Перайсьці да зьместу

Аўгустын Ратундус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўгустын Ратундус
1552 — 20 сакавіка 1582
Папярэднік Шчасны Лянкурга[d]
Наступнік Мікалай Ясенскі[d]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: каля 1520
Памёр: 20 сакавіка 1582(1582-03-20)
Адукацыя:

Аўгустын Ратундус (Мяле́скі; лац. Augustinus Rotundus; прыкладна 1520, Велюнь, Каралеўства Польскае — 20 сакавіка 1582, Вільня) — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, сакратар каралеўскі, віленскі войт. Прадстаўнік гуманістычнага кірунку грамадзка-палітычнай думкі, юрыст, гісторык, публіцыст. Актыўны прыхільнік незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы, дзяяч Контрарэфармацыі.

Імаверна, сапраўднае прозьвішча — Мялескі, хоць некаторыя дасьледнікі лічаць, што гэтае прозьвішча прыняў пазьней. Мянушка Ратундус, якая выкарыстоўвалася як прозьвішча, імаверна, была перакладам на латынь мянушкі яго бацькі Мікалая, вядомага як «Акронглы» (польск. Okrągły, то бок круглы), — аднаго з найбагацейшых жыхароў польскай Велюні, футроўніка паводле прафэсіі.

Адукацыю атрымаў у Познанскай акадэміі Любранскага(pl) і Вітэнбэрскім унівэрсытэце. У маладосьці быў блізкі да лютэранства, яму нават прыпісваюць напісаньне пасквілю на познанскі каталіцкі капітул. Пазьней стаў заўзятым каталіком. Каля 1543 году быў прызначаны на пасаду плябана ў Варце, пазьней ад пасады адмовіўся. У 1544 годзе быў пісарам у польскай канцылярыі караля Жыгімонта Старога. Па навучаньні ў Балёнскім унівэрсытэце і атрыманьні доктарскай ступені ў 1549 годзе заняў пасаду каралеўскага сакратара. 20 жніўня 1551 году[1] прыбыў ў Вільню, сталіцу Вялікага Княства Літоўскага, дзе пачаў работу ў канцылярыі. Налета атрымаў прызначэньне віленскім войтам. Ад караля польскага і вялікага князя літоўскага атрымаў у пажыцьцёвае валоданьне староства Стаклішкі і маёнтак Ярмолішкі, у Вільні валодаў домам і іншай маёмасьцю[1].

Быў актыўным дзеячом і адным зь лідэраў Контрарэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. З 1567 году актыўна спрыяў біскупу віленскаму Валяр’яну Пратасевічу ў справе пашырэньня езуітаў на Літве[2]. Паспрыяў вяртаньню ў каталіцтва некаторых магнатаў, якія ад яго адыйшлі, у прыватнасьці Яна Хадкевіча. Быў адным зь сьведак у справе аб віленскім біскупстве каад’ютара Юрыя Радзівіла, які стаў біскупам 17 сьнежня 1579 году. 12 студзеня 1582 году падпісаў акт заснаваньня Віленскай езуіцкай калегіі, якая стала асновай пазьнейшага Віленскага ўнівэрсытэту.

Браў удзел у падрыхтоўцы другой рэдакцыі Статуту Вялікага Княства Літоўскага (1566 год), які пераклаў з рускай на лацінскую мову, дапоўніўшы ўласнаю прадмовай. Таксама браў удзел ў стварэньні трэцяй рэдакцыі Статуту, дзякуючы чаму зьмясьціў шмат нормаў рымскага права. Быў аўтарам тэстамэнту караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста. У 1568 годзе за пасьпяховую дзейнасьць ў працы над другой рэдакцыяй Статуту атрымаў шляхецтва і герб «Роля». Браў удзел у соймах 1563—1564 і сойміках. У 1569 годзе браў удзел Люблінскім сойме, які прыняў Люблінскую унію[2].

Ажаніўся з Соф’яй Мантанаўнай, італьянкай паводле паходжаньня (памерла пасьля 10 сакавіка 1604), ад якой меў сына Мікалая (памёр у маленстве 16 красавіка 1558) і дачку Рэгіну (Раіну) і Лізавету (памерла да 18 лістапада 1597).

Спачыў у касьцёле сьвятых Янаў у Вільні, надмагільле не захавалася.

Выдаў некалькі радыкальных антыпратэстанцкіх публіцыстычных твораў, вершы.

Ратундусу прыпісваецца аўтарства вядомага ананімнага публіцыстычнага твора «Размова паляка зь літвінам» (польск. Rozmowa Polaka z Litwinem; Берасьце, 1564 год), скіраванага на абарону інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага і супрацьстаяньне польскім прэтэнзіям, выказаным у трактаце Станіслава Ажахоўскага «Quincunx» (1554 год)[3]. Аўтар «Размовы» крытыкуе грамадзкі лад Польшчы, дзе ўладу захапіла шляхта, якая паралізуе дзеяньні законаў і прыгнятае ніжэйшыя саслоўі[2]. Паводле меркаваньня летувіскага гісторыка Інзе Лукшайце, «Размова паляка зь літвінам» была плёнам калектыўнай творчасьці[4]. Патрыятычныя ідэі Ратундуса атрымалі шырокі розгалас у Вялікім Княстве Літоўскім і спрыялі ўмацаваньню пазыцыяў літоўскай дэлегацыі ў час перамоваў аб палітычнай уніі з Польшчай[5].

Магчыма, Ратундус напісаў кароткую хроніку вялікіх князёў літоўскіх, далучаную да аднаго з экзэмпляраў трэцяй рэдакцыі Статуту. Відаць, зь ініцыятывы Жыгімонта Аўгуста ў 1550-я гады напісаў першую вядомую гісторыю Вялікага Княства Літоўскага. Сабраны гістарычны матэрыял Ратундус перадаў Мацею Стрыйкоўскаму, які выкарыстаў іх пры напісаньні Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі. Урыўкі з твораў Ратундуса захаваліся ў хроніцы нямецкага гісторыка XVII стагодзьдзя Рывіюса, сярод іх сьведчаньні літоўскіх летапісаў, якія да нас не дайшлі[2].

Захаваліся лацінамоўныя лісты Ратундуса свайму заступніку кардыналу вармійскаму Станіславу Гозію, якія лічацца каштоўнай крыніцай гуманістычнай думкі сярэдзіны XVI стагодзьдзя.

Аўгустын Ратундус засьведчыў, што за яго часам літоўская шляхта не размаўляла па-летувіску:

« Тое, што ліцьвіны вядуць сваё паходжаньне ад італьянцаў, пацьвярджаецца мовай сялянаў, якая, нягледзячы на ​​такую ​​вялікую адлегласьць у часе і прасторы, вельмі блізкая да гаворкі італьянцаў; бо шляхетныя людзі, у сілу звычаю, які склаўся ў выніку супольнага кіраваньня з палякамі і русінамі, замянілі сваю родную мову на польскую і рускую.
Арыгінальны тэкст  (лац.)
Lituanos ab Italis originem ducere, sermo agrestium, multum ad sermonem Italorum, tanto locorum et temporum intervallo, accedens, verisimile facit; nam nobiliores ex consuetudine, quam cum Polonis et Russis, ob commune imperium habent, Polono et Russo sermone, nativum permutarunt.
»

Адпаведна, па-летувіску размаўлялі адно сяляне:

« Я мяркую, Ваша Вялікасьць ня можа ня ведаць, што ліцьвіны — народ лацінскага паходжаньня, выхадцы з Італіі, якія перасяліліся ў гэтыя краі пад кіраўніцтвам П. Лібона, або, як мяркуе просты люд, Палямона, што пацьвярджаюць як пісьменьнікі, якія заслугоўваюць даверу, так і захаваныя рэшткі лацінскай гаворкі, якой да гэтага часу карыстаюцца сяляне.
Арыгінальны тэкст  (лац.)
Non enim ignorare Maiestatem tuam arbitror, Lituanos gente Latinos esse, ex Italiaque oriundos, in has regiones P. Libone, vel, ut vulgus opinatur, Palemone duce migrasse, vti non dubiae fidei scriptores probant et reliquiae. Latini sermonis, quo hactenus agrestes vtuntur, argumento sunt.
»

Прытым летувіскамоўныя сяляне, паводле Аўгустын Ратундуса, мелі адрознае паходжаньне ад літоўскай шляхты, а літоўскія шляхцічы-русіны мелі тое ж паходжаньне, што і каталікі:

« І мы амаль кожны дзень чуем, як амаль усе ліцьвіны, з выняткам сялянаў і абарыгенаў, ахвотна прызнаюць, што яны паходзяць з Лацыя, і лічаць гэта пахвалой і славай; з апісаньня гэтага пашырэньня будзе відаць, што найбольш высакародныя з русінаў маюць тое ж паходжаньне, што і яны, але з прычыны шанаваньня іншай рэлігіі, у якой яны ўпадабалі насьледаваць грэкам у іх няшчаснай памылцы, яны былі аддзеленыя ад ліцьвінаў.
Арыгінальны тэкст  (лац.)
Ac Lituanos fere omnes, agrestibus et aboriginibus exceptis, e Latio se profectos libenter agnoscere, et in laudis ac gloriae loco id duceré audimus quotidie; Russotum etiam nobilissimos quosque easdem cum eis origines habere, ex huius propagationis descriptione apparebit, sed ob religionis diuersae cultum, qua Graecos infelici errore imitari maluerunt, a Lituanis seiunctos esse.
»

Аўгустын Ратундус сьцьвярджаў, што ўласна летувіская мова сялянаў не была роднай мовай літоўскай шляхты, а толькі вытворнай («выраджанай») ад той мовы:

« …я вылучаю тых, хто, як рэлігіяй, так і мовай насьледавалі рускай мове; вядома, гэтай, якую яны цяпер пакінулі толькі сялянам, яны, як палякі, аддалі перавагу мець агульную рэлігію і мову, у той час як тая спрадвечная тут стагодзьдзямі, праз гандлёвыя дачыненьні з суседнімі народамі, гэтак жа, як і ў Італіі, вырадзілася з лацінскай і стала агульнай толькі для сялянаў.
Арыгінальны тэкст  (лац.)
…eos excipio, qui ut religionem ita sermonem Russicae linguae imitati sunt; certe hac, quam nunc solis agrestibus reliquerunt, ipsi cum Polonis, ut religionem ita et linguam communem habere maluerunt, illa vero primaeua hic per tot saecula ob vicinarum nationum commercia, ita, ut et in Italia a Latina degenerauit et solis agrestibus communis est.
»
  1. ^ а б Jovaišas A. Augusto Rotundo Lietuvos valstybės vizija // Šešioliktojo amžiaus raštija. — V. 5. — Vilnius, 2000. ISBN 9985-934-58-2. — P. 77.  (лет.)
  2. ^ а б в г Пазднякоў В. Радундус // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 510.
  3. ^ Mickūnaitė G. Making a great ruler: Grand Duke Vytautas of Lithuania. — Budapest: Central European University Press, 2006. — P. 218. (анг.)
  4. ^ Lukšaitė I. Andrius Volanas XVI-XVIIa. Lietuvos visuomeninės pertvarkos kryžkelėse // A. Volanas Rinktiniai raštai / ed. M. Ročka, I. Lukšaitė. — Vilnius, 1996.  (лет.)
  5. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 388.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
  • Stanislaw Orzechowski and Augustine Rotundus debate about the Republic / Introduction and development by Christopher Koehler, translation from Latin by Elvira Buszewicz. — Krakow: WAM, 2009. — ISBN 978-83-7505-362-3. — 284 p.  (анг.)
  • Poleminiai ir istoriografiniai Augustino Rotundo raštai // Šešioliktojo amžiaus raštija, Series: Senoji Lietuvos lteratūra. — V. 5. — Vilnius, 2000. — ISBN 9985-934-58-2.  (лет.)
  • Ragauskienė R. Karaliaus sekretoriaus ir Vilniaus vaito Augustino Meleskio Rotundo (apie 1520—1582 m.) turtas. — Istorija, 2003. — T. 55. — P. 12-21.  (лет.)
  • Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski — pierwszy historyk i apologeta Litwy // Z dziejów polskiej kultury umysłowej w XVI i XVII wieku. — Wrocław, 1976.  (пол.)
  • Baryczowa M. Augustyn Rotundus Mieleski, wуjt wileсski, pierwszy historyk i apologeta Litwy // Ateneum Wileсskie. — ІІ. −1936.  (пол.)
  • Jakubowski J. Nowe przyczynki do zýciorysu Augustyna Rotunda // Litwa i Rus. — 1912. — Z. 1.  (пол.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]