Вільня
Вільня лац. Vilnia | |||||
лет. Vilnius | |||||
Супраць гадзіньнікавай стрэлкі: вежа Гедзіміна, касьцёл Сьвятой Ганны, Вострая брама, Замкавая вуліца, хмарачосы ў Сьніпішках, Прэзыдэнцкі палац | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1323 | ||||
Магдэбурскае права: | 1387 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Віленскі | ||||
Мэр: | Рэмігіюс Шымашус[1] | ||||
Плошча: | 401 км² | ||||
Вышыня: | 112 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 547 328 чал. | ||||
шчыльнасьць: | 1364,91 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +370 5 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-01000 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°41′14″ пн. ш. 25°16′48″ у. д. / 54.68722° пн. ш. 25.28° у. д.Каардынаты: 54°41′14″ пн. ш. 25°16′48″ у. д. / 54.68722° пн. ш. 25.28° у. д. | ||||
Вільня | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
https://vilnius.lt/ |
Ві́льня (лет. Vilnius) — сталіца і найбольшае места Летувы, на рацэ Вяльлі пры ўтоку ў яе ракі Вільні. Адміністрацыйны цэнтар Віленскага павету. Плошча 392 км². Насельніцтва на 2018 год — 547 328 чалавек. Знаходзіцца за 33 км ад беларуска-летувіскай граніцы. Вузел чыгунак (5 кірункаў) і аўтамабільных дарог. Аэрапорт.
Вільня — другая (пасьля Наваградку) сталіца Вялікага Княства Літоўскага, цэнтар гістарычнага рэгіёну, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Даўняя сталіца беларусаў, якая мае вялізнае значэньне ў беларускай гісторыі і культуры. Скарбніца помнікаў архітэктуры самабытнага ў кантэксьце агульнаэўрапейскага мастацтва стылю віленскага барока. Тут захаваўся комплекс Старога Места, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО. Дзее найстарэйшы ў Беларусі[2] і Летуве ўнівэрсытэт. У наш час палітычны, эканамічны, сацыяльны, культурны і навуковы цэнтар Летувы.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Вільня ўтварыўся паводле славянскай традыцыі ад назвы ракі Вільні[5], левага прытоку Вяльлі, што мае аналёгіі зь іншымі старажытнымі гарадамі на этнічнай тэрыторыі беларусаў[6]. Сваім парадкам, гідронім Вільня таксама мае славянскае паходжаньне[7]. Магчыма, ад беларускага дыялектавага слова вільня 'улукаткі, крутня, месца, дзе трэба круціцца, віляць на абмежаванай тэрыторыі' (напрыклад, ісьці па балотных купінах ды іншым); 'віляньне'[8]. Пад уладай Савецкай Расеі ў рэчышчы палітыкі летувізацыі расейскі лінгвіст-балтыст Уладзімер Тапароў (вучань Алега Трубачова) зьвязваў назву ракі з сугучнымі летувіскімі словамі vilnis 'хваля', vieloti 'зьвівацца', vėlė 'душа памерлага', Velinas 'валадар царства памерлых' (пазьней — 'чорт')[9][a]. Некаторыя летувіскія дасьледнікі[11] таксама зьвязваюць гідронім зь vilnis, аднак географ Вадзім Жучкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што гэтая водная назва ня мела б ніякага сэнсу[12]. Пагатоў такога значэньня ня мае ніводная водная назва ні на адной зь вядомых моваў[12]. Разам з тым, паводле мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, гіпатэтычны балтыйскі субстратавы фон беларускай мовы не адкідае магчымасьці балтыйскага паходжаньня гідроніму[8].
Паводле францускага лінгвіста-германіста Раймонда Шмітляйна, які на падставе шматгадовых дасьледаваньняў прыйшоў да высноваў пра германскае паходжаньне літоўскіх уласных імёнаў, назва Вільні ўтварылася ад гоцкага імя Williniu або Wilennus[13] (на гістарычнай Рэччычыне існуе вёска Віленка, у 1901 годзе на гістарычнай Старадубшчыне існаваў хутар Віленскі[14], у 1905 годзе ў Гедройцкай воласьці існавалі засьценак Вільна-Вільнішкі, фальварак і засьценак Вільнішкі, а ў Немянчынскай воласьці — вёска і засьценак Вільнішкі[15], у 1906 годзе існавала вёска Вільна ў Невельскім павеце Віцебскай губэрні[16], у 1910 годзе існавала сядзіба Вілень у Быхаўскім павеце, а таксама вёска і два фальваркі з назвай Вельня ў Амсьціслаўскім павеце Магілёўскай губэрні[17]). Паходжаньне назвы места і ракі Вільні ад асабовага імя князя Віла (Вілія) сьцьвярджаў яшчэ гісторык Ян Длугаш[b].
У старажытных пісьмовых крыніцах места ўпамінаецца пад назвай Вільня (Vilnia або Vilna, напрыклад, у лістах вялікага князя Гедзіміна 1323 году «in civitate nostra regia Vilnia»[19]). Варта зазначыць, што ў старабеларускіх тэкстах з XV ст. суіснавалі формы Вильня / у Вильни і Вильна / у Вильне (што параўнальна з Горадна — Горадня і Коўна — Коўня), але паступова запанавала форма Вильня[8]. Форму Vilnius па-жамойцку пачалі ўжываць прыкладна з XVII ст. (М. Даўкша ў «Пастыле» 1600 году). Летувіскі тапаніміст Аляксандрас Ванагас мяркуе, што гэтая форма ўзьнікла пад уплывам польскай назвы Wilno (у летувіскай мове няма назоўнікаў ніякага роду, у пазычаньнях ён зьмяняецца на мужчынскі). Сваім парадкам, польскае Wilno утварылася ад старабеларускага варыянту Вільна[8]. Тым часам першаснай і найбольш старажытнай назвай места ў жамойцкіх (летувіскіх) гаворках ёсьць Vilnia, на што зьвяртае ўвагу А. Ванагас і што пацьвярджаецца сучаснай латыскай назвай — Viļņa[8].
З другой паловы XIX ст., па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньне 1863—1864 гадоў улады Расейскай імпэрыі пачалі надаваць вялікае значэньне напісаньню назвы места: форма Вильна лічылася расейскай, Вильно (польск. Wilno) — польскай. Цяперашнюю расейскую форму Вильнюс упершыню ўжылі ў 1940 годзе, калі ўлады СССР перадалі места Летуве, у гэты ж час у наркамаўцы ўсьлед за расейскай мовай пачалі прымусова ўжываць штучную форму Вільнюс замест традыцыйнай беларускай Вільні.
Традыцыйная гістарычная назва Вільня шырока ўжываецца ў беларускіх народных прыказках, прымаўках і фразэмах: «Не за дзень Вільня станавілася» (варыянты: «Не адразу Вільню пабудавалі», «Вільня не адразу збудавалася»), «Рабі пільна (пільня) — і тут будзе Вільня» (варыянт: «Рабі пільна — і будзе Вільня!»), «Круці жорны пільна, то й тут будзе Вільня», «Язык Вільні дапытае», «Языком у Вільні, а галавою за печчу», «За рубель жабу ў Вільню пагоніць»[20][21]. Увогуле, вобраз Вільні пад традыцыйная гістарычнай назвай займае важнае месца ў беларускім фальклёры і літаратуры (Якуб Колас, Уладзімер Жылка ды іншыя).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Згодна з археалягічнымі дасьледаваньнямі, у XI—XII стагодзьдзях каля падэшвы Замкавай гары існаваў горад, заснаваны крывічамі ў сутоцы рэк, які паводле славянскай традыцыі атрымаў назву ад меншай ракі Вільні. Не пазьней за другую палову XII ст. ён стаў сталіцаю ўдзельнага княства Полацкай зямлі. У ім валадарылі прадстаўнікі полацкай княскай дынастыі: у 1070 годзе — Расьціслаў Рагвалодавіч, а па 1129 годзе — ягоныя сыны[7].
Ад пачатку паселішча разьмяшчалася на Крывой (Лысай) гары, што дала яму назву Крывы горад (Крывы замак). Крывы горад упамінаецца ў гістарычных крыніцах яшчэ ў XIV ст. Нямецкія хронікі называюць Крывы горад таксама «горадам Русінскім» («civitas Ruthenica»). Пад аховай Крывога гораду на левым беразе ракі Вільні і вакол Крывой гары, на якой пазьней узьнік Верхні замак, утварылася паселішча. Археолягі выявілі тут культурны пляст таўшчынёй каля 8 мэтраў, ніжні ярус якога датуецца XIII стагодзьдзем[7].
Некаторыя дасьледнікі бачаць ў рэштках мураваных пабудовах на паўднёвы захад ад Замкавай гары паганскае капішча і катэдральны касьцёл і датуюць іх XIII стагодзьдзем, што аднак патрабуе дадатковых аргумэнтаў[22]. Згодна з паданьнем, занатаваным у некаторых гістарычных крыніцах, яшчэ да таго, як Вільня стала горадам, на яе месцы, паводле паганскага звычаю, спальвалі князёў і баяраў. Гэты звычай нібы заснаваў мітычны князь Сьвятарог[23] (Сьвінтарог, Швінтарог), які папрасіў свайго сына Скірманта спаліць цела па сваёй сьмерці. Некаторыя дасьледнікі мяркуюць, што тут, сапраўды, спальвалі целы тагачаснай пляменнай арыстакратыі, што лічыцца сьведчаньнем працэсаў цэнтралізацыі. На думку Ўладзімера Тапарова, Сьвятарогам ад пачатку называлі месца, дзе спальвалі целы, а потым у працэсе міталягізацыі назва месца ўвасобілася ў імя князя[24].
У 1264 годзе Віленскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага[25].
-
Фрагмэнт мапы, 1370—1390 гг.
-
Гравюра Т. Макоўскага, каля 1600 г.
-
Віленскія замкі. Т. Макоўскі, каля 1600 г.
-
Замкі і ратуша. Т. Макоўскі, 1604 г.
-
Панарама места на радзівілаўскай гравюры, 1666 г.
-
Фрагмэнт партрэта вялікага князя Казімера з жонкай, 1684 г.
-
Мор у Вільні, 1710 г.
-
Мапа места, 1719 г.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле легенды, што трапіла ў некаторыя хронікі, Вільню заснаваў вялікі князь Гедзімін. Ён ўпаляваў на высокай гары тура, па чым спыніўся на начлег у даліне Сьвятога Рога. Уночы Гедзімін сьніў вялізнага жалезнага воўка на гары, які выў як сотня ваўкоў. Уранку князь зьвярнуўся да паганскага вяшчуна Лізьдзейкі, каб той патлумачыў сон. Лідзейка сказаў, што воўк азначае замак і места, якія тут збудуе князь, а ягонае выцьцё — славу, якая пашырыцца на ўвесь сьвет дзякуючы жыхарам гэтага места. Паданьне сьцьвярджае, што Гедзімін прыслухаўся да Лідзейкі і ў 1323 годзе збудаваў на гары замак і заснаваў места[27]. У наш час летувіскія ўлады разглядаюць гэты год як афіцыйны час заснаваньня Вільні.
Назва Вільня ўпершыню сустракаецца ў грамаце да ганзейскіх местаў Любэку, Брэмэну, Магдэбургу і Кёльну ад 25 студзеня 1323 году, дзе гаворыцца што Вільня існавала з даўніх часоў[7]. З дакумэнта вынікае, што ўжо ў 1321 годзе тут былі касьцёлы дамініканаў (спалены прускімі крыжакамі) і францішканаў. Яшчэ раней у Вільні існавалі цэрквы, адну зь якіх — Сьвятога Мікалая збудавалі за часамі Гедзіміна[7].
Вялікі князь Гедзімін перанёс з Наваградку ў Вільню сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. Як сталічнае места з замкам і вялікакняскім палацам Вільня ўпамінаецца ў мірнай дамове Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам і местам Рыгай ад 2 кастрычніка 1323 году[7]. Перанос сталіцы ў адзін з гарадоў Полацкай зямлі падкрэсьліваеў набыцьцё Полацкам асаблівай вагі ў Вялікім Княства Літоўскім[28].
За вялікім князем Альгердам (1345—1377) у Вільні збудавалі цэрквы Прачысьценскую, Пятніцкую, Траецкую, на Верхнім замку і, відаць, Духаўскую[7]. Пры вялікакняскай канцылярыі з XIV ст. дзеяў дзяржаўны архіў. У гэты час пачала фармавацца новая плянавальная структура места, абмежаваная рэкамі Вяльлёй, Вільняй і Качаргой. З канца XIV ст. пры манастырах і кляштарах пачалі стварацца школы і бібліятэкі. У 1383 годзе ў Вільні ўпамінаецца Рускі Горад[c] як частка пасаду на ўсход ад пазьнейшых Замкавай і Вялікай вуліцаў. Да канца XVIII ст. гэтая мясцовасьць была юрыдыкай праваслаўных мітрапалітаў Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Кіеўскай, галіцкай і ўсяе Русі мітраполіі Сьвятога Пасаду[22].
22 сакавіка 1387 году Вільня першай у Вялікім Княстве Літоўскім атрымала Магдэбурскае права, што станоўча паўплывала на эканамічнае разьвіцьцё места. Гэта ўзмацніла і пашырыла гандлёвыя зьвязкі зь местамі Ганзы і Каралеўства Польскага. Вільня пачала выкарыстоўваць герб з выявай Сьвятога Хрыстафора, які пераходзіць цераз раку зь дзіцём-Ісусам на плячах. У гэтыя ж часы тут пачалі ўтварацца рамесныя цэхі, якія тады называліся брацтвамі. Пад 1392 годам упамінаецца войт пад прозьвішчам Вышка, хоць местам у тыя часы фактычна кіраваў вялікакняскі цівун.
Вільня моцна пацярпела ад набегаў крыжакоў у 1321, 1365, 1375 і іншыя гады. У 1377 годзе яны спалілі частку места. У 1390 годзе па 6-дзённай аблозе крыжакі пад камандаю Энгельгарта Рабэ атачылі і па штурме 4 жніўня захапілі Крывы замак, аднак ня здолелі ўзяць Ніжні замак. У зацятай разьні, пад мечамі крыжакоў і іхных хаўрусьнікаў — жамойтаў, загінула некалькі тысячаў абаронцаў[30]. У 1391 годзе напад паўтарыўся і прывёў да сутыкненьня ў прадмесьці Вільні. У 1399 годзе гросмайстар Тэўтонскага ордэну Конрад Валенрод па трохмесячнай аблозе захапіў места і спаліў яго, але замак ня ўзяў. Ягонае войска, забіўшы больш за 14 000 жыхароў, адышло. У 1402 годзе захопнікі зноў падыйшлі пад Вільню, але на гэты раз іх ушчэнт разьбіў Вітаўт. У 1399 і 1419 гадох места моцна пацярпела ад пажараў.
Паводле францускага падарожніка Жыльбэра дэ Лянуа, у 1413 годзе Вільня ня мела ўмацаваньняў. Места выцягнулася вузкай палосай уздоўж ракі Вільні і мела драўляную забудову, сярод якой трапляліся мураваныя цэрквы і касьцёлы. На высокай пясковай гары месьціўся замак, умацаваны «каменьнем, зямлёй і мурам». У гэты час у Вільні жыло шмат купцоў і рамесьнікаў. Тут дзеяў рачны порт. У 1440-я гады ў месьце два разы на год праводзіліся кірмашы. Тутэйшыя купцы мелі права бязмытнага гандлю на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.
У 1401 годзе ў Вільні падпісалі Віленска-Радамскую унію, якая юрыдычна замацавала зьвяз Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў змаганьні зь нямецкай агрэсіяй. У 1413 годзе яна стала сталіцай ваяводзтва, з 1416 году тут знаходзілася рэзыдэнцыя праваслаўнага мітрапаліта Вялікага Княства Літоўскага. Паступова Вільня набыла статус важнага палітычнага цэнтру Ўсходняй Эўропы. У 1432 годзе вялікі князь афіцыйна прызначыў у Вільню войта, у гэты ж час утварылася меская рада. У яе склад уваходзілі 24 райцы і 12 бурмістраў, якія пароўну падзяляліся на «лавіцу рускую» (праваслаўных, пазьней уніятаў) і «лавіцу рымскую» (рыма-каталікоў)[22]. У 1533 годзе службовыя абавязкі ў магістраце выконвалі бурмітры і райцы Рыгор Мэка, Гаўрыла Аліфаровіч, Мікола Сяльковіч, Адашка Семяновіч, Юры Нястука і Васіль Фядкевіч. Усе яны мелі беларускае паходжаньне[31].
У ХV ст. у Вільні збудавалі пэрліну беларускай готыкі — касьцёл Сьвятой Ганны, фундатаркай якога была другая жонка Вітаўта — смаленская князёўна Ганна Сьвятаслаўна. 4 сакавіка 1484 году ў Вільні памёр княжыч Казімер, пахаваны там. Ён лічыцца сьвятым і заступнікам Вялікага Княства Літоўскага. У 1492 годзе ў Вільні заснавалі мынцу і першую аптэку. З канца XV ст. у глыб Вялікага Княства Літоўскага пачалі рабіць набегі татары і маскавіты, што стварала небясьпеку для сталіцы. У зьвязку з гэтым магістрат пастанавіў збудаваць вакол места абарончы мур, урачыстая закладка якога адбылася 23 красавіка 1498 году. Сьпярша збудавалі 5 брамаў — Віленскую, Троцкую, Траецкую, Спаскую і Замкавую, пазьней зьявіліся яшчэ 5 брамаў — Татарская, Рудніцкая, Субач, Бэрнардынская і Мокрая. Будаваньне муру скончылася ў 1522 годзе, ягоная даўжыня склала 2,4 км.
У XVI ст. адбываўся далейшы росквіт Вільні: тут зьявіліся раскошныя палацы Радзівілаў, Хадкевічаў, Сапегаў, Астроскіх, Кішкаў і іншых магнатаў. На актывізацыю мураванага будаваньня паўплывалі таксама пажары ў 1419, 1513, 1520, 1530 і 1557 гадох. У XVI ст. колькасьць 2- і 3-павярховых камяніцаў дасягнула сотні, сфармавалася радыяльная сыстэма вуліцаў. Паводле сьведчаньня сучасьнікаў, у 1517 годзе Вільня велічынёй раўнялася Кракаву з усімі ягонымі прадмесьцямі. Аднак дамы ў Вільні не прымыкалі адзін да аднаго ўшчыльную, як у польскіх местах, а аддзяляліся агародамі, садамі і прысадамі[31].
У 1511 годзе ў месьце дзеялі 14 цэркваў (у тым ліку Міколы Перанесенская, Міколы Ўсьпенская, Кацярынінская, Спаская, Прачысьценская, Міхайлаўская, Раства, Іванаўская, Пятніцкая, Казьмадзям’янаўская, Юр’еўская на Росах, саборная Петрапаўлаўская на Зарэччы, манастыр Сьвятой Тройцы) і 7 касьцёлаў. У 1514 годзе па пераможнай Аршанскай бітве ў Вільні зь вялікім трыюмфам сустрэлі князя Канстантына Астроскага. У падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі ён збудаваў на месцы старажытных драўляных Траецкай і Мікалаеўскай цэркваў мураваныя.
Каля 1522 году ў Вільні пачала працаваць першая ўва Ўсходняй Эўропе друкарня Францішка Скарыны, які выдаў тут «Малую падарожную кніжку» (каля 1522 году) і «Апостал» (1525). У 1569 годзе ягоны пасьлядоўнік П. Мсьціславец заснаваў ў Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Дом, дзе яна знаходзілася, у 1582 годзе набылі браты Кузьма і Лукаш Мамонічы, якія выдалі тут Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 году, Трыбунал абывацелям Вялікага Княства Літоўскага (1588) і іншыя помнікі беларускага пісьменства[32].
У 1536 годзе цераз раку Вяльлю перакінулі першы мураваны мост, які пазьней атрымаў назву Зялёнага. З 1524 году пачала дзеяць паперня, каля 1540 году — арсэнал і людвісарня, зь сярэдзіны XVI ст. — вадаправод у драўляных трубах. У 1547 годзе Марцін Палецкі заснаваў шкляную гуту. У 1596 годзе ў Вільні было 15 цэркваў, 14 касьцёлаў, адзін лютэранскі і два кальвінісцкія зборы, а таксама некалькі сынагогаў.
Яшчэ ў 1397 годзе ўпамінаецца пра існаваньне школы для дзяцей месьцічаў, якая дзеяла пры Катэдры. Пазьней невялікія школы існавалі пры манастырах. У 1413 годзе Вільню наведаў паплечнік Я. Гуса Геранім Праскі, якога прыняў пры сваім двары вялікі князь Вітаўт. За вялікім князем Аляксандрам (1492—1506) пры Ніжнім замку жылі астраном Войцех з Брудзева і публіцыст Эразм Вітэлі. За вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам (1548—1572) у Вільні адкрылася першая карцінная галерэя і бібліятэка (налічвала больш за 1 тысячу кніг). У 1570 годзе ў Вільні заснавалі езуіцкі калегіюм, які ў 1579 годзе паводле прывілею караля і вялікага князя Стэфана Баторыя і на блаславеньне папы Рыгора XIII ператварылі ўва ўнівэрсытэт (па-лацінску: Alma academia et universitas Vilnensis societatis JESU). У XV—XVI стагодзьдзях у месьце дзеялі 5 праваслаўных брацтваў, найбольшым зь якіх было Траецкае.
Апроч ліцьвінаў, у Вільні з часоў Альгерда пачалі сяліцца жыды і немцы, за Вітаўтам — крымскія татары, за Жыгімонтам Кейстутавічам — палякі і італьянцы. Неўзабаве места стала важным цэнтрам жыдоўскай культуры ўва Ўсходняй Эўропе. З прычыны свайго вялікага духоўнага значэньня Вільня атрымала назву Паўночны Ерусалім.
Моцны пажар у 1610 годзе зьнішчыў у Вільні 4700 дамоў, замкі і 10 сакральных будынкаў. Пры падтрымцы караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы, а таксама канцлера Льва Сапегі места аднавілі. Цэнтар Вільні забудоўваўся ў асноўным мураванымі будынкамі, узьніклі новыя вуліцы і пляцы. На 1647 год у месьце было каля 839 крамаў, 37 сакральных будынкаў, 10 друкарняў.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Вільні і ваколіцаў ліцьвінамі: «виленский гость литвин Дема Матвеев» (1555 год)[33], «литвин Виленского повету Абросимка», «литвин города Вилны Ян», «литвин Виленского повету Сашка», «литвин Виленского повету Христофор Рудинской», «литвин шляхтич кормовой Виленского повету Матяш Збороцкий» (усе 1609—1610 гады)[34], «литвин Виленского повету Федор Косарев, шляхтич» (1610 год)[35], «литвин Агейка Родионов, Виленского повету» (1657 год)[36].
За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай па працяглай аблозе 8 жніўня 1655 году маскоўскія войскі з вулічнымі баямі авалодалі местам, якое па захопе гарэла 17 дзён[22]. 11 ліпеня 1660 году войскі Вялікага Княства Літоўскага на чале з М. К. Пацам вызвалілі сталіцу. Кіраўніка маскоўскай залогі пакаралі сьмерцю ўласныя салдаты — за катаваньні і масавыя забойствы месьцічаў з асаблівай жорсткасьцю: «много людей невинно покарал и на части рассекши, из пушек ими стрелял, иных на кол сажал, беременных женщин на крюках за ребра вешал, и они вися на крюках, рождали младенцев»[37]. У выніку гэтай вайны Вільня страціла палову насельніцтва, захопнікі зруйнавалі і разрабавалі места. Толькі ў канцы XVII ст. Сапегі, Пацы і Слушкі пачалі адбудоўваць палацы і фундаваць цэрквы і касьцёлы.
У Вялікую Паўночную вайну Вільню двойчы руйнавалі швэдзкія войскі, у 1702 і 1707 гадох. Места моцна пацярпела ад мору ў 1709—1711 гадох. Па вайне Вільня паступова адрадзілася. Тут пачалі выходзіць газэты «Кур’ер Літоўскі» («Kurier Litewski») і «Газэта Віленская» («Gazeta Wileńska»). У 1773 годзе па ліквідацыі ордэна езуітаў утварылася Адукацыйная камісія.
У 1788 годзе Расейская імпэрыя ўвяла свае войскі ў Вільню. У 1794 годзе места стала адным з галоўных цэнтраў паўстаньня Т. Касьцюшкі. У ноч на 23 красавіка паўстанцы на чале з Я. Ясінскім узялі ўладу ў свае рукі. Яны раззброілі расейскія войскі і арыштавалі афіцэраў на чале з генэрал-маёрам М. Арсеньевым. Утварылася Найвышэйшая Літоўская Рада. 19—20 ліпеня Вільні беспасьпяхова штурмавалі расейскія войскі, аднак 11 жніўня яны ўсё ж захапілі места і такім чынам здушылі паўстаньне ў Вялікім Княстве Літоўскім.
-
Ратуша, 1797 г.
-
Вялікая вуліца, 1797 г.
-
Ратуша, 1808 г.
-
Вялікая вуліца, 1808 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Вільня апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам сьпярша Літоўскай, потым Віленскай губэрні, Віленскага генэрал-губэрнатарства. У 1797 годзе пры Віленскім унівэрсытэце адкрылася школа прыгожых мастацтваў, пераўтвораная ў 1803 годзе ў факультэт малярства, скульптуры і гравюры. У пачатку XIX ст. Вільня была трэцім велічынёй местам у Расейскай імпэрыі (пасьля Масквы і Пецярбургу)[37], тут было больш за 700 мураваных і столькіх ж драўляных будынкаў, 25 касьцёлаў і цэркваў, 23 кляштары і манастыры.
У вайну 1812 году 16 чэрвеня Вільню занялі войскі Напалеона, які 1 ліпеня падпісаў дэкрэт аб стварэньні Часовага Ўраду Вялікага Княства Літоўскага. 28 лістапада места зноў занялі расейскія войскі. Па вайне тут існавалі патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філяматаў, філярэтаў, «прамяністых».
За часамі вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў у Вільні дзеяў паўстанцкі камітэт, арганізоўваліся аддзелы для змаганьня з царскімі войскамі. Па здушэньні паўстаньня ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі Віленскі ўнівэрсытэт.
На 1835 год Вільня налічвала 10 прадмесьцяў: Антокаль, Папоўшчыну, Зарэчча, Паплавы, Росы, Востры Канец, Руднішкі, Пагулянку, Лукішкі, Сьніпішкі. У месьце было 1552 дамы і 6 рынкаў, дзеялі 25 касьцёлаў, 20 кляштараў і 7 капліцаў, 2 царквы і 2 манастыры, эвангельскія царква і капліца, мячэт і 4 сынагогі[38].
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у Вільні выдавалася газэта «Мужыцкая праўда», дзеяў Выканаўчы аддзел Літвы. Тут на Лукіскім пляцы 22 сакавіка 1864 году расейскія ўлады пакаралі сьмерцю Кастуся Каліноўскага.
Зь сярэдзіны XIX ст. у Вільні пачала разьвівацца прамысловасьць. У 1860—1862 гадох празь места прайшла чыгунка Пецярбург — Варшава, у 1874 годзе — Лібаўска-Роменская. У 1864 годзе ў Вільні адкрылася першая фабрыка (газавая), пачаў дзеяць чыгуналіцейны завод Цымэрмана. Найбольшае прадпрыемства таго часу — тытунёвае таварыства Дурунчы і Шмемана — утварылася ў 1865 годзе. У пачатку 1880-х гадоў адкрыліся прадпрыемствы мэтала — і дрэваапрацоўкі, гарбарнай, харчовай прамысловасьці. У 1894—1895 гадох у месьце працавалі 286 прадпрыемстваў, у 1906 годзе — 225, у 1914 годзе — 266. У 1897 годзе ўтварылася акцыянэрнае таварыства бровара Шопэна, у 1900 годзе пачаў працаваць мэталаапрацоўчы завод. З пачаткам дзейнасьці газавай фабрыкі, цэнтральная частка места асьвятлялася газай (з 1876 году — іншыя вуліцы). У 1879—1882 гадох замест драўлянага водаправоду праклалі жалезны. З 1893 году пачала працаваць конка, з 1896 году — тэлеграфная станцыі і тэлефонная сетка. У 1905 годзе зьявіліся першыя аўтамабілі, у 1908 годзе — трамвай[39].
У пачатку XX ст. у Вільні дзеялі 31 царква і 3 манастыры, 15 касьцёлаў і 3 кляштары, малельня старавераў, 2 лютэранскія і кальвінскі зборы, 5 сынагогаў і 90 малітоўных дамоў, мячэт. Існавала некалькі навучальных установаў, у тым ліку настаўніцкі інстытут, 2 мужчынскія і 1 жаночая гімназія, рэальная, меская, чыгуначная, клясычная, пяхотна-юнкерская, камэрцыйная і хіміка-тэхналягічная вучэльні, паштова-тэлеграфная школа, Літоўская духоўная і Рымска-каталіцкая эпархіяльныя сэмінарыі, Марыінскія вышэйшыя жаночыя курсы, і інш.
У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у Вільні дзеялі Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага і Беларускі музычны драматычны гурток. З 1906 году выдаваліся газэты «Наша Ніва» і «Наша Доля», пазьней часопіс «Саха». Працавалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецтва «Нашай Нівы», выдавецкае таварыства «Наша Хата», друкарня Марціна Кухты, якая выдала многія беларускія кнігі, першая беларуская кнігарня[40]. 12 лютага 1910 году ў клюбе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні.
-
Вокладка з Вострай брамай
-
Кальварыя
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паміж Беларусьсю, Летувой і Польшчай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Вільню занялі войскі Нямецкай імпэрыі. Дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня браты Іван і Антон Луцкевічы разам з Вацлавам Ластоўскім выступілі з прапановай аднавіць Вялікае Княства Літоўскае з сталіцай у Вільні, аднак гэтая ідэя не знайшла падтрымкі ў летувіскіх дзеячоў[41]. У верасьні 1917 году ў месьце ўтварылася Летувіская Тарыба пранямецкай арыентацыі[40]. У гэты час у Вільні дзеялі Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбыліся Беларуская канфэрэнцыя 1918 году, Беларускі зьезд Віленшчыны і Гарадзеншчыны, выдаваліся газэта «Гоман», распачало дзейнасьць Беларускае навуковае таварыства, з 1916 году працавала выдавецтва Вацлава Ластоўскага. Апроч адкрытых у 1915—1916 гадох першых беларускіх школаў, 1 студзеня 1919 году тут заснавалі Віленскую беларускую гімназію. У 1919 годзе Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны зладзіла ў Вільні беларускі прытулак Золак. Аднавіла спыненую вайной Беларускае выдавецкае таварыства. У канцы 1910-х гадоў у Вільні зьявіліся пэрыядычныя выданьні Грамадзянін, Беларуская думка, Беларускае жыцьцё, Незалежная Беларусь, Наша думка, Незалежная думка, аднавіла выхад Наша Ніва. Адкрыліся адмысловыя беларускія настаўніцкія курсы. У 1916—1920 гадох дзеяў беларускі клюб з драматычным гуртком, у 1916 годзе — беларускі дзіцячы тэатар на чале з С. Корф[40].
16 лютага 1918 году Летувіская Тарыба абвясьціла Вільню сталіцай адноўленай Летувіскай дзяржавы, хаця фактычнай сталіцай Летувы была Коўна. Адначасна 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Вільня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[42]. 14 жніўня 1918 году адбылася нарада прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных арганізацыяў Летувы і Заходняй Беларусі, 1—3 кастрычніка 1918 году — першы зьезд Камуністычнай партыі Летувы і Заходняй Беларусі. У сьнежні 1918 году ў Вільні знаходзіўся ўрад БНР. Па адыходзе нямецкіх войскаў, 1 студзеня 1919 году польская мясцовая Самаахова заняла места і разьбіла бальшавікоў, аднак ужо 5 студзеня мусіла была адступіць, уцякаючы ад саветаў[43][44]. Па займаньні гэтай тэрыторыі Чырвонай арміяй 15 сьнежня 1918 году Вільню абвясьцілі сталіцай Савецкай Летувы. 27 лютага 1919 году Вільня стала сталіцай Літоўска-Беларускай ССР (ЛітБел). 19 красавіка 1919 году Вільню занялі польскія войскі[44]. Савецкія войскі зноў занялі Вільню 14 ліпеня 1920 году[45]. Як вынік «бунту» дывізіі Жалігоўскага, які адбыўся 8 кастрычніка 1920 году Вільня на пэўны час стала цэнтрам Сярэдняй Літвы. 8 студзеня 1922 году адбыліся выбары ў Часовы Сойм Сярэдняй Літвы, які 20 лютага 1922 году пастанавіў далучыць Віленскую зямлю да міжваеннай Польскай Рэспублікі.
Цэнтар беларускага нацыянальна-вызвольнага руху
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі Вільня стала цэнтрам нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. З 1921 году тут дзеяла Таварыства беларускай школы, якое выдавала Бюлетэнь ТБШ, часопіс Беларускі летапіс і газэту Шлях) і Беларускі каапэратыўны банк з аддзеламі ў Пінску і Глыбокім. Студэнты-беларусы стварылі Беларускі студэнцкі саюз, які выдаваў часопісы Наш Шлях і Студэнцкая думка. Дзеялі Беларускі народны тэатар, працаваў Беларускі музэй. Таварыства Беларуская хатка ў Вільні выдавала часопіс Беларуская хатка (1926), таварыства Радом — газэту Беларускі дзень (1927—1928). У 1927 годзе існавала арганізацыя маладых пісьменьнікаў і мастакоў Заходняй Беларусі Веснаход. У сярэдзіне 1920-х гадоў у Вільні знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сялянска-работніцкай грамады, якая выдавала газэты Жыцьцё беларуса, Беларуская ніва, Беларуская справа, Наш голос, Наша воля, Народны звон, часопіс Маланка і іншыя. У 1925 годзе паслы сойму В. Рагуля і Ф. Ярэміч заснавалі ў Вільні Беларускі сялянскі саюз, які выдаваў газэту Сялянская Ніва, Я. Станкевіч — Беларускую сялянскую партыю і яе газэту Народ. Актывізавалася дзейнінасьць беларускіх каталікоў і праваслаўных, якія выдавалі часопісы і газэты Праваслаўны беларус, Беларуская зарніца, Сьветач Беларусі, Хрысьціянская Думка, выходзіла ўніяцкая газэта Да Злучэньня! Агулам выдаваліся больш за 100 беларускіх газэтаў і часопісаў. Паводле статыстычных зьвестак, пададзеных Віленскім унівэрсытэтам у 1928 годзе, паводле калькасьці і накладу пэрыядычных выданьняў у Вільні беларусы займалі другое месца пасьля палякаў, якім належала дзяржаўная ўлада, тым часам летувісы займалі толькі пятае месца — пасьля жыдоўскага і расейскага друку[46].
У 1930-я гады польскія ўлады забаранілі дзейнасьць ТБШ і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры, спынілі працу некалькі беларускіх выдавецтваў[47].
Паміж Беларускай ССР і Летувой
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]19 верасьня 1939 году згодна пактам Молатава-Рыбэнтропа ў Вільню ўвайшлі савецкія войскі, утварылася Віленская вобласьць. 22 верасьня па-беларуску пачала выходзіць газэта «Віленская праўда», таксама ў Вільні разьмясьцілася рэдакцыя галоўнай савецкай газэты для Заходняй Беларусі — «Свабодная Беларусь». 24 верасьня ў актавай залі Віленскай беларускай гімназіі адбылася афіцыйная ўрачыстасьць з нагоды далучэньня Вільні да Беларусі. Каб задаволіць попыт на беларускамоўнае навучаньне ў гімназіі арганізавалі дзесяць паралельных клясаў, а неўзабаве выйшла пастанова ўладаў аб адкрыцьці Другой Віленскай беларускай гімназіі. На Лукіскім пляцы адбыўся мітынг з удзелам 75 тысячаў месьцічаў, у рэзалюцыі якога гаварылася, што працоўныя Вільні галасуюць за ўваходжаньне ў склад Беларускай ССР[48].
Па таемным пераразьмеркаваньні зонаў уплыву паміж Трэцім Райхам і СССР (28 верасьня 1939 году) 10 кастрычніка 1939 году адбылося падпісаньне савецка-летувіскай дамовы аб перадачы Летуве Вільні і Віленскай вобласьці. У Беларускай ССР дамова не публікавалася да 1 лістапада[49] (у дзень яе складаньня газэта «Звязда» апублікавала карэспандэнцыю, дзе паведамлялася, як віленчукі рыхтуюцца да выбараў дэпутатаў у Народны сход Заходняй Беларусі)[49]. 12 кастрычніка 1939 году старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка накіраваў пратэст прэзыдэнту Летувы Антанасу Сьмятоне супраць падпісаньня дамовы «аб пераходзе да Летувы беларускага места Вільні і беларускіх зямель Віленскай вобласьці», у якой паказаў на адказнасьць Летувы перад беларускім народам за гэты акт. 22 кастрычніка 1939 году Молатаў заявіў Наткевічу, што СССР супраць зьмяненьняў граніцы, усталяваных дамовай ад 10 кастрычніка 1939 году, але не пярэчыць супраць таго, каб летувісы, якія жадаюць выехаць з Заходняй Беларусі ў Летуву, зрабілі гэта[50]. Прытым падрыхтоўка, падпісаньне і ратыфікацыя дамовы ажыцьцяўляліся без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР, яна не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі, дамова парушала палажэньні Канстытуцыі СССР 1936 году і Канстытуцыі БССР 1937 году, якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на зьмяненьне яе граніц. З пункту гледжаньня міжнароднага права дамова была чарговым падзелам тэрыторыі Беларусі[51]. Супраць далучэньня Вільні і Віленшчыны да Летувы выступіў урад Польшчы, не падтрымалі дамовы Ангельшчына і Францыя.
Па падпісаньні дамовы зь летувісамі НКВД арыштавала шэраг беларускіх дзеячоў у Вільні — Антона Луцкевіча, Уладзімера Самойлу, Макара Краўцова, Янку Пазьняка, Вячаслава Багдановіча, Сяргея Бусла, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Антона Неканда-Трэпку ды іншых[52].
Другая сусьветная вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]27 кастрычніка 1939 году летувіскія войскі ўвайшлі ў Вільню, а 28 кастрычніка адбылася афіцыйная цырымонія сустрэчы летувіскіх войскаў. У сьнежні 1939 году прэм’ер-міністар Летувы заявіў, што «Вільня і Віленскі край хоць ускосна, заваяваныя нашай арміяй»[50]. Тым часам узамен за далучэньне Вільні летувісы пагадзіліся разьмясьціць у сваёй краіне савецкія вайсковыя базы[49]. 3 жніўня 1940 году па ўльтыматуме СССР Летува бяз збройнага супраціву ўвайшла ў яго склад, Вільня стала сталіцай Летувіскае ССР. Неўзабаве Віленскую беларускую гімназія пераўтварылі сьпярша ў прагімназію, а потым — у няпоўную сярэднюю школу, а Беларускі музэй далучылі да Акадэміі навук Летувіскай ССР.
За часамі Другой Сусьветнай Вайны 24 чэрвеня 1941 году Вільню акупавалі войскі Трэцяга Райху, якія перадалі места пад уладу летувіскай адміністрацыі. Нацысты з дапамогай летувіскіх добраахвотнікаў забілі ў Віленскім гета 95% усіх жыдоў Вільні. Нягледзячы на карныя антыбеларускія акцыі з боку Арміі Краёвай, летувіскіх паліцыйных фармаваньняў і дывэрсантаў НКВД, у Вільні запрацавалі некалькі пачатковых беларускіх школаў, гімназія і настаўніцкая сэмінарыя, аднавіў дзейнасьць Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, пачала выдавацца газэта «Беларускі голас». Пад прыкрыцьцём дазволенага немцамі Беларускага нацыянальнага камітэту дзеяў віленскі камітэт падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі, што мела на мэце ўтварыць адзіны нацыянальны фронт дзеля змаганьня з нацыстамі і бальшавікамі за незалежную Беларусь[53]. У лютым 1944 году ўлады Трэцяга Райху з улікам этнічнага і гістарычнага аспэктаў перадалі Вільню і Віленшчыну ў склад Генэральнай акругі Беларусь (разам зь Берасьцейшчынай, Піншчынай і Мазыршчынай)[54]. 13 ліпеня 1944 году места занялі савецкія войскі. Лаўрэнці Берыя ў сваім спэцыяльным паведамленьні Ёсіфу Сталіну, Вячаславу Молатаву, Георгію Малянкову і Аляксею Антонаву аб выніках апэрацыі з раззбраеньня салдат і афіцэраў польскай Арміі Краёвай ад 3 жніўня 1944 году пісаў[55]:
Стаўленьне насельніцтва да вызваленьня Вільні з-пад нямецкай улады станоўчае. Насельніцтва выказвае задавальненьне, што імша ў касьцёлах будзе цяпер служыцца па-польску, а не па-летувіску. Насельніцтва таксама спадзяецца, што Вільня будзе далучаная да Заходняй Беларусі — абы не да Летувы. | ||
У складзе Летувы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нягледзячы на меркаваньне віленчукоў і боязнь летувісаў страціць Вільню праз факты масавай супрацы з нацыстамі, Сталін пастанавіў пакінуць места Летувіскай ССР[56]. Па вайне летувіскія ўлады зачынілі беларускую гімназію і настаўніцкую сэмінарыю, а Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ліквідавалі і фактычна разрабавалі — большая частка яго збораў трапіла ў летувіскія музэйныя фонды і бібліятэку Акадэміі навук Летувы[57]. Да 10 жніўня 1946 году 86,9 тыс. жыхароў Вільні і Віленшчыны запісалася палякамі і выехала з СССР у Польшчу, пазьней — яшчэ каля 24 тысячаў. У 1944—1946 гадох у места перасялілі каля 100 тысячаў этнічных летувісаў, агулам да пачатку 1950-х гадоў — каля 150 тысячаў[58]. Гэты працэс працягваўся і ў наступныя дзесяцігодзьдзі[59]. Адначасна праводзілася масавая палянізацыя беларусаў-каталікоў[58]. На ўзгадненьне з Масквой і камуністычнай Польшчай летувіскія ўлады замест беларускіх школаў насаджалі польскія і расейскія, колькасьць студэнтаў-беларусаў у летувіскім Віленскім унівэрсытэце не перавышала 1%[57]. У гэты ж час савецкія ўлады цалкам спынілі ўсякае беларускае культурнае і палітычнае жыцьцё. Практычна ўсе беларускія дзеячы і іхныя радзіны трапілі пад арышты і дэпартацыю[58][60]. Рэшта беларусаў цярпела дыскрымінацыю пры ўладкаваньне на дзяржаўную службу, сярод іх значна павялічылася беспрацоўе[61].
З канца 1980-х гадоў Вільня стала галоўным цэнтрам руху за незалежнасьць Летувы, абвешчанай 11 сакавіка 1991 году. У месьце стварылі Таварыства беларускай культуры (1987 год), клюб аматараў беларускай народнай творчасьці «Сябрына» і іншыя. У студзені 1989 году ў Вільні прайшоў другі вальны сойм беларускіх суполак, у чэрвені таго ж году — першы зьезд Беларускага Народнага Фронту. Пытаньне аб законнасьці і правамоцнасьці перадачы Віленскай вобласьці і іншых беларускіх зямель Летуве зноў узьнікла ў канцы 1980 — пачатку 1990-х гадоў у зьвязку з дэзынтэграцыяй Савецкага Саюзу. 29 сакавіка 1990 году Прэзыдыюм Вярхоўнага савету БССР прыняў заяву, у якой гаварылася, што Беларусь у выпадку выхаду Летувы са складу СССР будзе патрабаваць вярнуць ёй беларускія землі — места Вільню і Віленскую вобласьць, Сьвянцянскі і часткі тэрыторыі 5-і іншых раёнаў Летувы. Гэту заяву фактычна падтрымаў прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, якія адзначыў на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне 3 чэрвеня 1990 году, што тэрыторыя Летувы ўлучае ў сябе некалькі рэгіёнаў, якія раней належалі Беларусі[50]. Аднак па распадзе СССР Вільня засталася сталіцай незалежнае Летувіскае Рэспублікі. Як адзначае гісторык Уладзімер Арлоў, ультыматыўная заява з боку Вярхоўнага савету БССР, кантраляванага камуністамі, што дзесяцігодзьдзямі праводзілі палітыку русіфікацыі Беларусі, напраўду была спробай Масквы стварыць яшчэ адзін ваенны канфлікт кшталту Карабаху або Прыднястроўяе[62]. Калі ў 1992 годзе вялікая група грамадзкіх і культурных дзеячоў зьвярнулася да таго ж самага Вярхоўнага савету з просьбай абмеркаваць стварэньне супольнай камісіі дзеля распрацоўкі варыянту-кампрамісу будучага ўладкаваньня Вільні і Віленшчыны (статус самакіраваньня, вольнага места, незалежнай ад Летувы і Беларусі зоны або аўтаноміі) з запросінамі экспэртаў-назіральнікаў Рады Бясьпекі ААН, то кіраўніцтва Вярхоўнага савету нават не паставіла гэтага пытаньня на разгляд[63].
У 1991 годзе ў Вільні аднавілася выданьне газэты «Наша Ніва», на факультэце славістыкі Віленскага пэдадагічнага ўнівэрсытэту пачала дзеяць катэдра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры. У 1992 годзе ў месьце ўтварылася Каардынацыйная рада Беларускага згуртаваньня ў Летуве. У 1993 годзе аднавілася Таварыства беларускай школы, адкрылася беларуская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны. У чэрвені 2005 году зь Менску ў Вільню пераехаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які знаходзіцца ў летувіскай сталіцы на правах унівэрсытэту ў выгнаньні, адначасна маючы ўсе правы эўрапейскай вышэйшай навучальнай установы.
У 2009 годзе Вільню абралі Эўрапейскай культурнай сталіцай. У 2015 годзе Рэмігіюс Шымашус стаў першым беспасярэдне абраным мэрам места[64]. Па атрыманьні незалежнасьці ў Вільні адрамантавалі многія з старых будынкаў, на беразе Вяльлі ў гістарычных Сьніпішках збудавалі новыя камэрцыйныя будынкі. Гэты раён, як чакаецца, стане асноўным адміністрацыйным і дзелавым цэнтрам места. Ён улучае ў сябе сучасныя жылыя і гандлёвыя плошчы з будынкам муніцыпалітэту і 129-мэтровы будынак Europa Tower. Будаваньне штаб-кватэры Swedbank стала сымбалем важнасьці скандынаўскіх банкаў у Вільні. У 2008 годзе ў месьце збудавалі комплекс «Віленскі бізнэсовы порт», адна зь ягоных вежаў у наш час ёсьць пятым вышынёй будынкам у Летуве. На сёньняшні дзень насельніцтва і эканоміка Вільні імкліва расьце.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульная характарыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца ў паўднёва-ўсходняй частцы Летувы. Ляжыць на сутоцы рэк Вільні і Вяльлі, за 33 км ад граніцы зь Беларусьсю. Плошча 392 км², 20,2% агульнай плошчы займае забудова, астатняя частку — зялёныя насаджэньні (43,9) і водныя аб’екты (2,1).
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат Вільні мерны кантынэнтальны з рысамі морскага, што тлумачыцца ўплывам Балтыйскага мора. Зіма адносна мяккая і сьнежная, лета кароткае і прахалоднае. Вясна і восень вельмі зацяжныя. Большую частку году дамінуе пахмурнае надвор’е. Ападкаў у сярэднім выпадае 688 мм у год, максымум — у ліпені. Моцная сьпёка ў летні пэрыяд і траскучыя маразы ўзімку бываюць, але рэдка.
- Сярэдняя тэмпэратура — + 6,6 °C
- Сярэдняя вільготнасьць паветра — 80%
- Сярэдняя хуткасьць ветру — 3,9 м/с
Кліматычныя зьвесткі для Вільні | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | Год |
Абсалютны максымум t, °C | 10,9 | 14,4 | 19,8 | 29,0 | 31,8 | 33,4 | 35,4 | 34,9 | 32,0 | 24,5 | 14,9 | 10,5 | 35,4 |
Сярэдні максымум t, °C | −1,8 | −1,1 | 3,8 | 12,1 | 18,4 | 20,9 | 23,2 | 22,4 | 16,6 | 10,2 | 3,3 | −0,7 | 10,6 |
Сярэдняя t, °C | −4,1 | −3,9 | 0,1 | 6,9 | 12,8 | 15,6 | 17,9 | 17,0 | 12,0 | 6,7 | 1,2 | −2,8 | 6,6 |
Сярэдні мінімум t, °C | −6,7 | −6,9 | −3,5 | 2,1 | 7,3 | 10,6 | 12,9 | 12,1 | 7,8 | 3,5 | −1,1 | −5,3 | 2,7 |
Абсалютны мінімум t, °C | −37,2 | −35,8 | −29,6 | −14,4 | −4,4 | 0,1 | 3,5 | 1,0 | −4,8 | −14,4 | −22,8 | −30,5 | −37,2 |
Норма ападкаў, мм | 48 | 37 | 42 | 42 | 64 | 75 | 92 | 73 | 61 | 56 | 46 | 53 | 688 |
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віленскае мясцовае самакіраваньне зьяўляецца адзіным у Летуве, якое аб’ядноўвае два месты: Вільню і Грэгарава.
Тэрыторыя муніцыпалітэту падзяляецца на 21 староства (лет. Seniūnija), межы якіх прыкладна адпавядаюць гістарычным мясцовасьцям і раёнам новай забудовы:
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XV стагодзьдзе: 1500 год — каля 10 тыс. чал.[31]
- XVI стагодзьдзе: 1550 год — ад 20[31] да 100[65] тыс. чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 60 тыс. чал.[66]
- XIX стагодзьдзе: 1804 год — 35 тыс. чал., зь іх каля 22 тыс. каталікоў, 600 праваслаўных, 500 пратэстанаў, 100 рэфарматаў, 11 тыс. юдэяў і 60 магамэтанаў[38]; 1850 год — каля 50 тыс. чал., зь іх шляхты 6658, купцоў 272, мяшчанаў 4930, жыдоў 20 642; 1875 год — 82 668 чал; 1889 год — 109 329 чал.[67] ; 1897 год (расейскі перапіс) — 154 532 чал., зь іх 40% жыдоў, 30% палякаў, 20% расейцаў, 4,5% беларусаў, 2% летувісаў, 3,5% іншых нацыянальнасьцяў[39]
- XX стагодзьдзе: 1911 год — 186 461 чал.; 1916 год — 140 800 чал.; 1941 год — 268 тыс. чал.; 1989 год — 291,5 тыс. летувісаў, 116,6 тыс. палякаў, 30,3 тыс. беларусаў, 13,3 тыс. украінцаў, 9,1 тыс. жыдоў; 1993 год — 582 чал.[5]
- XXI стагодзьдзе: 2001 год (перапіс) — 542 287 чал., зь іх 57,8% пазначылі сябе як летувісы, 18,7% — як палякі, 14% — як расейцы, 4% — беларусы, 0,5% — жыды, 5% — як прадстаўнікі іншых нацыянальнасьцяў; 2010 год — 560,2 тыс. чал; 2018 год — 547,3 тыс. чал.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вільня ёсьць рэзыдэнцыяй каталіцкага біскупа і цэнтрам Летувіска-Віленскай япархіі Маскоўскага патрыярхату.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Вільні ёсьць некалькі ўнівэрсытэтаў, найбольшы зь якіх — Віленскі ўнівэрсытэт.
- Унівэрсытэт імя М. Ромэра
- Віленскі Гедзімінаўскі Тэхнічны ўнівэрсытэт
- Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт
- Вайсковая акадэмія Летувы
- Віленская акадэмія мастацтваў
- Нацыянальная школа мастацтваў
- Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт
- Віленская акадэмія бізнэсу
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Летувіская нацыянальная бібліятэка імя Марцінаса Мажвідаса, названая ў гонар аўтара першай друкаванай кнігі на летувіскай мове, захоўвае ў сваіх архівах 6 912 266 фізычных элемэнтаў. Найбольшы кніжны кірмаш у Балтыі праводзіцца штогод у віленскім павільёне LITEXPO, найбуйнейшым выстаўным цэнтры Балтыі.
Прадмесьце Зарэчча, якое знаходзіцца недалёка ад Старога Места і ёсьць адным з найстарэйшых раёнаў Вільні, з канца XX стагодзьдзя зьяўляецца домам для руху багемных мастакоў. Тут працуюць шматлікія мастацкія галерэі і майстэрні. У 1997 годзе ў Дзень Дурня Зарэчча абвясьцілі незалежнай рэспублікай[68]. На галоўным пляцы прадмесьця разьмяшчаецца статуя анёла, які дзьме ў трубу, то бок выступае ў якасьці сымбалю творчай свабоды.
У 1995 годзе ў віленскім Новым Месце паставілі першы ў сьвеце бронзавы бюст вядомаму гітарысту Фрэнку Запе[69]. Гэты бюст адзначыў нядаўна здабытую свабоду слова і пачатак новай эры для летувіскага грамадзтва.
Цэнтар сучаснага мастацтва ёсьць найбольшай пляцоўкай сучаснага мастацтва ў краінах Балтыі, з выстаўной плошчай у 2400 м². Цэнтар імкнецца да разьвіцьця шырокага спэктру міжнародных і летувіскіх выстаўных праектаў, а таксама прадстаўляе шырокі спэктар дзяржаўных праграмаў, у тым ліку ў ім праводзяцца лекцыі, сэмінары, выступы, паказы кіна- і відэаматэрыялаў, а таксама адбываюцца музычныя падзеі.
10 лістапада 2007 году авангардны рэжысэр Ёнас Мэкас адкрыў Цэнтар візуальных мастацтваў. Ягоная прэм’ерная выстава называлася «Авангард: ад футурызму да флюксусу». Сучасны арт-цэнтар стаў новай культурнай прасторай места[70]. У ім экспануецца прыватная калекцыя сучаснага летувіскага выяўленчага мастацтва. У музэі праводзяцца выставы твораў з расейскага Эрмітажу і музэяў Салямона Гугенгайма, а таксама прэзэнтуецца некамэрцыйнае авангарднае кіно. У цэнтры месьціцца бібліятэка, музэй габрэйскай культуры і калекцыі твораў Ёнаса Мэкаса і Юргіса Мачунаса.
Гарадзкая віленская опэра — незалежны опэрны тэатар у Летуве, спалучае ў сабе клясычнае і сучаснае мастацтва. Нацыянальны драматычны тэатар, Дзяржаўны малы тэатар Вільні, Дзяржаўны моладзевы тэатар і шэраг прыватных тэатраў, у тым ліку OKT/Віленскі гарадзкі тэатар, Тэатар танчаў Анджэлікі Чолінай і іншыя, ладзяць спэктаклі клясычнай і сучаснай драматургіі сусьветна вядомых летувіскіх і замежных рэжысэраў.
Нацыянальная філярмонія Летувы ёсьць найбольшай і найстарэйшай дзяржаўнай арганізацыяй, якая ладзіць клясычныя, сучасныя жывыя канцэрты і джазавыя музычныя імпрэзы ва ўсёй Летуве і за мяжой[71]. Дзяржаўны сымфанічны аркестар Летувы мае разнастайны рэпэртуар, ладзіць вынятковыя праграмы, і запрашае маладыя таленты выконваць творы нароўні з выдатнымі і прызнанымі салістамі.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вільня зьяўляецца галоўным эканамічным цэнтрам Летувы і адным з найбольшых фінансавых цэнтраў краінаў Балтыі. Нягледзячы на тое, што ў месьце пражывае толькі 20% насельніцтва Летувы, яно стварае каля адной траціны СУП краіны[72]. Намінальны СУП на душу насельніцтва ў Віленскім павеце на 2014 год складаў каля 18 100 эўра[73], што робіць яго найбольш заможным рэгіёнам Летувы. У 2008 годзе ўнёсак Вільні ў бюджэт краіны склаў амаль 3 млрд эўра, што складае каля 40% агульнага бюджэту. На 2015 год сярэдняя гадавая зарплата да спагнаньня падаткаў у Вільні складае каля 10 000 эўра.
У наш час у Вільні актыўна разьвіваюцца сучасныя сонечныя і лазэрныя тэхналёгіі, дзякуючы такім вытворцам, як «Arginta», «Precizika», «Baltic Solar», а таксама «Ekspla» і «Eksma». Апроч таго, пасьпяхова пастаўляюць на сусьветныя рынкі сваю прадукцыю біятэхналягічныя вытворцы «Fermentas Thermo Fisher», «Sicor Biotech». У 2009 годзе ў Вільні банк Barclays адкрыў тэхналягічны цэнтар, які зьяўляецца адным з чатырох глябальных стратэгічных інжынэрных цэнтраў банку.
У 2013 годзе ў выніку гандлёвага падарожніцтва на грамадзянаў Беларусі прыпала каля 25% таваразвароту ў гандлёвых сетках Вільні[74].
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вільня знаходзіцца блізка да граніцы ЭЗ зь Беларусьсю ў пэўным «мёртвым куце» з боку транспартных шляхоў. Празь места ідуць транзытныя цягнікі з Расеі празь Беларусь у Каралявец. Іншыя важныя транспартныя шляхі ідуць праз гістарычную сталіцу Летувы — Коўна. Да яе зь Вільні ідзе хуткасная магістраль.
Вільня мае міжнародны аэрапорт.
Аўтамабільныя дарогі вядуць праз Коўна да Балтыйскага мора да паромаў Клайпеды і ў Панявеж з выхадам на Via Baltica. Таксама важная аўтамагістраль ідзе на Менск.
Грамадзкі транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У грамадзкім транспарце Вільні дамінуюць аўтобусы і тралейбусы. Прылеглыя да Вільні населеныя пункты злучаюцца зь местам з дапамогай чыгункі (электрацягнікі). Першыя рэгулярныя аўтобусныя маршруты зьявіліся ў 1926 годзе, а першыя тралейбусы пачалі рух у 1956 годзе.
У канцы 2007 году ў Вільні ўвялі электронную білетную сыстэму. Каб карыстацца грамадзкім транспартам, трэба купіць электронную картку ў крамах або газэтных кіёсках і пералічыць на яе адпаведную суму грошай. Месячныя карткі можна набыць адзін раз і пералічваць адпаведную суму грошай штомесяц рознымі спосабамі, у тым ліку праз інтэрнэт. Да жніўня 2008 году замест электронных білетаў выкарыстоўваліся папяровыя месячныя квіткі[75]. Ранейшыя квіткі на адну паездку замянілі на 30 і 60-хвілінныя білеты.
Віленскі аўтапарк грамадзкага транспарту выкарыстоўвае нізкападлогавыя аўтобусы Volvo і Mercedes-Benz, а таксама тралейбусы Solaris. На маршрутах да гэтага часу ходзяць некалькі старых аўтобусаў Škoda, зробленых у Чэхіі, але многія зь іх цалкам адрамантавалі ўнутры. У 2017 годзе мэрыя Вільні пачала праект абнаўленьня аўтобуснага аўтапарку, аб’явіўшы закуп новых 250 аўтобусаў зь нізкім узроўнем падлогі. Праект прывядзе да таго, што кожны 6 з 10 мескіх аўтобусаў да сярэдзіны 2018 году, будзе новым. Гэта дазволіць пасажырам выкарыстоўваць такія сучасныя тэхналёгіі, як бясплатны Wi-Fi і зараджаць свае электронныя прылады ў час паездкі[76]. На 5 верасьня 2017 году былі прадстаўлены 50 новых аўтобусаў Isuzu[77]. Віленскі муніцыпалітэт таксама арганізаваў конкурс на закуп 41 новых тралейбусаў, ягоны пераможца кампанія Solaris згодна з дамовай паставіць новыя тралейбусы да восені 2018 году. У іх таксама будуць функцыі бясплатнага Wi-Fi і зарадкі прыладаў[78].
У 2000-х гадох зьявіліся прапановы сеткі электрычнага трамваю і мэтрапалітэну. Аднак ніводны з гэтых праектаў пакуль не рэалізавалі.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Замкі, некаторыя палацы і касьцёлы Вільні — частка Нацыянальнага музэю Летувы. Найбольшая калекцыя мастацтва знаходзіцца ў Мастацкім музэі Летувы. У Віленскай карціннай галерэі, якая належыць да Мастацкага музэю, захоўваецца калекцыя старадаўняга мастацтва XVI — пачатку XX стагодзьдзя. На іншым беразе ракі Вяльлі, Нацыянальная мастацкая галерэя праводзіць сталую экспазыцыю летувіскага мастацтва XX стагодзьдзя, а таксама шматлікія выставы сучаснага мастацтва.
Дом сыгнатараў, дзе ў 1918 годзе падпісалі Акт незалежнасьці Летувы, у наш час лічыцца помнікам гісторыі. Дзее Музэй ахвяраў генацыду, прысьвечаны ахвярам савецкай рэпрэсіяў.
Штогод у Вільні праходзіць кірмаш Казюкі.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Як і большасьць сярэднявечных местаў, Вільня найбольш забудоўвалася вакол ратушы. Замкавая вуліца, галоўная артэрыя, злучае палац вялікіх князёў з ратушай. Іншыя вуліцы агінаюць шляхецкія палацы, сакральныя будынкі, крамы і майстэрні рамесьнікаў. Вузкія выгнутыя вулачкі і панадворкі запаўняюць радыяльны плян сярэднявечнага места.
Старое Места, гістарычны цэнтар Вільні, ёсьць адным з найбольшых на ўсходзе Эўропы і займае тэрыторыю ў 3,6 км². Тут канцэнтруюцца найвядомейшыя гістарычныя і культурныя славутасьці. Камяніцы ў Старым Месьце будаваліся на працягу некалькіх стагодзьдзяў, што стварыла сумесь самых розных архітэктурных стыляў. Хоць Вільня лічыцца местам эпохі барока, тут таксама ёсьць прыклады гатычнай архітэктуры (Касьцёл Сьвятой Ганны), а таксама архітэктуры эпохі Рэнэсансу ды іншых стыляў. Дзякуючы сваёй унікальнасьці, Старое Места Вільні ў 1994 годзе ўлучылі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО[79].
Ансамбль Віленскага ўнівэрсытэту складаецца з 13 панадворкаў, аточаных будынкамі XV стагодзьдзя. Вострая брама ёсьць адзінай ацалелай брамай зь першых арыгінальных пяці брамаў у гарадзкім муры. Яе аздабляе фрэска Найсьвяцейшай Панны Марыі, якая, паводле вернікаў, творыць цуды. Больш за 200 шыльдаў і памятных дошак пісьменьнікаў, якія жылі і працавалі ў Вільні, у лік якіх уваходзяць і замежныя аўтары, аздабляюць сьцены на Літарацкай вуліцы ў Старым Месьце. У мясцовасьці Антокалі месьціцца касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла — шэдэўр XVII стагодзьдзя, выкананы ў стылі барока і вядомы сваім адметным інтэр’ерам, дзе можна пабачыць каля 2 тысячаў фігураў ляпніны.
- Арсэналы: Новы (XVIII ст.), Стары
- Вострая брама (1503—1521, 1671)
- Гарадзкія ўмацаваньні (XVI ст., фрагмэнты)
- Замкі (XIII—XVI стагодзьдзі): Горны замак зь вежай Гедзіміна (XIII ст.); Дольны замак або палац вялікіх князёў (XIV—XVII ст., адбудаваны ў 2009 годзе)
- Могілкі: Антокальскія, Бэрнардынскія, Ліпаўскія (Эўфрасіньнеўскія), Петрапаўлаўскія (Сонечныя), Росы, Эвангеліцкія, Юдэйскія
- Палацы: Абрамовічаў (1790), Агінскіх (XVIII ст.), Біскупскі (цяпер Прэзыдэнцкі, XVIII—XIX стагодзьдзі), Бжастоўскіх (1669), Гурэцкіх (XVIII ст.), дэ Рэўсаў (1798), Завішаў (XVII—XVIII стагодзьдзі), Лапацінскіх (1775), Пацаў (XVII ст.), Радзівілаў (1653), Сапегаў (1691), Слушкаў (1690—1694), Тызэнгаўзаў (1790), Тышкевічаў (1783), Хадкевічаў (1619), Ўмястоўскіх (XVIII ст.)
- Помнікі сакральнай архітэктуры:
- Праваслаўныя і грэцка-каталіцкія: саборная царква Прачыстай Багародзіцы (1514—1516), царква Сьвятой Параскевы Пятніцы (XVI ст.), царква Сьвятога Мікалая (1514—1516), Траецкі базылянскі манастыр з царквой Сьвятой Тройцы (1516, 1622—1624), царква і манастыр Сьвятога Духа (1634—1638), царква Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай (1837—1838), царква Сьвятога Ціхана Задонскага (1843), царква Сьвятой Мучаніцы Кацярыны (1872), царква сьвятога Міхала Арханёла (1893—1895), царква Аляксандра Неўскага (1898), царква Покрыва Багародзіца (1900), царква Сьвятога Ўладзімера (1905), царква Сьвятых Міхала і Канстанціна (1913)
- Пратэстанцкія: кальвінскі збор, лютэранская кірха (1662)
- Рымска-каталіцкія: касьцёл Сьвятых Станіслава і Ўладзіслава (Катэдра, XIV—XVIII стагодзьдзі), касьцёл Адшуканьня Сьвятога Крыжа і кляштар дамініканаў на Кальварыі, касьцёл Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1911—1914), касьцёл Маці Божай Суцішальнай і кляштар аўгустынаў, касьцёл Маці Божай Сьнежнай і Сьвятога Юрыя і кляштар кармэлітаў, касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Езуса і кляштар візытак (1694—1797), Касьцёл Пана Езуса і кляштар трынітарыяў на Антокалі (1694—1717), касьцёл Сьвятога Барталамея на Зарэччы (1788, 1824), касьцёл Сьвятога Духа і кляштар дамініканаў (1441, 1610), касьцёл Сьвятога Казімера і кляштар езуітаў (1604—1618), касьцёл Сьвятога Крыжа і кляштар баніфратаў (1635), касьцёл Сьвятога Ігната і кляштар езуітаў (1622—1647), касьцёл Сьвятога Мікалая (XIV—XVIII стагодзьдзі), касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар бэрнардынак (1594—1604), касьцёл Сьвятога Рафала і кляштар езуітаў на Сьніпішках (1702—1730), касьцёл Сьвятога Стэфана (1600—1612), касьцёл Сьвятога Юрыя і кляштар кармэлітаў (1750—1755), касьцёл Сьвятой Ганны (1501), касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак (1741—1773) касьцёл Сьвятой Тройцы (XVIII ст.), касьцёл Сьвятой Тэрэзы і кляштар кармэлітаў (1633—1650), касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і кляштар канонікаў лятэранскіх на Антокалі (1668—1704), касьцёл Сьвятых Францішка і Бэрнарда і кляштар бэрнардынаў (XV—XVII стагодзьдзі), касьцёл Сьвятых Якуба і Піліпа і кляштар дамініканаў на Лукішках (XVIII ст.), касьцёл Сьвятых Янаў (XIV—XVIII стагодзьдзі), Касьцёл Унебаўшэсьця Пана і кляштар місіянэраў (1750—1756), касьцёл Сэрца Езуса і кляштар візытак, касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар францішканаў (XIV—XVIII стагодзьдзі), касцёл Усіх Сьвятых і кляштар кармэлітаў (1620—1632), капліца на Панарах, капліца Сьвятога Яцэка (1762)
- Іншыя: Караімская кенэса, Харальная сынагога (1903)
- Ратуша (XIV—XVIII стагодзьдзі)
- Тры Крыжы
- Унівэрсытэт (1570)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Брамы (зруйнаваныя расейскімі ўладамі): Вялейcкая, Замкавая, Рудніцкая, Субацкая, Троцкая.
- Палацы: Аскеркаў; Радзівілаў на Пушкарні (XVI ст.)
- Помнікі сакральнай архітэктуры:
- Рымска-каталіцкія: капліца на Сьніпішках (XVIII ст., зруйнаваная савецкімі ўладамі); касьцёл Найсьвяцейшага Сэрца Езуса (1913); касьцёл Сьвятога Язэпа і кляштар кармэлітак (1638; зруйнаваны расейскімі ўладамі)
- Іншыя: Вялікая сынагога (1630); мячэт (XIV—XIX стагодзьдзі, зруйнаваны савецкімі ўладамі)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнікі абарончай архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнікі сакральнай архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Брама Траецкага манастыра
-
Капліца ў Вострай браме
Помнікі грамадзянскай архітэктуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Дасьледнік Іван Ласкоў зьвяртае ўвагу на наступную супярэчлівасьць балтыйскіх этымалёгіяў: «Гідранімія Летувы, Латвіі і Ўсходняй Прусіі такімі дасьледнікамі, як А. Трубачоў і Ў. Тапароў і іх школа, без усякага аналізу абвяшчаецца наскрозь балтыйскай, хоць у большай частцы сваёй з балтыйскіх моваў не разьвязваецца. І знайшоўшы дзесьці такія ж, як у Балтыі, тапонімы, балтафілы сьцьвярджаюць: тут былі балты. Даходзіць да сьмешнага: балты, на погляд іх, сягалі аж да Ўфы — на той падставе, мабыць, што назва Ўфа нагадвае летувіска-латыскае ўпэ 'рака'»[10]
- ^ «Ibi primum oppidum Wilno, quod et in hanc diem caput genti est, ex nomine Villii Ducis, quo auctore et Italiam deseruerant et regiones illas ingressi fuerant, condidere, fluminibus quoque circa illud fluentibus, Villia et Wilno, ex eiusdem Ducis nomine, indidere nomina»[18]
- ^ У лацінскім перакладзе Хронікі Віганда, складзенай у 1393—1394 гадох, захавалася характарыстыка Вільні як civitas Rutenica або гораду, заснаванага русінамі[29]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б https://en.delfi.lt/archive/lithuania-makes-its-choice-odd-unions-raise-some-side-line-others.d?id=80648545
- ^ Жлутка А. Калі быў заснаваны першы ўніверсітэт на Беларусі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 40.
- ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. С. 147.
- ^ Briedis L. Vilnius: City of Strangers. — Central European University Press, 2009. P. 15.
- ^ а б БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 173.
- ^ Краўцэвіч А. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Менск, 1998. С. 119.
- ^ а б в г д е ё Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 293.
- ^ а б в г д Вячорка В. Вільня ці Вільнюс? Ці карэктна называць горад традыцыйным беларускім імем, Радыё Свабода, 21 лістапада 2019 г.
- ^ Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. — Москва, 1980. С. 54—58.
- ^ Ласкоў І. Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойць // Літаратура і мастацтва, № 19, 1993. С. 14.
- ^ Zinkevičius Z. Lietuvių kalbos istorija. T. 3: Senųjų raštų kalba. — Vilnius, 1988. P. 108.
- ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 51.
- ^ Schmittlein R. Toponymes finnois et germaniques en Lituanie // Revue internationale d’onomastique. Nr. 2, 1948. P. 105.
- ^ Список населенных мест Черниговской губернии, имеющих не менее 10 жителей, по данным за 1901 год. — Чернигов, 1902. С. 29.
- ^ Виленская губерния: полный список населенных мест со статистическими данными о каждом поселении. — Вильна, 1905. С. 34—35, 58.
- ^ Список населенных мест Витебской губернии. Витебск, 1906. С. 281.
- ^ Список населенных мест Могилевской губернии. — Могилев, 1910. С. 33, 90—91.
- ^ Joannis Długosz Senioris Canonici Cracoviensis Opera Omnia. T. 12. — Cracoviae, 1876. P. 474.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 79.
- ^ Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем. — Менск: Навука і тэхніка, 1991.
- ^ Хатэнка А. Не за дзень Вільня станавілася, Радыё Свабода, 19 красавіка 2005 г.
- ^ а б в г Пазднякоў В. Вільня // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С 441.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова. Паходжаньне. Этнічная прыналежнасьць. — Менск: Тэхналогія, 2003. С. 75.
- ^ Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. — Москва, 1980. С. 16—18, 28—30.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 128—129.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 57.
- ^ Топоров B. H. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. — Москва, 1980. С. 40—44.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 44.
- ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 82—83.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 133.
- ^ а б в г Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 294.
- ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 295.
- ^ Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. 2. — СПб., 1887. С. 466.
- ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
- ^ Акты исторические, собранные и изданные Археографическою коммиссиею. Т. 2. — СПб., 1841. С. 358.
- ^ Замосковный край в XVII веке: Опыт изследования по истории экономическаго быта Московской Руси. — М., 1906. С. 292.
- ^ а б Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 296.
- ^ а б Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 297.
- ^ а б Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 298.
- ^ а б в Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 299.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 347.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ Kronika powstań polskich 1794—1944. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. S. 345.
- ^ а б Maculevičius S., Baltrušiene D. Znajomość z Litwą. Księga tysiąclecia. Tom pierwszy. Państwo. — Kaunas: Kraštotvarka, 1999. S. 82.
- ^ Wilno. Przewodnik krajoznawczy Juljusza Kłosa Prof. Uniwersytetu St. Batorego. Wydanie trzecie poprawione. — Wilno: Wydawnictwo Wileńskiego Oddziału Polskiego Towarzystwa Turystyczno-Krajoznawczego, 1937. S. 41.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 369.
- ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 300.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 377.
- ^ а б в Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 379.
- ^ а б в ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 195.
- ^ ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 197.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 380.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 383.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 384.
- ^ Спецсообщение Л. П. Берии И. В. Сталину, В. М. Молотову, Г. М. Маленкову, А. И. Антонову об итогах операции по разоружению солдат и офицеров польской Армии Крайовой. 3 августа 1944 г. // ГА РФ. Ф. 9401 сч. Оп. 2. Д. 66. Л. 124—129. Копия. Машинопись.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 385.
- ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
- ^ а б в БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 174.
- ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 302.
- ^ Ткачоў М., Таляронак С., Ліс А., Сакалова М., Шаўцоў Ю. Вільня // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 301.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 382.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 370.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 371.
- ^ Balsavimo rezultatai, 2013.vrk.lt.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 134.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 135.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 136.
- ^ Just Back: Inside Uzupis, Lithuania’s free-thinking republic, The Telegraph.
- ^ Frank Zappa Memorial, Lonely Planet.
- ^ About Us, mmcentras.lt.
- ^ History — Largest Concert Institution in Lithuania, Lithuanian National Philharmonic Society.
- ^ Investment, City of Vilnius
- ^ Regioninis BVP vienam gyventojui, to meto kainomis, Statistics Lithuania.
- ^ Аляксандар Шпакоўскі. Каму патрэбна «атамная» спрэчка // Зьвязда : газэта. — 20 лістапада 2013. — № 218 (27583). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Dažniausiai užduodami klausimai apie pokyčius viešojo transporto bilietų sistemoje, Susisiekimo paslaugos
- ^ Vilniaus savivaldybė pakvietė «išpakuoti naują pergalę»: pristatė 250 naujų autobusų, 15min.lt
- ^ Į sostinės gatves išrieda 50 naujų autobusų, Delfi
- ^ Vilniaus savivaldybė perka per 40 naujų «Solaris» troleibusų, 15min.lt
- ^ Lithuania, UNESCO World Heritage Centre
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Саверчанка, З. Санько. — Менск: Рэдакцыя газеты «Звязда», 1993. — 80 с.
- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым. — 480 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai / К. Атаманчык і інш. — Вільня, 2012. — 145 с.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак А — Я. — 690 с. — ISBN 978-985-11-0487-7
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0
- Богатырев А. Триумфальные арки по случаю въезда Яна III Собеского в Вильно // Славянский альманах. — 2017. — Вып. 1—2. — С. 227—236.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт гарадзкога самакіраваньня (лет.) (анг.)
- Гайд па Вільні — адпачывай у сталіцы Летувы разам з 34mag
- І. Воранаў — Вільня-Вільно-Вільнюс (Гісторыя аднаго горада)
- Вільня ў фатаздымках на Radzima.org
- Ч. Мілаш «Вільня»
- Л. Мілаш «Францыск Скарына і Вільня»
- Беларускія прымаўкі пра Вільню з сайту Радыё Свабода
- Vilnius Life: English-language travel guide to Vilnius
- «Рабі пільна — і тут будзе Вільня» (фота)
- Расклад руху гарадзкога грамадзкага транспарту (у тым ліку па-беларуску)
- Вільня Беларуская: усе спасылкі пра беларускую спадчыну ў адным месцы
- Старонка ў Facebook «Вільня Беларуская»
- Літоўскі гісторык Бумблаўскас: У сьне Гедзіміна жалезны воўк выў па-беларуску, Радыё Свабода, 19 верасьня 2019 г. (летувіскі арыгінал інтэрвію (лет.))
|
|