Перайсьці да зьместу

Рэжым Лукашэнкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьцяг рэжыму Лукашэнкі (налева) — мадыфікацыя сьцяга БССР (направа)
Герб рэжыму Лукашэнкі (налева) — мадыфікацыя гербу БССР (направа)

Рэжы́м Лукашэ́нкі — расейскі марыянэткавы[1] антыбеларускі[2] аўтарытарны палітычны рэжым у Беларусі, усталяваны прарасейскім[3] кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам, які ўтрымлівае ўладу шляхам фальсыфікацыі выбараў[4] і тэрору беларусаў[5] пры фінансавай[6], вайсковай[7] і інфармацыйнай[8][9] падтрымцы Расеі[10][11][12].

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, а таксама разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскае ядзернае зброі[13] — разам з гвалтоўным здушэньнем масавых пратэстаў беларусаў і сыстэматычным шматгадовым вынішчэньнем беларускае нацыянальнае ідэнтычнасьці (расейскім этнацыдам беларусаў) на карысьць расейскага нацызму — адкрыта прадэманстравала, што Беларусь знаходзіцца пад гібрыднай[14][15][16][17] акупацыяй Расеі[18][19][20][21][22][23].

Аўтазак зь сьцягам рэжыму Лукашэнкі ў час здушэньня пратэстаў беларусаў, 29 жніўня 2020 г.

Сымбалі рэжыму Лукашэнкі[24][25] — мадыфікацыя сымбаляў БССР часоў кіраваньня Сталіна. Яны не супадаюць з нацыянальнымі сымбалямі беларусаў — бел-чырвона-белым сьцягам і гербам Пагоняй — і асацыююцца найперш з асобай Лукашэнкі[26]. Аўтар мадыфікацыі — кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Леанід Сініцын[27][28][29], расеец паводле нацыянальнасьці і прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі[30], які меў імаверныя зьвязкі з расейскімі спэцслужбамі[31] і быў фігурантам дакладу дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэньні Лукашэнкі[32][33]. Як пазьней апавядаў Сініцын беларускаму дэпутату Валянціну Голубеву[31]:

« Справа ж не ў геральдыцы. Таму што калі прыгадаць, навошта ўвогуле трэба было мяняць сымболіку, дык зразумела, што чым яна горш атрымалася, тым лепей. Бо яе замена была толькі правакуючым выпадам, прычым толькі адным — у камбінацыі зь некалькіх удараў. »

Паводле сьведчаньня Сініцына, праца над новай сымболікай вялася з 21 сакавіка 1995 году, прытым дэпутаты атрымалі эскізы сьцяга і гербу ўжо 23 сакавіка. Як мяркуе Сяргей Навумчык, хуткае (за два дні) стварэньне прапанаванай Лукашэнкам сымболікі сьведчыла пра тое, што галоўнай мэтай рэфэрэндуму было ня столькі ўвядзеньне нейкай канкрэтнай сымболікі (якая разглядалася як часовая — да ліквідацыі незалежнасьці Беларусі), колькі зьнішчэньне дзяржаўнага статусу бел-чырвона-белага сьцяга і гербу Пагоні[34].

Работы Гусева, аўтара ЧЗ-сьцяга: плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму» (1940 г., налева) і партрэт Гітлера (1943 г., направа)

Сваім указам ад 12 чэрвеня 1995 году Лукашэнка de facto усталяваў сымбалі свайго рэжыму ў якасьці афіцыйных дзяржаўных сымбаляў Беларусі. Фармальнай падставай да гэтага сталі афіцыйна абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[35]:

У 2020 годзе пры здушэньні пратэстаў беларусаў супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня прыхільнікі сымбаляў рэжыму Лукашэнкі як афіцыйнай сымболікі Беларусі адзначыліся дзеяньнямі, якімі дыскрэдытавалі гэтую сымболіку[40]. Сярод іншага, адзначаліся факты катаваньняў (зьбіцьцё непаўналетніх[41], засоўваньне АМАПаўскіх дручкоў у горла[42] і задні праход[43]) пад афіцыйны гімн, які таксама ёсьць мадыфікацыяй сталінскага гімну БССР і складае адно цэлае з чырвона-зялёным сьцягам і афіцыйным гербам[44].

24 траўня 2021 году мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных справаў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замяніў на адным з пляцаў места чырвона-зялёны сьцяг на нацыянальны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг з Пагоняй з наступным абгрунтаваньнем: «Сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў мескім асяродзьдзі Рыгі»[45].

Рэжым Лукашэнкі ёсьць працягам палітыкі таталітарызму, якую праводзілі ў Беларусі ўлады Расейскай імпэрыі і СССР[46].

Па распадзе СССР, у 1991—1994 гадох Беларусь была адзінай краінай з былых савецкіх рэспублік, дзе нацыянальныя палітычныя сілы ня мелі прадстаўніцтва ў міністэрствах і структурах мясцовай выканаўчай улады — фактычна ня мелі доступу да рэальнага кіраваньня дзяржавы[47]. Ужо з восені 1993 году адзначалася актывізацыя прарасейскіх настрояў ва ўладных колах Беларусі, што выявілася ў працы Канстытуцыйнай Камісіі: большасьць яе сябраў выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — прыбраць з тэксту Канстытуцыі Беларусі. Такую пастанову падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[48].

Улетку 1994 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх у другім туры перамог Аляксандар Лукашэнка. Яшчэ ў 1993 годзе ён выступіў за аднаўленьне СССР і стаў ініцыятарам далучэньня Беларусі да вайсковага зьвязу АДКБ на чале з Расеяй[49], а ў часе выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі насіў не дзяржаўны бел-чырвона-белы, а чырвона-зялёны дэпутацкі значак БССР і ў сваёй перадвыбарчай праграме дэкляраваў наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай[50]. Разам з тым, у праграме не было згадак пра магчымую зьмену дзяржаўнай сымболікі[51]. А напярэдадні вызначальнага другога туру выбараў у час тэледэбатаў зь Вячаславам Кебічам Лукашэнка начапіў на пінжак значок з выявай бел-чырвона-белага сьцяга (апанэнт выступаў без значка)[52].

Як адзначаюць дасьледнікі[53], паварот Беларусі ў бок аўтарытарызму адбыўся яшчэ ў 1994 годзе па абраньні Лукашэнкі прэзыдэнтам краіны. Аднак разбурэньне парлямэнцкай сыстэмы Беларусі і сілавая дэманстрацыя ўсталяваньня дыктатуры ў краіне адбылася ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году[54], калі супрацоўнікі сілавых структураў зьбілі і вывелі з парлямэнту 19 дэпутатаў ад апазыцыі, што галадавалі на знак нязгоды з ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндумам, прызначэньне якога парушала канстытуцыю і законы[55][56][57][58][59][60]. Народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў вызначыў гэтыя падзеі наступным чынам: «Тое, што адбылося ў апошнія дні, ёсьць ня што іншае, як прэлюдыя фашыстоўскага перавароту, калі група асобаў учыняе крывавую лазьню ў сьценах парлямэнту і захоплівае ўсю паўнату ўлады ў краіне».

Галоўным апірышчам прарасейскага дыктатарскага рэжыму сталі шматлікія іншаземцы (найперш этнічныя расейцы), завезеныя ў Беларусь з усяго СССР у рэчышчы палітыкі русіфікацыі, якія ў адрозьненьні ад Латвіі і Эстоніі атрымалі неабмежаваны доступ у палітычную сыстэму краіны і на дзяржаўную службу (незалежна ад валоданьня беларускай мовай, веданьня гісторыі Беларусі і ўласнага стаўленьня да Беларускай дзяржаўнасьці)[61]. Тым часам ва Ўзброеных сілах пры прызначэньні на камандныя пасады, увогуле, аддавалася перавага народжаным па-за межамі Беларусі[62], многія з гэтых вайсковых начальнікаў адзначыліся адкрытымі заявамі, што Беларусь — гэта часовае непаразуменьне і што тут напраўду Расея[63].

Улетку 1996 году 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня паставілі подпісы пад імпічмэнтам прэзыдэнту з прычыны парушэньня ім Канстытуцыі Беларусі. У адказ Лукашэнка з парушэньнем Канстытуцыі і закону «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» правёў 24 лістапада 1996 году чарговы рэфэрэндум, на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў якога разагнаў парлямэнт Беларусі і ўтварыў цалкам падкантрольны Нацыянальны сход, які стаў найвышэйшым заканадаўчым органам рэжыму ў Беларусі. Адначасна апазыцыю цалкам выціснулі з тэлевізіі і радыё, а апазыцыйным газэтам не давалі друкавацца. У знак пратэсту ў адстаўку падалі прэм’ер-міністар Беларусі, два іншыя міністры і сем судзьдзяў Канстытуцыйнага суду. У гэтых умовах Злучаныя Штаты і Эўразьвяз адмовіліся прызнаваць легітымнасьць рэфэрэндуму. Тым часам Лукашэнка канцэнтраваў у сваіх руках уладу з дапамогаю ўзмацненьня спэцыяльных службаў, у прыватнасьці КДБ.

У красавіку 1998 году Лукашэнка стварыў г. зв. «Саюз Расеі і Беларусі», пазьней абвясьціў пра стварэньне г. зв. «Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі». Улады Расеі актыўна падтрымлівалі аўтарытарны рэжым у Беларусі ад часоў палітычнай крызы 1996 году, калі Лукашэнку зь іх дапамогай удалося пазьбегнуць імпічмэнту і здабыць абсалютную ўладу ў краіне[64].

У 1999—2000 гадох адбыліся выкраданьні (меркаваныя забойствы) вядомых супраціўнікаў рэжыму Лукашэнкі: былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі (7 траўня 1999), былога старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара і яго сябра бізнэсоўца Анатоля Красоўскага (16 верасьня 1999), былога асабістага апэратара Лукашэнкі Зьмітра Завадзкага (7 ліпеня 2000).

«Зачыстка» супрацоўнікамі сілавых структураў плошчы Незалежнасьці ў Менску, 2010 г.

У 2006 годзе адзначаліся наступныя прыкметы рэжыму Лукашэнкі[65]:

Спэцыяльная тэхніка рэжыму Лукашэнкі ў Менску дзеля здушэньня Дня Волі, 2017 г.

Ужо ў 1995 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў выкарыстоўваць адкрыты гвалт у дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў, які найбольш выявіўся ў час здушэньня пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў ў 2010 годзе, калі затрымалі больш за 600 чалавек (частку зь якіх зьбілі, а 30 чалавек у выніку асудзілі), і пры разгоне ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі ў 2017 годзе, калі затрымалі больш за 700 чалавек (некаторых моцна зьбілі)[66].

300-тысячны мітынг супраць фальсыфікацыі выбараў, гвалту і беззаконьня. Менск, 16 жніўня 2020 г.

У 2020 годзе пры здушэньньні масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў гвалт рэжыму Лукашэнкі над грамадзянамі Беларусі перайшоў на прынцыпова новы ўзровень, калі ён выявіўся забойствамі і масавымі катаваньнямі, а маштаб рэпрэсіяў у краіне наблізіўся да часоў сталінскага тэрору[67]. Ужо з жніўня 2020 году адзначалася набліжэньне рэжыму Лукашэнкі да вайсковай хунты, што ўтрымлівае ўладу з дапамогай гвалту і тэрору сілавога блёку ў дачыненьні да сваіх жа грамадзянаў[68]. У верасьні 2020 году беларускі палітык Зянон Пазьняк ахарактаразаваў рэжым Лукашэнкі як расейскі антыбеларускі фашызм (рашызм), які выкарыстоўвае тыпова фашысцкія акупацыйныя мэтады рэпрэсіяў супраць мірнага беларускага насельніцтва[69]. Ён адзначае, што сыстэма прарасейскага фашызму ў Беларусі пераклікаецца з сыстэмай фашызму Бэніта Мусаліні ў Італіі. У рэпрэсіях супраць беларусаў рэжым Лукашэнкі не абапіраецца на законы, дзее паводле правілаў акупацыйнага ваеннага часу. Прытым палітычны прыклад Лукашэнка ўзяў з Гітлера, пра якога выказаўся яшчэ ў 1995 годзе[70]:

« Нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі, пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшай кропкі. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Ведь немецкий порядок формировался веками. При Гитлере это формирование достигло наивысшей точки. Это то, что соответствует нашему пониманию президентской республики и роли в ней президента.
»

—Інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі карэспандэнту газэты Handelsblatt(de) Маркусу Цынэру, лістапад 1995 г.

У лістападзе 2020 году больш за 200 беларускіх пэдагогаў засьведчылі ў калектыўным звароце, што палітыка Лукашэнкі наблізілася да фашысцкай[71]. Прытым у час здушэньня пратэстаў у 2020—2021 гадох адзначаюцца дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, параўнальныя зь дзеяньнямі ўладаў Нацысцкай Нямеччыны[72]:

  • Спробы стварэньня ў жніўні 2020 году канцэнтрацыйных лягераў дзеля гвалтоўнага адсяленьня ўдзельнікаў пратэстаў[72].
  • Публічныя заклікі прапагандыстаў рэжыму да «канчатковага разьвязаньня пытаньня» з пратэстамі беларусаў за адну ноч[72]Ноч доўгіх нажоў»).
  • Кваліфікацыя з боку сілавых структураў разьбіцьця мэталічнымі гайкамі вокнаў з рэчамі (сьняжынкі, фіранкі) у колерах нацыянальнай сымболікі беларусаў як «выказваньня меркаваньня», а не злачынства[73]Крышталёвая ноч»).
  • Заклікі з афіцыйных дзяржаўных мас-мэдыя да «навядзеньня ў краіне парадку» паводле стандартаў Нацысцкай Нямеччыны (як станоўчы прыводзіўся прыклад, калі нацысты вывелі зь цягніка і на вачах ва ўсіх пасажыраў расстралялі жанчыну і яе ўнучку, якія ня мелі квіткоў)[72].
  • Называньне ў афіцыйных дзяржаўных мас-мэдыя пратэстоўцаў «жывёламі» дзеля іх дэгуманізацыі з мэтай апраўданьня катаваньняў і забойстваў[72]:
« Для людзей такія ўмовы недапушчальныя, а для жывёлы — цалкам. Скаціна ў адным куце паядае корм, а ў іншым апаражняецца.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
Для людей эти условия содержания недопустимы, а вот для животных — вполне. Скот в одном углу кучи поедает корм, а в другом опорожняется.
»

Аляксей Голікаў, тэлеканал СТВ, 22 лютага 2021 г.

« У якіх сем’ях выхоўваліся гэтыя людзі? Я лічу, мы занадта мякка абыходзімся зь імі і да іх падобнымі. Чамусьці яны дзеюць па-за межамі закону, а мы стараемся ўсё рабіць паводле закону. Паводле закону зь імі размаўляць, паводле закону іх пераконваць, паводле закону іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго – 20, 100… Каб не было панадна нікому. Можа быць, груба, але шчыра.
Арыгінальны тэкст  (рас.)
В каких семьях воспитывались эти люди? Я считаю, мы слишком мягко поступаем с ними и им подобными. Почему-то они действуют вне рамок закона, а мы стараемся все делать по закону. По закону с ними беседовать, по закону убеждать, по закону их уговаривать. А надо, как Путин сказал, мочить в сортире всех: за одного 20, 100… Чтобы не было неповадно никому. Может грубо, но искренне.
»

У сакавіку 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі (пракуратура Горадні) забаранілі спэктакль, дзе асуджаецца фашызм і нацызм на прыкладзе Галакосту, бо ўгледзелі ў ім аналёгіі з сытуацыяй у Беларусі[76].

17 красавіка 2021 году ФСБ Расеі заявіла, што дапамагло прадухіліць зрынаньне рэжыму Лукашэнкі «паводле адпрацаванага сцэнару „каляровых рэвалюцыяў“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў»[77]. 21 красавіка кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін згадаў пра Беларусь у кантэксьце спробы зрынаньня рэжыму Лукашэнкі як пра кантраляваную Расеяй тэрыторыю, на якой Расея будзе вызначаць, што ёсьць дзяржаўным пераваротам, а што — не[12]. Прытым рэжым Лукашэнкі адзначаецца рэпрэсіямі паводле беларускай моўнай і нацыянальнай прыкметы: 26 лютага 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі больш за два дзясяткі жанчынаў сталага (пэнсійнага) веку за прыватнае чытаньне ў электравіку беларускіх кніг (творы Янкі Купалы, Уладзімера Караткевіча, Васіля Быкава і іншых вядомых беларускіх пісьменьнікаў). У час, праведзены ў ізалятары да афіцыйнага суду, адзначаліся катаваньні (утрыманьне ў неналежных умовах пры нізкай тэмпэратуры, без матрацаў, коўдраў, ежы). Частцы затрыманых прысудзілі штрафы ў памеры некалькіх пэнсіяў, частцы — содні арышту[78][79]. 21 красавіка 2021 году супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі і неўзабаве прысудзілі 15 содняў арышту 65-гадоваму пэнсіянэру Адаму Шпакоўскаму; афіцыйнай прычынай уварваньня ў кватэру і ператрусу назвалі скаргу суседзяў, у якой пра пэнсіянэра нібыта напісалі, што «ён дастаў усіх сваёй беларускай мовай»[80]. 2 траўня 2021 году за фіранкі зь беларускім нацыянальным арнамэнтам на вокнах кватэры затрымалі і засудзілі жыхарку Менску[81].

21 красавіка 2021 году Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла дзьве рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі. У рэзалюцыі «Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расьсьледаваньня» падкрэсьлівалася, што «мірныя пратэсты пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году былі жорстка здушаныя рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, а многія пратэстоўцы былі арыштаваныя і зазналі катаваньні». Рэзалюцыя адзначала, што асобаў, якія маюць дачыненьне да падобных парушэньняў правоў чалавека, у Беларусі не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. У рэзалюцыі «Тэрміновая неабходнасьць рэформы выбарчай сыстэмы ў Беларусі» адзначалася, што сыстэма правядзеньня выбараў у Беларусі «стала асноўным фактарам цяперашняга палітычнага, эканамічнага і праваабарончага крызісу»[82].

У адказ на пратэсты ў Беларусі (2020—2021) увесну 2021 году Нацыянальны сход рэжыму Лукашэнкі прыняў папраўкі ў законы аб СМІ, масавых мерапрыемствах, супрацьдзеяньні экстрэмізму, органах унутраных справаў, Кодэкс аб адміністрацыйных парушэньнях, Крымінальны кодэкс[83]. На думку экспэртаў, пакет нарматыўных актаў, з асуджэньнем якога выступіў Камітэт па абароне журналістаў, яшчэ мацней уціскае свабоду слова й права на пашырэньне інфармацыі[83]. Паводле Андрэя Бастунца, старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, папраўкі былі зроблены, каб узаконіць рэпрэсіўныя практыкі ў дачыненьні да СМІ, якія сталі масава ўжываецца з 2020 году пры ігнараваньні нормаў канстытуцыі й міжнародных дамоваў[83]. Многія фармулёўкі ў законах, на думку экспэртаў, наўмысна размытыя, каб можна было практычна ўсякую неўпадабаную публікацыю кваліфікаваць як парушэньне, напрыклад нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам[83]. Тым часам, што такое «нацыянальны інтарэс», вызначаюць чыноўнікі, атаясамліваючы гэтае паняцьце з інтарэсамі захаваньня рэжыму Лукашэнкі[83]. Між іншым, дэ-факта ўводзіцца забарона на стрымы з несанкцыянаваных акцыяў (пры тым што атрымаць санкцыю на іх апанэнтам рэжыму неймаверна)[83]. За ўсякую крытыку ўладаў аўтар публікацыі рызыкуе трапіць пад крымінальны перасьлед паводле артыкула «аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» і атрымаць да чатырох гадоў пазбаўленьня волі[83]. З 2020 году масавым стала блякаваньне грамадзка-палітычных сайтаў («Naviny.by», «Салідарнасьці», «Эўрарадыё» й дзясяткаў іншых), што значна ўдарыла па іх наведвальнасьці й даходам ад рэклямы[83].

23 траўня 2021 году рэжым Лукашэнкі ўжыў вайсковы зьнішчальнік МіГ-29 дзеля таго, каб перахапіць пасажырскі Рэйс Ryanair 4978 і затрымаць беларускага журналіста Рамана Пратасевіча, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Паводле прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага: «Захоп цывільнага самалёта — гэта беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму, які ня можа застацца беспакараны»[84].

Паводле Міжнароднае амністыі, міліцыянты рэжыму займаюцца перасьледам лекараў за наданьне першае дапамогі удзельнікам пратэстаў[85][86].

19 чэрвеня 2021 году прадстаўнікі Беларусі, прызначаныя рэжымам Лукашэнкі, адзіныя з усіх краінаў прагаласавалі супраць рэзалюцыі ААН з заклікам спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму, дзе ў выніку перавароту ўладу захапілі вайскоўцы, а ў пратэстах загінула больш за 800 чалавек[87].

9 ліпеня 2021 году старшыні камітэтаў у замежных справах парлямэнтаў ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Ірляндыі, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Латвіі, Летувы і Ўкраіны назвалі дзеяньні рэжыму Лукашэнкі «кантрабандай людзьмі» (гандлем людзьмі) і выступілі з заклікам забараніць палёты рэйсаў, на якіх мігранты трапляюць у Беларусь дзеля далейшага незаконнага перасячэньня граніцы Эўрапейскага Зьвязу, а таксама ўвесьці санкцыі супраць асобаў і арганізацыяў, замяшаных у кантрабандзе людзей[88]. 20 ліпеня 2021 году кіраўнік Міністэрства замежных справаў Летувы Габрыелюс Ландсбергіс наступным чынам пракамэнтаваў прапанову Лукашэнкі «не задарма» спыніць плынь нелегальных мігрантаў празь Беларусь у Летуву: «Гэта не дапамога, гэта шантаж. Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае і не разьлічваем. Адказ просты — калі Менск ня спыніцца і працягне дастаўляць мігрантаў, Летува прапануе новыя санкцыі»[89].

17 верасьня 2021 году рэжым Лукашэнкі ліквідаваў Таварыства беларускай школы[90], 24 верасьня — Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына[91], 1 кастрычніка — Саюз беларускіх пісьменьнікаў[92], 8 лістапада — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны[93]. 30 лістапада 2021 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Лукашэнка засьведчыў, што «мне Пуцін кажа „дзякуй табе за расейскую мову», і дадаў: «Назаві яшчэ адну такую краіну, дзе расейская мова разьвіваецца на шкоду нацыянальнай»[94].

6 кастрычніка 2021 году Ўладзімер Асечкін, заснавальнік расейскага праекту Gulagu.net — дзе раней апублікавалі відэаархіў расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакаранняў зь відэафіксацыяй жорсткіх катаваньняў у расейскіх турмах — паведаміў, што мае зьвесткі пра удзел Службы вонкавай выведкі Расеі і іншых спэцслужбаў у катаваньнях у Беларусі[95]:

« Нам вядома, што ў тым ліку байцы атрадаў спэцыяльнага прызначэньня ФСІН перамяшчаліся ў Беларусь для таго, каб ужываць жорсткія, бесчалавечныя мэтады адносна мірных дэманстрантаў »

11 кастрычніка 2021 году ў Нюрнбэргу (Нямеччына) прайшла праўная канфэрэнцыя «Злачынствы супраць чалавецтва і прызнаньне Лукашэнкі тэрарыстам»[96][97].

18 кастрычніка 2021 году на паседжаньне Рады ЭЗ на ўзроўні кіраўнікоў МЗС, што праходзіла ў Люксэмбургу, кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас заявіў, што «Лукашэнка — кіраўнік дзяржаўнай сеткі перавозьнікаў нелегальных мігрантаў»[98], а 27 кастрычніка дзяржаўны сакратар па эўрапейскіх справах пры МЗС Францыі Клеман Бон зьвінаваціў сваякоў Аляксандра Лукашэнкі ў арганізаваным гандлі людзьмі, паводле ягоных словаў, мэта рэжыму — аслабіць і разьяднаць ЭЗ[99].

4 лістапада 2021 году старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Андрэй Савіных у этэры «Соловьев live» заявіў, што «Крым дэ-факта і дэ-юрэ даўно быў прызнаны беларускім бокам расейскім»[100]. 30 лістапада 2021 году ў інтэрвію расейскаму прапагандысту Дзьмітрыю Кісялёву Лукашэнка заявіў, што «Крым дэ-факта, я тады яшчэ сказаў, ня памятаю, быў ужо рэфэрэндум ці не. А пасьля рэфэрэндуму Крым і дэ-юрэ стаў расейскім», і паведаміў пра пляны наведаць Севастопаль[101]. Адказваючы на пытаньне пра дзеньні ў выпадку, калі краіны NATO перанясуць сваю ядзерную зброю ў Польшчу, Лукашэнка заявіў: «Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь… Мы дамовімся якую. Тую зброю, якая будзе найбольш эфэктыўнай. Усе хлявы для гэтага як дбайны гаспадар я захаваў»[102]. Пазьней з аналягічнай заявай выступіў Уладзімер Макей, а 20 сьнежня 2021 году прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у адказ на пытаньне пра магчымае размяшчэньне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі заявіў: «Ні для каго не сакрэт, што, безумоўна, разьмяшчэньне розных відаў узбраеньняў каля нашых межаў, якія могуць уяўляць для нас небясьпеку, запатрабуе прыняцьця адпаведных крокаў з тым, каб збалянсаваць сытуацыю. Тут магчымыя самыя розныя варыянты»[103].

24 сьнежня 2021 году амбасадар Эўразьвязу ў Беларусі Дырк Шубэль паведаміў, што рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся атрымаць заходнія вакцыны ад каранавірусу, якія прапаноўваліся бясплатна[104]. Раней Лукашэнка заявіў, што заходніх вакцынаў у Беларусі ня будзе, бо такія вакцыны патрабуюцца «оппам», каб «ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць»[105]. Тым часам 21 сьнежня 2021 год рэжым Лукашэнкі скасаваў абавязковую самаізаляцыю кантактаў першага і другога ўзроўняў, а таксама па прыездах з-за мяжы[106], прытым у краіне працягвала дзеяць фактычная забарона на выезд беларусаў праз наземныя пункты пропуску, якую афіцыйна тлумачылі менавіта змаганьнем з каранавірусам[107].

18 лютага 2022 году ў час асабістай сустрэчы Лукашэнкі з Пуцінам на пытаньне расейскага журналіста да Лукашэнкі, ці зьбіраецца ён быць «вечным прэзыдэнтам Беларусі», той адказаў, што «зараз мы з старэйшым братам параімся і вырашым»[108]. У афіцыйнай стэнаграме на сайце Лукашэнкі гэты адказ не апублікавалі, яго таксама няма на сайце БелТА[109]. 23 лютага 2022 году прызначаны Лукашэнкам міністар абароны Віктар Хрэнін азначыў Лукашэнку і Пуціна «нашымі прэзыдэнтамі»[110].

Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году адкрыта прадэманстравала, што Беларусь знаходзіцца пад гібрыднай акупацыяй Расеі: у той жа дзень Дзяржаўная пагранічная служба Ўкраіны засьведчыла, што расейскія войскі атакавалі дзяржаўную граніцу ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, тым часам Лукашэнка — кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі Беларусі — ня стаў зьняпраўджваць гэтых фактаў, заявіўшы толькі, што беларускія войскі «не бяруць ніякага ўдзелу ў расейскай спэцапэрацыі ў Данбасе». Па чым дадаў, што «нашых войскаў там няма. Але калі трэба будзе, калі гэта будзе неабходна Беларусі і Расеі — яны будуць»[18]. 27 лютага 2022 году Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне[111].

16 сакавіка 2022 году Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК) на чале з Паўлам Латушкам выступіла з заявай, у якой назвала Беларусь часова акупаванай тэрыторыяй і заклікала міжнародную супольнасьць даць адпаведную праўную ацэнку[112].

17 сакавіка 2022 году Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з 27 амбасадарамі краін ЭЗ у Жэнэве, якія прадстаўляюць свае краіны ў ААН, выступіла з заклікам да іх[113]:

  • вызнаць Беларусь як краіну, дэ-факта часова акупаваную Расеяй;
  • прыцягнуць Лукашэнку да трыбуналу ў зьвязку з падзеямі ва Ўкраіне;
  • неадкладна адрэагаваць на катаваньні ў турмах Беларусі і ўмовы ўтрыманьня палітычных вязьняў.
  • падтрымаць працу міжнароднай плятформы ў зборы довадаў злачынстваў рэжыму і падтрымаць беларускіх праваабаронцаў.

19 сакавіка 2022 году вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлетз на 49-й сэсіі Рады ААН у правах чалавека пацьвердзіў факты сэксуальнага гвалтаваньня затрыманых у 2020 годзе пратэстоўцаў у Беларусі з боку супрацоўнікоў сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі[114].

У траўні 2022 году нямецкі гісторык Фэлікс Акерман, супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытуту ў Варшаве, напісаў у Frankfurter Allgemeine Zeitung пра сыстэматычны перасьлед беларускамоўных кніг і іх выдаўцоў: «Апарат бясьпекі Лукашэнкі, расправіўшыся з арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, якія былі апорай пратэсту супраць рэжыму, цяпер узяўся змагацца зь беларускай мовай, якая лічыцца сымбалем пратэсту, бо чыноўнікі ў адміністрацыі, дзяржбясьпецы і на тэлевізіі размаўляюць па-расейску»[115].

25 сакавіка 2023 году Ўладзімер Пуцін заявіў, што Расея разьмяшчае у Беларусі сваю тактычную ядзерную зброю, што неўзабаве ажыцьцявілі[116][13].

У ліпені 2023 году былы баец Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі Максім Зязюльчык пацьвердзіў вызначальны ўдзел расейскага АМАПУ ў тэроры супраць беларусаў дзеля здушэньня пратэстаў. Паводле яго, расейскія байцы АМАП прыехалі ў Беларусь, пераапрануліся ў форму беларускага АМАП, але пакінулі свае ўласныя берцы, што можна разглядзець на відэа з пратэстаў. Зязюльчык сьцьвярджае, што расейскія амапаўцы былі больш жорсткімі за беларускіх, ужывалі сьвятлошумавыя і газавыя гранаты, моцна зьбівалі людзей[117].

Генацыд беларусаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 лістапада 2021 году сакратар Рады Беларускай Народнай Рэспублікі дацэнт Катэдры дзяржаўнага кіраваньня Флорыдзкага Атлянтычнага ўнівэрсытэту(en) доктар Паліна Прысмакова зьвярнула ўвагу на мэтанакіраваны генацыд беларусаў з боку прарасейскага рэжыму Лукашэнкі[118]:

« Сёньня, калі Беларусі прапаноўваецца гуманітарная дапамога вакцынамі, напрыклад, польскім урадам, а Міністэрства аховы здароўя адмаўляецца яе прымаць, мы можам казаць пра масавае выкарыстанне COVID-19 як біялягічнай зброі для пашкоджаньня беларускай нацыі. Паводле пункту «C» Канвэнцыі пра генацыд ААН, генацыд — гэта «наўмыснае стварэньне жыцьцёвых умоваў для групы, каб мэтанакіравана фізычна зьнічыць яе цалкам ці часткова» »

23 сьнежня 2021 году адвакат, праваабаронца, спэцыяліст у міжнародным крымінальным праве Томаш Віліньскі падаў у Нацыянальную пракуратуру Варшавы апавяшчэньне аб падазрэньні ў злачынствах, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і некаторымі асобамі зь ягонага атачэньня. Найсур’ёзьнейшыя зь зьвінавачваньняў — генацыд і злачынствы супраць чалавечнасьці. Абгрунтаваньне апавяшчэньня складаецца з больш як 160 старонак, дадатак — з 10 тысячаў старонак[119].

У сваёй рэзалюцыі ў падтрымку народа Беларусі й яго дэмакратычных памкненьняў 20 красавіка 2021 году Кангрэс ЗША асудзіў фальсыфікацыі на выбарах і наступныя жорсткія рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, а сам рэжым назваў нелегітымным[120].

10 чэрвеня 2021 году Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю (за яе прагаласавалі 626 дэпутатаў, 16 былі супраць, 36 устрымаліся), у якой сярод іншага назваў захоп рэйсу Ryanair 4978 «жахлівым актам», які парушае міжнародныя законы, і «актам дзяржаўнага тэрарызму»[121].

Прафэсарка Ганна Энгелькінг, этноляг Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, заўважае, што ўзровень рэпрэсіяў, які зараз вытрымлівае беларускае грамадзтва, можна параўнаць толькі з узроўнем рэпрэсіяў часоў фашысцкай акупацыі краіны, і што ў Польшчы 1980-х гадоў такога беспрэцэдэнтнага ўзроўню рэпрэсіяў не было[122].

7 жніўня 2021 году нямецкі Bild(en), адно з найбольш папулярных выданьняў Эўропы, апублікаваў артыкул пад назвай «Аляксандар Лукашэнка — дзяржаўны тэрарыст»[123]. «З моманту зладжанай ім фальсыфікацыі на выбарах, якія адбыліся роўна год таму ў Беларусі, Лукашэнка ўсё больш жорстка ставіцца да свайго народа», — адзначае выданьне. «Катаваньні, забойствы, перасьлед апазыцыі і сродкаў масавай інфармацыі, згон самалётаў, а цяпер і злоўжываньні бежанцамі», — пералічвае Bild злачынствы Лукашэнкі[124].

У верасьні 2021 году на Генэральнай Асамблеі ААН прэзыдэнты Польшчы, Летувы і Латвіі асудзілі рэжым Лукашэнкі, а кіраўнік Летувы Гітанас Наўседа адзначыў: «Безадказныя дзеяньні беларускага рэжыму могуць зрабіць значна большы ўплыў на міжнародную бясьпеку. Мы былі сьведкамі гэтага 23 траўня, калі быў учынены згон і прымусовая пасадка самалёта авіякампаніі Ryanair. Гэта было яўнае парушэньне міжнароднага права. Такія дзеяньні павінны разглядацца як акт спансаванага дзяржавай тэрарызму»[125].

16 кастрычніка 2021 году галоўны рэдактар і генэральны дырэктар расейскай газэты «Комсомольская правда» Ўладзімер Сунгоркін засьведчыў: «Год таму ён [Аляксандар Лукашэнка] рэальна быў вельмі блізкім да страты ўлады. Я лічу, што адзіная сіла, якая яго выратавала, — гэта была Расея»[126]. 17 сьнежня 2021 году прэс-сакратар кіраўніка Расеі Ўладзімера Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што «беларусам вельмі пашанцавала, што мы побач» і дадаў, што без Расеі Беларусь «хутка б ператварылі невядома ў што <…> нават бы не ва Ўкраіну, было б горш»[127]. Яшчэ ў чэрвені 2021 году пасол Расеі Яўген Лук'янаў наступным чынам пракамэнтаваў зьніжэньне прарасейскіх настрояў у Беларусі праз расейскую падтрымку рэжыму Лукашэнкі: «Расея — гэта не дзяўчына, каб усім падабацца. Любіць нас ня трэба. …Вам рыхтавалі звычайны лёс краіны, дзе перамагла каляровая рэвалюцыя. Вам спадабалася ва Ўкраіне? Значыць, гэта ваша пазыцыя, вы на тым баку барыкады, а я на другім»[128].

9 сакавіка 2022 году экс-прэм’ер Украіны Арсень Яцанюк даў наступную характарыстыку Лукашэнку і яго рэжыму[129]:

« Лукашэнка ніколі ня быў самастойным палітыкам. Цяпер ён стаў вайсковым злачынцам. І Лукашэнка зьнішчыў сваю краіну, ён кінуў Беларусь пад ногі Пуціна. І такім ён увойдзе ў сусьветную гісторыю, якая запіша яго калябарацыяністам, здраднікам сваёй краіны і свайго народу. <…> Таму ўвогуле сталася так, што фактычна Расея праз Лукашэнку зьдзейсьніла анэксію Беларусі. Сёньня Беларусь анэксаваная Расеяй. Мажліва, што не юрыдычна, але фактычна так. »

Юрыст, сябра Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк 28 чэрвеня 2022 году азначыў рэжым Лукашэнкі ў Беларусі як гібрыдную расейскую калёнію і раскрытыкаваў рэакцыю на яго з боку суседніх дзяржаваў — Эўрапейскага Зьвязу і Ўкраіны[130]:

« Нам, беларусам, балюча і непрыемна гэта прызнаваць, але мы, на жаль, на сёньня не незалежная дзяржава, а гібрыдная расейская калёнія, якую імпэрыя ня хоча адпускаць. Парадокс, але тое ж самае няёмка прызнаваць і ЭЗ, і Ўкраіне. Давядзецца з гэтым нешта зрабіць, калі ў цэнтры Эўропы — гібрыдная калёнія. Зусім іншая справа, калі сказаць, што гэта проста беларусы такія нязграбныя, не змаглі голымі рукамі Пуціна перамагчы, якога ўвесь сьвет прывык дзесяцігодзьдзямі бокам абыходзіць, вочы заплюшчваць і нафту купляць. Але заяц, хоць ты яго тысячу разоў качкай назаві, не паляціць. Таму мы і лічым, што на нашых суседзях — ЭЗ, Украіне — у нейкай ступені нават больш адказнасьці за сёньняшнюю вайну, чым на беларусах. Паколькі яны валодаюць несувымерна большым рэсурсам — і грашовым, і вайсковым, — чым беларусы. «Каму больш дадзена, з таго больш і спытаецца». Лука, 12:48. Таму мы другі год і зьвяртаемся да сьвету з просьбай аб дапамозе. »

У жніўні 2022 году на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якую арганізаваў офіс Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні, заснавальнік палку «Пагоня» Вадзім Пракоп'еў даў наступную ацэнку рэжыму Лукашэнкі і яго падтрымцы з боку Расеі: «Мы на вайне з 2020 году, з тых часоў, як разьвеяліся апошнія надзеі на аксамітную рэвалюцыю, як не спрацавала тэорыя негвалтоўнага супраціву. Мы на вайне не з Лукашэнкам — мы на вайне з расейскай імпэрыяй, з цынічнымі, подлымі і непрыстойна багатымі людзьмі ў Крамлі. Лукашэнка, якога мы ненавідзім, — гэта ілжывая мэта, ён проста зручны чалавек для Крамля»[131].

  1. ^ Гурневіч Д. (26 лютага 2022) 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, — меркаваньне Радыё Свабода
  2. ^ On the illegal criminal prosecution by the Lukashenka regime, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, 3 кастрычніка 2023 г.
  3. ^ Лукашенко: В интересах Беларуси и России найти взаимовыгодные решения по проблемным вопросам (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  4. ^ Лукашенко: Последние выборы мы сфальсифицировали (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  5. ^ Лукашэнка пра катаваньні на Акрэсьціна: «Атрымалі тыя, хто там жа кідаўся на мянтоў» Радыё Свабода
  6. ^ Ціханоўская пракамэнтавала расейскі крэдыт Лукашэнку: «Гэта падоўжыць яго агонію» Радыё Свабода
  7. ^ Прэс-сакратар Пуціна пракамэнтаваў падрыхтоўку расейскага «рэзэрву праваахоўнікаў» для Лукашэнкі Радыё Свабода
  8. ^ Супрацоўнікаў БТ, якія страйкуюць, замянілі супрацоўнікамі Russia Today Радыё Свабода
  9. ^ Ва Ўкраіне дасьледавалі, як Расея дапамагала Лукашэнку легітымізаваць ягоную ўладу пасьля выбараў у 2020 годзе Радыё Свабода
  10. ^ Зянон Пазьняк: Мацуйма нашу нацыянальную сілу! Беларускае Радыё Рацыя Архіўная копія
  11. ^ Расія прыйшла на падтрымку хунце М’янмы Наша Ніва
  12. ^ а б «Можна мець любы пункт гледжання наконт палітыкі Лукашэнкі, але…» Пуцін згадаў Беларусь у пасланні Наша Ніва
  13. ^ а б Павал Усаў: Тактычная ядзерная зброя ў Беларусі пацягне сур'ёзныя наступствы Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё
  14. ^ Litwin H. Belarus between a difficult yesterday and an uncertain tomorrow // New Eastern Europe. Issue 1—2, 2024. P. 7—8.
  15. ^ Usov P. From аўтарitarianism to Neo-Totalitarianism in Belarus // Politics and Security of Central and Eastern Europe. — Springer, 2023. P. 34.
  16. ^ Raport VII: Białoruś w fazie rosyjskiej okupacji hybrydowej. — Warszawa: Studium Europy Wschodniej UW, 2022. ISBN 978-83-67208-14-7.
  17. ^ The Belarus Research Network on Neighborhood Policy
  18. ^ а б Ліхтаровіч Ю. (24 лютага 2022) Беларусы супраць вайны, але краіна пад расійскай акупацыяй Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё
  19. ^ Гурневіч Д. (26 лютага 2022) 7 адказаў тым, хто абвінавачвае агулам усіх беларусаў, — меркаваньне] Радыё Свабода
  20. ^ Дашкевіч З. (25 лютага 2022) «Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад акупацыяй» Новы час
  21. ^ «Выглядае, што Беларусь акупаваная». Дасьледчыца Atlantic Council пра магчымы ядзерны ўдар Пуціна Радыё Свабода
  22. ^ Генадзь Коршунаў: Каб у свой час сусветная супольнасць так стала побач з беларусамі, як сёння з украінцамі, то нішто не ляцела б з акупаванай тэрыторыі Наша Ніва
  23. ^ Дубавец С. (25 лютага 2022) «Беларусь паўстала, і цяпер беларусы самі пад акупацыяй» Новы час
  24. ^ BIELARUS.org — №508 — Антыбеларуская дзейнасьць прыхільнікаў Лукашэнкі www.bielarus.org
  25. ^ ДЗІЎНЫЯ СПРАВЫ Ў БЕЛАРУСКІМ ЗАМЕЖЖЫ - Зянон Пазьняк — Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ pazniak.info
  26. ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 10.
  27. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 65.
  28. ^ Мартинович Д. (2020-06-22) Референдум 1995 года (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  29. ^ Толкачева Е. (2020-04-12) «Сел и нарисовал». Как в 1995 году БЧБ-флаг сменили на красно-зеленый, а «Пагоню» — на герб БССР (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  30. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 24.
  31. ^ а б Навумчык С. (18 красавіка 2014) «Маўр» Лукашэнкі, або той, хто зьмяніў герб і сьцяг Радыё Свабода
  32. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 127.
  33. ^ Соўсь Г. (12 кастрычніка 2019) Антончык пра антыкарупцыйны даклад Лукашэнкі, фатальную памылку Ганчара і «звышцынізм» апазыцыі Радыё Свабода
  34. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 66.
  35. ^ Навумчык С. (2019-05-14) Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным Радыё Свабода
  36. ^ а б Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ Наша Ніва
  37. ^ Мартинович Д. (8.12.2020) Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  38. ^ Мікулевіч С., Гезгала С. (19 верасьня 2012) Сёння — Дзень Пагоні і нацыянальнага сцяга Наша Ніва
  39. ^ Цітоў А. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Менск: РІВШ БДУ, 1999.
  40. ^ «Будучыня гэтага сцяга ім глыбока да аднаго месца» Наша Ніва
  41. ^ «Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньні Радыё Свабода
  42. ^ «Пхалі дубінку ў горла, білі ў вочы». Школьнік трапіў у кому пасьля нападу АМАПу. ВІДЭА Радыё Свабода
  43. ^ «Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня. ВІДЭА Радыё Свабода
  44. ^ Старая мелодия Государственного гимна с новыми словами вполне соответствуют переживаемому страной трагическому периоду отечественной истории, считает изветный музыкант А. Фролов, БелаПАН, 11.06.2002 г.
  45. ^ Зь Беларусі высылаюць амбасадара Латвіі, дыпляматаў і тэхнічных супрацоўнікаў Радыё Свабода
  46. ^ «Я чалавек вуліцы». ​Ганна Севярынец пра штурм Курапатаў, паламаны лёс Колі і законы мурашніку Радыё Свабода
  47. ^ Навумчык С. (15 красавіка 2020) Беларусь як унікум. Адказ Прэйгерману Радыё Свабода
  48. ^ Навумчык С. (15 сакавіка 2020) У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР Радыё Свабода
  49. ^ Краіны АДКБ адмовіліся прымаць афганскіх уцекачоў Радыё Свабода
  50. ^ Навумчык С. (12 траўня 2019) Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным Радыё Свабода
  51. ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 105.
  52. ^ Тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь 1994 году
  53. ^ Рудлінг П. А. Лукашэнка і «чырвонакарычневыя»: дзяржаўная ідэалогія, ушанаванне мінулага і палітычная прыналежнасць // Палітычная сфера. № 14, 2010. С. 90—113.
  54. ^ Валянцін Голубеў: Да рэфэрэндуму 1995 года Лукашэнка яшчэ саромеўся // Белсат, 12 красавіка 2013 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
  55. ^ Латышонак А. (2009-05-13) Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі ARCHE Пачатак Архіўная копія
  56. ^ Пастухоў М. Ці законны рэфэрэндум 1995 году адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове? // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  57. ^ Запрудзкі С. Грамадзкае сьцьвярджэньне беларускай мовы і парушэньні правоў беларускамоўных людзей // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы. — Вільня: Gudas, 2000. ISBN 998-6951-82-7.
  58. ^ Запрудзкі С. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады ARCHE Пачатак Архіўная копія
  59. ^ Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан ARCHE Архіўная копія
  60. ^ Заключение Конституционного Суда Республики Беларусь от 11 октября 1995 г. №З-17/95 «О соответствии Конституции Республики Беларусь статьи 7 Закона „О Верховном Совете Республики Беларусь“, статьи 10, части четвертой статьи 63 Временного регламента Верховного Совета Республики Беларусь»
  61. ^ Алесь Чайчыц (26 красавіка 2022) Прыкінуцца нежывой — і выжыць. Як Беларусь можа ацалець сярод вайны Радыё Свабода
  62. ^ Сяргей Навумчык (24 сакавіка 2022) Каму цяпер служыць беларускае войска Радыё Свабода
  63. ^ «Заказчыкі ў пагонах прасілі: зрабі нам як у Расіі!» Геральдыст і былы супрацоўнік Мінабароны расказаў пра ідэолагаў сілавых структур і сваю гісторыю Наша Ніва
  64. ^ За што Селязьнёў атрымаў ад Лукашэнкі ордэн Скарыны? Радыё Свабода
  65. ^ Грамадзкі Г., Вэсэлы Л. Актыўна і супольна. Эўразьвяз ў дачыненьні да Беларусі на будучыню. — Варшава: Фундацыя імя Стэфана Батуры, 2006. ISBN 83-89406-63-2. — С. 11—12.
  66. ^ Кроў, «фашысты» і Васіль Быкаў. Як адзначалі Дзень Волі апошнія 30 гадоў Белсат
  67. ^ Партыя БНФ: «Беларусь ня ведала такога маштабу зьверстваў з часоў бальшавіцкага тэрору і нацысцкай акупацыі» Радыё Свабода
  68. ^ Івашын Д. (16 верасьня 2020) Каго абараняе Міністэрства абароны? Можа народ? Новы час
  69. ^ Зянон Пазьняк: яшчэ раз пра расейскі фашызм у Беларусі Беларуская Салідарнасьць
  70. ^ Навумчык С. (27 лістапада 2020) Як Лукашэнка хваліў Гітлера Радыё Свабода
  71. ^ Больш за 200 педагогаў выступілі супраць ціску і звальнення нязгодных Эўрапейскае радыё для Беларусі
  72. ^ а б в г д Сцешык Я. (23 лютага 2021) Прапаганда нянавісці на дзяржаўным тэлебачанні Белсат
  73. ^ Разьбітае гайкамі за бел-чырвона-белыя колеры акно аказалася не адзіным Радыё Свабода
  74. ^ Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто беларусаў у адказ на гібель працаўніка КДБ Белсат
  75. ^ Гісторык: генералу Белаконеву падабаюцца метады, якія выкарыстоўвалі нацысты Белсат
  76. ^ У Горадні забаранілі спэктакль, дзе асуджаецца фашызм. Пракуратура ўгледзела ў ім аналёгіі з сытуацыяй у краіне Радыё Свабода
  77. ^ ФСБ Расеі заявіла, што дапамагло прадухіліць дзяржаўны пераварот у Беларусі Радыё Свабода
  78. ^ «15 сутак за томік Купалы». Як у Менску судзяць пэнсіянэрак, якія ў электрычцы чыталі беларускіх клясыкаў Радыё Свабода
  79. ^ «Трэба пакараць людзей, якія тварылі бясчынствы». Выйшла з 20 сутак пэнсіянэрка, якую асудзілі за кнігу Быкава Радыё Свабода
  80. ^ «Дастаў усіх сваёй беларускай мовай»,— пэнсіянэра арыштавалі на 15 дзён і правяраюць на датычнасьць да фінансаваньня пратэстаў Радыё Свабода
  81. ^ Кохно М. (04-05-2021) В Минске судили хозяйку квартиры за занавески с белорусским орнаментом на балконе 14-го этажа (рас.) TUT.BY Архіўная копія
  82. ^ ПАРЭ прыняла дзьве рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі. Коратка пра асноўнае Радыё Свабода
  83. ^ а б в г д е ё ж Александр Класковский (2021-05-06) Независимые СМИ в Беларуси, похоже, решено выжечь огнеметом (рас.) naviny.by Архіўная копія
  84. ^ «Гэта беспрэцэдэнтны акт дзяржаўнага тэрарызму». Міжнародныя рэакцыі на прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair Радыё Свабода
  85. ^ Belarus: Crackdown on Medics (анг.) Міжнародная амністыя
  86. ^ У Білорусі режим Лукашенка переслідує медиків за участь в акціях протесту, - Amnesty International (укр.) РБК-Україна(uk)
  87. ^ А Беларусь супраць. ААН заклікала спыніць пастаўкі зброі ў Мʼянму і вызваліць палітвязьняў Радыё Свабода
  88. ^ Парлямэнтары ЭЗ, Вялікай Брытаніі, Украіны і ЗША заклікалі спыніць палёты самалётаў зь мігрантамі ў Беларусь Радыё Свабода
  89. ^ Кіраўнік МЗС Літвы: «Заявы Лукашэнкі? Ад тэрарыстычнага рэжыму на іншае не разьлічваем» Радыё Свабода
  90. ^ Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе Радыё Свабода
  91. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС «Бацькаўшчына» Радыё Свабода
  92. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, які дзейнічае з 1934 году Радыё Свабода
  93. ^ Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовы Радыё Свабода
  94. ^ Лукашэнка прызнаў, што расейская мова разьвіваецца ў Беларусі на шкоду беларускай Радыё Свабода
  95. ^ Gulagu.net: Расейскія спецслужбы дапамагалі беларускім у катаваннях жніўня-2020 Белсат
  96. ^ У Нюрнбэргу пачынаецца канфэрэнцыя аб «злачынствах Лукашэнкі супраць чалавецтва». Ужывую Радыё Свабода
  97. ^ «Стварыць міжнародную працэдуру па разглядзе злачынстваў супраць правоў чалавека ў Беларусі». Чым скончылася канфэрэнцыя ў Нюрнбэргу Радыё Свабода
  98. ^ Кіраўнік МЗС Нямеччыны: «Лукашэнка — кіраўнік дзяржаўнай сеткі перавозчыкаў нелегальных мігрантаў» Радыё Свабода
  99. ^ Францыя абвінаваціла сям’ю Лукашэнкі ў арганізаваным гандлі людзьмі Радыё Свабода
  100. ^ Савіных: Крым быў прызнаны беларускім бокам расійскім Наша Ніва
  101. ^ Лукашэнка заявіў, што Крым дэ-юрэ расейскі, і зьбіраецца ў Севастопаль Радыё Свабода
  102. ^ Лукашэнка расказаў, пры якой умове папросіць Пуціна разьмяціць у Беларусі ядзерную зброю Радыё Свабода
  103. ^ Крэмль пракаментаваў магчымасць размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі Эўрапейскае радыё для Беларусі
  104. ^ Улады Беларусі не адказалі на прапанову Эўразьвязу даць заходнія вакцыны ад каранавірусу Радыё Свабода
  105. ^ Хочаце Pfizer ці Johnson & Johnson? Ёсць «вакцынныя туры»: Польшча, Украіна, Турцыя. Расказваем, колькі яны каштуюць Наша Ніва
  106. ^ COVID-19. Cкасавалі абавязковую самаізаляцыю кантактаў першага і другога ўзроўняў, а таксама пасьля прыездаў з-за мяжы Радыё Свабода
  107. ^ Захарэвіч Н. (22 сьнежня 2021) Лукашэнка зноў перамог каранавірус Радыё Свабода
  108. ^ «Зараз мы са старэйшым братам параімся і вырашым». Пра што гаварылі Лукашэнка і Пуцін падчас перамоваў Наша Ніва
  109. ^ Сайт прэс-службы Лукашэнкі не апублікаваў яго скандальныя выказванні наконт «старэйшага брата» Наша Ніва
  110. ^ Прызнаць "Л/ДНР" або захаваць "мірны астравок": няпросты выбар Лукашэнкі Эўрапейскае радыё для Беларусі
  111. ^ Лукашэнка прызнаў, што з тэрыторыі Беларусі запусьцілі ракеты па Ўкраіне Радыё Свабода
  112. ^ Латушка заклікаў прызнаць Беларусь тэрыторыяй, часова акупаванай Расеяй Радыё Свабода
  113. ^ Ціханоўская ў ААН заклікала прызнаць Беларусь краінай пад часовай ваеннай акупацыяй Радыё Свабода
  114. ^ У ААН пацьвердзілі факты сэксуальнага гвалтаваньня затрыманых у 2020 годзе пратэстоўцаў у Беларусі Радыё Свабода
  115. ^ Кніга па-беларуску стала «рэальнай пагрозай дзяржаўнаму парадку». Нямецкі гісторык пра перасьлед кнігавыданьня ў Беларусі Радыё Свабода
  116. ^ Сахашчык: Ядзерная зброя моцна актывізуе партызанскі рух у Беларусі, Радыё Свабода, 27 сакавіка 2023 г.
  117. ^ Палонны найміт-беларус распавёў, што ў разгоне пратэстаў у Беларусі браў удзел расейскі АМАП Белсат
  118. ^ Паліна Прысмакова пра палітыку Лукашэнкі падчас пандэміі COVID-19: «генацыд беларускага народу» Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
  119. ^ Заява ў польскую пракуратуру з абвінавачаньнем Лукашэнкі ў генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасьці налічвае тысячы старонак Радыё Свабода
  120. ^ Ольга Тихомирова (2021-04-21) Конгресс США призвал к новым выборам в Беларуси (рас.) Нямецкая хваля Архіўная копія
  121. ^ Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю па Беларусі з заклікам да новых санкцый Радыё Свабода
  122. ^ Прафэсар Польскай акадэміі навук: «Новае беларускае пакаленьне — фэнамэнальнае ўвасабленьне эўрапейскасьці» Радыё Свабода
  123. ^ Röpcke J., Mößbauer K. (7 жніўня 2021) Alexander Lukaschenko — Der Staats-Terrorist (ням.) Bild
  124. ^ Німецький Bild назвав Лукашенка «державним терористом» (укр.) ЕСПРЕСО
  125. ^ Прэзыдэнты Польшчы, Літвы і Латвіі асудзілі рэжым Лукашэнкі на Генасамблеіі ААН Радыё Свабода
  126. ^ Сунгоркин про Лукашенко: Главная его цель — сохранить власть, никуда он не уйдет (рас.) TUT.BY
  127. ^ Песков: Белорусам очень повезло, что есть мы рядом (рас.) TUT.BY
  128. ^ «Расея не дзяўчына, каб усім падабацца». Пасол Лукʼянаў пра настроі беларусаў, палітвязьняў і трыкалёр Радыё Свабода
  129. ^ Ганна Соўсь (9 сакавіка 2022) Экс-прэм’ер Украіны беларусам: Лукашэнка цяпер ніхто, завяршыце, што распачалі два гады таму Радыё Свабода
  130. ^ Кірылюк М. (28 чэрвеня 2022) Беларусы не зрабілі выбару паміж ЕЗ і РФ? Гэта хлусня Белсат
  131. ^ Польскі Newsweek пра «Новую Беларусь»: Добрых сцэнароў не засталося, цяпер толькі вайна, толькі хардкор Наша Ніва

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]