Пан Тадэвуш

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пан Тадэвуш
Pan Tadeusz
Першае парыскае выданьне
Жанр: эпічная паэма
Аўтар: Адам Міцкевіч
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1832—1834
Публікацыя: 1834
Выдавецтва: Aleksander Jełowicki[d][1]
Электронная вэрсія
Вікікрыніцы зьмяшчаюць поўны тэкст гэтага твору

«Пан Тадэ́вуш» (па-польску: Pan Tadeusz) — найбуйнейшы твор Адама Міцкевіча, эпічная паэма, якая пісалася ў 1832—1834 у Парыжы, дзе паэт жыў у эміграцыі, і выдадзеная там жа ў 1834 годзе. Складаецца з 12 «кнігаў» (амаль 10 тысячаў радкоў) і напісаная сылябічным 13-складнікам — польскім александрыйскім вершам.

Поўная назва — «Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1812 г. у дванаццаці быліцах вершам[2]» (Pan Tadeusz, czyli Ostatni zajazd na Litwie. Historia szlachecka z roku 1811 i 1812 we dwunastu księgach wierszem). «Заезд» (па-польску: zajazd) — старажытны славянскі тэрмін, які азначае форму выкананьня прысуду ў маёнткавых справах. Заезд быў формай грамадзянскага правасудзьдзя, часам — нават афіцыйна прызнанага законным[3][4].

Дзеяньне паэмы адбываецца на працягу 5 дзён у 1811 годзе і аднаго дня ў 1812 годзе на берагах Нёмана, «на Літве» (у мінулым Вялікім Княстве Літоўскім) перад нашэсьцем Напалеона на Расею. Галоўныя героі паэмы — Тадэвуш і Зося, прадстаўнікі дзвух узаемнаварожых шляхецкіх фаміліяў. Задума паэмы эвалюцыянавала з ідыліі (узорам для якой была ідылія Гётэ «Герман і Даратэя») у шырокую эпічную карціну, якая спалучае бытавую, ваенную, любоўную і патрыятычную лініі.

«Пан Тадэвуш» пачынаецца са знакамітага прызнаньня ў любові да Літвы:

Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie.
Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie,
Kto cię stracił. Dziś piękność twą w całej ozdobie
Widzę i opisuję, bo tęsknię po tobie.

Радзіма Літва! Як здароўе, так ты, дарагая;
як шмат цябе трэба цаніць, толькі той спазнае:
хто страціў цябе. Ўсю красу тваю бачу дзіўную
й сягоньня апісваю, бо па табе я сумую

Пераклад Браніслава Тарашкевіча'

У паэме створаны поўны настальгіі і гумару вобраз маляўнічых, але гістарычна асуджаных шляхецкіх нораваў. З самага пачатку паэма атрымала агромністую папулярнасьць сярод польскіх эмігрантаў. Лічыцца польскай нацыянальнай эпапеяй і шэдэўрам славеснага жывапісу. Клясычныя ілюстрацыі да паэмы стварыў Міхал Эльвіра Андрыёлі. «Пан Тадэвуш» экранізаваны польскім рэжысэрам Анджэем Вайдай (1999).

Некаторыя мясьціны IV кнігі напісаў Стэфан Вітавіцкі. Цяпер гэтыя мясьціны добра вядомыя: 68 вершаваных радкоў апісаньня лясных нетраў, напісаных Вітвіцкім, былі грунтоўна пераробленыя і ўключаныя ў паэму Міцеквічам[5].

Рукапіс паэмы з 1870-х гадоў захоўваўся ў бібліятэцы Асалінскіх у Львове разам са спэцыяльнай аздобленай шкатулкай для яго захоўваньня, з чырвонага дрэва й слановае косьці, якую замовіў Станіслаў Тарноўскі і зрабіў львоўскі майстра Юзэф Бжастоўскі. У 1946 годзе разам з асноўнымі фондамі бібліятэкі Асалінскіх рукапіс перавезены ва Ўроцлаў, дзе знаходзіцца дагэтуль.

Перадумовы ўзьнікненьня твора[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Збор грыбоў». Ілюстрацыя Францішка Кастшэўскага.

Дзякуючы сябру Адама Міцкевіча Юзэфу Залескаму, задума «сельскае паэмы» нарадзілася ўжо ў 1831 годзе падчас знаходжаньня барда ў Вялікапольшчы. Паэт хацеў пачаць аповед з апісаньня шляхецкага двара. Згодна з гэтым, Юзэф Грабоўскі — уладальнік сяла Лукава — казаў пазьней, што гэта ў яго мясцовасьці Міцкевіч вырашыў напісаць Пана Тадэвуша. Аднак гэтыя факты дакладна невядомыя. Навукоўцы мяркуюць, што паэт напісаў каля 100—110 вершаў у якіх апісваецца с. Сапліцава (па апошніх меркаваньнях гэты фрагмэнт сканчваецца на 174 вершы I кнігі). Аднак паэт, пасьля напісаньня гэтага фрагмэнту, не працягваў пісаць тэкст цягам некалькіх наступных месяцаў.

У пачатку сьнежня 1832 году (знаходзячыся ўжо ў Парыжы) Міцкевіч напісаў ліст да сябра, у якім распавядаў пра інтэнсіўную працу над паэмай. Тэкст твора пісаўся вельмі хутка — 12 студзеня 1833 году Міцкевіч паведамляў у лістах, што напісаў ужо «dwie wielkie piesni» (дзьве вялікія песьні). Пасьля паэт спыніў працу ажно да 6 траўня, калі нарадзілася наступная трэцяя песьня. Напрыканцы гэтага ж месяца была скончаная і чацьвёртая частка, пасьля якой ізноў адбыўся перапынак у некалькі месяцаў, спрычынёны хваробай паэта. Сёлета 13 лістапада Міцкевіч інфармаваў у лісьце, што скончыў пятую песьню. Адгэтуль праца над эпапеяй ішла ўжо бяз доўгіх перапынкаў: Міцкевіч на працягу трох месяцаў напісаў сем чарговых кнігаў. Заканчэньне творчай працы адбылося 13 лютага 1834 году. Рукапіс быў перададзены ў друк і выдадзены 17 чэрвеня 1834 году.

Дзеючыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паляваньне. Ілюстрацыя да IV кнігі Пана Тадэвуша. Францішак Кастшэўскі, 1886

Героямі паэмы зьяўляецца ліцьвінская шляхта. Між іншым:

  • Яцэк Сапліца (ксёндз Робак) — бацька Тадэвуша Сапліцы, забойца Стольніка, прымае аблічча манаха і плянуе арганізаваць паўстаньне супраць «маскалёў» (па-польску: Moskalom).
  • Тадэвуш Сапліца — аднайменны герой эпапеі, дваццацігадовы юнак, сын Яцэка Сапліцы.
  • Зося — дачка Евы Гарэшкі, закаханая ў Тадэвуша Сапліцу.
  • Судзьдзя Сапліца — гаспадар Сапліцава, брат Яцэка, гарачы патрыёт.
  • Талімэна — апякунка Зосі, жыхарка Пецярбурга.
  • Храбя — кроўны Гарэшкаў, сапраўдны ўладальнік замку.
  • Гервазы Рэбайла — ключнік Гарэшкаў, служыў Стольніку.
  • Пратазы — возны Сапліцы.
  • Янкель — жыд.

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ілюстрацыя Андрыёлі да I кнігі
  • Кніга I — Гаспадарка (Gospodarstwo; з прысьвячэньнем у пачатку)
  • Кніга II — Замак (Zamek)
  • Кніга III — Заляцаньні (Umizgi)
  • Кніга IV — Дыпляматыка і ловы (Dyplomatyka i łowy)
  • Кніга V — Звада (Kłótnia)
  • Кніга VI — Засьценак (Zaścianek)
  • Кніга VII — Нарада (Rada)
  • Кніга VIII — Наезд (Zajazd)
  • Кніга IX — Бітва (Bitwa)
  • Кніга X — Эміграцыя. Яцэк (Emigracja. Jacek)
  • Кніга XI — Год 1812 (Rok 1812)
  • Кніга XII — Кахаймася (Kochajmy się)
  • Эпілёг

Матывы апавяданьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • матыў каханьня Тадэвуша й Зосі — матыў, які разьвіваецца з пачатку твора, калі Тадэвуш заўважае маладую дзяўчыну. Потым Тадэвуш зьмяняе Зосю на Талімэну. Пасьля Тадэвуш распавядае свайму дзядзьку пра сваё каханьне да Зосі, а Зося са спачуваньнем адхіляе Тадэвуша. Гэты матыў разьвіваецца на працягу ўсяго твора й цягнецца аж да заручынаў Тадэвуша й Зосі.
  • матыў Стольніка — Стольнік быў вялікім панам з роду Гарэшкаў, пра гэта распавядае Гервазы ў II кнізе. Было ў яго адзінае дзіця — дачка Эва Гарэшка, у якую пасьля закахаўся Яцэк Сапліца. Да заручынаў не дайшло, з-за розьніцы ў маёнткавай маёмасьці і адмоўнага стаўленьні яе бацькі да гэтага шлюбу. Асьцерагаючыся адмовы, Сапліца фармальна не прасіў рукі дачкі, і Гарэшка прыняў сватоў віцебскага кашталяна. Сапліца забіў Стольніка ў замку падчас нападу маскалёў. З гэтага моманту, Гервазы пакляўся сабе адпомсьціць на родзе Сапліцаў.
  • матыў спрэчкі за замак — на працягу твора ідзе спрэчка за замак Гарэшкаў. Тэарэтычна ён належыць Сапліцам, якім ён быў аддадзены падчас кірмашовай канфэдэрацыі. Храбя, Гервазы — Ключнік і блізкая шляхта хочуць арганізаваць напад на Сапліцаў. На гэта іх падбухторвае Ключнік.
  • матыў незалежнасьці — дзеяньне «Пана Тадэвуша» адбываецца ў часы напалеонаўскіх войнаў. Ксёндз Робак агітуе польскую шляхту да паўстаньня й бітвы на баку Напалеона. Яго спробы падрывае Ключнік, які выкарыстоўвае запал шляхты супраць Сапліцаў, вядучы іх да нападу. Аднак, калі зьяўляецца супольны вораг — расейцы, адбываецца пагадненьне ўсіх бакоў і яны сумесна ваююць супраць маскалёў.

Усе матывы ў паэме аб’яднаныя ў адзінае цэлае асобай апавядальніка, галоўным клопатам якога зьяўляецца аднаўленьне незалежнай і дэмакратычнай Польшчы[6].

Пераклады на замежныя мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй пададзеная табліца, у якой пазначаны поўныя пераклады «Пана Тадэвуша» на замежныя мовы[7]:

Мова перакладу Дата першага
выданьня
Перакладач(ы) Заўвагі
ангельская 1885 Maude Ashurt Biggs, George Rappal Noyes, Watson Kirkconnell, Kenneth Mackenzie
баўгарская 1901 Efrem Karanov, Christo Kessiakov, Błaga Dymitrowa
беларуская 1859 Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
беларуская 1892 Аляксандар Ельскі пераклад толькі першай песьні паэмы
беларуская 1929 Браніслаў Тарашкевіч
беларуская 1985 Язэп Семяжон
беларуская 1998 Пятро Бітэль
кітайская 1955 Сунь Юнь пераклад з ангельскай мовы
харвацкая 1893 Tomislav Maretić
чэская 1882 Элішка Краснагорская
дацкая 1958 Вальдэмар Роэрдам
эспэранта 1918 Антоні Грабоўскі
фінская 1921 V. K. Trast
француская 1844 Christien Ostrowski і E. Haag, Charles de Noir-Isle, Wacław Gasztowt, Paul Cazin
грузінская 1953—1955 В. Угрэхелідзэ Ўгорскі
Іўрыт 1921 Ёзаф Ліхтэнбаўм
гішпанская 1885 Leon Medina
японская каля 1930 Асадоры Като празаічны пераклад з ангельскай мовы
летувіская 1924 Антонас Валаітыс, Konst. Šakenis
латыская 1964 Jāzepo Osmanis
нямецкая 1836 Richard Otto Spazier, Albert Weiss, Zygfryd Lipiner, Carl August von Pentz (Walter Panitz), Hermann Buddensieg, Engelbert Rehbronn (w formie dramatu)
расейская 1875 М. Бэрг, У. Р. Бенядзіктаў, С. Мар, Муза Паўлава
румынская 1956 Miron Pradu Paraschivescu
сэрбскахарвацкая 1951 Dżordże Saula
славацкая 1962 Rudolf Skukálek
швэдзкая 1898 Alfred Jensen, Ellen Wester
украінская 1927 Максім Рыльскі
вугорская 1957 Ewa Sebök
італьянская 1871 Arigo Boito, Clotilde Garosci
ідыш 1939 D. Königsberg

Беларускія пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадмова Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча да яго перакладу (1859 г.) паэмы «Pan Tadeusz» на беларускую мову (першы аркуш), перапісаныя Браніславам Эпімах-Шыпілам у 1893 г. з экзэмпляра, выдадзенага ў Вільні ў 1859 г.

Першы пераклад «Пана Тадэвуша» на іншую славянскую мову зрабіў беларускі паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у Вільні ў 1859[8]. Аднак першыя дзьве апублікаваныя «быліцы» былі канфіскаваныя па загаду царскае цэнзуры і, паводле няпэўных зьвестак, спаленыя ўсім накладам[9]. Цяпер вядомыя чатыры ацалелыя паасобнікі кнігі, усе яны знаходзяцца па-за межамі Беларусі[10]. У 1907 годзе ў Пецярбурскім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выйшла другое выданьне перакладу Дунін-Марцінкевіча[11][12]. Другі беларускі пераклад быў зьдзейсьнены ў 1931—1932 гадах у лёхах польскіх турмаў вядомым беларускім грамадзкім і палітычным дзеячам Браніславам Тарашкевічам. Зроблены ім пераклад «Пана Тадэвуша», у выніку паўторнага арышту ўжо ў СССР, апынуўся ў нетрах падвалаў НКУС[9] і пазьней быў выдадзены асобным выданьнем.

Пераклад Браніслава Тарашкевіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лёс арыгінала поўнага перакладу тэксту паэмы канчаткова ня высьветлены[13]. У 1978 г. арыгінал адзінаццатай і дванаццатай быліцаў тарашкевічаўскага перакладу, знойдзеных у Вільні, і сем сшыткаў яго копіі, перададзеных яго жонкай Н. А. Тарашкевіч Дзяржаўнаму музэю БССР, паступілі ў аддзел рэдкае кнігі і рукапісаў Фундамэнтальнай бібліятэкі АН БССР. На выснове гэтых рукапісаў Інстытутам літаратуры АН БССР была падрыхтаваная першая поўная публікацыя твора на беларускай мове: Адам Міцкевіч. Пан Тадэвуш / Пер. з польскай Б. Тарашкевіча. Мн.: Навука і тэхніка, 1981[13].

Браніслаў Тарашкевіч

У пачатку 1984 г. у Польшчы выйшла з друку яшчэ адно выданьне тарашкевічаўскага перакладу паэмы: Адам Міцкевіч. Пан Тадэуш альбо апошні заезд на Літве: Шляхоцкая гісторыя з 1811 і 1822 г. у дванаццаці быліцах вершам / Пер. Б. Тарашкевіча. Ольштын: Поезежэ, 1984. Выданьне было падрыхтавана на падставе ксэаграфічнай копіі перакладу[13].

Беларускі тэкст «Пана Тадэвуша» складаецца з 12 вершаваных быліцаў (кніг, або глаў). Правапіс беларускага перакладу захоўвае ў асноўным тую лінію рашэньняў, якой прытрымліваўся сам Тарашкевіч у сваёй «Беларускай граматыцы для школ»[13].

У перакладзе Б. Тарашкевіча назіраецца вялікая колькасьць фанэтыка-артаграфічных дублетаў, якія зьвязаны з розным месцам націску ў слове і вынікаючым адсюль характарам аканьня. Магчыма заўважць поўнае або скарочанае у/ў і і/й незалежна ад характару іх гукавога акружэньня, а таксама скарачэньні канцовых, сярэдніх або (найбольш рэдка) пачатковых частак словаў, узятых аўтарам перакладу з гутарковай мовы[13].

Замест трынаццаціскладовага верша, якім пісаў Міцкевіч «Пана Тадэвуша», ён прыняў для беларускага перакладу іншую, чым у польскім тэксьце, даўжыню радка — пятнаццаціскладовую. Дастасаваньне радка, даўжэйшага на два склады, давала перакладчыку магчымасьць зрабіць лепшыя, больш дакладныя ў адносінах да арыгінала выбар і адбор лексыкі і лексычных структураў з нагоды неадпаведнасьці ў памерах больш кароткіх і сьцягнутых польскіх формаў у параўнаньні зь несьцягнутымі, больш доўгімі канчаткамі ў беларускай мове[13].

У выкарыстаных Тарашкевічам сродках вершаскладаньня назіраецца сьвядомы паралелізм з паэтыкай польскага арыгінала. З гэтай мэтай перакладчык выкарыстоўвае багаты арсэнал дублетных граматычных формаў, выразаў з гутарковай мовы, дыялектызмаў, а таксама ўтвораных ім нэалягізмаў. Дзеля большай даступнасьці твору і рэалізацыі пэўных перадспасылак стылю Браніслаў Тарашкевіч сьвядома ўводзіць у тэкст формы не ўласьцівыя літаратурнай мове. Вялікай разнастайнасьцю адзначаюцца часта сустракаемыя ў тэксьце памяншальныя формы, якія зьяўляюцца галоўным стылістычным сродкам у народнай паэзіі[13].

Для беларускай лексыкі перакладу Б. Тарашкевіча характэрны запазычаньні перш за ўсё з польскай і часткова з расейскай моў. Пры лексычнай аднолькавасьці пэўных тэрмінаў у абедзьвух мовах Тарашкевіч уводзіць часамі сынанімічную і лексычную разнастайнасьць для адных і тых жа паняцьцяў, зьмешчаных у польскім арыгінале. Перакладчык шырока выкарыстоўвае словаўтваральныя і граматычныя варыянты абедзьвух моў або пераносіць іх элемэнты з адной граматычнай сыстэмы ў другую[13].

Да ўплываў расейскай мовы ў перакладзе трэба аднесьці шэраг лексычных запазычаньняў, якія ўзбагачаюць слоўнікавы запас у галіне сынанімікі, сродкаў экпрэсыўнага выражэньня і выкарыстоўваюцца галоўным чынам у мэтах вершаскладаньня[13].

Пра польскія і расейскія ўплывы на беларускую мову перакладу Б. Тарашкевіча можа сьведчыць таксама разнароднасьць фанэтычнай і графічнай перадачы іншамоўных запазычаньняў: іншамоўныя запазычаньні з ł сярэднім у беларускім тэксьце перадаюцца праз л мяккае. Таксама, мова перакладу Тарашкевіча мае шмат дыялектных рысаў, уласьцівых для заходнебеларускай тэрыторыі, зь якой паходзіў перакладчык[13].

Выкарыстаньне багатых запасаў лексыкі беларускай літаратурнае мовы пэрыяду «Нашай Нівы» і сьвядомае ўжываньне рэгіянальных дыялектызмаў глыбока перадаюць задуму Міцкевіча, адрасаванай самым шырокім масам чытачоў[13].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Бібліятэка Кангрэсу — 1800.
  2. ^ Цытуецца паводле ольштынзкага выданьня перакладу Браніслава Тарашкевіча
  3. ^ zajazd(недаступная спасылка) // Internetowa encyklopedia PWN (пол.)
  4. ^ Zajazd // Encyklopedia WIEM (пол.)
  5. ^ Міцкевіч А. 1985. С. 390.
  6. ^ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С. 140 (рас.)
  7. ^ Wstęp. W: Pan Tadeusz. Stanisław Pigoń. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1980, ss. CXXXI-CXXXII. ISBN 83-04-00446-1(пол.)
  8. ^ Лапидус Н. И., Малюкович С. Д. Литература XIX века. М.: Университетское, 1992. С.147.(рас.)
  9. ^ а б Міцкевіч. «Пан Тадэвуш». З прадмовы «Наваградзкая Іліяда» Язэпа Янушкевіча да юбілейнага выданьня «Пан Тадэвуш» (Менск, 1998).(недаступная спасылка)
  10. ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч // Архівы Беларусі
  11. ^ Міцкевіч А. 1985.
  12. ^ Pan Tadeusz / pa polsku napisaŭ Adam Mickiewicz; na biełaruskuju hutarku pierawiarnuŭ Wincuk Marcinkiewicz. — Pieciarburh: Zahlanie sonce i ŭ naše wakonce, 1907. — Т. 2. — IV,60 с. — (Biełaruskije pieśniary). — 4300 ас.
  13. ^ а б в г д е ё ж з і к Вячаслаў Вярэніч. «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Б. Тарашкевіча на беларускую мову // XIX стагоддзе: Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś / Уклад. В. Грышкевіч, навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. — Мн.: ННАЦ імя Ф.Скарыны, 1997. — 320 с.: іл. ISBN 985-6419-06-9

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Міцкевіч А. Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве: Шляхец. гісторыя 1811-1812 гг. у 12-ці кн., вершам / [Пер., камент. Я. Семяжона; Маст. В. Шарангович]. — Мн.: Маст. літ., 1985. — 12 000 ас.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]