Беларусы ў Латвіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Белару́сы ў Ла́твіі — частка беларускае дыяспары, другая па колькасьці нацыянальная меншасьць краіны (3,7% жыхароў напачатку 2008, 83,8 т. чалавек, зь іх 50,0 т. неграмадзян). У Індраўскай, Піедруйскай (Прыдруйскай) і Робэжніецкай воласьцях Краслаўскага краю беларусы, паводле перапісу 2000 году, складаюць большасьць насельніцтва.

Сераднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 5-8 стагодзьдзях славянскія плямёны (перадусім крывічы) зьявіліся на тэрыторыі сёньняшняе Латвіі, частка зь іх зьмяшалася зь мясцовым балцкім насельніцтвам, часткова асыміляваўшы яго. У гэты час у раёне мясцовасьцяў Пілда, Піедруя, Істра, Індрыца пачалі фармавацца выспачкі беларускага аўтахтоннага насельніцтва, якое разьвівалася ў шчыльным кантакце з асноўным арэалам беларускага этнасу.

Э. Мугурэвіч, В. Уртан, Р. Дзянісава, Я. Граўданіс, У. Сьвяжынскі ў сваіх працах паказваюць на шчыльныя кантакты паміж крывічамі й латгаламі (адно з усходнебалцкіх плямёнаў, якое ўдзельнічала ў этнагенэзе латышоў), у выніку чаго часам немагчыма правесьці выразную мяжу паміж двума плямёнамі. У працэсе ўзаемадачыненьняў склалася шырокая культурная й геаграфічная зона зь мяшаным насельніцтвам. Пра шчыльнасьць кантактаў з крывічамі сьведчыць і латыскі экзаэтнонім krievs, якім мясцовыя плямёны пазначалі ўсе ўсходнеславянскія плямёны (цяпер ён ужываецца для пазначэньня расейцаў). Дасьледаваньні спэцыялістаў кажуць пра падабенства рытмікі і мэлёдыяў у народнай музыцы (М. Голдын), адзежы (А. Зарыня), найменьнях прадметаў побыту (Р. Мэркенэ), прыказак і прымавак (Э. Кокарэ).

Зь цягам часу раён Заходняе Дзьвіны ў Латвіі ўвайшоў у сфэру ўплыву Полацкага княства. Палачане зьбіралі даніну зь мясцовых плямёнаў (ліваў і латгалаў, першыя належалі да фіна-вугорскіх), пра што ўзгадвае ў сваёй «Хроніцы Інфлянтаў» Генрых Латвійскі. Фарпостамі Полацкага княства ў рэгіёне былі крэпасьці Герцыке й Кукенойс, на чале якіх напачатку 13 ст. стаялі адпаведна князі Ўсевалад і Вячка. Гэтыя князі ў 1200—1220-х гг. узначальвалі змаганьне мясцовых плямёнаў супраць нямецкіх і швэдзкіх рыцараў. У гарадох Талава, Герцыке, Кукенойс існавалі праваслаўныя цэрквы, падначаленыя Полацкай япархіі. Аднак калянізацыя немцамі земляў сучаснае Латвіі прычыніліся да таго, што ўжо пры гэтых князёх усходнеславянская дзяржаўнасьць на землях балтаў Латвіі зьнікла. У пачатку 1270-х гг. князь Трайдзень захапіў Герцыке, але ў палітычным дачыненьні гэта не зьмяніла становішча, і палітычныя сувязі зь беларускімі землямі ўсталяваліся толькі з 1561 г., калі землі Лівонскага ордэну пераходзяць пад пратэктарат ВКЛ.

З заснаваньнем у 1201 годзе Рыгі й прыходам крыжакоў Полацкае княства ўсталявала шчыльныя гандлёвыя кантакты зь імі, пра што сьведчаць дамова 1210 году ды іншыя пагадненьні. У часы існаваньня Ганзы купцы-крывічы збудавалі ў Рызе Крэўскі двор. Ад 1453 году вядомая царква сьвятога Міколы ў Рызе, ад 16 ст. — слабада беларускіх плытагонаў (Крэўсгорад) каля Крустпілсу (з 1670 году мела магдэбурскае права).

У выніку Інфлянцкае вайны ў 1561 годзе Інфлянцкі ордэн распаўся на Курляндзкае й Задзьвінскае княствы, якія тады ж сталі васаламі Вялікага княства Літоўскага, а ад 1569 Рэчы Паспалітай (Інфлянты цягам кароткага часу трапілі ў падпарадкаваньне ВКЛ, пасьля Люблінскае Уніі сталі кандамініюмам Кароны й ВКЛ). Паўночная Латвія ў 1629 годзе адышла да Швэцыі, паўднёвыя часткі, Інфлянты й Курляндыя, заставаліся ў складзе Рэчы Паспалітай да Першага ды Трэцяга Падзелаў адпаведна

Паводле дадзеных дасьледчыкаў гісторыі Латвіі, у сярэдзіне XVII стагодзьдзя (1648 год) беларусы і расейцы складалі больш за палову ўсяго насельніцтва цяперашніх Лудзенскага і Краслаўскага раёнаў. Сюды далучаецца і Дзьвінскі раён. Дасьледчык Сяргей Сахараў называў Прыдруйскую, Пустынскую (сучасн. Робэжніецкая), Пасіенскую воласьці раёнамі кампактнага пражыцьця беларусаў. У Букмуйскай воласьці Стэжыцкага павету і Шкавенскай воласьці Лудзенскага павету яны былі рас­ьсеяныя ўперамежку з латгальцамі. У 18-19 стагодзьдзях у Латвіі ўзьнікла некалькі праваслаўных беларускіх цэркваў.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1795 годзе рэшта беларускіх і латыскіх земляў былі далучаныя да Расейскай імпэрыі. Перасяленьню беларусаў у Латвію спрыяла адмена прыгоннага права ў 1861 годзе. Частка беларусаў асела ў партовых гарадох. З Латвіі паходзілі, тут навучаліся ці працавалі ў 19 — пачатку 20 стагодзьдзя беларускія грамадзкія, культурныя й палітычныя дзеячы, пісьменьнікі й мастакі: Ігнат Буйніцкі, Віктар Вальтар, Ніна Ватацы, Кастусь Езавітаў, Карусь Каганец, Уладзімер Кудрэвіч, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Маўр.

Паводле ўсерасейскага перапісу 1897 году на тэрыторыі сучаснай Латвіі было 81 986 беларусаў (паводле іншых дадзеных 79 523). У Рызе Вацлаў Ластоўскі ды Эдвард Будзька чыталі лекцыі на беларускай мове для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі й настаўнікаў, выступалі перад працаўнікамі зь Беларусі.

1918—1944[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Савецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Постсавецкі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]