Рэфэрэндум у Беларусі 2004 году
17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі прайшоў ініцыяваны прэзыдэнтам Лукашэнкам рэфэрэндум. Рэфэрэндум быў прызначаны ўказам прэзыдэнта ад 7 верасьня 2004 году № 431 [1] і быў сумешчаны з парлямэнцкімі выбарамі. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ ладзіла байкот выбараў ды рэфэрэндуму[2].
Пытаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пытаньне на рэфэрэндум выносілася адно і гучала наступным чынам: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні.“?»
У той жа час, паводле арт. 112 выбарчага кодэкса «на рэспубліканскі рэфэрэндум не могуць выносіцца пытанні: …зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь…».[3]
Папярэдняе апытаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па выніках усебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага The Gallup Organization/Baltic Surveys у канцы верасьня 2004 году за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ не вызначыліся[4]. Дасьледаваньні The Gallup Organization/Baltic Surveys паказвалі, што цягам верасьня колькасьць тых, хто прагаласуе ў падтрымку прэзыдэнта на рэфэрэндуме, павялічылася прыкладна на 10%. Паводле аналізу сацыялягічных дасьледаваньняў, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі, на пачатак кастрычніка 2004 году каля 72 адсоткаў грамадзян рэспублікі прагаласавалі б у падтрымку прапановы на рэфэрэндуме (хібнасьць 3%)[5].
Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Па паведамленьні ЦВК Беларусі [6][7] «За» прагаласавала 5 548 477 грамадзян, што складае 79,42 адсоткаў ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Супраць ухвалы вынесенага на рэфэрэндум пытаньня прагаласавала 691 917 грамадзян, што складае 9,90 адсоткаў ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Лік бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, склаў 67 001.
У выніку рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў (раней канстытуцыя прадугледжвала толькі два прэзыдэнцкія тэрміны запар) і ўзяў удзел у выбарах 2006 году.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- ^ Указ Президента Республики Беларусь 7 сентября 2004 г. N 431 О назначении республиканского референдума (рас.)
- ^ Зянон Пазьняк (23 ліпеня 2003) Беларуская палітыка – лета 2003. Беларуская Салідарнасьць. Праверана 29 сакавіка 2011 г.
- ^ БХК заявляет о незаконности референдума (рас.)
- ^ Трэці тэрмін Аляксандра Лукашэнкі: «За» і «Супраць» Архіўная копія ад 14 верасьня 2010 г.
- ^ Гаврыш, В. 72% белорусов — за! (рас.) // 7 дней. — 2004. — № 41. — С. 1.
- ^ https://web.archive.org/web/20061023120330/http://rec.gov.by/refer/refer2004result.html
- ^ https://web.archive.org/web/20090301102353/http://www.rec.gov.by/refer/refer2004itogi.html