Перайсьці да зьместу

Сянно

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сенна»)
Сянно
лац. Sianno
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Сянна Сьцяг Сянна
Першыя згадкі: 1442
Горад з: 1777
Мясцовая назва: Сенна
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Сеньненскі
Вышыня: 165 м н. у. м.
Насельніцтва: 7165 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2135
Паштовы індэкс: 211117
СААТА: 2244501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°48′0″ пн. ш. 29°42′0″ у. д. / 54.8° пн. ш. 29.7° у. д. / 54.8; 29.7Каардынаты: 54°48′0″ пн. ш. 29°42′0″ у. д. / 54.8° пн. ш. 29.7° у. д. / 54.8; 29.7
Сянно на мапе Беларусі ±
Сянно
Сянно
Сянно
Сянно
Сянно
Сянно
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Сянно́, Се́нна[2] — места ў Беларусі, на беразе Сеньненскага возера. Адміністрацыйны цэнтар Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7165 чалавек[1]. Знаходзіцца 56 км на паўднёвы захад ад Віцебску, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Бурбін (лінія Лепель — Ворша). Аўтамабільныя дарогі на Багушэўск, Чашнікі, Бешанковічы, Талачын, Коханаў.

Сенна — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока жылы корпус кляштару францішканаў, помнік архітэктуры XVII ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі віленскага барока, унікальны[3] помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Сянно мае яснае сэнсавае значэньне і паходзіць ад слова «сена»[4]. Пра зьвязак з гэтым словам сьведчыць той факт, што ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў мясцовыя жыхары вымаўлялі назву места як Сенна або Сеннае[5][6].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з сучаснымі энцыкляпэдычнымі даведнікамі[7][8] першы пісьмовы ўпамін пра Сенна датуецца 1534 годам, калі ў вайну Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім паселішча занялі і спалілі ўсходнія акупанты (1535 год). Аднак сучаснае места афіцыйна[6][9] вядзе сваю гісторыю ад 1442 году, часоў кіраваньня вялікага князя Казімера.

У 1-й палове XVI стагодзьдзя Сенна атрымала статус мястэчка і належала адміністрацыйна да Віцебскага павету. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Відніцкіх-Любецкіх, Сеньненскіх-Грыбоўскіх, Курчаў, Сапегаў, Агінскіх, Серакоўскіх. У 1595 годзе ўпамінаюцца аднайменныя маёнтак, замак і мястэчка з «цэрквамі і іх фундушамі».

У 1609 годзе Яўстах Курч збудаваў у Сеньне мураваны касьцёл[7]. У 1613 годзе Леў Сапега запрасіў сюды манахаў-францішканаў, якія адкрылі пры кляштары школу для бедных[10]. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1658 годзе маскоўскія захопнікі зьнішчылі аддзелы мясцовых жыхароў, якія на чале зь Я. Юндзілам вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. 28 чэрвеня 1772 году распачаліся 3-дзённыя ўрачыстасьці асьвячэньня новага касьцёла, змураванага ў стылі барока.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб, 1843 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Сенна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскай правінцыі. У 1777 годзе паселішча атрымала статус места і стала цэнтрам павету Магілёўскай губэрні (1773—1777 і з 1802 году), намесьніцтва (1778—1796) і Беларускай губэрні (1796—1802). 16 жніўня 1781 году афіцыйна зацьвердзілі герб Сянна «ў зялёным полі дзьве скрыжаваныя залатыя касы»[11]. У 1778 годзе тут пачала дзеяць паштовая кантора.

У 1867 годзе на месцы драўлянай царквы збудавалі мураваны сабор Сьвятога Мікалая. У 1883 годзе запрацаваў тэлеграф. У пачатку XX стагодзьдзя ў Сеньне было 543 будынкі, працавалі 54 рамесныя прадпрыемствы (на 1907 год), натарыяльная кантора, 4 страхавыя агенты, паштовая кантора, тэлеграф, друкарня, фатаграфія, 10 заезных дамоў, 82 крамы, 6 корчмаў; штогод праводзілася 6 кірмашоў; дзеялі меская вучэльня і 4-клясная жаночая прагімназія, 3 бібліятэкі, 2 лякарні, аптэка.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сенна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Высокагарадзецкай воласьці Сеньненскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[12]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Сенна ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Сенна вярнулі БССР, дзе яно стала цэнтрам раёну Віцебскай акругі (з 1938 году — Віцебскай вобласьці). На 1939 год працавалі льнозавод, заатэхнікум, лякарня, гасьцініца, кінатэатар, лазьня. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 25 чэрвеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

17 верасьня 1962 году савецкія ўлады злачынна ўзарвалі помнік архітэктуры — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы[13]. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Сянна[14].

Сянно стаіць на 2 марэнавых узвышшах, падзеленых з поўначы на поўдзень аднайменным возерам.

  • XIX стагодзьдзе: 1847 год — 1730 чал.; 1867 год — 2418 чал., зь іх 305 каталікоў, 2 пратэстанты і 1469 юдэяў; 1880 год — 2996 чал. (1551 муж. і 1445 жан.), у тым ліку 1380 праваслаўных, 826 каталікоў, і 1290 юдэяў[15]; 1897 год — 4061 чал. (зь іх 39,9% пісьменных), 1898 год — 5712 чал. (2850 муж. і 2862 жан.), зь іх 1529 праваслаўных, 461 каталік, 2100 юдэяў і інш. веры[16]
  • XX стагодзьдзе: 1907 год — 4245 чал., зь іх 660 праваслаўных, 150 каталікоў, 35 стараабраднікаў, 3400 юдэяў[17]; 1917 год — 4540 чал.; 1926 год — 5509 чал. (зь іх 59,6% пісьменных); 1939 год — 4,3 тыс. чал.; 1959 год — 5,4 тыс. чал.; 1970 год — 5,3 тыс. чал.[8]; 1991 год — 9,0 тыс. чал.; 1994 год — 9,7 тыс. чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2000 год — 8,9 тыс. чал.[8]; 2006 год — 8,1 тыс. чал.[18], 2006 год — 8,1 тыс. чал.[19]; 2007 год — 7,9 тыс. чал.; 2008 год — 7,6 тыс. чал.; 2009 год — 8007 чал.[20] (перапіс); 2016 год — 7385 чал.[21]; 2017 год — 7238 чал.[22]; 2018 год — 7165 чал.[1]

Дзее праваслаўная царква Сьвятога Мікалая і рымска-каталіцкая капліца Найсьвяцейшай Тройцы.

У месьце працуюць 2 агульнаадукацыйныя школы і школа-інтэрнат, першая школа-фабрыка ў Беларусі, музычная школа, спартовая школа, цэнтар пазакляснай і пазашкольнай работы, 3 сады-ясьлі.

Дзее раённы дом культуры, дом рамёстваў, дзіцячая бібліятэка і бібліятэка для дарослых.

Выдаецца раённая газэта «Голас Сенненшчыны».

Праект сучаснага пляну Сянна распрацавалі ў 1968 годзе ў Віцебскіх абласных праектавых майстэрнях. На месцы старога адміністрацыйнага цэнтру сфармаваўся новы. Гандлёвы цэнтар разьмяшчаецца на вуліцы Кастрычніцкай. Асноўная жыльлёвая забудова канцэнтруецца ў раёнах вуліцаў Назарэнка, Кастрычніцкай i інш. Прамысловая зона — у заходняй частцы места.

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
Карла Маркса вуліца Магілёўская вуліца[23]
Кастрычніцкая вуліца Ветраная вуліца[24] (заходняя частка)
Менская вуліца (усходняя частка)
Тракцірная вуліца (усходняя частка)
Машэрава вуліца Канеўская вуліца Сьвіная вуліца
Мічурына вуліца Галынка вуліца[25] Варашылава вуліца
Пралетарская вуліца Бешанковіцкая вуліца[26][27]
Савецкая вуліца Садовая вуліца Афіцэрская вуліца[28]

З урбананімічнай спадчыны Сянна да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Віцебская, Зарэчная і Красная Слабада (Слабадзкая). Гістарычныя Рынак і Адміністрацыйны пляц цяпер ня маюць афіцыйных назваў.

Гістарычныя мясцовасьці Сянна: Балоньне, Галынка, Замкавая гара, Красная і Тураўская Слабоды, Плянтоўка, Салдацкая горка.

Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, лясной, дрэваапрацоўчай, лёгкай, харчовай прамысловасьці.

Зьвесткі пра прамысловыя прадпрыемствы Сянна[29]
Найменьне прадпрыемства Адрас Дырэктар
Прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Сеньненскі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»
(ПУП «Сеньненскі камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»)
вул. Пралетарская, 3 Марыя Хвошч
Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Сеньненскі льнозавод»
(ААТ «Сеньненскі льнозавод»)
вул. Заводзкая, 36 Барыс Уласевіч

Празь Сянно праходзяць аўтамабільныя дарогі Р25 (Віцебск — Сянно), Р86 (траса М8 — Багушэўск — Мядзел) і Р113 (Сянно — Вушачы).

Мескія і прымескія пасажырскія перавозкі ажыцьцяўляе ААТ «АТП № 20» места Сянно.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пліта з гербамі шляхты ля музэю

Працуе Сеньненскі гістарычна-краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

Побач зь Сянном захавалася гарадзішча жалезнага веку.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 283, 318.
  3. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск: Літаратура і мастацтва, 2008. С. 57.
  4. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 341.
  5. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск: Літаратура і мастацтва, 2008. С. 22.
  6. ^ а б Народная газета. № 120 (5283), 30 чэрвеня 2010 г.
  7. ^ а б Удальцоў В. Сянно // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 652.
  8. ^ а б в Удальцоў В. Сянно // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 479.
  9. ^ Гісторыя Сеньненшчыны (рас.). Сенненский районный исполнительный комитетПраверана 21 ліпеня 2011 г.
  10. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 462.
  11. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 243.
  12. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  13. ^ Сіўко Ф. Адноўленая парафія ў Сянно // Ave Maria. № 9—10 (88—89), 2002 г.
  14. ^ Указ президента Республики Беларусь от 20 января 2006 г. №36 «Об утверждении официальных геральдических символов административно-территориальных и территориальных единиц Витебской области».
  15. ^ Krzywicki J. Sienno // Słownik geograficzny... T. X. — Warszawa, 1889. S. 566.
  16. ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  17. ^ Сянно. Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасцьПраверана 21 ліпеня 2011 г.
  18. ^ Удальцоў В. Сянно // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 352.
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  20. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск, 2008. С. 89.
  24. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск, 2008. С. 80.
  25. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск, 2008. С. 38.
  26. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск, 2008. С. 54.
  27. ^ “Раёнка” запрашае ў віртуальную экскурсію па старажытных вуліцах Сянна. Голас СенненшчыныПраверана 5 ліпеня 2012 г.
  28. ^ Бандарэвіч В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно. — Менск, 2008. С. 156.
  29. ^ Прамысловасьць (рас.). Сенненский районный исполнительный комитетПраверана 21 ліпеня 2011 г.
  30. ^ Габрусь Т. Рэшткі нашай славы і цывілізацыі // Наша вера. № 1 (47), 2009 г.
  31. ^ У Сянне на месцы разбуранага ў 1960-я гады велічнага касцёла Святой Тройцы будуюць новую бажніцу, Віцьбічы, 5 лістапада 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]