Друя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Друя
лац. Druja
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў
Касьцёл і кляштар бэрнардынаў
Герб Друі Сьцяг Друі
Першыя згадкі: 1386
Магдэбурскае права: 3 сакавіка 1620
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Сельсавет: Друеўскі
Насельніцтва: 1149 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211960
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.78944° пн. ш. 27.45333° у. д. / 55.78944; 27.45333Каардынаты: 55°47′22″ пн. ш. 27°27′12″ у. д. / 55.78944° пн. ш. 27.45333° у. д. / 55.78944; 27.45333
Друя на мапе Беларусі ±
Друя
Друя
Друя
Друя
Друя
Друя
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дру́я — вёска ў Беларусі, на рацэ Дзьвіне пры ўтоку ў яе ракі Друйкі. Цэнтар сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 1149 чалавек. Знаходзіцца за 33 км на паўночны ўсход ад Браслава. Канцавая чыгуначная станцыя на лініі Варапаева — Друя; аўтамабільная дарога зьвязвае паселішча з Браславам.

Друя — даўняе магдэбурскае места на мяжы гістарычных Браслаўшчыны (частка Віленшчыны) і Полаччыны, колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. Да нашага часу тут захаваўся Барысаў камень, рэшткі замка Сапегаў, комплекс кляштару бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, цэрквы Зьвеставаньня Багародзіцы, Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і Сьвятога Юрыя, помнікі гісторыі і архітэктуры XI—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія (віленскага барока, XVIII ст.), зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама Вялікая сынагога (барока, XVII ст.), зруйнаваная савецкімі ўладамі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Дру́я[2]. Большасьць дасьледнікаў схіляецца да таго, што ён утварыўся ад назвы ракі Друйкі. Паводле фінска-вугорскай вэрсіі, чаргаваньне гукаў «д» і «р» можа азначаць у перакладзе 'вада'. Паходжаньне тапоніму зьвязваюць таксама з балцкім drutas — 'вялікі, шырокі'[3]. У літаратуры пачатку XX ст. сустракаюцца паралелі паміж назвай Друя і словам драць (нібы дзякуючы стромкай плыні ракі і падводным камяням у гэтым месцы абдзіраліся лодкі, плыты). Апроч таго, у часопісе Крывіч (1923 год) выказвалася меркаваньне, што слова друя ў беларускай мове азначае 'другая'. Так маглі назваць паселішча, перанесенае ў іншае, другое месца.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян места, каля 1705 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Друю зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага і датуецца 1386 годам. Імаверна, паселішча існавала ўжо ў пэрыяд Полацкага княства. На карысьць гэтага меркаваньня сьведчыць тое, што ва ўтоцы Друйкі знаходзіцца Барысаў камень з надпісам ХІІ ст. Некаторыя дасьледнікі зьвязваюць з Друяй Новы замак Полацкай зямлі, які паводле «Хронікі Германа Вартбэрга» знаходзіўся за 11 міляў ад Дынабургу. У скарзе на дзеяньні крыжакоў, складзенай у 1413 годзе, упамінаецца «de Drucha villa».

У ХІV—ХV стагодзьдзях Друя была ўмацаваным пунктам Полацкай зямлі. «Мещане друйские» прыцягваліся да будаваньня фартыфікацыяў у Полацку. З гэтага ж часу на левым беразе Дзьвіны існаваў Друйскі замак. У 1496 годзе маёнтак перайшоў у валоданьне князя Ц. Масальскага, які атрымаў ад вялікага князя Аляксандра прывілей на места, замак і друйскія воласьці[4].

Ян Станіслаў Сапега

З ХVІ ст. у Друі існавала мытная служба, да ліку асноўных заняткаў жыхароў места адносілася таксама сельская гаспадарка. У гэты ж час тут стварылі Друйскае Эвангельле, адзін з шэдэўраў беларускай рукапіснай кнігі. 22 сакавіка 1506 году вялікі князь Аляксандар надаў прывілей на Друйскае «имение…, лежащее в Полоцкой земле», а таксама вёскі Залесьсе, Чурылавічы Г. Масальскай. Князі Масальскія атрымалі права на вольны гандаль на Дзьвіне. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) у 1515 годзе ўсходнія захопнікі спалілі Друю[5]. На 1552 год, паводле Полацкай рэвізіі, места знаходзілася ў валоданьні братоў Юрыя і Івана Масальскіх — Івану належала 56 дымоў мяшчанаў і слугаў, 7 корчмаў, 26 дымоў «к замку людей отчизных» і 6 дымоў «людей вольных», Ю. Масальскі валодаў 48 дымамі мяшчанаў; замак знаходзіўся ў агульным карыстаньні. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Друя ўвайшла ў склад Браслаўскага павету. 17 верасьня 1579 году ў месьце спыняўся кароль і вялікі князь С. Баторы, які вяртаўся з войскам з-пад Пскова. У 1600 годзе канцлер вялікі Л. Сапега набыў маёнткі Друя, Чурылавічы, Дзедзін, Залесьсе, а ў 1611 годзе — частку места. Асноўная частка Друі заставалася за Масальскімі.

8 жніўня 1618 году Я. С. Сапега падпісаў прывілей на заснаваньне побач з Друяй новага места пад назвай Сапежын з разьлікам ператварыць яго ў значны рамесны, гандлёвы і абарончы пункт. 3 сакавіка 1620 году сьпіс каралёў польскіх і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Сапежыну Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі віціна з разгорнутым ветразем на срэбнай вадзе»[6]. Мясцовае кіраваньне ажыцьцяўляў магістрат на чале з войтам, пасаду якога зацьвярджалі аднак самі Сапегі. Паводле прывілея, справаваньне ў магістраце мусіла весьціся на лацінскай або польскай мовах. Прывілей Я. Сапегі неаднойчы пацьвярджаўся каралямі і вялікімі князямі ў ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях. 3ь пераходам пад юрысдыкцыю Сапегаў усёй Друі Магдэбурскае права пашырылася на іншыя часткі места.

Пячатка магістрату Сапежына

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1632—1634) у 1632 годзе Друю зруйнаваналі войскі маскоўскага гаспадара Міхаіла Фёдаравіча[5]. На 1643 год, паводле інвэнтару, у месьце выразна вылучалася некалькі частак. Найбольш старажытныя, ва ўтоцы Друйкі, налічвала 103 дымы. У Сапежыне было 108 дымоў, тут знаходзіліся Рынак, ратуша і большасьць з сакральных будынкаў Друі. Побач разьмяшчалася прадмесьце з замкам. Існавала таксама задзьвінская частка Друі — Прыдруйск (цяпер у Латвіі). Агулам у месьце налічвалася 306 дымоў і каля 100 корчмаў. Сярод рамесьнікаў былі рыбакі, ганчары, алейнікі, шаўцы, рымары, сядляр, каваль, кравец, цясьляр і інш. У магістрацкіх актах ХVІІІ ст. упамінаюцца таксама шапнікі, сьніцары, ткачы, катляры, бляхары, мечнік, ліцейнік і іншыя.

Кляштар бэрнардынаў паводле піктаграфічнай мапы XVIII ст.

У ХVІІ—ХVІІІ стагодзьдзях Друя належала да сярэдніх местаў Вялікага Княства Літоўскага і была значным рамесным і гандлёвым цэнтрам, дзе існавала цэхавая арганізацыя рамесьнікаў. Гандлёвае значэньне места абумовіла Дзьвіна — найважнейшая гандлёвая артэрыя ў Сярэднявеччы. Апроч гэтага, Друя была цэнтрам лятыфундыі — буйнога землеўладаньня Сапегаў (у ХVІІІ ст. называлася Друйскім графствам). Сярод рамесьнікаў былі музыкі, скамарохі, муляры і багамазы. Тут нават навучалі іканапісу. У месьце збудавалі каля 20 сакральных будынкаў. Многія зь іх зьяўляліся выдатнымі помнікамі дойлідзтва. У Друі дзейнічаў праваслаўны манастыр і некалькі кляштараў, у тым ліку бэрнардынскі і дамініканскір. Пры дамініканскім кляштары існаваў шпіталь, у якім у 1677 годзе знаходзіўся кароткі час на лекаваньні вядомы харвацкі асьветнік і энцыкляпэдыст Ю. Крыжаніч.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Друю некалькі разоў цалкам вынішчалі маскоўскія захопнікі. У 1700 годзе Аляксандар Сапега перадаў друйскія ўладаньні ў дзяржаньне барону Мантэўфэлю, з 1705 году на кароткі час маёнтак стаў уласнасьцю Агінскіх. У ХVІІІ ст. празь места праходзіў сухапутны гандлёвы шлях з Тарапцу ў Каралявец. У гэты пэрыяд Друя атрымала вядомасьць як цэнтар вытворчасьці і гандлю юфцю. Места пацярпела ў Вялікую Паўночнай вайны (1700—1721). У 1701 годзе праездам зь Біржаў у Друі спыняўся маскоўскі гаспадар Пётар I. На 1725 год у Друі было 116 дамоў, на 1790 год — 488 драўляных дамоў, 13 камяніцаў і 6 заезных дамоў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) да Расейскай імпэрыі адышоў Прыдруйск. У Друі разьмяшчаліся пагранічныя часткі Рэчы Паспалітай. 16 траўня 1776 году ў месьце адбыўся вялікі пажар, у якім згарэла 125 дамоў. Існуюць зьвесткі, што ў канцы ХVІІІ ст. у Друі дзейнічала парафіяльная школа (у 1774 годзе — 9 вучняў, у 1781 годзе — 19, у 1782 годзе — 16).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Друя апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, з 1842 году Віленскай губэрні. У канцы ХVІІІ ст. празь места праходзіў паштовы тракт Пецярбург — Вена. 27 лютага 1800 году расейскі Сэнат сваім указам пацьвердзіў для Друі права на самакіраваньне. У ХІХ ст. маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Ігестромаў, потым Мілашаў. У вайну 1812 году навакольлі Друі адбылося некалькі сутычак частак корпусу П. Вітгенштэйна пад камандаю Я. Кульнева з францускай кавалерыяй. На 1825 год у месьце было 426 драўляных будынкаў, 15 камяніцаў, 54 крамы, 31 карчма, дзейнічалі 3 манастыры. У 1860 годзе зьявіўся праект мескага гербу, які зьмяшчаў адлюстраваньне яліны, трох шасьціканцовых крыжоў і Пагоні. У 1864 годзе Д. Струкаў зрабіў 16 акварэляў з краявідамі архітэктурных помнікаў і прадметаў даўніны Друі, а ў 1875 годзе Н. Орда зрабіў замалёўку Друйскага бэрнардынскага касьцёла. На 1904 год у Друі было 359 будынкаў, 52 крамы, 13 сакральных будынкаў, 3 гарбарныя заводы (10 працоўных), 275 рамесьнікаў; штогод праводзілася 8 кірмашоў).

У Першую сусьветную вайну каля места праходзіў фронт, тут стаяў 5-тысячны гарнізон расейскіх войскаў, існавала вялізная колькасьць тылавых установаў. У гэты час дзеля патрэбаў фронту збудавалі вузкакалейку Бальбінава — Друя — Браслаў — Опса. У лютым 1918 году Друю занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Друя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[8]. 30 жніўня 1919 году мястэчка занялі польскія войскі, 5 ліпеня 1920 году — бальшавікі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Друя апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Браслаўскага павету. 7 траўня 1924 году Андрэй Цікота арганізаваў для беларусаў кляштар марыянаў, аднак у 1938 годзе польскія ўлады выслалі з Друі беларускіх манахаў. На 1931 год у месьце было 514 будынкаў.

У 1939 годзе Друя ўвайшла ў БССР, дзе 15 кастрычніка 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу Мёрскага, з 1963 году — Браслаўскага раёну. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. На 1995 год у Друі было 702 двары. 9 лютага 2004 году афіцыйна зацьвердзілі местачковыя герб і сьцяг. 8 красавіка 2004 году Друеўскі пассавет ліквідавалі, утварыўся аднайменны сельсавет. У 2005 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да пасёлку, з 27 сакавіка 2009 году — «аграгарадок».

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друя разьмяшчаецца ў маляўнічым месцы, сярод лясоў, багатых на грыбы і ягады. У лесе жывуць дзікі, ласі, касулі, лісы, дзікія козы, яноты і янотападобныя сабакі. Мясцовасьць мае шмат пагоркаў.

Пагранічная зона[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друя належыць да пагранічнай зоны з Латвіяй. На супрацьлеглым беразе Дзьвіны месьціцца латвійская вёска Прыдруйск (Піедруя). Каб знаходзіцца ў пагранічнай зоне грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія бесьперапынна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, мусяць мець пры сябе дакумэнт, які пацьвярджае асобу, і квітанцыю, якая пацьвярджае аплату дзяржаўнай мыты за знаходжаньне ў пагранічнай зоне (0,2 базавай велічыні на год)[9]. Перад наведваньнем пагранічнай зоны грамадзяне мусяць паведаміць пра гэта ў адпаведны тэрытарыяльны орган пагранічнай службы на тэлефон[10]. Разам з тым, праз пагранічную зону можна перамяшчацца транзытам бяз права спыненьня болей чым на 3 гадзіны[9]. Асобам, якія бесьперапынна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь каб наведваць пагранічную зону патрабуецца дакумэнт, які пацьвярджае асобу, а таксама пропуск, выдадзены органамі пагранічнай службы[9].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVII стагодзьдзе: 1643 год — 2 тыс. чал.
  • XVIII стагодзьдзе: 1790 год — 3,4 тыс. чал.[5]
  • XIX стагодзьдзе: 1825 год — 2447 чал.; 1841 год — 3,6 тыс. чал.; 1881 год — 4440 чал., зь іх 698 каталікоў, 500 праваслаўных, 177 старавераў і 3065 юдэяў[11]; 1897 год — 4787 чал.[12]
  • XX стагодзьдзе: 1904 год — 5472 чал.; 1931 год — 3375 чал.; 1971 год — 2,5 тыс. чал.; 1995 год — 1336 чал.[13]; 1997 год — 1,4 тыс. чал.[14]; 1999 год — 1300 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 1,2 тыс. чал.[15]; 2010 год — 1149 чал.

Інфраструтура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Друі працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, бібліятэка.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Валадарскага вуліца Духаўская вуліца
Друянава вуліца Новая вуліца
Кірава вуліца Галубіная вуліца[a]
Леніна вуліца Дамініканская вуліца (заходняя частка)
Вялікая вуліца (цэнтральная частка)
Сапежынская вуліца (усходняя частка)
Энгельса вуліца Сьвятога Антонія вуліца

З урбананімічнай спадчыны Друі да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Браслаўская[16], Лазьневая, Маставая і Набярэжная. Гістарычны Рынак ня мае афіцыйнай назвы. Паводле пляну 1934 году, у Старым Месьце існавала Курляндзкая вуліца. У тэлефонным даведніку 1939 году таксама ўпамінаюцца Іказьненская і Царкоўная вуліцы[17].

Мясцовасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычна Друя падзялялася на Старое Места, Сапежын і Прыдруйск.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці, побытавага абслугоўваньня.

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З чыгуначнай станцыі ходзяць наступныя цягнікі: Друя — Менск і Друя — Віцебск; а таксама аўтобусы: Друя — Браслаў, Друя — Мёры.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл дамініканаў у 1907 г. (налева) і ў 1909 г. (направа)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 95.
  2. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 109.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 110.
  4. ^ Шыдлоўскі К. Друя // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 603.
  5. ^ а б в Шыдлоўскі К. Друя // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 604.
  6. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 158.
  7. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  8. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  9. ^ а б в Как попасть в пограничную зону, Государственный пограничный комитет Республики Беларусь
  10. ^ Въезд (вход), временное пребывание и передвижение в пограничной зоне, Государственный пограничный комитет Республики Беларусь
  11. ^ Słownik geograficzny... T. II. — Warszawa, 1881. S. 166.
  12. ^ Шыдлоўскі К. Друя // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 299.
  13. ^ Шыдлоўскі К. Друя // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 298.
  14. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 224.
  15. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  16. ^ Друя ў 1843 годзе, Westki.info
  17. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 19.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]