пн. ш. 26°51′6″ у. д. / 54.31361° пн. ш. 26.85167° у. д.Каардынаты: 54°18′49″ пн. ш. 26°51′6″ у. д. / 54.31361° пн. ш. 26.85167° у. д. | ||||
± Маладэчна | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://www.molodechno.gov.by/ |
Маладэ́чна — места ў Беларусі, на рацэ Вушы. Адміністрацыйны цэнтар Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 95 011 чалавек[1]. Знаходзіцца за 73 км на паўночны захад ад Менску; вузел чыгунак на Менск, Полацак, Вільню, Ліду і аўтамабільных дарог на Менск, Вільню, Нарач.
Маладэчна — места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару трынітарыяў з касьцёлам Сьвятога Казімера, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Маладэчна, відаць, паходзіць ад назвы рэчкі Маладачанкі, якая зьнікла ў выніку мэліярацыйных працаў. Таксама існуе меркаваньне, што назва места ўтварылася ад словаў маладзец (у значэньні — 'дзяцюк, ваяр у княскай дружыне'[3]), малады, малодшы або ад спалучэньня двух даўніх словаў мала і надэчыць, што азначае 'малазьмяшчальнае месца'[4].
Ад пачатку XX ст. у беларускай літаратурнай мове ўсталявалася форма Маладэчна ў адпаведнасьці з гаворкай мясцовых жыхароў[5]. У той жа час назва Маладзечна ёсьць прыкладам уплыву польскае мовы, адкуль перайшла спачатку ў расейскую, а потым і ў афіцыйны правапіс беларускае мовы[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Гісторыя Маладэчна
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Маладэчна зьмяшчаецца ў прысяжным лісьце князя ноўгарад-северскага Дзьмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу і датуецца 16 сьнежня 1388 году[7]. У 1413 годзе паселішча ўвайшло ў склад Віленскага ваяводзтва.
У XV стагодзьдзі ля сутокаў Маладачанкі і Вушы збудавалі драўляны замак, які неднаразова цярпеў ад пажараў (1519 год — двойчы, а таксама ў 1533 годзе) і быў зруйнаваны ў XVIII ст.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Маладэчна ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. У 1567 годзе тут праходзілі папярэднія перамовы прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага датычна ўмоваў Люблінскай уніі[7]. У канцы ХVI стагодзьдзя Маладэчна ўваходзіла ў шэрагі 20 найбольшых местаў Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі[7]. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Заслаўскіх, Мсьціслаўскіх, Сангушкаў, Агінскіх і іншых.
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Маладэчна пэўны час займалі швэдзкія войскі. У 1757 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку прывілей на таргі. У 1758 годзе ўладальнік паселішча Міхал Казімер Агінскі збудаваў тут касьцёл Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якім з 1762 году дзеяў кляштар трынітарыяў (ліквідаваны расейскімі ўладамі ў 1831 годзе)[8].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітае (1793 год) Маладэчна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1847 году Віленскай губэрні. У вайну 1812 году 4 сьнежня каля мястэчка расейскія войскі разьбілі ар’ергард францускай арміі маршала Віктора.
14 красавіка 1831 году за часамі вызвольнага паўстаньня аддзел Міхала Ходзькі пры падтрымцы местачкоўцаў вызваліў Маладэчна з-пад расейскага панаваньня. Аднак ужо 22 красавіка 1831 году царскія карнікі занялі паселішча, пачалі дзеяць ваенна-палявыя суды над паўстанцамі. У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі краю ўлады адкрылі настаўніцкую сэмінарыю, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове пад наглядам Маскоўскага патрыярхату. У 1873 годзе будаваньне Лібаўска-Роменскай чыгункі спрыяла пераўтварэньню невялікага мястэчка ў чыгуначны вузел.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1918 годзе Маладэчна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
-
Старая царква. Д. Струкаў, 1864 г.
-
Вуліца Замкавая. Касьцёл (направа), 1887 г.
-
Сынагога, 1887 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Маладэчна абвяшчалася часткай Беларускае Народнае Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў, жыхары Маладэчанскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, а ў самім мястэчку дзеяў рээвакуацыйны пункт для беларускіх уцекачоў[9]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Маладэчна ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году яно апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала самастойнай гмінай у Вялейскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1925 годзе Маладэчна атрымала статус асобнага павету, а ў 1929 годзе — зноў статус места. У 1922—1939 гадах на тэрыторыі фальварку Гелянова (з 1929 году ў складзе места) разьмяшчаўся[10] гарнізон 86-га пяхотнага палка Войска Польскага.
У 1939 годзе Маладэчна ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну Вялейскай вобласьці (у 1944—1960 гадах цэнтар асобнай вобласьці). На 1940 год тут адкрылася пэдагагічная вучэльня, працавалі 2 клюбы, бібліятэка, лякарня, 2 аптэкі. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 5 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1946—1947 гадох у Маладэчне дзеяла суполка Саюзу беларускіх патрыётаў, сярод мэтаў якога была абарона нацыянальных і грамадзянскіх правоў, захаваньне і разьвіцьцё беларускай культуры і мовы, і ўрэшце — пабудова сувэрэннай, незалежнай Беларусі[11]. У 1949—1951 гадох тут дзеяла грамада Саюз супольнай справы, мэтай якой было змаганьне з бальшавікамі.
25 красавіка 1993 году за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам на галоўным пляцы Маладэчна ў прысутнасьці некалькіх тысячаў месьцічаў адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі (у наш час пры падрыхтоўцы да «Дажынак» помнік перанесьлі ў мескі парк). 18 сакавіка 1997 году ў месьце адбылася ўрачыстая кансэкрацыя новага касьцёла Сьвятога Язэпа[12].
-
Вуліца Замкавая, 1925 г.
-
Касьцёл і кляштар трынітарыяў, 1930 г.
-
Трыюмфальная брама, 1930 г.
-
Колішняя каталіцкая капліца, 1930 г.
-
Чыгуначная станцыя, 1917 г.
-
Чыгуначная станцыя, 1930 г.
-
Будынак староства, 1930 г.
|
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Геаграфічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьмяшчаецца на паўночным захадзе Менскай вобласьці, уваходзіць у склад Маладэчанскага раёну і знаходзіцца паблізу межаў Валожынскага, Вялейскага, Менскага і Смаргонскага раёнаў. 75% тэрыторыі знаходзіцца на Менскім ўзвышшы, рэльеф пагорысты.
Займае выгаднае геаграфічнае становішча паміж дзьвюма сталіцамі — Менскам і Вільняй. Праз Маладэчна працякае рака Вуша, басэйн ракі Вяльлі.
Адлегласьць ад Маладэчна да розных местаў (аўтамабільнымі шляхамі)[13] | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Вільня ~ 145 км Осьлё ~ 2206 км Гданьск ~ 710 км |
Талін ~ 706 км Хэльсынкі ~ 793 км Рыга ~ 401 км |
Полацак ~ 222 км Санкт-Пецярбург ~ 783 км Мурманск ~ 2101 км |
|||||||
Горадня ~ 266 км Варшава ~ 609 км Бэрлін ~ 1176 км |
Магілёў ~ 285 км Смаленск ~ 387 км Казань ~ 1600 км |
||||||||
Берасьце ~ 421 км Кракаў ~ 838 км Барсэлёна ~ 3008 км |
Львоў ~ 683 км Адэса ~ 1082 км Стамбул ~ 1905 км |
Менск ~ 77 км Ерэван ~ 2650 км Доха ~ 5221 км |
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кліматычныя зьвесткі для Маладэчна | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | |
Сярэдняя t, °C | −5,5 | −4 | 0,5 | 6,5 | 12 | 15 | 16 | 16 | 10,5 | 5,5 | 0,5 | −3 | |
Норма ападкаў, мм | 50 | 40 | 55 | 50 | 65 | 95 | 100 | 70 | 75 | 60 | 60 | 65 | |
Крыніца: Клімат Маладэчна (рас.) Метеоновости Праверана 14 чэрвеня 2014 г. |
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ХVI стагодзьдзе: каля 1600 году — 3 тыс. чал.[7]
- ХIХ стагодзьдзе: 1850 год — 1330 чал.; 1885 год — 1332 чал. (629 муж. і 703 жан.)[14]; 1897 год — 2393 чал.[15].
- ХХ стагодзьдзе: 1921 год — 1997 чал.; 1939 год — 6,6 тыс. чал.[16]; 1959 год — 26,3 тыс.чал.[16]; 1970 год — 50 тыс. чал.[16]; 1972 год — 56,1 тыс. чал.[17]; 1973 год — 58 тыс. чал.[16]; 1991 год — 93,5 тыс. чал.; 1997 год — 98,2 тыс. чал.[18]; 1998 год — 98 тыс. чал.[19]
- ХХI стагодзьдзе: 2004 год — 98 384 чал.; 2006 год — 98 514 чал.; 1 студзеня 2007 году — 104 021 чал.; 1 кастрычніка 2007 году — 101,3 тыс. чал.; 2008 год — 98 415 чал.; 1 студзеня 2009 году — 97,6 тыс. чал.; 2009 год — 94 282 чал.[20] (перапіс); 2015 год — 94 686 чал.[21]; 2016 год — 94 922 чал.[22]; 2017 год — 95 233 чал.[23]; 2018 год — 95 011 чал.[1]; 2020 год — 91 719 чал.; 2023 год — 89 268 чал.[24]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Маладэчне дзеюць цэрквы Покрыва Багародзіцы, Прачыстай Багародзіцы або Сьвята-Ўсьпенская, Раства Хрыстова, Усіх Сьвятых (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату) і Хрыста Чалавекалюбцы (Беларуская грэцка-каталіцкая царква), касьцёлы Сьвятога Язэпа парфіі Сьвятога Язэпа й Касьцёл Сьвятога Айца Піо парафіі Сьвятога Казімера[25].
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Маладэчне працуюць 15 школаў, зь іх адна беларускамоўная (Маладэчанская беларуская гімназія на базе сярэдняй школы № 10, але яе беларускамоўныя клясы згортваюцца з кожным годам), мастацкая школа; 6 навучальных установаў тыпу вучэльні, у іх ліку мэдычная і музычная; політэхнічны каледж, гандлёва-эканамічны каледж, 4 публічныя бібліятэкі.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладэчна лічыцца рэп ці гіп-гоп местам, тут таксама існуюць і альтэрнатыўныя гурты (Usplёsk, Буркіна Фасо, ХЗКН, Stickoxydal, Botanic Project ды іншыя). Раз на два гады, з 1993 году, у Маладэчне праходзіць фэстываль беларускай песьні і паэзіі «Маладзечна». Значнае месца ў культурным жыцьці места займае абласны драматычны тэатар, а таксама абласны тэатар лялек «Батлейка».
Выпускаецца гістарычна-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі альманах «Куфэрак Віленшчыны».
Друк:
- «Маладэчанская газэта»
- «Рэгіянальная газета»
Мясцовыя тэлебачаньне і радыё:
- Маладэчанскае кабэльнае тэлебачаньне
- Мясцовае радыё
Грамадзкія аб’яднаньні, палітычныя партыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўніцтва партыі БНФ, аддзяленьне праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт, скаўцкая дружына «Маладэчына» (кіраўнік Валеры Трацяк).
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сетка вуліцаў прастакутная. Чыгункі падзяляюць места на чатыры плянавальныя раёны: заходні (раён канцэнтрацыі большасьці прамысловых прадпрыемстваў); паўночны (зона індывідуальнай жылой забудовы); усходні (прамысловы раён; старая частка места з пляцам Старое Места, дзе захаваліся Пакроўская царква, сынагога і частка гістарычнай забудовы); паўднёвы (зона шматпавярховай капітальнай жылой забудовы, грамадзкі цэнтар). На вуліцы Замкавай часткова захаваўся помнік архітэктуры XVIII ст. — кляштар трынітарыяў. Забудова цэнтральнай часткі места 2—9-павярховая.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладэчна — адзінае места ў Беларусі, дзе ў наш час большасьць афіцыйных урбанонімаў зьяўляюцца альбо гістарычнымі, альбо маюць беспасярэдні зьвязак з тутэйшай гісторыяй і культурай. Выпраўленьне перайменаваных і нададзеных савецкімі ўладамі назваў, зьвязаных з палітыкай маскалізацыі Беларусі, адбылося за часамі дэмакратычных мескіх уладаў на чале з Генадзем Карпенкам.
Вернутыя гістарычныя назвы — нематэрыяльныя культурныя каштоўнасьці: вуліцы Віленская, Гарадоцкая, Замкавая, Лебедзеўская[26], Новы Сьвет.
Аб’екты, пераназваныя на падставе мясцовай тапанімікі: Вялікі Гасьцінец, пляц Старое Места, вуліцы Бухаўшчына, Вялікасельская, Заслаўская, Лібава-Роменская, Маладэчанская, Местачковая, Нагорная, Полацкая, Рымарская, Сьвятаянская, Сэмінарская, Ушацкая, Цівідаўская.
Аб’екты, пераназваныя ў гонар выдатных дзеячоў лякальнай і агульнабеларускай гісторыі: вуліцы Канстантына Астроскага, Канстанцыі Буйло, Ігната Буйніцкага, Уладзіслава Галубка, Язэпа Драздовіча, Міхася Забэйды-Суніцкага, Язэпа Лёсіка, Францішка Скарыны, Якуба Ясінскага.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Маладэчна |
---|
|
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладэчна — чыгуначны вузел на Менск, Вільню, Ліду і Полацак. Места мае зручную транспартную сетку. Яна ўлучае:
- аўтобусны парк (рух аўтобусаў ажыцьцяўляецца на 23 маршрутах);
- службы таксі;
- маршрутныя таксі (рух ажыцьцяўляецца на найбольш загружаных аўтобусных маршрутах).
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Маладэчна ўваходзіць у турыстычны маршрут «У краі Нарачанскім»[27].
Гатэль «Маладэчна» знаходзіцца побач з цэнтральнай плошчай, за 10 хвілінаў хады ад чыгуначнага і аўтобуснага вакзалаў. У месьце працуе краязнаўчы музэй.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарадзішча (XV—XVII стагодзьдзі)
- Забудова гістарычная (ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар трынітарыяў (1762, ад касьцёла часткова захаваліся сьцены бакавых фасадаў[28])
- Мэмарыяльны комплекс «Шталаг 342»
- Сынагога (XIX—XX стагодзьдзі)
- Царква Покрыва Багародзіцы (1867—1871; мураўёўка)
- Чыгуначная станцыя (1907)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арка Трыюмфальная (1929)
- Капліца рымска-каталіцкая, пазьней Аляксандра Неўскага (1776)
- Касьцёл Сьвятога Язэпа (1930-я)
- Палац Агінскіх (XVІІI ст.)
- Царква (XVI ст.)
- Царква Сьвятых Космы і Даміяна (XVІІI ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Пляц Старое Места
-
Камяніцы на Віленскай вуліцы
-
Касьцёл Сьвятога Язэпа
-
Чыгуначная станцыя
-
Міжваенная забудова ў Гелянова
-
Драматычны тэатар
-
Помнік-паравоз
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Маладэчна |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Зэлік Аксэльрод (1904—1941) — пісьменьнік
- Меер Аксэльрод (1902—1970) — мастак
- Тацьцяна Беланогая (нар. 1984) — беларуская паэтка і бард
- Леся Беларуска (пам. 1948?) — беларуская пісьменьніца
- Сяржук Вітушка (1965—2012) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч. Кіраўнік менскага таварыства «Талака»
- Ірына Ганецкая (нар. 1961) — археоляг, гісторык
- Аляксандар Грышкевіч (нар. 1961) — мастак
- Уладзімер Карыцька (нар. 1979) — футбаліст
- Аляксандар Каханоўскі (нар. 1963) — гісторык
- Генадзь Каханоўскі (1936—1994) — гісторык
- Аляксандар Куган (нар. 1991) — футбаліст
- Ян Станіслаў Сапега (1589—1635) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага
- Людміла Сільнова (нар. 1957) — беларуская паэтка
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 127.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 240.
- ^ Краязнаўчы маршрут. Ільянскія далягляды-2, Ільянская сярэдняя школа імя А. Грымаця(недаступная спасылка)
- ^ Мухін В. Спрадвечныя назовы(недаступная спасылка) // Студэнцкая думка. № ?
- ^ Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя пра польска-беларускія моўныя ўзаемаўплывы ў XV—XІX ст., Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 10 студзеня 2008 г.
- ^ а б в г Каханоўскі Г. Маладзечна // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 263.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 215.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Садоўскі У. Гарнізон у Гелянове: горад у горадзе // Рэгіянальная газета. 2 кастрычніка 2010 г.
- ^ Ялугін Э. Што такое СБП? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 71.
- ^ 10-годдзе кансэкрацыі касцёла св. Юзафа ў Маладзечне, Catholic.by, 20 сакавіка 2007 г.
- ^ Адлегласьці ад Маладэчна да розных местаў транспартнымі шляхамі (укр.) Автоперевезення. DELLA. Праверана 3 жніўня 2014 г.
- ^ Krzywicki J. Mołodeczno // Słownik geograficzny... T. VI. — Warszawa, 1885. S. 647.
- ^ История, Молодеченский районный исполнительный комитет
- ^ а б в г Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Каханоўскі Г. Маладзечна // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 53.
- ^ Каханоўскі Г. Маладзечна // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 52.
- ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 9. С. 554.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ https://www.belstat.gov.by/upload/iblock/a5d/ldk4wixkq91lgnvvgplqizlt02u8d43a.pdf
- ^ Парафія св. Казіміра, касцёл св. Піо ў Маладзечне
- ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Минщина. — Минск, 2008.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Каталіцкія святыні / А. Яроменка. Ч. 1. — Менск, 2003. С. 117.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — ISBN 985-11-0155-9
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Каханоўскі Г. Маладзечна: гіст.-экан. нарыс / Г. Каханоўскі. — Менск: Полымя, 1988. — 118, [2] с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Маладэчна, Radzima.org
- Маладзечанскі дэканат, Catholic.by
- Прагноз надвор’я ў м. Маладэчна
- Рэгіянальная газета
- Маладэчанскае аддзяленьне РАА «БХК» (рас.)
|
|
|
|