Курлоўскі расстрэл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Людзі перад домам губэрнатара на Саборнай плошчы ў Менску

Курло́ўскі расстрэ́л 1905 г. — расстрэл царскімі войскамі й паліцыяй мітынгу ў Менску 31 кастрычніка [ст. ст. 18] 1905 году. У гэты дзень па горадзе пачалі распаўсюджвацца чуткі пра Маніфэст 17 кастрычніка, які абвясьціў у краіне дэмакратычныя свабоды, даваў заканадаўчыя паўнамоцтвы Дзяржаўнай думе, але захаваў у Расеі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцу. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі й дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырвонымі сьцягамі й рэвалюцыйнымі песьнямі накіроўваліся да Віленскага вакзалу Лібава-Роменская чыгунка (зараз вакзал Менск-Пасажырскі). А 11-й гадзіне пачаўся мітынг. Па патрабаваньні яго ўдзельнікаў губэрнатар Павал Курлоў вызваліў палітвязьняў. Да 16 гадзінаў на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс. чалавек. На ўзвышэньні, дзе выступалі прамоўцы як сымбаль свабоды стаяла жанчына з чырвоным сьцягам. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэмар-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чалавек, каля 300 чалавек былі параненыы. У адказ на гэта злачынства Менская арганізацыя РСДРП зьвярнулася да жыхароў гораду з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна адхіліць ад пасады й аддаць пад суд губэрнатара Курлова й інш. асобаў, вінаватых у расстрэле, распусьціць паліцыю, выдаліць з гораду казакоў, забясьпечыць сем’і ахвяраў за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада ўзброеным сілам ня ўмешвацца ў сходы грамадзянаў. Менскі кааліцыйны савет у знак пратэсту ўзнавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6 лістапада [ст. ст. 24 кастрычніка] 1905 году. Абурэньне жорсткай расправай над удзельнікамі мітынгу ў Менску было настолькі вялікае, што ўлады вымушаны былі адклікаць Курлова ў Пецярбург і пачаць афіцыйнае расьследаваньне. Аднак злачынцаў да адказнасьці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны ў падзеях 18 (31 па н.с.) кастрычніка 1905 году й пераклаў яе на вайсковае камандаваньне.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Всероссийская политическая стачка в октябре 1905 г. Ч. 1. М.;.Л, 1955.
  • Курлов, П. Г. Гибель императорской России М., 1991;
  • Нарысы гісторыі Беларусі Ч. 1. Мн., 1994;
  • Революционное движение в Белоруссии 1905—1907 гг. : Док и материалы. Мн., 1955.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]