Перабудова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Перабудо́ва — рэфармаваньне грамадзка-гаспадарчага і дзяржаўнага ладу Савецкага Саюзу ў 1985—1991 гадах, якое распачаў генэральны сакратар Камуністычнай партыі Міхаіл Гарбачоў.

Асноўным зьместам абвяшчаліся дэмакратычны сацыялізм і гаспадарчыя пераўтварэньні, якія зацьвердзілі: 27-ы зьезд Камуністычнай партыі ў лютым-сакавіку 1986 году, студзеньскі і чэрвеньскі пленумы Цэнтральнага камітэту Кампартыі ў 1987 годзе, 19-я Ўсесаюзная партыйная канфэрэнцыя ў чэрвені 1988 году і 28-ы зьезд Кампартыі ў ліпені 1990 году. У выніку Савет міністраў СССР паступова страціў кіраваньне ў саюзных рэспубліках, зь якімі ўзьніклі міжнародныя супярэчнасьці, а таксама ў Расейскай СФСР. 28 чэрвеня 1991 году распаўся Савет эканамічнай узаемадапамогі, які ад 1949 году дзейнічаў з сацыялістычнымі дзяржавамі Эўропы. 1 ліпеня 1991 году зь імі скасавалі Варшаўскую дамову 1955 году «Аб сяброўстве, супрацы і ўзаемадапамозе». 6 лістапада 1991 году ў Савецкім Саюзе распусьцілі Камуністычнай партыю. 25 сьнежня 1991 году прэзыдэнт СССР Гарбачоў падаў у адстаўку, пасьля чаго Савецкі Саюз спыніў існаваньне. Былыя саюзныя рэспублікі сталі сувэрэннымі дзяржавамі, у тым ліку Беларуская ССР — Рэспублікай Беларусь. 12 з 15 тых рэспублік утварылі Садружнасьць незалежных дзяржаваў (Менск)[1].

Захады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алькагольная прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 траўня 1985 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову № 410 «Аб захадах пераадоленьня п’янства, алькагалізму, выкараненьня самагонаварэньня». Паводле Пастановы, мелі скараціць на 10 % за год вытворчасьць гарэлкі і спыніць да 1988 году вытворчасьць пладова-ягаднага віна. Час гандлю сьпіртовымі напоямі ў крамах скарацілі да 5 гадзінаў ад 14:00 да 19:00. 16 траўня 1985 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету СССР выдаў Указ «Аб узмацненьні барацьбы з п’янствам і алькагалізмам, выкараненьні самагонаварэньня», якім пашыраўся крымінальны перасьлед за самагонаварэньне. У выніку дзяржаўны продаж сьпірту з 10,5 літру на душу насельніцтва ў 1984 годзе скараціўся ў 2,5 разу ў 1987-м. Адначасна даход харчовай прамысловасьці ўпаў з 60 млрд савецкіх рублёў да 38 млрд рублёў у 1986 годзе і 35 млрд у 1987-м, бо сьпірт у 1984 годзе склаў каля 25 % раздробнага гандлю СССР. У 1985—1987 гадах нараджальнасьць вырасла на 500 000 чалавек да 5,5 млн штогод. Працягласьць жыцьця мужчынаў павялічылася на 2,6 году і дасягнула найбольшага значэньня за ўсю гісторыю СССР. Сьмяротнасьць упала на 181 тысячу чалавек штогод. Лік асуджаных за самагонаварэньне вырас з 30 000 чалавек у 1985 годзе да 150 000 у 1986-м і 397 000 у 1987-м. За 1985—1987 гады дзяржаўны продаж цукру вырас на 18 % з 7,85 млн да 9,28 млн тонаў, што ў значнай ступені тлумачылася ростам ценявога самагонаварэньня. Увосень 1989 году ўпершыню з 2-й сусьветнай вайны ў Маскве ўвялі талёны на цукар.

Галоснасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад 25 лютага па 6 сакавіка 1986 году ў Маскве праходзіў 27-ы зьезд Камуністычнай партыі, на якім генэральны сакратар Гарбачоў заявіў: «Прынцыповым для нас зьяўляецца пытаньне аб пашырэньні галоснасьці. Гэта пытаньне палітычнае. Без галоснасьці няма і ня можа быць дэмакратызму, палітычнай творчасьці масаў, іх удзелу ў кіраваньні». У чэрвені 1986 году Гарбачоў правёў сустрэчу з сакратарамі і загаднікамі аддзелаў Цэнтральнага камітэту Кампартыі, якім сказаў: «Без „малой рэвалюцыі“ ў партыі нічога ня выйдзе, бо рэальная ўлада — у партыйных органаў. Народ ня будзе цягнуць на сваёй шыі апарат, які нічога ня робіць для перабудовы». 25 верасьня 1986 году Цэнтральны камітэт Кампартыі ўхваліў Пастанову аб спыненьні глушэньня 2 урадавых радыёстанцыяў Брытаніі і ЗША — «Сусьветнай службы Брытанскай вяшчальнай карпарацыі» (Лёндан) і «Голасу Амэрыкі» (Вашынгтон).

27 студзеня 1987 году на пленуме Цэнтральнага камітэту Кампартыі генсакратар Гарбачоў выступіў з дакладам «Аб перабудове і кадравай палітыцы партыі». Ён заявіў: «Надышоў час прыступіць да распрацоўкі прававых актаў, якія гарантуюць галоснасьць. ... У нас ня мае быць зонаў, зачыненых для крытыкі. Народу патрэбная ўся праўда ... Нам як ніколі патрэбна зараз пабольш сьвятла, каб партыя і народ ведалі ўсё, каб у нас не было цёмных кутоў, дзе б зноў завялася цьвіль». З гэтай мэтай Гарбачоў прапанаваў 5 захадаў: 1) «Трэба рашуча адмаўляцца ад неўласьцівых партыйным органам кіраўнічых функцыяў» дзяржавы; 2) вылучэньне на кіраўнічыя пасады беспартыйных; 3) пашырэньне «ўнутрыпартыйнай дэмакратыі»; 4) Саветы дэпутатаў мелі стаць «сапраўднымі органамі ўлады на сваёй тэрыторыі»; 5) правядзеньне выбараў у Саветы на альтэрнатыўнай аснове ўпершыню з 1918 году. У лютым 1987 году ўрад СССР памілаваў і вызваліў са зьняволеньня 140 дысыдэнтаў, у тым ліку вярнуў з ссылкі ў Горкім акадэміка Андрэя Сахарава. У сакавіку 1987 году Галоўнае кіраўніцтва па ахове дзяржаўных таямніцаў у друку (ГКАДТД) пры Савеце міністраў СССР узначаліла Міжведамасную камісію па перадачы выданьняў з аддзелаў адмысловага захоўваньня ў адчыненыя фонды. 30 чэрвеня 1987 году ўхвалілі Закон «Аб парадку абскарджаньня ў суд неправамерных дзеяньняў службовых асобаў, якія ўшчамляюць правы грамадзяніна». Улетку 1987 году прайшлі альтэрнатыўныя выбары ў мясцовыя Саветы.

29 красавіка 1988 году Гарбачоў прыняў маскоўскага патрыярха Пімена ў Крамлі «ў сувязі з 1000-годзьдзем ўвядзеньня хрысьціянства на Русі». 26 траўня 1988 году Расейскай праваслаўнай царкве вярнулі рэліквіі са Збройнай палаты Крамля. 3 чэрвеня 1988 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета СССР зацьвердзіў Указ аб узнагароджаньні патрыярха Пімена ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцяга «за актыўную міратворчую дзейнасьць і ў сувязі з 1000-годзьдзем Хрышчэньня Русі». 28 чэрвеня 1988 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета ўхваліў Указы «Аб парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў і дэманстрацыяў у СССР» і «Аб абавязках і правах ўнутраных войскаў МУС СССР пры ахове грамадзкага парадку». Ад 28 чэрвеня па 1 ліпеня 1988 году ў Маскве праходзіла 19-я Ўсесаюзная канфэрэнцыя Кампартыі, што зацьвердзіла 5 рэзалюцыяў: «Аб дэмакратызацыі савецкага грамадзтва і рэформе палітычнай сыстэмы», «Аб барацьбе зь бюракратызмам», «Аб міжнацыянальных дачыненьнях», «Аб галоснасьці» і «Аб прававой рэформе». 1 сьнежня 1988 году Вярхоўны Савет СССР унёс папраўкі ў 3 разьдзелы Канстытуцыі СССР 1977 году. Паводле ўзору Канстытуцыі Расейскай СФСР 1918 году, ствараўся Зьезд народных дэпутатаў для абраньня 2/3 складу Вярхоўнага Савету. Астатнія 750 чалавек абіралі ад грамадзкіх аб’яднаньняў, сярод якіх 100 дэпутатаў адводзілася Камуністычнай партыі. Таксама 1 сьнежня Вярхоўны Савет зацьвердзіў новы Закон «Аб выбарах народных дэпутатаў СССР».

Пасьля 1-га Зьезду народных дэпутатаў СССР, які праходзіў з 25 траўня па 9 чэрвеня 1989 году, лік міністэрстваў Ураду СССР скарацілі з 52 да 32. 15 сакавіка 1990 году 3-і Зьезд народных дэпутатаў увёў шматпартыйнасьць, скасаваўшы 6-ы артыкул Канстытуцыі СССР пра кіраўнічую ролю Кампартыі. 1 кастрычніка 1990 году зацьвердзілі Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях». 9 кастрычніка 1990 году ўхвалілі Закон № 1708-1 «Аб грамадзкіх аб'яднаньнях», што дазволіў улік партыяў. 14 сакавіка 1991 году Міністэрства юстыцыі Расейскай СФСР паставіла на ўлік першыя 3 партыі: Дэмакратычную, Рэспубліканскую і Сацыял-дэмакратычную.

Прадпрымальніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

19 лістапада 1986 году Вярхоўны Савет СССР ухваліў Закон «Аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці», што дазволіў індывідуальнае прадпрымальніцтва. У выніку перастала падаць хуткасьць росту выніковасьці працы праз рост прыватных укладаньняў.

13 студзеня 1987 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастановы № 48 і 49 «Аб парадку стварэньня на тэрыторыі СССР і дзейнасьці сумесных прадпрыемстваў...», якія дазволіў з удзелам савецкіх установаў і замежных прадпрыемстваў. У лютым 1987 году Савет міністраў выдаў Пастанову «Аб стварэньні каапэратываў па вытворчасьці тавараў народнага спажываньня». 11 чэрвеня 1987 году Савет міністраў СССР зацьвердзіў Пастанову № 665 «Аб пераводзе прадпрыемстваў і арганізацыяў галінаў народнай гаспадаркі на поўны гасразьлік і самафінансаваньне». Пасьля выкананьня дзяржаўнага заказу прадпрыемствы змаглі прадаваць вырабы па свабодных цэнах. 30 чэрвеня 1987 году ўхвалілі Закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве». Супрацоўнікі прадпрыемстваў атрымалі права выбіраць кіраўніка. Ад ведамстваў прадпрыемствам перадалі паўнамоцтвы вызначаць памер заробкаў.

26 траўня 1988 году ўхвалілі Закон «Аб каапэрацыі ў СССР», паводле якога каапэратывам дазволілі вольны гандаль. 24 жніўня 1988 году ў казаскім горадзе Чымкенце (Паўднёва-Казахстанская вобласьць) стварылі першы каапэратыўны «Саюз-банк» з капіталам у 1 млн савецкіх рублёў. 22 сьнежня 1988 году Савет міністраў СССР ухваліў Пастанову «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб гасразьліковых зьнешнегандлёвых арганізацыях...», паводле якой дазволіў прыватны замежны гандаль.

У 1989 годзе адлічэньне прыбытку прадпрыемстваў дзяржаве зьнізілася да 36 % з 56 % у 1985 годзе. 6 сакавіка 1990 году зацьвердзілі Закон «Аб уласнасьці ў СССР».

Зьнешняя палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

19 лістапада 1985 году генсакратар Міхаіл Гарбачоў падпісаў з амэрыканскім прэзыдэнтам Рональдам Рэйганам Дэклярацыю аб недапушчальнасьці ядзернай вайны. 15 студзеня 1986 году Савецкі ўрад зрабіў Заяву з прапановай да ЗША ўзаемна скараціць ядзерную зброю. 4 траўня 1986 году ўрад СССР падтрымаў абраньне Махамада Наджыбулы на пасаду генсакратара кіроўнай Народна-дэмакратычнай партыі Аўганістану. Наджыбула прапанаваў прымірэньне з паўстанцамі, што дазволіла ўраду СССР скончыць Аўганска-савецкую вайну 15 лютага 1989 году вывадам свайго войска.

29 траўня 1987 году Кансультатыўны камітэт Арганізацыі Варшаўскай дамовы выпрацаваў ваенную дактрыну, што прадугледжвала аднабаковае скарачэньне ўзбраеньня. У 1987 годзе генсакратар Гарбачоў выдаў кнігу «Перабудова і новае мысьленьне для нашай краіны і для ўсяго сьвету», у якой прапанаваў разрадку дзеля прадухіленьня ўзаемнага гарантаванага зьнішчэньня. 8 сьнежня 1987 году ў Вашынгтоне (ЗША) падпісаў з амэрыканскім прэзыдэнтам Рэйганам Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці.

31 ліпеня 1991 году прэзыдэнт СССР Гарбачоў падпісаў з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Гэрбэртам Бушам Дамову аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў.

Рухі за незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Распад СССР

13 красавіка 1988 году ў этэры Эстонскага тэлебачаньня кіраўнік аддзелу Дзяржпляну Эдгар Савісаар прапанаваў стварыць «Народны фронт Эстоніі ў падтрымку перабудовы». Яго ўстаноўчы зьезд адбыўся 1 кастрычніка 1988 году ў Таліне. 8 кастрычніка 1988 году заснавалі «Народны фронт Латвіі». 22 кастрычніка 1988 году ў Вільні адбыўся ўстаноўчы сход «Летувіскага руху за перабудову».

16 ліпеня 1988 году ў Баку заснавалі «Народны фронт Азэрбайджану», які ўзначаліў Абульфаз Эльчыбэй. У 1988 годзе ў Грузіі заснавалі «Рух сьвятога Ільлі Праведнага» на чале са Зьвіядам Гамсахурдыяй.

20 траўня 1989 году заснавалі «Народны фронт Малдовы». 24 чэрвеня 1989 году ў Вільні свой устаноўчы зьезд правёў Беларускі народны фронт за перабудову «Адраджэньне». 8 верасьня 1989 году ў Кіеве заснавалі «Народны рух Украіны за перабудову».

Прызнаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 лістапада 1988 году Вярхоўны Савет Эстонскай ССР ухваліў Дэклярацыю аб сувэрэнітэце. 8 траўня 1990 году ўхваліў Закон «Аб сымболіцы Эстоніі», паводле якога дзяржава атрымала назву Эстонская Рэспубліка і выйшла са складу Савецкага Саюзу. 26 траўня 1990 году Вярхоўны Савет Летувіскай ССР ухваліў Дэклярацыю «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце». 11 сакавіка 1990 году зацьвердзіў Закон «Аб найменьні дзяржавы і гербе», паводле якога дзяржава стала называцца Летувіскай Рэспублікай і выйшла з СССР.

28 ліпеня 1989 году Вярхоўны Савет Латвійскай ССР зацьвердзіў Дэклярацыю «Аб дзяржаўным сувэрэнітэце Латвіі». 4 траўня 1990 году ўхваліў Дэклярацыю «Аб аднаўленьні дзяржаўнага сувэрэнітэту Латвійскай Рэспублікі», паводле якой узнавіў назву Латвійская Рэспубліка і выйшаў з Савецкага Саюзу. 6 верасьня 1991 году Дзяржаўны савет СССР у складзе кіраўнікоў саюзных рэспублік ухваліў Пастановы № 1, 2 і 3 «Аб прызнаньні незалежнасьці...» Эстонскай, Латвійскай і Летувіскай Рэспублікі.

Ад 23 верасьня 1989 году (Азэрбайджанская ССР) па 15 сьнежня 1990 году (Кіргіская ССР) Дэклярацыі аб сувэрэнітэце зацьвердзілі Вярхоўныя Саветы астатніх 12 саюзных рэспублік СССР. 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР ухваліў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. Ад 23 жніўня 1990 году (Армянская ССР) па 25 сьнежня 1991 году (Расейская СФСР) тыя 12 рэспублік зьмянілі свае назвы на сучасныя. 19 верасьня 1991 году Вярхоўны Савет БССР ухваліў Закон № 1085-XІІ «Аб назьве Беларускай ССР...», якая стала называцца Рэспублікай Беларусь. Ад 9 красавіка 1991 году (Грузінская ССР) па 16 сьнежня 1991 году (Казаская ССР) 11 з тых 12 рэспублік, акрамя Расеі, зацьвердзілі законы аб выхадзе з СССР. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет Беларускай ССР ухваліў Закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі... аб дзяржаўным сувэрэнітэце...» (Дзень Адраджэньня). 26 сьнежня 1991 году Савет Рэспублік Вярхоўнага Савета СССР зацьвердзіў Дэклярацыю № 142-Н «У сувязі са стварэньнем Садружнасьці незалежных дзяржаваў», якой прызнаў незалежнасьць 12 рэспублік, бо «канстатуе, што ... Саюз ССР як дзяржава і суб'ект міжнароднага права спыняе сваё існаваньне»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]